Ёсць рэкорд! Жыхарка Чавус вырасціла памідор на кіло шэсцьсот

Рэкордны для Беларусі памідор вырасціла пенсіянерка з Чавус Вольга Хічэўская. Рэдакцыя раённай газеты “Іскра” ўзважыла тамат і паведаміла, што плод атрымаўся амаль на 1 кілаграм 600 грамаў.

Папярэдні рэкордны памідор на Беларусі ў сёлетнім сезоне важыў 1 кілаграм 334 грамы. Яго прэзентавалі на Іўеўскім фестывалі таматаў – пісала БелТА. Яшчэ большы тамат у 2021 годзе знаходзілі ў Салігорскім раёне – амаль 1,5 кілаграмы.

Самы вялікі памідор у свеце быў вырашчаны Дэнам Сазэрлэндам у ЗША ў паселішчы Ўола-Ўола каля Вашынгтона ў 2020 годзе. Ён важыў 4 кілаграмы 896 грамаў.

Фота: “Іскра”

Пад Чавусамі збіраюць сродкі на рамонт царквы – а гэта адзіны помнік на ўвесь раён

Настаяцель Свята-Мікольскай царквы ў вёсцы Благавічы Чавускага раёна абвясціў пра збор сродкаў для рамонта царквы. Храм быў пабудаваны ў 1904 годзе, у 1930-м яго зачынілі і ператварылі ў сельскі клуб. У 2004 годзе храм быў асвечаны і зноўку адчынены. У 2024 годзе царква будзе адзначаць сваё 120-годдзе, і на сённяшні дзень яна з’яўляецца адзіным архітэктурным помнікам на ўвесь раён, унесеным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. 

Фота: chausynews.by

У Мсціслаўскім раёне МАЗ сутыкнуўся з легкавушкай – загінула пасажырка

На аўтадарозе Чавусы-Мсціслаў грузавік сутыкнуўся з аўтамабілем Peugeot – паведамляе прэс-служба УУС.

На месцы аварыі загінула 52-гадовая пасажырка легкавушкі, а яе муж дастаўлены ў бальніцу ў цяжкім стане.

Кіроўца МАЗа не пацярпеў.

Фота: МНС

Этнакультурнае свята “У госці да радзімічаў” прайшло ў Радамлі

Ужо 10 год запар у аграгарадок Радамля аматары старажытнай культуры з’яжджаюцца, каб згадаць часы летапісных Радзімічаў.  Сёлетні этнафэст парадаваў наведвальнікаў тэатралізаванымі дзеяннямі з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, абрадамі, рытуаламі, здабычай жывога агню і паказальнымі баямі рэканструктараў.

Радамля – паселішча ў Чавускім раёне. Лічыцца, што яно тысячу гадоў таму было адным з радавых цэнтраў славянскага саюзу радзімічаў, якое адыграла важную ролю ў фармаванні беларусаў. Сведка тых даўніх стагоддзяў – помнік археалогіі Радамльскае замчышча.

Этнафестываль «У госці да радзімічаў» упершыню адбыўся ў 2014 годзе.

Фэст ужо стаў мясцовым брэндам.

Фота: суполка Этнофест “У госці да радзімічаў”

Неапаганскае свята “У госці да радзімічаў” пройдзе ў Радамлі 29 ліпеня

На Замкавай гары гарадка Радамля 29 ліпеня пройдзе этнакультурнае свята “У госці да радзімічаў”. На фестывалі плануюцца тэатралізаваныя дзеянні з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, абрады, рытуалы, здабыча жывога агню, паказальныя баі рэканструктараў. 

Пачатак свята ў 17.00, уваход вольны. Завершыцца мерапрыемства ў 22.00 рытуальным вогнішчам. З Чавус у Радамлю будуць арганізаваныя аўтобусы – туды ў 16.00, назад у 22.30 – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

“У госці да радзімічаў” заяўляецца як тэматычны фестываль, прысвечаны культуры дахрысціянскага перыяду на землях радзімічаў. Значнае месца падчас мерапрыемства займае імітацыя паганскіх традыцый і рытуалаў.

Фота: chausy.by

Пад Чавусамі сёння пройдуць “Пятроўскія радасці”

Раённае свята, прысвечанае дню святых Пятра і Паўла пачнецца ў аграгарадку Каменка “Чавускага раёна сёння ў 12:00. У праграме – заплятанне традыцыйнага вянка з дванаццаці траў, дзіцячы квест, конкурс “Пятроўскія дранікі”. Пачнецца мерапрыемства з хроснага хода і асвячэння крынічкі – перадае газета “Іскра”.

Фота: “Іскра”

Запякаў бульбу, ды так і кінуў касцёр – унук спаліў бабуліну сядзібу пад Чавусамі

У вёсцы Бясчынне Чавускага раёна днём 3 ліпеня агонь ахапіў пяць гаспадарчых будынкаў і падбіраўся ўшчылюную да жылога дома – паведамляе прэс-служба МНС. Як высветлілася, раней 11-гадовы ўнук гаспадыні дома паглядзеў у інтэрнэце рэцэпт печанай бульбы і вырашыў яго паўтарыць. Распаліў вогнішча, паклаў бульбу, але яна згарэла. Расчараваўшыся, хлопец пераключыўся на іншыя забаўкі, а пра касцёр забыўся. Агонь хутка перакінуўся на бліжэйшыя гаспадарчыя пабудовы.

Фота: МНС

Жыхары Каменкі святкавалі Дзень вёскі, якой ужо больш за 400 год

На гэтых выхадных на пляцоўцы каля Каменскага сельскага дома сабраліся жыхары і госці аграгарадка, каб адсвяткаваць Дзень вёскі. 

Песні ад народных калектываў і ансамбляў, а таксама таленавітых вучняў Каменскай сярэдняй школы стваралі добры настрой удзельнікам свята. 

Дзень вёскі парадаваў усіх ад малога да вялікага, бо ўсе маглі знайсці нешта цікавае і прыемнае для сябе – паведамляе раённая газета “Іскра”.

Менавіта 1 ліпеня 1604 года ў гістарычных дакументах згадваецца вёска Каменка, якая знаходзілася ў Пуцькоўскім ваяводстве Магілёўскай эканоміі. Паселішча мела 23 двары, быў свой млын. Частка насельніцтва, акрамя земляробства, займалася швейнымі і іншымі рамёствамі. 

Фота: chausynews.by

Пажар на чавускай “Бабулінай крынцы”, на якім загінуў галоўны інжынер, нанес стратаў на 200 тысяч

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства. У выніку пажару ў цэху чавускага філіяла “Бабулінай крынкі” загінуў 62-гадовы работнік прадпрыемства, галоўны інжынер. Агнём пашкоджана і знішчана маёмасць на агульную суму звыш 200 тысяч рублёў.

Працоўная версія здарэння звязвае пажар з працамі па дэмантажу труб пры дапамозе газазварачнага абсталявання, што праводзіліся нанятай арганізацыяй.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

У Чавусах гарэў цэх “Бабулінай крынкі”, загінуў галоўны інжынер

Днём 21 чэрвеня у будынку цэха па перапрацоўцы і захоўванні сухога малака на тэрыторыі Чавускага філіяла «Бабулінай крынкі» адбыўся пажар. На момант прыезду ратавальнікаў увесь будынак быў ахоплены дымам, полымя пашкодзіла дах і абсталяванне.

З памяшкання цэха ратавальнікі вынеслі ў непрытомным стане работніка прадпрыемства 1961 года нараджэння – галоўнага інжынера прадпрыемства. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі была канстатавана яго смерць – паведамляе прэс-служба МНС.

Папярэдне ўстаноўлена, што ў цэху прадпрыемства сіламі іншай арганізацыі ажыццяўляўся дэмантаж труб. З-за пажару ў цэху, дзе знаходзіцца каля 450 т сухой малочнай сумесі, часткова абрынуўся дах.

Фота: МНС