Два першыя тралейбусы маркі МАЗ 203Т70 прыбылі ў абласны цэнтр. Як паведамляе Тэлеграм-канал магілёўскіх транспартнікаў, тралейбусы здольныя на аўтаномную язду на адлегласць да 20 кіламетраў. Гэта дазволіць транспартнаму прадпрыемству запусціць новую лінію ў Казіміраўку. Чакаецца, што бліжэйшым часе ў Магілёў будуць дастаўленыя яшчэ чатыры такія машыны. Таксама два новых тралейбусы з аўтаномным ходам атрымае Бабруйск.
Два чалавекі патанулі ў Бабруйску з пачатку года ў сваіх ваннах. Гэта надзвычай многа, бо па ўсёй краіне летась такіх выпадкаў было ўсяго 10.
Старшыня бабруйскай гарадской арганізацыі Асвод Вячаслаў Краўчанка распавёў Вячэрняму Бабруйску пра трагедыі ва ўласных ванных і пра меры перасцярогі.
У Бабруйску ў студзені жанчына 1941 года нараджэння патанула ў ванным пакоі сваёй кватэры, а 27 лютага трагічны выпадак адбыўся з жанчынай 1980 года нараджэння. Абодва выпадкі не з’яўляюцца крымінальнымі. Магчыма, жанчыны заснулі, магчыма, яны захварэлі.
Вячаслаў Уладзіміравіч кажа, што тонуць у сваіх кватэрах не толькі пажылыя ці хворыя людзі. Зусім нядаўна ў ваннай 14-гадовы падлетак патануў каля Мінска. А ў сакавіку 22-гадовы хлопец быў знойдзены ў ваннай пакоі ў сталіцы. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, ён памёр ад электрычнага току, падключыўшы мабільны тэлефон да зарадкі. Раз пораз падобныя трагедыі адбываюцца і ў Магілёве.
Нагадваем, каб пазбегнуць трагедыі:
Прымаючы ванну, не варта доўга ляжаць у гарачай вадзе. Гэта можа так пашырыць сасуды, што чалавеку стане дрэнна. Асабліва гэта тычыцца людзей з хворым сэрцам і сасудамі. Калі пасля халоднай вуліцы прыняць гарачую ванну, то гэта можа выклікаць сардэчны прыступ!
Ні ў якім разе нельга прымаць ванну пасля ўжывання алкагольных напояў. Гарачая вада ў сумесі з алкаголем можа прывесці да ўзмацнення ціску, сардэчнага прыступу, страты свядомасці ці проста чалавек можа дрэнна кантраляваць сябе.
Лепш не прымаць ванну, калі вы вельмі стаміліся ці хочаце спаць, бо цёплая і гарачая вада расслабляе яшчэ больш, і ёсць магчымасць заснуць і захлынуцца.
Знаходзячыся ў вадзе, нельга выкарыстоўваць электрычныя прылады і ўключаць іх у разетку, нельга дакранацца да працуючай электрычнай тэхнікі мокрымі рукамі.
Неаднаразова судзімы, п’яны 29-гадовы мужчына забіў свайго 76-гадовага дзеда ў Бабруйску. Дзед прыйшоў у госці да сваіх дачкі і ўнука і не ў першы раз пачаў угаворваць унука кінуць піць і ўладкавацца на працу. У нейкі момант малады чалавек схапіў нож і зарэзаў ім старэйшага. Потым унук пайшоў на кухню, расказаў пра трагедыю сваёй маці і ўцёк. На вуліцы патэлефанаваў бабулі і расказаў пра ўчынак ёй. Цяпер забойца затрыманы, узбуджана крымінальная справа – піша Тэлеграм-канал “ЧП Магілёў”.
Магілёўскі этап “Настаўніка года” завяршыўся перамогай настаўніка тэхнічнай працы з гімназіі № 1 Бабруйска Аляксея Шунько. Яго перамога і нечаканая і заканамерная.
На сцэне Магілёўскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва імя А.П. Старавойтава, прайшоў суперфінал абласнога этапу рэспубліканскага конкурса прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусі”. Педагогі, якія перамаглі ў асобных намінацыях, выступалі перад журы і гледачамі з фінальным публічнымі выступам: “Выхаваць чалавека…”
Па выніках суперфіналу настаўнікам года Магілеўскай вобласці прызнаны Аляксей Генадзіевіч Шунько. З 40 канкурсантаў восем паедзе на фінал рэспубліканскага этапу.
Увогуле настаўніцкая школа горад Бабруйска часцяком апераджае школьных работнікаў Магілёва ў прафесійных конкурсах і розных паказчыках педагагічнай працы. Але пераможны выступ настаўніка тэхнічнай працы, прадмета, які ў школах многія лічаць дадатковым і не асноўным, стала своеасаблівай сенсацыяй. Нечаканасцю гэта стала таксама і з прычыны таго, што раней педагог ніколі не ўдзельнічаў у конкурсах педмайстэрства.
Сам Аляксей падзяліўся сваімі ўражаннямі ад конкурсу рэсурсу bobruisk.ru:
– Я працаваў у крыху іншым кірунку: шмат гадоў рыхтаваў дзяцей да ўдзелу ў рэспубліканскіх Алімпіядах, на працягу многіх гадоў быў трэнерам рэгіянальнай каманды. А гэты кірунак зусім іншы, і, вядома, для мяне ўсё было тут новым… Увесь конкурсны тыдзень быў вельмі складаным і напружаным, але ў канцы я перажыў сапраўдную буру эмоцый. Да апошняга моманту не было ўпэўненасці ў перамозе, таму што ўсе ўдзельнікі былі вельмі моцнымі, а канкурэнцыя была сур’ёзнай. Нават пасля апошняга выпрабавання было незразумела, хто будзе ўзнагароджаны тытулам пераможцы. Таму перамога была для мяне прыемным сюрпрызам!
Аляксея Шунько і яшчэ сямі магілёўскіх настаўнікаў чакае заключны этап нацыянальных спаборніцтваў, які адбудзецца ў верасні, і дзе сустрэнуцца пераможцы рэгіянальных этапаў з усёй Беларусі.
Наркакантроль затрымаў дваіх родных братоў 33 і 39 гадоў, што працавалі на інтэрнэт-наркашоп.
Пачынаючы са снежня мінулага года яны, атрымлівалі аптовымі партыямі сінтэтычны наркотык, затым у здымнай кватэры фасавалі на больш дробныя часткі і раскладвалі па тайніках у розных гарадах вобласці – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
У братоў дома канфіскавана больш за 3,7 кг розных відаў асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Затрыманым пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
У гасцявым матчы бабруйская каманда мінімальна прайграла футбольнаму клубу “Смаргонь” 1:0. Матч адбыўся 19 сакавіка ў Смаргоні.
“Белшына” – адзіная каманда з Магілёўшчыны, што захавала прапіску ў Вышэйшай лізе чэмпіяната краіны па футболе па выніках мінулага сезона. Магілёўскі “Днепр” на працягу ўсяго мінулага года так і не здолеў падняцца з апошняга радка турнірнай табліцы і перайшоў у Першую лігу. Для магілёўскай каманды сезон пачнецца 2 красвіка хатняй гульнёй супраць “Оршы”.
Вышэйшая ліга стартавала на мінулых выхадных і працягнецца для бабруйскай каманды да 3 снежня.
Чытачы mogilev.media падзяліліся кадрамі таго, як праходзіць будаўніцтва новага маста праз Бярэзіну ў Бабруйску. Наш рэсурс ужо распавядаў, што зборка металаканструкцый маста пачалася 1 сакавіка.
Згодна з праектам маста, побач са старой пераправай будзе пабудавана новая. Рух на ёй у выпадку стабільнага фінансавання плануюць адкрыць ужо ў гэтым годзе.
Днём 15 сакавіка пажар адбыўся ў вёсцы Пятровічы Бабруйскага раёна. Цела мужчыны 1950 года нараджэння было знойдзена ў абгарэлай, задымленай хаце – паведамляе прэс-служба МНС. Папярэдняя прычына трагедыі – неасцярожнае курэнне.
Вальер для выгулу сабак на вуліцы Гарэліка ў Бабруйску выглядае як здзек з гаспадароў і іх хатніх гадаванцаў. Спецыяльна выдзеленая і адгароджаная пляцоўка акрамя самаго забору не мае больш нічога – няма ніякіх снарадаў для дрэсіроўкі, няма урнаў і лавачак, піша “Камерцыйны кур’ер”.
Больш за тое, у вальера адсутнічае калітка, а таксама адна з секцый забора, таму хатнія жывёлы, якіх прадугледжана адпускаць з павадка на падобнай пляцоўцы, могуць лёгка ўцячы.
У Магілёве экскурсаводы водзяць ў Маскоўскі, Тульскі дворыкі, якія выклікаюць цікавасць расіян, а ў Бабруйску экскурсанты з розных краін у захапленні ад крэпасці, мясцовых габрэйскіх кварталаў, дворыка і мясцовай Сцяны плачу.
Габрэйскі дворык знаходзіцца сярод дзвюх адрэстаўраваных сцен старажытнай сінагогі – адной з 47 дарэвалюцыйных – на рагу вуліц Чангарскай і Бахарава. Ён быў адкрыты ў жніўні 2019 года і адразу ператварыўся ў перліну экскурсійный маршрутаў.
Ідэя стварэння «Яўрэйскага дворыка» належыць мясцоваму рабіну Шаулю Хабаба. Ён правеў сімвалічную паралель паміж аднаўленнем старой сінагогі ў Бабруйску і аднаўленнем Трэцяга Іерусалімскага Храма, які, паводле яўрэйскай традыцыі, будзе ўзведзены на Храмавай гары ў Іерусаліме.
Дворык утвараюць сцены былой сінагогі рамізнікаў “балагул”, якая была пабудавана ў 1890 годзе. У савецкі час у свяцілішчы знаходзіўся млын. Сцены пабудаваныя з фабрычнай розенбергаўскай цэглы. Разбураны будынак пад час апошняй вайны.
На сценах у канцы міналуга года з’явіліся замест банераў карціны з габрэйскага жыцця Бабруйска мастака Йехіеля Офнера.
У дворыку месцяцца альтанкі, пляцоўкі для выстаў, імпрэзаў, помнік 1 200 000 беларускім габрэям.
Плануецца пашырэнне дворыка да цэлага габрэйскага квартала.
Ужо зараз мясцовыя жыхары ліцачь аб’ект месцам пломніцтва турыстаў, а “Сцяну плачу” – намоленым месцам. Кожны жадаючы, нават не іудзей, можа пакінуць сваі цыдулкі ў мясцовай Сцяне, а рабін потым адвязе іх у Ерусалім.