Ад старой лядоўні ў Бабруйску ўспыхнула кватэра

На шчасце, гаспадароў не было дома. Днём 26 верасня пажар здарыўся ў кватэры на чацвёртым паверсе пяціпавярховіка па вуліцы Крылова ў Бабруйску. Ратавальнікі паспелі загасіць полымя і не далі перакінуцца яму на суседнія кватэры – паведамляе прэс-служба МНС.

Прычынай узгарання стала маразільная камера 2004 года выпуска, тэрмін эксплуатацыі якой даўно мінуў. На момант пажару гаспадары знаходзіліся на лецішчы, таму пацярпелах няма.

Фота: МНС

І нават фарфоравыя статуэткі – бабруйскага злодзея знайшлі па адбітку пальца

Калі 62-гадовая жыхарка Бабруйска прыйшла з працы дахаты, то не знайшла ў сваёй кватэры ноўтбук, фен і фарфоравых статуэтак. А знайшла п’янага сына, які адпачываў пасля кампаніі з выпадковым знаёмым. Пакуль маці была на працы, сын выпіваў і дазволіў незнаёмаму мужчыне правесці сябе дадому. Тут двое субутыльнікаў працягвалі даганяцца півам, а калі гаспадар заснуў, госць вынес з кватэры што ўдвлося.

Злодзея знайшлі дзякуючы адбітку пальца – паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз. Ім апынуўся 39-гадовы жыхар Бабруйска. Сваю віну ён прызнаў цалкам, але рэчы не вярнуў, бо ўжо паспеў прадаць.

Фота: Судовыя экспертызы

У Бабруйску ў рацэ патануў мужчына

21 верасня ў Бабруйску, каля берага ракі Бабруйка, жанчына знайшла цела чалавека – мёртвы мужчына быў пагружаны ў ваду. Папярэдне ўстаноўлена, што патануўшаму 52 гады, ён нідзе не працаваў, злоўжываў алкаголем і вёў бадзяжніцкі лад жыцця, – паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК Таццяна Старасотнікава.

Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку.

Фота: тэлеграм bobruisknews.

У Бабруйскім раёне гарэў сарай, гаспадар атрымаў апёкі

Пажар адбыўся ў в. Арсічы Бабруйскага раёна 19 верасня. Пры самастойным тушэнні пажару гаспадар атрымаў апёкі 1-2 ступені 3% цела.

У выніку пажару знішчаны сарай, пашкоджана сцяна суседняй гаспадарчай пабудовы – паведамляе МНС.

Меркаваная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні смецця.

Фота: МНС

У Бабруйску хлопчык выбег на дарогу і патрапіў пад колы аўтамабіля

15 верасня каля 18:00 жанчына, рухаючыся на аўтамабілі Mercedes ў двары аднаго з дамоў па вуліцы Сацыялістычнай, учыніла наезд на 6-гадовага хлопца, які выбег з-за прыпаркаванага аўтамабіля – паведамляе ДАІ.

У выніку ДТЗ хлопчыка з траўмамі шпіталізавалі.

Фота: ДАІ

Бабруйчанка незаконна гандлявала крыптой на P2P-платформе, абарот перавысіў 437 тысяч рублёў

30-гадовая жыхарка Бабруйска з красавіка па жнівень гандлявала біткоінамі на P2P крыптабіржах у якасці пасрэдніка. Яе нелегальны абарот перавысіў 437 тысяч рублёў – паведамляе МУС.

У адносінах да бабруйчанкі складзены адміністрацыйны пратакол за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Санкцыяй артыкула прадугледжаны буйны штраф і зварот у даход дзяржавы ўсёй сумы, якая прайшла праз крыптакашалёк.

Фота ілюстрацыйнае.

Дзе пройдуць восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы ў Бабруйску

Традыцыйныя кірмашы сельскагаспадарчай прадукцыі “Залатая восень” стартуюць у Бабруйску ўжо ў гэту суботу – паведамляецца на сайце выканкама.

Кірмашы ў верасні – лістападзе 2023 года будуць працаваць з 09.00 да 15.00.

16, 17, 23, 24, 30 верасня, 1, 7, 8, 14, 15, 21, 22, 28, 29 кастрычніка і 4, 5 лістапада па вуліцы Максіма Горкага (праезная частка ўздоўж дома 41). Таксама кірмашы выхаднога дня будуць праходзіць на адкрытых пляцоўках рынкаў горада Бабруйска: «АўтаБудПрэстыж» (вуліца Мінская, 123/1-4), «СадаводБудМаркет» (вуліца Дзяржынскага, 4), «Бабруйскі рынак» (вуліца Карла Маркса, 49). Паўночны» (вуліца Дняпроўскай Флатыліі, 40).

Фота ілюстратыўнае.

На пажары ў Бабруйску загінулі тры чалавекі

У ноч на 10 верасня, каля 03:00 гадзін, здарыўся пажар на вуліцы Цагельнай у Бабруйску. Калі работнікі МНС прыбылі на месца, дом ужо гарэў адкрытым полымем. Падчас тушэння пажару ратавальнікі знайшлі целы трох загінуўшых чалавек, двух мужчын 1967 і 1974 гадоў нараджэння і жанчыны, асоба якой высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Старажытны Бабруйск паказалі на інтэрактыўнай выставе Нацыянальнага гістарычнага архіва

Выстава “Бабруйск на картах, планах і чарцяжах ХІХ – ХХ стст.” працуе на афіцыйным сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Пачынаючы з самай старажытнай вядомай выявы горада – панарамы 1649 года пад аўтарствам А. Вестэрфельда, на інтэрактыўнай выставе размешчаны раней малавядомыя архіўныя выявы і планы горада на Бярэзіне.

План горада Бабруйска 1794 года дазваляе пабачыць, якім горад быў да пабудовы крэпасці ў 1810-х гадах. Гэтаксама на выставе ёсць выява з відам на горад напярэдадні паяўлення крэпасці, на 1810 год.

Асноўны комплекс апублікаваных дакументаў – гэта чарцяжы, паводле якіх узводзілася Бабруйская крэпасць, а ўсё насельніцтва горада высялялася на тэрыторыю фарштатаў, запраектаваных вакол крэпасці. Колькасць прадсталеных на выставе чарцяжоў – 48. Пабачыць іх усе можна тут. Выстава таксама суправаджаецца падрабязным гістарчным апісаннем станаўлення Бабруйска.

Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

Жорсткая аварыя ў Бабруйску – вадзіцелька пайшла на абгон на скрыжаванні

Вечарам 5 верасня ў Бабруйску на вуліцы Гогаля на павароце ў прыватны сектар адбылася жорсткая аварыя. Аўтамабіль “Peugeot” праламіў турнікетную агароджу ў ўдарыўся ў дрэва, пры гэтым у машыны вырвала стойку амартызатара і адарвала правае пярэдняе кола.

Як высветлілі карэспандэнты “Вячэрняга Бабруйска”, дзяўчына за рулём “Peugeot” пайшла на абгон аўтамабіля “Лада Гранта”” проста на скрыжаванні – “Лада” пры гэтым здзяйсняла паварот у прыватны сектар. 

Абгон на скрыжаванні завяршыўся ўдарам у “Ладу”. У “Peugeot” на пасажырскім крэсле ехала непаўналетняя дзяўчынка. Бачных цялесных пашкоджанняў дзіця не атрымала, таксама, як і кіроўца. Цэлыя таксама і муж і жонка з “Лады”.

Фота: “Вячэрні Бабруйск”