П’яны вадзіцель разбіў дзве машыны ў Магілёве

Едучы па вуліцы Маўчанскага ад гандлёвага цэнтра “Атлас” у бок “Гіпа”, кіроўца Hyundai Equus выехаў на сустрэчную паласу, каб абагнаць іншую машыну. У выніку адбылося сутыкненне з машынай Ford, якая ад удару зачапіла Mitsubishi – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 50-гадовы вадзіцель Hyundai Equus быў у нецвярозым стане. Аварыя адбылася ў 9.00.

Аўтамабіль выбухнуў у двары Першамайскай вуліцы ў Магілёве

Здарэнне адбылося ў раёне чыгуначнага вакзала, каля магазіна “Хіт” – паведамляюць відавочцы. Відэа з палаючым аўтамабілем у сваім тэлеграм-канале выклалі журналісты магілёўскай рэдакцыі “Беларусь 4”.

 

Трактар паехаў на чырвонае святло на пераездзе пад Бабруйскам і яго збіў матавоз

Здарэнне адбылося каля вёскі Брожа. Трактарыст выехаў на пераезд, нягледзячы на светлавыя і гукавыя сігналы, якія забаранялі праезд.

Матавоз – рухомая адзінка, якая абслугоўвае чыгуначныя пуці – аказаўся больш цяжкім, збіў прычэп і адкінуў яго на некалькі метраў.

На шчасце, трактарыст і чыгуначнікі не пацярпелі.

У Магілёве гарэла таксі, у якім ехалі мама з немаўляткай

Кіроўца таксі за стырном Volkswagen не прапусціў Peugeot, якім кіраваў 47-гадовы мужчына. Ад удару машына таксі імгненна запалала. Тушыць Volkswagen давялося пажарнай брыгадзе.

У таксі ў момант аварыі ехала 28-гадовая мама з немаўляткай на руках. Дзіця не пацярпела, а маці была з траўмамі дастаўлена ў лякарню. Шпіталізацыя спатрэбілася таксама 46-гадовай пасажырцы Peugeot.

Здарэнне адбылося на скрыжаванні Ленінскай вуліцы і Ціміразаўскай у 8:20. 30-гадовы кіроўца таксі пры павароце налева павінен быў прапусціць Peugeot, што рухаўся прама.

Два чалавекі загінулі пры аварыі ў Магілёўскім раёне

Трагедыя адбылася каля 15:00 паблізу вёскі Сянькова. Паводле папярэдняй інфармацыі, на закругленні дарогі налева, вадзіцель Subaru не справіўся з кіраваннем. Адбыўся занос аўтамабіля, у выніку якога ён перакуліўся на дах.

Побач з транспартным сродкам знойдзены целы дваіх мужчын. Адзін з іх 48-гадовы мясцовы жыхар. Асоба другога ўстанаўліваецца.

 

Мужчыне заціснула нагу мотакультыватарам, прыйшлося выклікаць ратавальнікаў

У вёсцы Сідараўка  Краснапольскага раёна гаспадар працаваў на сядзібе, пераворваючы палеткі. Падчас працы фраза мотакультыватара зачапіла штаніну мужчыны і зацягнула нагу – паведамляе прэс-служба міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Выкліканыя на месца здарэння работнікі МНС дэблакавалі заціснутую нагу і перадалі пацярпелага медыкам. З траўма і ён шпіталізаваны.

Пасажыр у рэанімацыі – п’яны бяспраўнік перакуліўся пад Слаўгарадам

Кіроўцу ўжо неаднаразова каралі за нецвярозае ваджэнне, у тым ліку крымінальна.

27-гадовы вадзіцель на аўтамабілі “Audi” не змог справіцца з кіраваннем і вылецеў у кювет, дзе машына перакулілася. Здарэнне адбылося каля вёскі Кульшычы Слаўгарадскага раёна – паведамляе Тэлеграм-канал “Міліцыя Магілёўшчыны”. 

Пасажыр “Audi” ў выніку дарожна-транспартнага здарэння атрымаў сур’ёзныя траўмы і быў шпіталізаваны. Зараз ён знаходзіцца ў рэанімацыі.

Праверка паказала 0,7 праміле алкаголю ў кіроўцы. Раней ён ужо неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за нецвярозае ваджэнне і быў пазбаўлены правоў.

Тры чалавекі загінулі на Магілёўшчыне за суткі – пажары і іншыя надзвычайныя здарэнні

У Магілёве на праспекце Шмідта ў сваёй кватэры загінуў шасцідзесяцігадовы мужчына. Пажар адбыўся ў памяшканні на чацвёртым паверсе пяціпавярховага жылога дома. 

У Круглым пасля апёкаў, атрыманых на пажары ў неэксплуатаваным аднапавярховым жалезабетонным будынку памёр яшчэ адзін жыхар вобласці – паведамляе прэс-служба МНС. 

Гібель яшчэ аднаго чалавека зафіксавана ў Быхаўскім раёне. Падрабязнасці трагедыі не паведамляюцца.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Загінуў машыніст – у Быхаўскім раёне абрынулася кацельня

Трагедыя адбылася ў вёсцы Нераж Быхаўскага раёна. Паваліўся дах і частка сцяны будынка кацельні. Работнікі МНС знайшлі і дасталі з-пад завалаў чалавека. Медыкі канстатавалі яго смерць. Загінулым аказаўся  машыніст кацельні 1972 г.н. Паведамленне пра здарэнне паступіла ў экстранную службу МНС у 10:42.

Уласнікам кацельні з’яўляецца Быхаўскі жылкамгас. Прычыны абрушэння ўстанаўліваюцца.

Пешахода збілі насмерць у Бабруйскім раёне ноччу – ён стаяў на дарозе без флікера

Надзвычайнае здарэнне адбылося паблізу вёскі Ясны Лес 29 верасня каля 23:30 – паведамляе Тэлеграм-канал абласнога УУС. 

54-гадовы кіроўца  мікрааўтобуса Mercedes, рухаючыся па аўтадарозе “Магілёў-Бабруйск”,  здзейсніў наезд на мужчыну, які стаяў на праезнай частцы дарогі без святлоадбіўных элементаў.

На фота відаць, што ўдар прыйшоўся ў левае крыло аўтамабіля – з боку кіроўцы. Гэта можа сведчыць пра тое, што пешаход знаходзіўся блізка да цэнтра дарогі.