Днём 21 чэрвеня у будынку цэха па перапрацоўцы і захоўванні сухога малака на тэрыторыі Чавускага філіяла «Бабулінай крынкі» адбыўся пажар. На момант прыезду ратавальнікаў увесь будынак быў ахоплены дымам, полымя пашкодзіла дах і абсталяванне.
З памяшкання цэха ратавальнікі вынеслі ў непрытомным стане работніка прадпрыемства 1961 года нараджэння – галоўнага інжынера прадпрыемства. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі была канстатавана яго смерць – паведамляе прэс-служба МНС.
Папярэдне ўстаноўлена, што ў цэху прадпрыемства сіламі іншай арганізацыі ажыццяўляўся дэмантаж труб. З-за пажару ў цэху, дзе знаходзіцца каля 450 т сухой малочнай сумесі, часткова абрынуўся дах.
Фота: МНС