Злодзеі з Падмаскоўя два дні грамілі бабруйскія кватэры, пакуль не нарваліся на пенсіянерку

Хваля ўзломаў пракацілася па Бабруйску летам гэтага года. Два жыхары Падмаскоўя 47 і 45 гадоў пазнаёміліся ў сябе на радзіме з бабруйчанінам і тут жа прыдумалі план. Яны паведамілі, што ім вельмі трэба паехаць у горад на Бярэзіне і папрасіліся ў свайго новага знаёмага пажыць у яго дома. Адсюль яны і здзяйснялі свае налёты.

Падмаскоўныя злодзеі ўзламвалі дзверы кватэр, выграбалі з жытла ўсё вартае – тэхніку, каштоўнасці (на фота) – і з’яжджалі на сваім аўтамабілі. 

Аднойчы, аднак, у кватэры аказалася гаспадыня, бабруйская пенсіянерка. Мужчыны заявілі ёй, што памыліліся адрасам і паспяшаліся сысці, пры гэтым прыхапіўшы са століка ў калідоры грошы. Жанчына падглядзела ў вакно, у якую машыну селі няпрошаныя госці і як толькі яны ад’ехалі, набрала нумар міліцыі. Па гарачых слядах абодвух гастралёраў затрымалі. Арганізаваныя імі ўзломы кватэр працягваліся два дні – піша bobr.by.

Фота: МУС

Кіберпартызаны атрымалі дадзеныя пра 40 000 даносчыкаў КДБ

“Суполка ананімных хактывістаў” паведаміла пра ўзлом сайта КДБ 26 красавіка. Яны заявілі, што афіцыйны сайт ведамства не працуе ўжо два месяцы па той прычыне, што яшчэ ўвосень 2023 года ў яго праніклі “Кіберпартызаны”, выкачалі ўсю інфармацыю і крыху “пашумелі”.

Сння ж суполка распавяла, што ў атрыманай імі інфармацыі аказалася база дадзеных даносчыкаў КДБ. Гэта больш за 40 000 паведамленняў, адпраўленых як беларускімі, так і замежнымі карыстальнікамі сайта дзяржбяспекі. Некаторыя з іх былі апублікаваныя “Кіберпартызанамі”.

Пакуль у апублікаваных матэрыялах не фігуруюць жыхары, альбо выхадцы з Магілёўшчыны, таму будзем з цікаўнасцю сачыць за абнаўленнямі гэтай інфармацыі.

Фота: by.cpartisans.org

Сітуацыя на мяжы з Беларуссю абвастраецца. Літоўскае войска і паліцыю просяць умяшацца

На Літоўска-Беларускай мяжы фіксуецца вялікі наплыў нелегальных мігрантаў. 

Па словах кіраўніка Службы аховы дзяржграніцы Рустама Любаева, рост колькасці нелегалаў назіраецца ўжо некалькі тыдняў.

«Ужо быў устаноўлены рэкорд гэтага года – за дзень не ўпусцілі больш за 100 чалавек. Даўно такога не было. Цяпер фіксуем каля 60-70 спробаў незаконнага перасячэння мяжы», даводзіць Любаеў.

Пасля таго, як нелегалаў паболела служба аховы дзяржграніцы звярнулася па дапамогу да арміі і паліцыі, піша інфармацыйнае агенцтва «Delfi».

Рустам Любаев кажа, што ўсё больш выпадкаў нелегальнага пранікнення там, дзе адсутнічае загарода і сістэма абароны мяжы. Фіксуюцца выпадкі пашкоджання фізічнага бар’ера – гэта, паводле службоўцы, робяць мігранты і беларускія пагранічнікі.

«З пачатку гэтага года зафіксавана каля 100 выпадкаў пашкоджання фізічнага барʼеру, адзначае ён. У 70 працэнтах загароду ламаюць там, дзе няма сістэм відэаназірання.

фота з рэсурсу: delfi.lt