Эксперты ААН распрацавалі кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва

Міжурадавая група экспертаў па зменах клімату пад эгідай ААН апублікавала даследаванне пад назвай “кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва”, піша UN News. 

Вучоныя лічаць, што ключавы парог глабальнага пацяплення ў 1,5°С будзе пройдзены ўжо ў 2030-х гадах. “Кіраўніцтва” тлумачыць, як выкарыстоўваць чыстую энергію і тэхналогіі, каб пазбегнуць кліматычнай катастрофы. 

Навукоўцы занепакоеныя тым, што ключавая глабальная мэта па тэмпературы, верагодна, ужо недасяжная. Свет пацяплеў на 1,1°С, а ў 2030-х гадах ён, верагодна, перавысіць парог, які лічыўся недапушчальным, у 1,5°С. Ад змены клімату і далейшых паводак, паводле прагнозаў, мацней за ўсё пацерпяць прыбярэжныя раёны і невялікія астравы ў Ціхім акіяне.

Аўтары даклада падкрэсліваюць, што ў чалавецтва ёсць шанец прадухіліць кліматычную катастрофу, калі прыняць тэрміновыя меры па дэкарбанізацыі (змяншэння выкідаў вуглякіслага газа) эканомікі. Аўтары “кіраўніцтва” прапануюць пераход на сонечную і ветравую энергію, змену рацыёну харчавання, разумнае абыходжанне з адыходамі і выкарыстанне нізкавугляроднага транспарту.

Нядаўна навукоўцы высветлілі, што плошча лёду вакол Антарктыды паменшылася да рэкорднага ўзроўню.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Навіны пабрацімаў. Прадпрыемствы Латгаліі заклапочаныя дарагоўляй энерганосьбітаў, адсутнасцю пэўнасці з пастаўкамі газу і наагул перспектывамі, на якія ўплывае вайна ва Ўкраіне

Гэта засведчыла апытанне мясцовых прадпрыемстваў, чый гадавы абарот складае не менш за два мільёны еўра.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


У латышскім рэгіёне Латгалія тамтэйшы Даўгаўпілс «сябруе» з Бабруйскам, а Краслава – горад пабрацім Горак.

Электраэнэргія

Кіраўнікі прадпрыемстваў з Латгаліі адзначаюць, што цэны на электраэнергію сталі расці яшчэ да вайны ва Ўкраіне.

«У студзені мінулага году кошт аднаго мегавата складаў 16 еўра, а ў гэтым годзе – ужо больш за 100 еўра. Павелічэнне амаль у сем разоў. У нас спажыванне высокае, і гэта аб’ёмныя і вялікія сумы» – наракае кіраўніцтва Даўгаўпілскага лакаматыва рамонтнага заводу.

Гэтае прадпрыемства адно з найбольш пацярпелых у Латвіі ад наступстваў вайны ва Ўкраіне. Яно згубіла «долю рынку ва Ўкраіне і Расеі». Украінскі партнёр, якому былі зробленыя лакаматывы, не можа расплаціцца, праз накладзены Нацбанкам Украіны мараторый на валютныя аперацыі за мяжу. Завод вымушаны быў звольніць частку працоўнага калектыву і цяпер шукае, як пераадолець узніклыя праблемы.

Рост цэнаў на электраэнергію адбіваецца на сабекошце прадукцыі. На некаторых прадпрыемствах Латгаліі прадукцыя стала даражэй на 10 працэнтаў, піша інтэрнэт-выданне «Наш горад».

Даступнасць прыроднага газу

Прадпрымальнікі занепакоеныя даступнасцю прыроднага газу. У вялікіх аб’ёмах ён патрэбны, напрыклад, Даўгаўпілскаму хлебазаводу – Latvijas maiznieks. Дагавор на яго пастаўку заключаны да канца году.

grani.lv

Паводле кіраўніка Латгальскага цэнтру прадпрымальніцтва Андрыса Куцынса дамовы на пастаўку газу заключаюцца на кароткі тэрмін, і немагчыма зразумець, якое будзе ўмяшанне дзяржавы ў сферу бізнесу са скарачэннем гэтых энергарэсурсаў.

«Я разумею, што перамовы ідуць, але чым яны скончацца, незразумела», – адзначае ён.

Згубленыя рынкі…

Прадпрыемствы мясцовай спецыяльнай эканамічнай зоны, аналага беларускіх Свабодых эканамічных зон, згубілі свае рынкі ў Беларусі і Расіі.

Па словах кіраўніцы прамысловага асяродка Крысты Фрэйберг, пачатак вайны ва Ўкраіны стаў «ударам» для 20 кампаніяў, якія працуюць на пляцоўках эканамічнай зоны.

cdn.u.media

“Былі заблакаваныя ланцужкі паставак для некаторых нашых прадпрыемстваў, якія мелі вялікую долю экспарту непасрэдна на Ўсходзе – ў Расіі і Беларусі. Але не толькі сыравіна, але і кліенты, і экспарт важныя. Некаторыя нашы кампаніі экспартавалі амаль 90% у гэтыя краіны, і ў гэтым выпадку ўвесь экспартны ланцужок спыніўся”, – тлумачыць Фрэйберг.

Нявызначанасць будучыні

Прадпрымальнікі Латгаліі занепакоеныя нявызначанасцю ў будучыні, заўважае выданне «Наш горад».

Паводле кіраўніка Латгальскага цэнтру прадпрымальніцтва Куцінса вайна ва Ўкраіне «стане выпрабаваннем для латгальскіх прадпрыемстваў, каб утрымацца на плыву і адаптавацца да інфляцыйных умоў».

visitdaugavpils.lv

«Прадпрымальнікі занепакоеныя невядомасцю, што будзе праз месяц, два, тры, у наступным годзе… Гэта таксама стварае добрую глебу для рознага роду меркаванняў, не заснаваных на лічбах. Але гэта няведанне – боязь планавання і ў доўгатэрміновай перспектыве» – даводзіць ён.

Энергетычная бяспека і даступнасць прадпрыемствам патрэбны для таго, каб мець магчымасць планаваць і развівацца, але, хутчэй за ўсё, як неафіцыйна заяўляюць самі бізнесмены, вялікая яснасць адносна рэальнай будучыні зʼявіцца толькі пасля запланаваных на пачатак кастрычніка выбараў у парлямент краіны, калі стане вядомы склад новага ўрада, падсумоўвае выданне “Наш горад”.