У Горках тыдзень не маглі адрамантаваць парваную трубу

Служба 115 не прымала заяўку, а да дыспетчараў было проста не дазваніцца. “Нажаль, негатыўна спрацаваў чалавечы фактар” – патлумачылі ў вадаканале.

На працягу тыдня ў раёне чацвёртага корпуса сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках з-пад зямлі біла вада – паведамляе “Горацкі веснік”. Прарыў трубы здарыўся ў раёне 16 жніўня, і ў той жа дзень карэспандэнт выдання спрабавала датэлефанавацца ў дыспетчарскую службу водаканала. Там проста не бралі слухаўку. Не адказвалі і па іншым, альтэрнатыўным нумары, які падказалі ў цэнтральнай дыспетчарскай службе Магілёўскага абласнога водаканала. Дазваніцца атрымалася да “115”, і там, здавалася, заяўку прынялі. 

Але так толькі здавалася. Праз два дні ўсё той жа паток вады біў з месца прарыву, а на тэрыторыі Акадэміі пачало ўтварацца невялікае азярцо. На паўторны званок у “115” дыспетчар раздражнёна патлумачыў, што падчас папярэдняга званка быў не прыём заяўкі, а кансультацыя, і толькі з другога разу была аформленая скарга.

Горки водоканал
Па стане на 19 жніўня

20 жніўня пытанне пракаментаваў ужо начальнік водаканалізацыйнага ўчастка Горацкага раёна філіяла «Магілёўскі водаканал» УПКП ВКХ «Магілёўаблводаканал» Ігар Сільвестраў:

– Мы ў курсе дадзенай аварыі, заяўка ад службы 115 была перададзена 18 жніўня. На жаль, наш участак не мае ўласнай дыспетчарскай службы, усе нашы спецыялісты знаходзяцца ў пастаянных раз’ездах па працоўных пытаннях, бо вельмі вялікі аб’ём работ у горадзе і ў вёсцы. Таму датэлефанавацца па стацыянарных нумарах сапраўды бывае цяжка. Што ж тычыцца парыву, то ён дастаткова шырокі і складаны. І ў гэтай сітуацыі ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. Акрамя ўсяго, нажаль, негатыўна спрацаваў чалавечы фактар. Усё гэта разам паўплывала на тэрміны рамонтных работ.

20 жніўня, як паведамляе “Горацкі веснік”, заяўка была нарэшце закрытая. Прарыў ліквідавалі. 

горки академия

Фота: “Горацкі веснік”

Амністыя пройдзе ў Магілёве і Магілёўскім раёне – водная

Усім магілёўцам і жыхарам Магілёўскага раёна, якія незаконна падлучыліся да вадаправоднай сістэмы і не аплачваюць спажыванне вады, водаканал прапануе пачынаючы з 20 сакавіка і да 30 красавіка з’явіцца з павіннай. У гэтым выпадку іх “урэзкі” ў сістэму будуць легалізаваныя і гаспадары сядзіб пазбегнуць штрафу – піша Mycity.by. Не будуць нават кампенсавацца тыя страты, якія ўжо цяпер панёс водаканал.

Каб патрапіць пад водную амністыю, неабходна звярнуцца ў Магілёўскі вадаканал па вуліцы Якубоўскага.

Фота ілюстрацыйнае.

Вось з такой вадой жыхарам Горацкага раёна прыйдзецца пачакаць да цёплых дзянькоў – фотафакт

Стан вадаправоднай вады ў вёсцы Мацюты Горацкага раёна – на фота. Вада перыядычна становіцца брудна-рудой, хоць у вёсцы функцыянуе станцыя абезжалезвання вады. 

Сітуацыю “Горацкамі весніку” пракаментаваў начальнік участка водаканала Сяргей Дольнікаў. Паводле яго словаў, з надыходам станоўчых тэмператур на вуліцы адразу будзе праведзена прамыванне водаправодных сетак у в. Мацюты. Пакуль для таго, каб паправіць сітуацыю, працаўнікі ўчастку падрэгулявалі сістэмы станцыі, а таксама прамылі фільтры ва ўстаноўцы. Але, як бачна на фота, гэтыя меры дапамагаюць толькі часова – жыхарам вёскі прыходзіцца набіраць у дом ваду з калонак, альбо вазіць бутэляваную з Горак.

Фота: “Горацкі веснік”

Вось такая вада ўжо некалькі тыдняў у Чэрыкаве

Гнілыя трубы, паламаная станцыя абезжалезвання. Вадаправодная вада ў жылым доме па вуліцы Ракасоўскага ў Чэрыкаве ўжо некалькі тыдняў палохае жыхароў, і само кіраўніцтва водаканала не ведае, калі гэта закончыцца. 

Кожную раніцу вада з крана ў доме №5 па Ракасоўскага мае цёмны, карычневаты колер, з вялікай колькасцю іржы – піша раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”.  Бліжэй да абеда вада становіцца быццам чыстай, але калі набраць і адстаяць яе, то ўсё роўна з’яўляецца асадак. У якасці доказу мясцовая жыхарка прынесла ў рэдакцыю газеты дзве бутэлькі з вадой – адна з вадой ранішняй, другая, набраная з крана бліжэй да абеду (на фота).

Вось як гэта растлумачыў начальнік Чэрыкаўскага ўчастка Касцюковічыводаканал Аляксандр Чысцякоў.

– Справа ў тым, што ў нас якраз у гэты перыяд узніклі праблемы ў працы станцыі абезжалезвання, якая ачышчае ваду, у тым ліку і для жыхароў пятага дома па вул. Ракасоўскага, Выйшаў з ладу фільтр, патрабуецца замяніць фарсункі. Усе гэтыя дэталі – ключавыя вузлы станцыі, без іх яна якасна выконваць ачыстку вады ад жалеза немагчыма. Плюс да ўсяго побач са свідравінай, размешчанай паміж першай школай і першым дзіцячым садам, адбыўся прарыў водаправоднай сеткі. Там мы аператыўна замянілі частку згнілага вадаправода на новы і ліквідавалі цеч. На станцыі абезжалезвання працэс ліквідацыі непаладак больш працяглы, і цяпер на ёй вядуцца рамонтныя працы. Мы разлічваем зрабіць усё ў кароткія тэрміны.

Што да розніцы ў колькасці іржаўчыны раніцай і на працягу дня, начальнік участка адзначыў, што звязана гэта хутчэй за ўсё з тым, што на працягу дня павялічваецца разбор вады і таму колькасць іржы ў ёй зніжаецца.

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”

Навіны Мікалаева: навагоднія абстрэлы акупантаў і онлайн-роды

Нягледзячы на новагоднія святы, акупанты працягваюць абстрэлы Мікалаева, Мікалаеўскай вобласці, Украіны. 

Камунальныя службы Мікалаева з самай раніцы  1 студзеня працуюць каля пацярпелых ад расійскіх абстрэлаў “Іскандэрамі” жылых дамоў – паведаміў Мікалаеўскі гарадскі галава Аляксандр Сянкевіч. 

навагоднія абстрэлы акупантаў

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Абстрэлы акупантамі Мікалаева працягнуліся і 2 студзеня. 

Уначы над Мікалаеўшчынай збілі 7 іранскіх дронаў-камікадзэ Shahed-136. Шэсць збілі Сілы СПА, яшчэ адзін – падраздзяленне Нацгвардыі – паведаміў начальнік Мікалаеўскай абласной ваенай адміністрацыі Віталь Кім.

дроны-камікадзэ Shahed-136

Зноў без вады

Раніцай 2 студзеня прадпрыемства “Мікалаеўводаканал” паведаміла, што ў сувязі з тэхнічнай праблемай з электразабеспячэннем на вытворчых падраздзяленнях, вымушана спынена праца на ўсіх помпавых станцыях Мікалаева.

Адзначаецца, што энергетыкі ўжо прыступілі да рамонтных работ і высвятляюць, колькі неабходна часу, каб аднавіць падачу вады.

Онлайн-роды

У Мікалаеве ў навагоднюю ноч прымалі роды ў рэжыме онлайн – нарадзілася дзяўчынка вагой 3850 грам, 55 сантыметраў.

 “Хуткая” не змагла ў час па гразі даехаць у сяло Бужскае пад Мікалаевым – перадае Друге ТВ. Акушэр жаночай кансультацыі Новаадэскай бальніцы Таццяна Любенка дыстанцыйна з дапамогай інтэрнэт-сувязі і медыцынская сястра Бужскай бальніцы Лілія Сухорская побач з жанчынай, што нараджала, зрабілі ўсё неабходнае . Раніцай ужо парадзіха з дзіцем дастаўлены ў радзільню. Абедзве адчуваюць сябе добра.

Усяго ўжо 1 студзеня ў Мікалаеўскай вобласці нарадзілася 12 дзяцей – 5 дзяўчынак і 7 хлопчыкаў.

Сувораў бывай!

У Мікалаеве ў апошнія дні 2022 года дэмантаваны бюст расійскага палкаводца. Помнік быў устаноўлены на вул. Калодзежная. Інфармацыю пацвердзіў начальнік упраўлення культуры Мікалаеўскага гарсавета Юрый Любараў.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Брудная вада ў Асіповічах будзе яшчэ некалькі месяцаў

Пры гэтым жыхароў не папярэдзілі перад пачаткам тэхнічных работ, каб запасліся чыстай вадой.

Асіпаўчане ў кастрычніку часцяком скардзіліся на брудную ваду ў кранах іх дамоў. Аказалася, што прычына ў будаўніцтве станцыі абезжалезвання на водазаборы “Паўночны”. 

На мінулым тыдні, як паведаміла газета “Асіповіцкі край”, ад жыхароў дамоў на вуліцы Сумчанкі, Сташкевіча і вуліцы 60 гадоў Кастрычніка і суседніх завулкаў райцэнтра паступала шмат нараканняў на якасць пітной вады. Праблема з чыстай вадой у райцэнтры даўняя.

Запыт у мясцовы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі выявіў, што 12 кастрычніка праверка водаправоднай сеткі паказала поўную адпаведнасць вады па мікрабіялагічных паказчыках. А па санітарна-хімічных толькі ў адной з дзесяці проб адзначалася павышанае ўтрыманне жалеза. 

Пасля ўрэзкі ў водаправодную сетку якасць пітной вады значна пагоршылася.

Але 13 кастрычніка пасля праведзенай Асіповіцкім участкам водаканальнай гаспадаркі філіяла “Бабруйскводаканал” урэзкі ў водаправодную сетку якасць пітной вады значна пагоршылася. Ваду нельга было выкарыстоўваць для прыгатавання ежы. Адзначалася яе павышаная каламутнасць. 

Па традыцыі насельніцтва не было папярэджана аб правядзенні работ у водаправоднай сістэме, таму не змагло запасціся чыстай.

Начальнік гарадскога ўчастка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Віктар Пышны апраўдваў сваіх работнікаў такім чынам: 

– Падчас пусканаладачных работ, якія ідуць на станцыі абезжалезвання на водазаборы “Паўночны”, правялі першую ўрэзку ў водаправодную сетку ў раёне перакрыжавання вуліц Юбілейнай і Сташкевіча. Без вады ніхто не застаўся, бо нашы работнікі перанакіравалі патокі, з адной трубы ў другую, але яе якасць у многіх дамах часова пагоршылася, таму што з-за перамены кірунку вады з унутранай паверхні труб сарвала пэўную колькасць адкладанняў. А паколькі ў гэтым месцы ідзе разгалінаванне па ўсіх напрамках, прадугледзець, дзе якасць вады пагоршыцца, і, адпаведна, папярэдзіць жыльцоў на прадпрыемстве не здолелі.

Далей горш

Аказалася, што дзеля таго, каб станцыя абезжалезвання ўступіла ў эксплуатацыю, прыйдзецца рабіць яшчэ ўрэзкі ў водаправодную сетку, так што раптоўнае пагаршэнне якасці вады верагодна і надалей, і ўжо ў новых частках горада. Да таго ж, пасля пуску аб’екта на працягу некалькіх месяцаў будзе праходзіць прамыўка труб, і толькі пасля яе завяршэння асіпаўчане нарэшце атрымаюць чыстую пітную ваду.