Украінская армія паспяхова наступае на мяжы Запарожскай і Данецкай абласцей

4 чэрвеня ўкраінскія сілы правялі лакальныя наземныя атакі і дабіліся абмежаваных тактычных поспехаў у заходняй частцы Данецкай вобласці і ўсходняй частцы Запарожскай вобласці – паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Поспех украінскіх сілаў у вызваленні акупаваных тэрыторый пацвярджаюць таксама расійскія ваенкары і сепаратысты так званай ДНР. Так, Тэлеграм-канал “Рыбар” у сваёй зводцы за 4 чэрвеня піша пра заняцце украінскімі вайскоўцамі некалькіх апорных пунктаў у раёне “Верам’ёўскага выступа”. Гэты выступ знаходзіцца на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей, каля горада Вугледар.

Сепаратыст Аляксандр Хадакоўскі раніцай 5 чэрвеня таксама пацвердзіў інфармацыю пра поспех украінскай арміі:

– Лявей Вугледара супернік абмежаванымі сіламі, задзейнічаўшы да дзесяці адзінак бронетэхнікі, перайшоў у наступ на напрамку Залатая Ніва – Наваданецкае. Пакуль што яму спадарожнічае поспех. У другой палове ночы ён пачаў рабіць перамяшчэнні, стварыўшы ўражанне, што працягне ціск на ўчастку ўчорашняга прарыву пад Вяліканавасёлаўкай. Аэраразведка зафіксавала ў тактычным раёне рух да трыццаці адзінак бронетэхнікі, але ў сілу абмежаваных магчымасцяў кропку “усплывання” ўстанавіць не змагла. У выніку ўдарная група, якая адпрацоўвае зараз Наваданецкае, выйшла на мяжу атакі амаль незаўважанай. Традыцыйна задушыўшы сувязь, супернік здолеў паставіць нас у цяжкае становішча. Сітуацыя ў развіцці. 

Пакуль незразумела,  гэта частка вялікага наступу, ці лакальны поспех украінскай арміі. Афіцыйных каментарыяў ад прадстаўнікоў Збройных сілаў Украіны пакуль не было. Аналітыкі і каментатары асцярожна паведамляюць пра “абмежаваны тактычны поспех”.

Некаторыя расейскія блогеры сцвярджалі, што ўкраінскія войскі прарвалі першую лінію расейскай абароны і прасунуліся ў гэтым раёне ад 500 метраў да трох кіламетраў. На момант напісання гэтага артыкула няма візуальных доказаў гэтых паведамленняў – адзначаюць у ISW.

Фота з адкрытых крыніц