Вайна ва Ўкраіне. Абстраляныя Запарожжа і памежныя вёскі Сумскай вобласці

Памежныя паселішчы Сумскай вобласці зазнаюць атакі штодня. Рэгіён мяжуе з трыма расійскімі абласцямі. Адтуль і абстрэльваюць Украіну.

Цягам 12 гадзінаў мінулага дня па тутэйшых мясцінах расійскія войскі выпусцілі больш за 200 мін і снарадаў. Два чалавекі атрымалі раненні. У адной з вёсак цалкам знішчана інфраструктура.

Паводле старшыні абласной ваеннай адміністрацыі Дзмітрыя Жывіцкага расіяне стралялі па пасёлках дзясятка раёнаў.

images.unian.net

Ён кажа, што ў выніку абстрэлу Новаслабадской грамады параненыя два чалавекі з адной сям’і. Міна пацэліла ў іхны дом. У сяле пашкоджаныя прыватныя дамы і гаспадарчыя пабудовы, параненая свойская жывёла, піша інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Па словах Жывіцкага, у вёску, дзе знішчана ўся мясцовая інфраструктура, прыляцела блізу паўсотні мінаў. Адбыліся пажары ў будынках вучэльні, школы ды дзіцячага садка. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.

static.ukrinform.com

Уначы 28 жніўня расіяне стралялі па Запарожжу. Былі атакаваны два раёны і цэнтр. Ракеты пацэлілі ў жылыя будынкі і інфраструктурныя аб’екты. Двое чалавек параненыя.

Паводле сакратара Запарожскага гарадскога савету Аляксандра Старуха, па горадзе было выпушчана 16 ракет, паведамляе «УНІАН».

Абстраляны быў і гарадскі цэнтр Харкава. Там абышлося без ахвяр.