У канцы жніўня 2023 года ў Магілёўскім раёне затрымалі двух юнакоў з Мінска, пісалі mogilev.media. 17-ці і 15-ці гадовыя хлопцы кінулі кактэйлі Молатава ў вакно мясцовай жыхаркі, пераблытаўшы адрас з кватэрай даўжніка наркамаркета.
Падчас атакі ніхто не пацярпеў, пенсіянерка самастойна загасіла агонь і выклікала ратавальнікаў. Пазней АМАП затрымаў двух мінчан. Як высветлілася, яны ўжо паспелі папярэдне “апрацаваць” сваю асноўную ахвяру – пабілі закладчыка, распылілі яму пярцовы газ у твар і здымалі ўсё на тэлефон.
Абодва затрыманыя былі асуджаныя да сямі гадоў. Старэйшы хлопец будзе адбываць іх у калоніі агульнага рэжыму, малодшы ў выхаваўчай калоніі – піша БелТА.
У Магілёўскім раёне сышчыкі пры падтрымцы АМАПа затрымалі 15 і 17-гадовага мінчан, якія памыліліся адрасам і кінулі бутэльку з бензінам у вакно пенсіянеркі – паведамляе МУС.
Устаноўлена, што падлеткі па ўказанні наймальніка прыбылі са сталіцы, каб “пакараць” закладчыка, які не выканаў заданне куратара. Вырабіўшы запальную сумесь, яны кінулі яе ў вакно кватэры, здымаючы адбывалае на відэа для справаздачы перад працадаўцам.
Як пазней высветлілася, фігуранты памыліліся адрасам і напалі на жыллё пенсіянеркі. Жанчына самастойна патушыла ўзгаранне, пацярпелых няма, агнём толькі часткова пашкоджана падлога.
Следчымі ўзбуджана крымінальная справа за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, учыненую агульнанебяспечным спосабам. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Магілёўская пракуратура перадала ў суд справу трох жыхароў Гомеля, якія працавалі карнікамі наркамаркета, што распаўсюджваў псіхатропы ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Тры жыхары Гомеля ўваходзілі ў арганізаваную групоўку з 14 чалавек, якая працавала на наркамаркет. “Спорцікі” павінны былі збіваць і палохаць закладчыкаў, якія правініліся – забралі сабе псіхатропы, якія павінны былі пакінуць у тайніках.
Пацярпелым ад іх рук у канцы сакавіка 2022 года стаў 18-гадовы бабруйчанін. Хлопец прысвоіў партыю забароненага рэчыва, якое прызначалася для збыту. Яго падпільнавалі ў бязлюдным месцы, збілі і абражалі, патрабуючы выбачэнняў за правіну. Усё гэта здымалі на відэа для распаўсюджвання і запалохвання іншых работнікаў наркамаркета.
Разам з іншымі 11 членамі групоўкі “спорцікаў”, у адносінах да трох жыхароў Гомеля разглядаюцца іншыя іх злачынствы, здзейсненыя ў Гомельскай вобласці – паведамляе БелТА.
У Мінску былі затрыманыя двое мужчын 27 і 38 гадоў, якія працавалі на наркамаркет, караючы кур’ераў, што правініліся.
Устаноўлена, што яны збівалі закладчыкаў рукамі, нагамі, бітамі, дубінкамі і іншымі сродкамі, а таксама распылялі ім пярцовы газ у твар і ўжывалі электрашокер. Запалохваючы траўматычным пісталетам, прымушалі кур’ераў, якія правініліся, стоячы на каленях пад запіс на тэлефон прасіць прабачэння перад кіраўніком інтэрнэт-крамы.
Гэтыя запісы потым выкарыстоўваліся кіраўніцтвам наркамаркета для падтрымання дысцыпліны ў групоўцы. Сярод пакаранняў, якія на замову кіраўніцтва выканалі “спорцікі” – адрэзаны палец адной дзяўчыне-закладчыцы.
Як гэта адбылося – распавялі ў Следчым камітэце. Увечары 22 чэрвеня мінулага года паступіла паведамленне аб збіцці 25-гадовага хлопца і 29-гадовай дзяўчыны. Пацярпелыя растлумачылі ў міліцыі, што ў даркнэце яны набылі псіхатропнае рэчыва альфа-PVP і, атрымаўшы каардынаты, накіраваліся забіраць тавар. Прыбыўшы на месца пары выявіла пустую схованку. Праз некалькі хвілін да іх падышлі двое невядомыя са зброяй. Нападнікі жорстка збілі мінчан нагамі і металічнай бітай, а пасля адрэзалі дзяўчыне фалангу пальца рукі.
Як высветлілася, пацярпелая жанчына працавала закладчыцай на буйную інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў. Размяшчаючы закладкі, дзяўчына не выканала пастаўленыя куратарам задачы, за што ён вырашыў яе пакараць. У той дзень мінчанка накіроўвалася за чарговай партыяй наркотыкаў, а свайго хлопца папрасіла яе падвезці. У выніку ў пастцы “калектараў” апынуліся адразу абодва.
Карнікамі наркамаркета выступілі тыя самыя 27-мі і 38-мі гадовыя мужчыны. Як правіла, куратар інтэрнэт-крамы паведамляў ім дадзеныя кур’ераў, іх каардынаты і агаворваў пажаданы спосаб расправы. «Спорцікі» чакалі сваіх ахвяр у зацішных месцах, каб на крыкі аб дапамозе ніхто не прыйшоў.
Свае здзекі яны здымалі на камеры мабільных тэлефонаў і ў якасці справаздачы адпраўлялі кіраўніцтву маркета, за што атрымлівалі ганарар па ўсталяваным прайсе. Напрыклад, за адрэзаны палец дзяўчыны ім належала 700 долараў ЗША.
Усяго на рахунку фігурантаў 4 падобныя «замовы». Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнана 4 грамадзян ва ўзросце ад 25 да 30 гадоў. Нярэдка пасля расправы агрэсары выкрадалі мабільныя тэлефоны, ключы ад аўтамабіляў і іншую маёмасць.
Малодшы са “спорцікаў” быў раней судзімы за хуліганства, крадзяжы і ўхіленне ад адбывання пакарання, а старэйшы – за збыт наркотыкаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і неаднаразовую язду без права кіравання. Жылі яны за кошт выпадковых заробкаў на розных будаўнічых аб’ектах.
Зараз абодвум прад’яўлена абвінавачванне па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.