Дзень у гісторыі. 9 студзеня. Прэм’ера фільма “Ідзі і глядзі”. Нарадзіліся Рычард Ніксан, кампазітар Уладзімір Солтан. Памёр святар Юзэф Булька

Сцяпан, Стэфан (народны каляндар). 

«На святога Сцяпана вышэй слуга за пана». Дзень найму парабкаў, слугаў, пастухоў. У пастухі наймешся – уся вёска ў цябе ў абавязку.

Прыйшоў Стэфан – на ім чырвоны жупан (марозны дзень).

У гэты дзень праводзілі абрады абароны ад сурокаў. За вёскай на заснежанай Чырвонай горцы сяляне ставілі 12 калоў ці жэрдак. Каля гэтых калоў дзяўчыны злівалі ваду ў чару згубную, нібы змывалі нуду з сэрца і выплюхвалі яе ў сярэдзіну кола.

Клапаціліся аб канях, паілі іх праз срэбра – вадой, прапушчанай праз срэбнае сіта.

На Сцяпана па ўсіх кутах двара ставілі асінавыя калы – каб ведзьмы не маглі падысці.

Час, калі пачыналіся маладзёвыя вечарынкі, хадзілі калядоўшчыкі па дварах.

1801 год. Нарадзіўся Восіп Кавалеўскі. 

Беларускі філолаг, манголазнавец. Акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук.

Удзельнічаў у тайных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны царскімі ўладамі і  высланы ў Казань. Падарожнік па Манголіі і Кітаі (1829).

Рэктар Казанскага ўніверсітэта (1855-1860). Прафесар і дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (з 1862).

Аўтар «Кароткай граматыкі мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскай хрэстаматыі», «Мангольска-руска-французскага слоўніка».

Памёр 21 кастрычніка 1878 года ў Варшаве.

1913 год. Нарадзіўся Рычард Ніксан. 

36-ы віцэ прэзідэнт (1953-1961) і 37-ы прэзідэнт (1969-1974) ЗША. Першы прэзідэнт ЗША, які наведаў Беларусь – 1 ліпеня 1974 года. Пры Ніксане палепшыліся адносіны з Кітаем, было падпісана Парыжскае пагадненне 1973 года пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме, заключаны шэраг дагавароў з СССР пра абмежаванне стратэгічных узбраенняў, прадухіленне ядзернай вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры.

Пры наведванні Беларусі, госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі “Заслаўе”. Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да падножжа манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і дадаў: “Я раней думаў, што Мінск і Беларусь увогуле знакамітыя толькі тым, што тут вырасла маленькая дзяўчынка Вольга Корбут”. А яшчэ ён разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.

Адзіны за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прыезд кіраўніка ЗША у асобе Біла Клінтана адбыўся 15 студзеня 1994 года.

1927 год. Памёр ураджэнец Ружанаў Аляксандр Дунін–Гаркавіч. 

Член геаграфічнага таварыства, даследчык Поўначы Заходняй Сібіры, краязнавец, лесазнавец.

Герой руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, узнагароджаны медалём “За адвагу”. Працаваў ляснічым у Самарскай, Ніжагародскай, Разанскай, Табольскай губернях. 

За даследаванні прыроды, насельніцтва Поўначы ў 1904 годзе ўдастоены малым залатым і вялікім сярэбраным медалямі Рускага геаграфічнага таварыства. Выкладаў у Табольскім зааветтэхнікуме, з’яўляўся Ганаровым членам таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы. 

Аўтар 67 прац па краязнаўстве, геаграфіі, этнаграфіі, карты Табольскай губерні, манаграфіі «Табольская Поўнач». Яму пастаўлены помнікі ў Табольску, Ханты-Мансійску, імем вучонага названа вуліца ў Ханты-Мансійску.

1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Солтан. 

Беларускі кампазітар. Выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шэрагу інструментальных і вакальных твораў разнастайных малых і буйных жанраў. Найзначнейшае творчае дасягненне – опера «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле матываў аповесці Уладзіміра Караткевіча,  найбольш папулярная беларуская опера у рэпертуары Тэатра оперы і балета Беларусі, атрымала Дзяржаўную прэмію БССР.

Сярод пазнейшых твораў У. Солтана – оперы «Пані Ядвіга» (паводле аповесці К. Тарасава «Чорны шлях»), «Mілавіца», вакальныя цыклы на вершы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, пecні і музыка да некалькіх кінафільмаў, тэлесерыяла «Проклятый уютный дом» (34 серыi).

Загінуў 1 чэрвеня 1997 года ў дарожна-транспартным задарэнні.

1966 год. Трагічна загінуў ад рукі бандыта на падставе моўнай нянавісці Ігар Хадановіч (1940-1966). 

Беларускі пісьменнік. 

Скончыў аддзяленьне журналістыкі БДУ. Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і Мастацтва», у Мінскім абкаме камсамола.

1986 год. Адбылася прэм’ера мастацкага фільма рэжысёра Элема Клімава “Ідзі і глядзі”

Фільм пра падзеі ў 1943 годзе зняты на кінастудыях “Беларусьфільм”, “Масфільм”. Сцэнарысты: Алесь Адамовіч, Элем Клімаў. У фільме вясковага хлопца-партызана сыграў Аляксей Краўчанка.

Фільм узяў 1-ы прыз “Залатая пласціна” на ХХV Міжнародным кінафестывалі ў Авеліна, 1985, Галоўныя прэміі на I Міжнародным кінафестывалі ў Троі, Партугалія, 1985, на XIX кінафестывалі ў Алма-Аце, 1986, Залаты прыз на XIV Маскоўскім Міжнародным кінафестывале, 1985.

1993 год. Будынак мінскага Архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі вернуты каталікам. 

Кафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у стылі віленскага барока.

Касцёл узведзены ў 1710 годзе як езуіцкая рэзідэнцыя, а касцёльныя вежы былі завершаны толькі ў 1730 годзе. У вежах былі ўстаноўлены прывезеныя з Данцыга гадзіннік і званы. 

Кафедральны сабор з 1798 года, у 1820 годзе пераасвячоны ў гонар Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Зачынены ў 1934 годзе і пераўтвораны ў гараж. 

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкая адміністрацыя дазволіла касцёлу функцыянаваць, але ў 1947 годзе зноў зачынены. У 1951 годзе будынак ператварылі ў спартыўны комплекс таварыства «Спартак». 21 кастрычніка 1997 года касцёл асвечаны нанова.

2004 год. Памёр Юрый Сідараў. 

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Працаваў у Гродзенскім абласным, Дзяржаўным рускім драматычных тэатрах, выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Яго творчасці ўласцівыя лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры нутранай напружанасці, дакладнасць дэталяў, пластычнасць мастацкага вобраза.

Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камедыйных роляў у пастаноўках па творах К. Губарэвіча, А. Петрашкевіча, В. Быкава і шматлікіх іншых. Удзельнічаў у тэлевізійных і радыёспектаклях.

2009 год. Памёр Аркадзь Жураўскі. 

Беларускі мовазнавец. Член-карэспандэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. 

Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і іншых).

Адзін са стваральнікаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1-13, 1982-1993).

2010 год. Памёр Юзэф Булька. 

Каталіцкі святар, пробашч касцёла святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна.

Нарадзіўся ў 1925 годзе ў Літве. Пасля сыходу на пенсію з віленскага завода электрычных лічыльнікаў, стаў ксяндзом і 22 гады служыў у Мосары. Прапагандыст здаровага ладу жыцця, зрабіў Мосар турыстычнай Мекай: антыалкагольны музэй, Алея цвярознікаў, Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк, помнік Яну Паўлу II, капліцы.

У 2005 годзе стаў першым беларускім ксяндзом, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне», у 2006 годзе ўзнагароджаны медалём Францішка Скарыны.

200 гадоў барацьбы за незалежнасць. У Магілёве знаёмяць з каракамі – змагарамі з расійскім каланіялізмам

З культурай і мастацтвам каракаў – аднаго з самых свабодалюбных народаў Сібіры знаёміць выстава «Амто (вітанні), Каракія», якая разгорнутая ў абласным краязнаўчым музеі. Яна нагадвае пра сумны лёс народаў, якія апынуліся ў складзе расійскай дзяржавы, пра іх барацьбу за сваю свабоду.

Для большасці беларусаў народы зваяванай Расіяй Сібіры – гэта вобраз дурнаватых чукчаў з анекдотаў. У расійскіх жа падручніках асваенне Сібіры падаецца як цывілізацыйная місія расіян, але гэта была звычайная каланіяльная экспансія.


Каракі – карэнны этнас поўначы Камчаткі і суседніх раёнаў Магаданскай вобласці і Чукоткі. Са старажытнейшых часоў асноўным заняткам каракаў былі рыбалоўства і паляванне. У XI–XVI стагоддзяў частка насельніцтва перайшла да аленегадоўлі.


Барацьба за незалежнасці і трагічны лёс народу

Каракі жылі ў гармоніі з прыродай і еднасцю з наваколлем. У іх уяўленні кожная жывёліна мае душу і здабыўшы яе тутэйшы люд дагэтуль просіць у яе прабачэння. На духоўных стасунках з наваколлем асяроддзем трымаецца іхная культура.

Няшмат беларусаў ведаюць, што каракі 200 гадоў ваявалі за незалежнасць, не жадаючы падпарадкоўвацца каланізатарам. Уздымалі паўстанні. З лукамі і стрэламі яны супрацьстаялі ружжам і гарматам. Часцяком перамагалі.

Каракі – прыроджаныя паляўнічыя былі выдатнымі воінамі. Яны дзесяцігоддзямі нападалі на рускія астрогі і караваны, перакрывалі шлях на Камчатку. Самі цярпелі паразы і разню. Толькі пагалоўнае бязлітаснае знішчэнне большасці карацкіх астрогаў і алкаголь – спайванне каракаў дазволіла расійскім каланізатарам падпарадкаваць сабе край.

Лёс народу незайздросны. Нямала каракаў памерлі ад хвароб, якія прынеслі каланізатары, або былі знішчаны, ці асіміляваны, стаўшы сталі камчадаламі – этнічнай групай расіян, якая захоўвае многія элементы каракскай культуры.

Савецкая ўлада ў 1930 годзе дала каракам фармальную аўтаномію ў выглядзе Каракскай аўтаномнай акругі. У 2007 годзе ліквідавала цяперашняя расійская ўлада. Каракаў ацалела толькі 8 тыс. чалавек на вялізнай тундравай плошчы памерамі з Беларусь.

Экспанаты выставы кажуць пра «мёртвую культуру»

Выставу «Амто (вітанні), Каракія» прывезла ў Магілёў прыватная калекцыянерка з Расіі Людміла Каюрава. У яе калекцыі больш за 300 карцін і 400 прадметаў, часткі з іх прадстаўленая ў краязнаўчым музеі.

Агляд экспанатаў пакідае мірнае ўражанне да таго часу, пакуль не пачынаеш разумець, што перад табою па сутнасці ўжо «мёртвая» культура. Пра ўнікальную культуру каракаў сведчаць музейныя экспанаты, якія зберагаюць такія захопленыя людзі як Людміла Каюрава.

Яна нарадзілася і вырасла ў адным з пасёлкаў Каракскай нацыянальнай акругі Камчацкай вобласці. Разам з мужам яна збірае і захоўвае артэфакты гісторыі роднага краю больш за 30 гадоў.

Экспазіцыя знаёміць з культурай каракаў, чукчаў, ітэльменаў, эвенаў, якія пражываюць на Камчатцы.

Сярод унікальных прадметаў – кухлянкі – доўгія футравыя курткі, шапкі-малахаі, чыжы – футравыя шкарпэткі, боты-торбасы. У гэтым нацыянальным адзенні Людміла Каюрава і Аляксандр Сувораў аб’язджалі сёлы тутэйшага народу. У ёй можна спаць на снезе ў лютую сцюжу.

Паколькі рыбалова і аленяводства вызначылі матэрыяльную культуру карэнных народаў, то на выставе прадстаўленыя этнаграфічныя прадметы з меха паўночнага аленя, скуры нерпы, маржа, маржовых іклаў і косткі.

Абсалютна нетыповае для еўрапейцаў жытло і адзенне прыцягвае ўвагу і зацікавіць любога наведніка.

Мастацкія вырабы майстроў разьбы па костцы, унікальныя торбачкі з лапак дзікіх качак, лебедзяў, гусей.

Каракі сёння пераважна праваслаўныя хрысціяне, якія, як і беларусы, маюць моцныя паганскія традыцыі і язычніцкія культы. Рытуальныя прадметы культу шаманаў загадкавыя самі па сабе, а ў звязку з фотаздымкамі і рытуальнай дзідай прымушаюць задумацца пра злых і добрых духаў, пра нябачны духоўны свет.

Выставу прадметаў цудоўна аздабляюць і дапаўняюць мастацкія карціны і фотаздымкі.