За сем карасікаў і рака рыбак у Горацкім раёне атрымаў штраф у 5 600 рублёў

Мсціслаўская міжраённая прыродаахоўная інспекцыя затрамала каля аграгарадка Леніно Горацкага раёна рыбака на лодцы і з двума сеткамі. Усяго мужчына вылавіў сем карасёў і аднаго рака, прычым лоўля ажыццяўлялася не толькі забароненымі сродкамі, але і ў перыяд нераста. Інспектары налічылі рыбаку штраф у 151,5 базавую велічыню, альбо 5 605 рублёў штрафа – піша “Горацкі веснік”.

Фота ілюстрацыйнае

За баршчэўнік, за могілкі хатніх жывёл – сабралі, за што даюць штрафы дачнікам

Дачны сезон у разгары, і mogilev.media вырашылі падсумаваць, якіх правілаў павінны прытрымлівацца дачнікі і гаспадары прысядзібных участкаў, каб не нарвацца на непрымнасці.

Шмат хто з гаспадароў дачных участкаў нават не падазрае, што заканадаўствам рэгламентаваны правілы ўтрымання падобных тэрыторый. Адказнасць за іх выкананне прапісаны ў кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэтыя правілы варта ведаць, каб не здабыць сабе штраф на роўным месцы.

За спальванне смецця 

Увесну, калі на дачных участках людзі наводзяць парадкі, то разнастайнае смецце часта спальваюць. Аднак не ўсё можна паліць. Мінулагодняе лісце, сухое галлё, паперу – калі ласка. Траву трэба спачатку скасіць, сабраць у кучы і толькі потым спаліць. А вось бытавыя адыходы, пластык, зношаныя шыны паліць забаронена, бо пры згаранні яны вылучаюць у атмасферу шкодныя рэчывы.

Больш за тое, зона вогнішча павінна размяшчацца не бліжэй за 10 метраў ад дома, любых іншых пабудоў і плота. А калі ваш участак прымыкае да лясной паласы, адлічвайце да яе 20-30 метраў. Не дазваляецца таксама разводзіць вогнішча на тарфяніках і пад дрэвамі. На ўсякі выпадак варта запасціся сродкамі пажаратушэння. Парушальніку акрэсленых патрабаванняў пагражае штраф у памеры ад 12 да 30 базавых велічынь.

За непакошаную траву

Варта не забываць рэгулярна скошваць траву на ўчастку, прыбіраць смецце ў садзе, агародзе, у двары, вакол альтанак і гаспадарчых пабудоў, а таксама ўтрымліваць у чысціні прылеглую з боку вуліцы тэрыторыю, бо інакш за беспарадак давядзецца заплаціць ад 25 да 30 базавых велічынь.

За грыбы, мак, каноплі

На ўчастках забаронена саджаць і проста мець расліны і грыбы, якія змяшчаюць наркатычныя рэчывы. Нават калі яны выраслі ў вас выпадкова і мэты збыту не было, давядзецца раскашэліцца на 20 базавых велічынь. Калі будзе даказаны намер збыту, прадугледжана крымінальная адказнасць.

За баршчэўнік

Сачыце, каб на ўчастку не закаласіліся небяспечныя расліны-агрэсары. Сярод іх баршчэўнікі Сасноўскага і Мантэгацы (выклікаюць апёкі), залатарнік канадскі і гіганцкі (карані вылучаюць рэчывы, якія правакуюць алергію ў людзей), клён ясенелісты і эхінацістыс лопасцевы, рабінія ілжэакацыя (усе яны не даюць расці іншым раслінам). Калі своечасова не прыбярэце няпрошаных гасцей з зямлі – заплаціце 20 базавых велічынь.

За могілкі хатніх жывёлаў

Можа падацца дзіўным, але на прысядзібным участку нельга хаваць хатніх жывёлаў. Гэта лічыцца парушэннем санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства і псотай зямлі. Калі санітарныя органы даведаюцца пра такі факт, то аштрафуюць на 30 базавых велічыняў.

За самавольства

Штрафныя санкцыі накладваюцца і ў выпадку нямэтавага выкарыстання ўчастка (30 базавых велічыняў) або ўзвядзення там самавольных пабудоў (20-50 базавых велічынь, да таго ж давядзецца ўсё знесці сваімі сіламі).

Фота ілюстрацыйнае.

Пасля праверкі шклоўскай службе таксі выставілі штраф больш чым на 50 тысяч

Падатковая інспекцыя правяла праверку прыватнай арганізацыі, што прадстаўляла паслугі таксі ў Шклове. Праверка выявіла, што на працягу двух кварталаў 2022 года фірма выкарыстоўвала наяўныя грошы, атрыманыя ад кліентаў, у абыход афіцыйнай справаздачнасці. Работнікам таксама выплачваліся зарплаты ў канвертах.

Усяго арганізацыі выстаўлена патрабаванне кампенсаваць у бюджэт 53,9 тысяч рублёў, у тым ліку больш за 30 тысяч – падаходнага падатку за атрыманую супрацоўнікамі зарплату, пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае.

У Чэрыкаве затрыманы буйны “металіст”

У Чэрыкаве міліцыянеры затрымалі грузавік з больш чым 16 тонамі лому чорных металаў – паведамляе прэс-служба УУС Магаблвыканкама. 

50-гадовы мясцовы дырэктар прыватнага унітарнага прадпрыемства збіраў метал па раёне, скупляў яго ў насельніцтва для наступнай здачы ў пункт прыёму, але пры гэтым не меў дзяржаўнай рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пры аглядзе тэрыторыі яго дома выяўлена яшчэ больш за 16 тон лому і адыходаў чорных металаў.

Металалом на агульную суму амаль 22 000 рублёў канфіскаваны.

У дачыненні чэрыкаўскага бізнесмена складзены два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за нарыхтоўку і перавозку металу і яго захоўванне. У суме яму пагражае штраф да 7 400 рублёў.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Як збіраць бярозавік і не нарвацца на штраф

Расказваем як трэба збіраць бярозавы сок паводле правілаў.

Традыцыйна збор бярозавага соку ў Беларусі праходзіць на працягу сакавіка-красавіка. Беларусам можна нарыхтоўваць бярозавік самім, аднак толькі на адведзеных участках. Для гэтага трэба прыйсці ў лясніцтва, дзе вам дадуць лясны білет, пакажуць участкі, правядуць інструктаж, а таксама прасочаць за метадам падсочкі.

Як адзначаюць ў магілёўскім лесагаспадарчым аб’яднанні для нарыхтоўкі соку адбіраюцца бярозы з дыяметрам ствала не менш за 20 см. Колькасць падсочак залежыць ад дыяметра ствала. Пры ахопе бярозы ў 20-26 сантыметраў можна прарабіць толькі адну падсочку. Калі дыяметр дрэва складае 27-34 сантыметры – не больш за два, калі 35-40 сантыметраў – не больш за тры, а пры акружнасці ствала звыш 40 сантыметраў – не больш за чатыры.

На адлегласці прыкладна 20 см ад зямлі ў яго кары трэба прарабіць адтуліну глыбінёй 2 сантыметра або надрэз, даўжыня якога не павінна перавышаць 12 см, а глыбіня больш за 4 см. З гэтага моманту і пачынаецца збор прыроднага напою. Пасля таго, як сок сабраны, адтуліну ці надрэз неабходна заткнуць драўляным коркам або замазаць садовым варам, воскам ці мохам. 

Варта таксама памятаць, што за парушэнні, дапушчаныя падчас збору бярозавага соку, прадугледжаны штраф у памеры да 20 базавых велічыняў”. 

Фота ілюстрацыйнае

Антысанітарыя пануе на траціне тэрыторый Магілёўскай вобласці

Паводле апублікаваных дадзеных Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, на 27,2% правераных аб’ектах выяўлены парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва.

Супрацоўнікі Цэнтра ў 2022 годзе абследавалі 82 389 тэрыторый і аб’ектаў. Парушэнні выяўлены на 22 371 (на кожным трэцім аб’екце). 

За парушэнні, у тым ліку паўторна, санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва вынесена 543 пастановы аб накладанні штрафу, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 120 вінаватых асоб, кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў выдадзена 5 969 прадпісанняў, рэкамендацый. 

Акрамя гэтага ліквідавана 623 несанкцыянаваныя звалкі.  

З года ў год парушаюцца правілы ўтрымання кантэйнерных пляцовак, прылеглых да іх тэрыторый, несвоечасова вывозіцца смецце, адыходы, утвараюцца несанкцыянаванныя звалкі.

Дарэчы, у найбліжэйшы час бабруйчане атрымаюць новы смеццеперапрацоўчы завод. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У Чавускім раёне за 300 грамаў рыбы затрымалі браканьера

У Чавускім раёне, на затоне ракі Проня Мціслаўскай міжраённай інспекцыяй затрыманы грамадзянін Н., які лавіў рыбу забароненым спосабам. Ён  незаконна здабыў тры плоткі і аднаго галаўля, агульнай вагой 0,3 кілаграма з дапамогай 9 экран-тэлевізараў, якія ўсталёўваў пад лёд – паведамляе  газета “Іскра”.

Грамадзянін таксама меў пры сабе забароненую прыладу рыбалоўства: стаўную лескавую сетку даўжынёй 15 метраў, але выкарыстаць яе не паспеў.

У выніку незаконнай здабычы рыбы навакольнаму асяроддзю была нанесена шкода ў памеры 12 базавых велічынь, што складае 444 рублі. Кошт незаконна здабытай рыбы склаў 9,25 рублёў.

Супрацоўнікі міжраённай інспекцыі правялі таксама агляд дома затрыманага грамадзяніна. Знойдзены забароненыя прылады рыбалоўства: тры стаўныя лескавыя сеткі, агульнай даўжынёй 54,8 метра. Складзены два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконны лоў і за валоданне і захоўванне забароненых прылад.

Дзяржкантроль спаганяе з бальніцы ў Касцюковічах 200 000 рублёў

Праверка Камітэта дзяржкантроля выявіла ў Касцюковіцкай раённай бальніцы незаконнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў на суму ў 200 000 рублёў – паведамляе “Голас Касцюкоўшчыны”. Гэта стала вынікам парушэнняў пры налічэнні заработнай платы, некампенсацыі ў поўным аб’ёме бюджэтных расходаў пры аказанні платных паслуг, і нават залішняй выдачы малака пры рабоце са шкоднымі ўмовы працы.

Зараз Дзяржкантроль высвятляе вінаватых і вызначае парадак вяртання сродкаў у бюджэт.

Фота з адкрытых крыніц.

Фірма ў Горках “арандавала” сваю ўласную аргтэхніку, і цяпер павінна выплаціць 140 000 рублёў

Праверка будаўнічай фірмы ў Горках паказала, што арганізацыя пазбягала выплаты часткі падаткаў, аформіўшы арэндныя затраты на карыстанне офіснай тэхнікай. Як высветлілася, тэхніка належыла самой фірме, а не індывідуальнаму прадпрымальніку, як указвалася ў арэнднай дамове. Гэтая махінацыя дазваляла ўстанове закладаць выдаткі на аргтэхніку ў страты і не плаціць з гэтых сум падаткі. У выніку будаўнічая арганізацыя будзе вымушаная выплаціць у дзяржаўны бюджэт дадаткова каля 140 000 рублёў схаваных такім чынам падаткаў– піша БелТА.

Фота ілюстрацыйнае

Падазраваны ў крадзяжы жыхар Касцюковіцкага раёна спрабаваў схавацца з-пад падпіскі аб невыездзе ў Расіі

31-гадовы жыхар Касцюковіцкага раёна здзейсніў крадзёж электрарухавіка на малочна-таварнай ферме, дзе працаваў жывёлаводам. Гэта адбылося яшчэ ў красавіку 2022 года і з таго часу мужчына знаходзіўся пад падпіскай аб невыездзе і добрых паводзінах. У жніўні 2022 года ён, аднак, уцёк у Расію. У дачыненні да яго завочна абралі меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту і аб’явілі вышук. У верасні 2022 года мужчына быў затрыманы ў Расіі і экстрадаваны ў Беларусь. Цяпер яму прызначаны штраф у 40 базавых велічынь – піша “Родная ніва”.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.