Проня і Бесядзь выйшлі з берагоў, ёсць затапленні дарог у трох раёнах

Уздым узроўню вады ў рэках Проня і Бесядзь прывёў да падтаплення трох участкаў дарог і трох аўтамабільных мастоў у Слаўгарадскім, Хоцімскім і Чавускім раёнах Магілёўскай вобласці – паведамляе прэс-служба МНС. Працягласць максімальна падтопленага ўчастка – 70 метраў, максімальны ўзровень вады 20 сантыметраў.  Адзначаецца, што жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана.

На фота: Бесядзь, ілюстрацыйна

На Проні прагназуецца небяспечны ўзровень вады

Аб’яўлена штармавое гідралагічнае папярэджанне

Сіноптыкі Белгідрамет аб’явілі штармавое гідралагічнае папярэджанне аб небяспечнай з’яве. 

На прытоку Сожа рацэ Проня каля в. Ляцягі Слаўгарадскага раёна ўзровень вады 17 сакавіка дасягнуў 266 см, пры сутачным росце 22 см і наблізіўся да небяспечна высокага значэння (290 см), пры якім раней назіраліся затапленні прыбярэжных тэрыторый.

Чакаецца, што ў найбліжэйшыя дні значэнне ўзроўню вады тут дасягне небяспечнай высокай адзнакі ў 290 см.

У Чавускім раёне за 300 грамаў рыбы затрымалі браканьера

У Чавускім раёне, на затоне ракі Проня Мціслаўскай міжраённай інспекцыяй затрыманы грамадзянін Н., які лавіў рыбу забароненым спосабам. Ён  незаконна здабыў тры плоткі і аднаго галаўля, агульнай вагой 0,3 кілаграма з дапамогай 9 экран-тэлевізараў, якія ўсталёўваў пад лёд – паведамляе  газета “Іскра”.

Грамадзянін таксама меў пры сабе забароненую прыладу рыбалоўства: стаўную лескавую сетку даўжынёй 15 метраў, але выкарыстаць яе не паспеў.

У выніку незаконнай здабычы рыбы навакольнаму асяроддзю была нанесена шкода ў памеры 12 базавых велічынь, што складае 444 рублі. Кошт незаконна здабытай рыбы склаў 9,25 рублёў.

Супрацоўнікі міжраённай інспекцыі правялі таксама агляд дома затрыманага грамадзяніна. Знойдзены забароненыя прылады рыбалоўства: тры стаўныя лескавыя сеткі, агульнай даўжынёй 54,8 метра. Складзены два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконны лоў і за валоданне і захоўванне забароненых прылад.

Пад Дрыбінам каналізацыя выцякала ў раку – штраф 50 базавых

Мясцовая раённая газета “Савецкая вёска” зладзіла рэйд па сметніках Дрыбінскага раёна сумесна з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Падчас рэйда, знайшлі некалькі несанкцыянаваных звалак, а таксама выявілі выкід неачышчаных каналізацыйных стокаў у рэчку Шыпаўка, што ўпадае ў Проню каля вёскі Галавічы. Каналізацыя проста выцякала з металічнай трубы ў вадаём.

Высветлілася, што забруджванне рэчкі адбываецца на тэрыторыі водаправодна-каналізацыйнага ўчастка Дрыбінскага філіяла «Магілёўскага водаканала». Арганізацыя атрымала штраф у 50 базавых велічынь.

Фота: “Савецкая вёска”