У шклоўскай калоніі памёр яшчэ адзін палітзняволены – пасля інсульта яго кінулі ў ШІЗА

У шклоўскай калоніі №17 памёр яшчэ адзін палітзняволены – Валянцін Штэрмер. “Наша Ніва” са спасылкай на чалавека, які сядзеў разам з Штэрмерам паведамляе, што зняволены быў “вельмі слабы, у калонію ён прыехаў пасля інсульту”. Пры гэтым, палітзняволенага нягледзячы на хваробу, кінулі ў ШІЗА. Дакладны час і абставіны яго смерці пакуль невядомыя.

Валянцін Штэрмер нарадзіўся ў 1964 годзе, піша сайт праваабарончага цэнтра “Вясна”. Ён быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за тое, што каментаваў агрэсію Расіі супраць Украіны, асуджаючы расійскае ўварванне. Утрымліваўся ў шклоўскай калоніі №17.

Чатыры гады таму, 21 траўня 2021 года ў гэтай жа калоніі пры невысветленых абставінах загінуў Вітольд Ашурак – першы беларускі палітвязень, што стаў ахвярай нечалавечага абыходжання ў зняволенні. У гонар Вітольда Ашурка дэмакратычная беларуская супольнасць адзначае 21 траўня Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Фота: старонка Валянціна Штэрнера ў “Аднакласніках”

У Шклове за тры гады скралі маёмасці аграпрадпрыемства на 190 тысяч рублёў

Пракуратура Дрыбінскага раёна падтрымала абвінавачанне ў судзе па справе аб крадзяжы маёмасці аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Шклова. Шасцёра чалавек абвінавачваюцца ў прысваенні каштоўнасцяў на суму звыш 190 тысяч рублёў.

Як перадае БелТА, следства выявіла, што з 2020 па 2023 год кладаўшчык прадпрыемства арганізаваў злачынную схему: ён перадаваў маёмасць вадзіцелю, які вывозіў яе з тэрыторыі. Частка тавараў выкрадалася яшчэ па дарозе ад пастаўшчыкоў. Удзельнікі схемы карысталіся службовым становішчам і доступам да дакументацыі і праграмнага забеспячэння.

Адзін з абвінавачаных займаўся збытам выкрадзенага і атрымліваў прыбытак, астатнія дапамагалі з транспарціроўкай. Пры спробе чарговага крадзяжу, калі маёмасць выгружалі ў гаражы аднаго з фігурантаў, злачынцаў затрымалі.

На судзе трое абвінавачаных не прызналі віны і не кампенсавалі страты. Астатнія прызналі ўдзел, раскаяліся і пакрылі нанесены ўрон. Двум арганізатарам прызначана па сем і шэсць гадоў пазбаўлення волі са штрафамі. Ім таксама забаронена займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

Астатнія атрымалі ўмоўныя тэрміны і штрафы. Прысуд Дрыбінскага раённага суда пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў апеляцыйным парадку.

Нагадаем, што ў Шклове ў 2023–2024 гадах інжынер інкубацыйнага цэха птушкафабрыкі сістэматычна выкрадаў сутачных куранят-бройлераў і прадаваў іх у прыватную фермерскую гаспадарку ў Гомельскай вобласці. Урон тады склаў больш за 14 тысяч рублёў. Суд прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай, штрафу ў 12 тысяч рублёў і 100 гадзінам грамадска-карысных работ.

Фота з адкрытых крыніц

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

_____________________________________________________________

Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Вольга Голубовіч Дзяніс Краўчук

Абвінавачаныя ў «змове з мэтаю захопу ўлады дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Юрыя Зянковіча вінавацяць дадаткова ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве такім фармаваннем».

Мінскі абласны суд пачне разглядаць крымінальную справу 29 ліпеня ў закрытым рэжыме.

Арыштаваным пагражае пазбаўленне волі да 12 гадоў.

У зняволенні іх утрымліваюць з красавіка 2021 году. Фядуту і Зянкевіча схапілі ў Маскве. Кастусёва затрымалі ў Шклове.

30 красавіка 2021 году КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Акрамя Фядуты, Кастусёва і Зянковіча ў спісе значыліся Вольга Галубовіч, Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар.

_____________________________________________________________

Алега Чычыкайла

Асуджаны на 1 год і 6 месяцаў калоніі.

Паводле праваабаронцаў прызнаны вінаватым у абразе прэзідэнта.

Справу разглядала суддзя Галіна Гулевіч.

Аб яго затрыманні стала вядома 31 траўня, а 3 чэрвеня ён быў змешчаны пад варту ў СІЗА-3 у Гомлі.

Паводле абвінавачання, Чычыкайла пакінуў у інтэрнэце каментар, які палічылі абразлівым у дачыненні да Лукашэнкі.

_____________________________________________________________

Санта Франчук і Ўладзімер Дальшоў

Асуджаныя на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію, гэтак званая «хатняя хімія».

Праграмістаў з Мінску абвінавацілі ва ўдзеле ў трох эпізодах групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Справу разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка.