У Фінляндыі дэмантавалі помнік, падораны Савецкім Саюзам і які не стаў для фінаў родным

Статуя «Мір ува ўсім свеце» стаяла ў Хельсінкі. У 1989 годзе помнік вышынёю ў 6,5 метры Фінляндыі падарыла Масква. У адказ сталіца гэтай скандынаўскай краіны перадала Маскве скульптуру «Дзеці свету», якая цяпер знаходзіцца ў парку Дружбы на Ленінградскай шашы.

Падарунак Савецкага Саюзу ўзнялі з дапамогай тросаў і пераставілі на баржу. Яго перададуць мясцоваму мастацкаму музею. Далейшы лёс манумента вырашыць кіраўніцтва Хельсінкі і Хельсінкскі мастацкі музей, піша выданне “YLE”.

Паводле яго, пачынаючы з 1990 году, калі манумент быў прадстаўлены грамадскасці, ён выклікаў шмат дыскусіяў.

Статуя моцна пацярпела, калі ў 1991 годзе трое студэнтаў аблілі яе смалой і пер’ем. Сваёй акцыяй маладзёны хацелі адзначыць, што падарунак з Савецкага Саюзу не мусіць стаяць у Хельсінках.

Была спроба падарваць «Мір ва ўсім свеце» з дапамогай газавага балона ў 2010-ым.

Грамадская дыскусія аб неабходнасці статуі абвастрылася па поўнамаштабным нападзе Расіі на Ўкраіну.

Увесну на пастаменце статуі зʼявіўся надпіс «Ува ўсім свеце», а ў чалавечых руках фігур скульптуры былі прымацаваныя ўкраінскія сцягі.

фота з рэсурсу: yle.fi

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

_____________________________________________________________

Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юры Зянковіч, Вольга Голубовіч Дзяніс Краўчук

Абвінавачаныя ў «змове з мэтаю захопу ўлады дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Юрыя Зянковіча вінавацяць дадаткова ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтве такім фармаваннем».

Мінскі абласны суд пачне разглядаць крымінальную справу 29 ліпеня ў закрытым рэжыме.

Арыштаваным пагражае пазбаўленне волі да 12 гадоў.

У зняволенні іх утрымліваюць з красавіка 2021 году. Фядуту і Зянкевіча схапілі ў Маскве. Кастусёва затрымалі ў Шклове.

30 красавіка 2021 году КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Акрамя Фядуты, Кастусёва і Зянковіча ў спісе значыліся Вольга Галубовіч, Дзмітрый Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар.

_____________________________________________________________

Алега Чычыкайла

Асуджаны на 1 год і 6 месяцаў калоніі.

Паводле праваабаронцаў прызнаны вінаватым у абразе прэзідэнта.

Справу разглядала суддзя Галіна Гулевіч.

Аб яго затрыманні стала вядома 31 траўня, а 3 чэрвеня ён быў змешчаны пад варту ў СІЗА-3 у Гомлі.

Паводле абвінавачання, Чычыкайла пакінуў у інтэрнэце каментар, які палічылі абразлівым у дачыненні да Лукашэнкі.

_____________________________________________________________

Санта Франчук і Ўладзімер Дальшоў

Асуджаныя на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію, гэтак званая «хатняя хімія».

Праграмістаў з Мінску абвінавацілі ва ўдзеле ў трох эпізодах групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Справу разглядала суддзя Вольга Емяльянчанка.