1601 год. Адбылося ўрачыстае асвячэнне касцёла Божага Цела ў Нясвіжы.
Архітэктурны помнік ранняга барока.
Першы езуіцкі касцёл, першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Радавы магільны склеп Радзівілаў.
Узведзены ў 1587-1593 гг. па праекце архітэктара Яна Марыі Бернардоні.
1788 год. У в. Гразівец Чавускага раёна нарадзіўся Іван Насовіч.
Філолаг, этнограф і фалькларыст.
Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 тыс. слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».
Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.
Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 году.
1912 год. Нарадзіўся Юрый Жывіца (Попка).
Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, выдавец, пісьменнік.
Актыўны ўдзельнік грамадска-палітычнага жыцця беларускай эміграцыі ў Германіі.
Кіраўнік «Згуртавання беларускіх патрыётаў», палітычна-прапагандысцкага аддзела Галоўнага штаба Беларускага Вызваленчага Фронту.
Заснавальнік Беларускага музея ў Лаймене, Інстытута Беларусаведы, часопіса «Весткі Інстытута беларусаведы».
Усталяваў у нямецкім Лаймене помнік загінулым у 1939-1945 гадах беларусам.
1932 год. Нарадзіўся Іван Пташнікаў.
Беларускі пісьменнік. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа.
Аўтар вершаў, шэрагу кніг, раманаў, аповесцей, апавяданняў.
Творчая прыхільнасць — тэма вайны (“Тартак”, “Найдорф”), вясковая тэматыка. Яго творчасці ўласцівыя веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін.
Памёр у 2016 годзе.
1939 год. Памёр Раман Скірмунт.
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня ўрада БНР.
Мецэнат, значны землеўладальнік.
Дэпутат I Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні.
Сенатар Польшчы (1930-1935).
1943 год. Нарадзіўся Яўген Шыпіла.
Беларускі акцёр. Народны артыст.
Усё жыццё прысвяціў служэнню ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.
Найбольш значныя ролі стварыў у беларускім нацыянальным рэпертуары: дзед Курыла («Сымон-музыка» паводле Я. Коласа), Несцерка («Несцерка» B. Вольскага), Андрэй Буслай, Мульцік («Парог», «Вечар» А. Дударава), Канстанцін Заслонаў («Паядынак» М. Матукоўскага) і іншыя.
Памёр у 1999 годзе.
1944 год. Загінуў Змітрок Астапенка.
Беларускі паэт, празаік, перакладчы. Вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (з паэтам А. Куляшовым).
Двойчы арыштоўваўся (1933 і 1936) і асуджаўся як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі».
Пакаранне адбываў у Сібіры (некаторы час разам з М. Лужаніным).
Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі.
Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).
Перакладчык з украінскай і рускай моў, у тым ліку рамана М. Горкага «Маці» (1932).
На фота – у цэнтры
1956 год. Нарадзіўся Вячаслаў Швед.
Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук.
Даследуе пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі XIX стагоддзя, 1772-1863 гадоў, гісторыі Гродна і Гродзеншчыны, развіццё турызму ў Панямонні.
У 2013 годзе звольнены з працы ў Гродненскім дзяржаўным універсітэце.
Выступіў у СМІ з адкрытым лістом, заявіўшы, што звальненне з’яўляецца палітычным.
Выдаленне з універсітэту Шведа асудзіў у тым ліку і польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі.
1977 год. У СССР прынята апошняя, “Брэжнеўская канстытуцыя” замест “сталінскай” 1936 года.
Дзейнічала з 1977 па 1991 год. “Канстытуцыя развітага сацыялізма”.
Асноўны закон 1977 года ўяўляў сабой больш высокі ўзровень канстытуцыйнага заканадаўства.
Замацоўвала за кожнай саюзнай рэспублікай права выхаду са складу СССР.
2009 год. У Мінску адкрылася мастацкая “Галерэя Ў”.
Галерэя сучаснага мастацтва аб’яднала пад адным дахам выставачную залу, кнігарню, кавярню і бібліятэку па сучасным мастацтве.
На штогадовай выставе-кірмашы сучаснага мастацтва “ArtVilnius”, якая праходзіць у Вільнюсе, беларуская галерэя “Ў” двойчы, у 2011 і 2016 гадах, прызнавалася лепшай замежнай галерэяй.