Зона радыяцыйнага забруджвання ў Беларусі пасля аварыі на ЧАЭС скарацілася ў два разы – Мінпрыроды

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС чвэрць тэрыторыі Беларусі – 25% усіх зямель былі забруджаныя радыяцыяй. Цяпер жа колькасць забруджаных тэрыторый складае 12,5% ад агульнай плошчы краіны, што роўна напалову менш. Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Таццяна Кананчук.

Паводле слоў Кананчук, падрыхтавана новая праграма, у якой “радыяцыйнаму маніторынгу будзе ўдзелена асаблівая ўвага, тым больш у галіне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэння праграмнага забеспячэння і доследных узораў… Гэта будзе дастаткова сур’ёзны крок у развіцці розных відаў маніторынгу, у тым ліку і радыяцыйнага”.

Фота: realt.onliner.by

Грыбы і ягады паказалі перавышэнне па радыяцыі ў чатырох раёнах Магілёўшчыны

За лета магілёўскі занальны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўзяў 519 спроб рознай прадукцыі ад насельніцтва на ўтрыманне цэзія-137. Гэта былі і садавіна-гародніна з прысядзібных участкаў, і грыбы-ягады з лесу. Ні адна спроба па прадукцыі, якую грамадзяне вырасцілі на сваіх лецішчах і сядзібах не паказала перавышэнне нарматываў па ўтрыманні радыяцыі. Тое ж адносіцца да прамысловай прадукцыі. 

Пры гэтым у 6 спробах лясной ягады і ў 3 спробах грыбоў, даследаваных пры звароце грамадзян, было ўстаноўлена перавышэнне дапушчальных узроўняў утрымання цэзію-137. Гэтыя прадукты збіраліся ў Магілёўскім, Быхаўскім, Бялыніцкім і Клічаўскім раёнах вобласці – паведамляе прэс-служба ведамства. 

Фота: mogilev.media

 

Плошча радыяцыйнага забруджвання ў Беларусі скарацілася ў два разы

Намеснік начальніка ўпраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адыходамі Дзяржатамнагляду Кацярына Шмялёва заявіла, што плошча забруджвання тэрыторыі Беларусі цэзіем-137 скарацілася практычна ўдвая за перыяд пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

– На сёння плошча забруджвання складае 12,3% ад усёй тэрыторыі краіны. – расказала Кацярына Шмялёва рэсурсу БелТА – Па стане на 1 студзеня 2023 года забруджанымі на ўзроўні звыш 1 Кі/кв.км застаюцца больш за 1, 5 млн. гектар лясоў (15,5 працэнта ад агульнай плошчы ляснога фонду) і 825 тыс. гектар сельскагаспадарчых зямель (амаль 11 працэнтаў ад іх агульнай плошчы).

Можна канстатаваць, што паступова зніжаецца доза знешняга апрамянення насельніцтва ў сувязі з распадам цэзію-137, радыяцыйнае становішча паляпшаецца – паведаміла спецыяліст. Разам з тым, 2022 населеныя пункты знаходзяцца ў забруджанай зоне. Па стане на 1 студзеня 2023 гады тут пражывае 945,1 тыс. чалавек, у тым ліку 189 тыс. дзяцей.

Фота з адкрытых крыніц.

Як на Радаўніцу можна наведаць могілкі, што знаходзяцца ў забруджанай радыяцыяй зоне

Значная колькасць тэрыторый Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Краснапольскага і Касцюковіцкага раёнаў Магілёўшчыны ўваходзяць у зону адчужэння, наведваць якую без спецыяльных прапускоў забаронена. Раз у год, на Радаўніцу, гэтая забарона здымаецца, каб блізкія змаглі наведаць пахаванні сваіх родных і прыбрацца на іх. Наведванне зоны без прапускоў дазваляецца сёлета з 22 па 25 красавіка з 9.00 да 17.00.

Пры гэтым наведвальнікам неабходна прытрымлівацца асноўных правіл бяспекі. Ні ў якім разе не распальваць кастры і не спальваць смецце – яго можна толькі адносіць на спецыяльныя пляцоўкі.

Таксама, пры рабоце на могілках неабходна паклапаціцца пра ўласную бяспеку – працаваць у медыцынскіх масках і пальчатках, пасля завяршэння страсануць сваю верхнюю вопратку, вымыць адкрытыя ўчасткі цела прывезенай з сабой вадой. Асаблівую ўвагу варта надаваць дзецям, каб яны не адхіляліся ад дарослых.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае.

Скасоўваецца Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС

Ва ўмовах радыёактыўнага забруджвання пражывае амаль кожны дзясяты жыхар Магілеўскай вобласці.

14 лістапада ў Беларусі быў падпісаны ўказ “Аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях”. Паводле яго, Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС скасоўваецца, а яго задачы і функцыі структурных падраздзяленняў перадаюцца Дзяржатамнагляду Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, канцэрну “Беллегпрам”, Гомельскаму і Магілёўскаму аблвыканкамам.

Катастрофа на ЧАЭС ў красавіку 1986 года падзяліла гісторыю беларускага грамадста на да і пасля. Чарнобыльскім забруджваннем быў атручаны кожны пяты квадратны метр нашай зямлі. 

Пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 11 верасня 1990 года № 227 “Аб Дзяржаўным камітэце БССР па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” быў створаны асобны Камітэт з правамі міністэрства для каардынацыі намаганняў усіх зацікаўленых бакоў і кансалідацыі рэсурсаў па пераадоленню наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

У 1995 годзе Дзяржкамчарнобыля пераўтвораны ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У 1998-2001 гадах працаваў Камітэт па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры МНС, які потым у 2001-2006 гадах быў перападпарадкаваны Савету Міністраў Беларусі.

З 2006 года Камітэт па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС быў пераўтвораны ў Дэпартамент пры МНС. Змяняўся статус структуры, змяняліся фінансаванне і адзнакі наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Самай вострай, сярод комплексу сучасных экалагічных праблем Магілёўскага Падняпроўя, на працягу апошніх 30 гадоў застаецца праблема радыёактыўнага забруджвання тэрыторыі ў выніку аварыі. 

Магілёўская вобласць разам з Гомельскай, больш за іншыя рэгіёны краіны пацярпела ад радыеактыўнага забруджвання. У рознай ступені забруджана больш за 7 тыс. км² (27% тэрыторыі).

Галоўны радыёактыўны хімічны элемент, які вызначае 85% радыяцыйнага фону мясцовасці забруджаных раёнаў – цэзій-137. Некаторыя раёны Магілёўшчыны забруджаны таксама стронцыем-90 (Краснапольскі і Чэрыкаўскі раёны). Плямы радыёактыўнага забруджвання глеб са шчыльнасцю забруджвання больш за 1 Кu/км² зафіксаваны ў 14 з 21 раёна вобласці. 

У зоне забруджвання знаходзяцца больш за 700 населеных пунктаў 13 раёнаў, з іх 5 гарадоў – Быхаў, Слаўгарад, Чавусы, Чэрыкаў, Краснаполле. 

фота: rodniva.by

Мала хто ведае, але на радыяцыю можна бясплатна праверыць любыя дарункі лесу, нават бярозавы сок

Але ёсць нюанс – не ўсюды праверку праводзяць паглыблена.

Пра магчымасць бясплатнай праверкі бярозавіку на радыяцыю паведаміў Дрыбінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. На сайце арганізацыі адзначаецца, што па выніках шматгадовых радыеметрычных даследаванняў сок, сабраны з лясных тэрыторый у розных раёнах Магілёўскай вобласці, ніколі не перавышаў дапушчальныя ўзроўні ўтрымання радыенуклідаў цэзія-137.

Магчымасць праверыць бярозавік – і не толькі – бясплатна ёсць ва ўсіх жыхароў рэгіёну, калі яны выступаюць як фізічныя асобы.

Як даведалася наша выданне, вымярэнне ўзроўню ўтрымання радыёцэзію ў прадуктах, сабраных у лесе, даступна ва ўсіх цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі Магілёўскай вобласці.

Але ёсць нюанс. Паглыбленую праверку прадуктаў на радыяцыю праводзіцца абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У той час як многія раённыя цэнтры робяць толькі павярхоўную праверку – вымяраюць радыяцыю дазіметрам у прысутнасці спажыўца.

Для таго, каб атрымаць падрабязныя звесткі, неабходна звярнуцца ва ўстанову, размешчаную па вуліцы Грышына, 82 у Магілёве, у службу «Адно вакно». Радыелагічны аналіз можа заняць да 30 каляндарных дзён.

фота з адкрытых крыніц