Ад 20 жніўня і да канца верасня на Беларусі дазволена паляваць на адну з самых папулярных дзічын – ласёў, аленяў, лань, паведамляе Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. Дазволена здабываць дарослых самцоў, у тым ліку трафейнай якасці, а таксама селекцыйных жывёл без уліку полу і ўзросту.
Таксама паведамляецца, што паляванне прымеркавана да пачатку перыяду размнажэння аленевых, калі ў іх пачынаецца гон. Такое паляванне праводзіцца, як правіла, з прынаджваннем самцоў на вабу. Падчас такога палявання ўдзельнічаюць прафесійныя вабільшчыкі, якія пры дапамозе спецыяльнай прылады – вабы – імітуюць роў жывёлы, каб прывабіць яго бліжэй да паляўнічых. Вабіць – значыць клікаць звера яго голасам.
622 год. Прарок Мухамед перабраўся ў Медыну. Дзень Хіджры.
Заснавальнік ісламу Прарок Мухамед з групай сваіх паслядоўнікаў у сувязі з ганеннямі, якім падвяргалася новае веравучэнне ў яго родным горадзе, перабраўся з Мекі ў Медыну.
Дата гэтага перасялення (Хіджра – “адкачоўка”, “уцёкі”) пры халіфе Амары I прынята за пачатак мусульманскага летазлічэння.
1054 год. Раскол Хрысціянскай Царквы.
Патрыярх Канстанцінопальскі Міхаіл Кіруларый, баючыся пашырэння ўплыву каталікоў на грэцкіх хрысціян, закрыў усе лацінскія манастыры на тэрыторыі Візантыі і накіраваў у Італію ліст, у якім крытыкаваў дамаганні рымскіх першасвятароў на поўную ўладу ў хрысціянскім свеце.
У 1054 годзе для вырашэння спрэчкі папа Леў IX паслаў у Канстанцінопаль сваіх паслоў-легатаў на чале з кардыналам Гумбертам для вырашэння канфлікту. У суправаджальным лісце ён заяўляў, што ніхто не мае права крытыкаваць папу і аспрэчваць яго правы (як прамога спадчынніка апостала Пятра) на вяршэнства над усімі хрысціянамі.
Знайсці шлях да прымірэння не ўдалося, і 16 ліпеня 1054 года ў саборы Святой Сафіі ў Канстанцінопалі афіцыйныя прадстаўнікі Папы Рымскага аб’явілі аб звяржэнні Патрыярха Канстанцінопальскага Міхаіла Керуларыя і яго адлучэнні ад Царквы.
У адказ на гэта 20 ліпеня патрыярх і скліканы ім сабор адлучылі ад Царквы Папу і ягоных легатаў. Ніхто тады і ўявіць сабе не мог, што падзел, які адбыўся паміж тымі Цэрквамі, якія неўзабаве назавуць Праваслаўнай і Рымска-Каталіцкай, будзе доўжыцца стагоддзямі.
Так хрысціянства раскалолася на каталіцтва і праваслаўе.
Пакінуўшы Канстанцінопаль, папскія легаты адправіліся ў Рым акруговым шляхам, каб апавясціць аб адлучэнні Міхася Кіруларыя іншых усходніх патрыярхаў. Сярод іншых гарадоў яны наведалі Кіеў, дзе сустрэліся са старажытнарускімі клірыкамі і былі прыняты пры княжым двары. Пры гэтым руская Царква захавала прыхільнасць да праваслаўя.
1819 год. Пачалася кругасветная экспедыцыя шлюпаў “Усход” і “Мірны” пад камандаваннем М. Лазарава і Ф. Белінсгаўзена.
Мэта экспедыцыі – прабіцца як мага бліжэй да Паўднёвага полюса.
28 студзеня 1820 года адбылася сапраўды вялікая падзея – радасны крык вахтавага матроса “Зямля! Зямля!” абвясціў аб адкрыцці шостага кантынента, Антарктыды.
У пачатку жніўня 1821 года караблі шчасна вярнуліся ў Кранштадт.
1880 год. У Вялікабрытаніі прыступілі да пракладкі з боку Дуўру тунэлю пад Ла-Маншам.
На французскім беразе таксама заклалі разведвальную галерэю. Праз 2 гады, калі сумарная даўжыня падземных галерэй (дыяметр 2,8 м) з абодвух берагоў дасягнула 1 840 м, брытанскае міністэрства абароны запатрабавала неадкладнага спынення ўсіх прац, бо яны падрываюць дзяржаўную бяспеку краіны.
Да праекту вярнуліся толькі ў 1987 годзе, і 6 мая 1994 года каралева Вялікабрытаніі Лізавета II і французскі прэзідэнт Ф. Мітэран урачыста адкрылі “Еўратунэль”.
Даўжыня тунэля – каля 51 км, з іх 39 праходзяць непасрэдна пад марскім дном.
1941 год. Пачалася акупацыя Чэрыкаўскага раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Немцы захапілі і Смаленск.
А абарончыя баі вакол Магілёва, тым часам, працягваліся.
1944 год. У вызваленым Мінску прайшоў Партызанскі парад.
Урачыстае мерапрыемства адбылося ў нядзелю 16 ліпеня на полі былога іпадрома з нагоды вызвалення Мінска ад нямецкай акупацыі.
У парадзе ўзялі ўдзел 30 партызанскіх брыгад. Кожная брыгада мела ўласны сцяг і плакаты. На мітынг і парад сабраліся больш за 30 000 партызан і 50 000 мінчукоў.
На парадзе была вялікая дэлегацыя байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам генералам арміі І. Чарняхоўскім.
Адкрывала парад брыгада “Народныя мсціўцы” імя В. Варанянскага. За ёй ішлі партызанскія разведчыкі, падрыўнікі, кулямётчыкі ў поўным баявым узбраенні з брыгад імя Шчорса, Чапаева, “Беларусь”, “Буравеснік”.
У калоне партызан таксама ішоў і казёл па мянушцы Малыш, які быў упрыгожаны стужкай з нямецкімі ордэнамі.
1950 год. Фінал чэмпіянату свету па футболе ў Бразіліі сабраў на стадыёне “Маракана” 199 854 гледача – рэкорд для спартыўных спаборніцтваў.
Тады зборная Уругвая нанесла паражэнне гаспадарам з лікам 2:1.
Увесь стадыён рыдаў, асабліва востра перажывалі гэтую сітуацыю бразільскія футбалісты і іх суайчыннікі. Бразілія фактычна пагрузілася ў жалобу. Штодня сталі паступаць паведамленні аб самагубствах. Неўзабаве журботны спіс ужо налічваў тры з лішнім сотні чалавек.
А ўрад Уругвая абвясціў 16 ліпеня нацыянальным святам.
1976 год. У ЗША памёр Ян Станкевіч (1891-1976).
Беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. Доктар славянскай гісторыі і філалогіі. Працаваў у газеце «Наша ніва», выдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газетай «Бацькаўшчына» і іншымі.
Пасол Сейму Польшчы. Член Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады. Удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, сузаснавальнік Вялікалітоўскага фонду імя Л. Сапегі.
1990 год. Вярхоўны Савет УССРпрыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.
Украіна абвясціла свой намер стаць пастаянна нейтральнай дзяржавай, якая не будзе прымаць удзел у ваенных блоках і абавязуецца выконваць тры няядзерныя прынцыпы: не прымяняць, не вырабляць і не набываць ядзернай зброі.
Дэкларацыя абвяшчала права Украіны непасрэдна рэалізаваць адносіны з іншымі дзяржавамі, заключаць з імі дагаворы, абменьвацца дыпламатычнымі, консульскімі, гандлёвымі прадстаўніцтвамі.
З 1991 года Дзень незалежнасці Украіны сталі святкаваць 24 жніўня у гонар таго, што 24 жніўня 1991 года Вярхоўны савет УССР прыняў Акт аб абвяшчэнні незалежнасці.
1990 год. Заснаваны Музей гісторыі Магілёва.
Быў створаны віртуальна – не было ні будынка, ні фондаў, ні штата. Рэальная праца музея на базе будынка былога архірэйскага палаца на чале з першым дырэктарам Ігарам Пушкіным пачалася ў 1992 годзе. Ігар Пушкін працаваў дырэктарам у 1992-2001 гадах.
Больш за ўсё дырэктарам прабыў 7-ы дырэктар Аляксей Бацюкоў (2011-2021), пры якім праводзіліся найбольш значныя мерапрыемствы, актыўна папаўняліся фонды.
У маі 1999 года гарадскімі ўладамі выдзелена для размяшчэння службовых памяшканняў і выставачнай залы музея 1-ы паверх будынка па вул. Ленінскай, 13, дзе музей прыняў першых наведвальнікаў.
Пасля адбудовы гарадской ратушы ў 2008 годзе, музей пераведзены ў яе. У 2006 створаны філіял музея – мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». Музей з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць», якая праводзіцца з 1998 г.
1990 год. Памёр Мікалай Арэхва (1902-1990).
Дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, беларускі гісторык. Заслужаны работнік культуры.
Удзельнік грамадзянскай і польска-савецкай войнаў. Працаваў на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі. Падчас Другой сусветнай вайны – ў Войску Польскім.
З 1945 года працаваў у апараце дзяржбяспекі Польскай Народнай Рэспублікі.
З 1956 года працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі рэвалюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху, Камуністычнай партыі і камсамола.
2002 год. Маланка ў Чэхіі.
Унікальнае, але ўсё роўна сумнае здарэнне адбылося ў Чэхіі. На поўдні гэтай краіны адным адзіным разрадам маланкі быў забіты цэлы статак з 22-х кароў.
У жніўні 2016 года ў Нарвегіі адным разрадам маланкі было забіта 323 алені.