Міністэрства ўнутраных спраў праводзіць апытанне, дзе адкрыць яшчэ адзін міліцэйскі ліцэй

Найбольшыя шанцы мае Магілёў. 

Зараз у Беларусі працуе адзін ліцэй МУС – у Мінску. Беларусаў просяць выказацца пра тое, у якім абласным цэнтры, акрамя сталіцы, варта адкрыць другую спецыялізаваную навучальную ўстанову. Паводле нашай інфармацыі Магілёў.media, магілёўскіх школьнікаў і бацькоў просяць прыняць удзел у галасаванні на сайце МУС і выбраць менавіта Магілёў.

Акрамя выбару месца адкрыцця ліцэю, на галасаванне вынесена таксама пытанне пра пол навучэнцаў. Прапануецца, каб гэта былі не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі. 

Размовы пра верагоднасць адкрыцця ў Магілёве ліцэю МУС вядуцца ўжо некалькі гадоў. Міністр унутраных спраў у пачатку навучальнага года заявіў, што прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні ліцэя ў адным з рэгіёнаў Беларусі, для чаго ідзе вывучэнне грамадскай думкі. 

У “Спецыялізаваны ліцэй МУС Беларусі” можна паступіць з 12 гадоў, пасля заканчэння шасці класаў сярэдняй школы. Тэрмін навучання ў ліцэі – 5 гадоў, пасля чаго навучэнцы на льготных умовах паступаюць у міліцэйскія ВНУ краіны.

Выглядае, што найбольш верагоднай пляцоўкай для размяшчэння новага ліцэю выступае Магілёў, бо тут знаходзіцца Інстытут МУС РБ – ёсць выкладчыцкія кадры. Можна знайсці і матэрыяльна-тэхнічную базу, напрыклад, выкарыстаўшы памяшканні адной з закрытых прафесійна-тэхнічных устаноў.  

З іншага боку, у Магілёве ўжо ёсць абласная кадэцкая вучэльня. У верасні 53 яе выхаванцы прайшлі курс маладога байца і прынялі прысягу на вернасць Радзіме і кадэцкаму братэрству. 

У Магілёве эксперыментуюць з міліцыяй. Патрульныя працуюць у тэставым рэжыме

Кіраўніцтва разлічвае аб’яднаць роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі ў асобны батальён.

Цяпер структура працуе ў тэставым рэжыме і ёй удзяляецца пільная ўвага абласнога і рэспубліканскага кіраўніцтва.

На ўзроўні міністэрства пастаўлена задача па далейшым павышэнні статусу патрульна-паставой службы, яе эфектыўнасці ў забеспячэнні грамадскага парадку з улікам сучасных патрабаванняў, піша «Веснік Магілёва».

«Адзінае кіраванне дазваляе пры неабходнасці манеўраваць сіламі і сродкамі, надаваць належную ўвагу прафесійнай падрыхтоўцы супрацоўнікаў, падабраць згуртаваны калектыў», – тлумачыць першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка.

Паводле яго наяўнасць афіцэрскіх пасад будзе стымуляваць асабовы склад і спрыяць прэстыжу патрульна-паставой службы.

Юрый Назаранка кажа, што ў краіне «толькі два падраздзяленні працуюць у эксперыментальным варыянце – у Магілёўскай і Віцебскай абласцях».

Па яго словах, падобны фармат ужо існаваў некалькі гадоў таму і «калі тэставы рэжым апраўдае сябе, то аналагічныя змены могуць быць рэалізаваныя па ўсёй краіне».

фота: minsk.gov.by

Траіх заблуканых у лесе грамадзян міліцыя не можа адшукаць. Бывае, што знаходзяць парэшткі зніклых людзей

У Беларусі за пяць апошніх гадоў 84 чалавекі міліцыя не змагла адшукаць. Супрацоўнікі кажуць, што бываюць выпадкі калі знаходзяць праз некалькі гадоў парэшткі людзей.

За апошнія два дні сёлетняга ліпеня ў органы ўнутраных справаў было пяць зваротаў аб зніклых у лесе людзях у Па двух усё яшчэ вядзецца актыўны пошук.

Паводле начальніка аддзелу арганізацыі вышуковай працы крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Дзмітрыя Крукава штогод паступае ад 150 да 400 заяў аб згубах людзей, піша інфармацыйнае агенцтва “Белта”.

«Як правіла, сезон пачынаецца ў ліпені, – апавядае міліцыянт. – У першым паўгоддзі 2022-га нам паступіла 14 заяў. На жаль, трох грамадзян мы так і не знайшлі. Калі браць ліпень гэтага года, то толькі за апошнія два дні было пяць такіх зваротаў у органы ўнутраных справаў. Па двух з іх усё яшчэ вядуцца актыўныя пошукавыя мерапрыемствы».

Па ягоных словах з 2017 года было разгледжана каля 2 тысячы такіх заяў аб знікненні людзей.

«На сённяшні дзень 84 чалавекі застаюцца зніклымі без вестак,  — адзначае ён. — Бывае, мы знаходзім парэшткі людзей праз некалькі гадоў, але ўвесь гэты час сваякі зніклых не ведаюць аб лёсе сваіх блізкіх».

фота з адкрытых крыніц

МУС заявіў пра выкрыццё 80 педафілаў

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў комплексны падыход у супрацьдзеянні педафіліі дазволіў выявіць 131 злачынства супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх і выкрыць 80 педафілаў.

Паведамленне ў тэлеграм-канале ведамства аб выніках такой працы праілюстраваныя гісторыяй сексуальнага гвалту ў Гродненскай вобласці.

Ахвярай педафіла, як адзначаецца, стала 10-гадовая дзяўчынка. На змену яе паводзінаў звярнулі ўвагу педагогі і паінфармавалі міліцыю. Падазраваны быў затрыманы і супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Падкрэсліваецца, што выяўленне гэтага факту стала магчымым, дзякуючы «комплексу мерапрыемстваў па супрацьдзеянні злачынствам, звязаным з сексуальным гвалтам у адносінах дзяцей”.

Раней міліцыя паведамляла, што за першыя чатыры месяцы ў Беларусі выяўлена 390 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці, альбо свабоды непаўналетніх. Падазраванымі прызнаныя 214 чалавек.

Ад іх дзеянняў пацярпелі 358 дзяцей. На аднаго педафіла практычна прыходзіцца па дзве ахвяры, указвалі міліцыянты.

фота носіць ілюстрацыйны характар