“Кіраўніка” ліпавага прадпрыемства асудзілі ў Горках

Махляр з Магілёва стварыў на паперы арганізацыю па вырабу мэблі і прадаваў людзям паветра.

Як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, у Горках вынеслі абвінавачванне ў дачыненні да 39-гадовага магілёўца. Яму інкрымінуюць махлярства ў буйным памеры. 

Было ўстаноўлена, што абвінавачаны з 3 студзеня 2019 года па 22 лютага 2022 года завалодаў грашыма 30 грамадзян у суме звыш 30 тысяч рублёў. Ён прадстаўляўся кіраўніком прадпрыемства, якое вырабляе мэблю, і абяцаў выканаць дамовы і вырабіць заказчыкам прадметы мэблі.

Але высветлілася, што  ў штаце “прадпрыемства” лічыўся толькі ён адзін. Больш за тое, арганізацыя не мела маёмасці, у ёй адсутнічалі вытворчыя памяшканні, інструменты і абсталяванне для вырабу мэблі. Акрамя таго, яна не вяла бухгалтарскі ўлік і не складала справаздачнасці.

“Кіраўнік” ліпавай арганізацыі з самага пачатку і не збіраўся выконваць свае абавязкі.

На цяперашні момант абвінавачаны кампенсаваў частку  нанесенай шкоды на 18 тысяч рублёў. Суд Горацкага раёна прызначыў яму 3  гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 150 базавых (5,5 тысячы рублёў).

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве затрымалі 16-гадовага кур’ера тэлефонных махляроў

Пажылой жыхарцы абласнога цэнтра патэлефанавалі невядомыя і расказалі, што яе дачка нібыта стала вінаватай у ДТЗ з пацярпелымі – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы магілёўскага УУС. Для яе вызвалення ад крымінальнай адказнасці нібыта патрабавалася буйная сума. Нягледзячы на тое, што 64-гадовая жанчына ведала аб такім спосабе махлярства, у стрэсе яна аддала зламыснікам 8 тысяч еўра.

Супрацоўнікі Ленінскага РУУС Магілёва затрымалі кур’ера – 16-гадовага мясцовага жыхара. Ён растлумачыў, што знайшоў аб’яву аб падпрацоўцы ў інтэрнэце. Забраўшы грошы па ўказаным наймальнікам адрасе, адвёз іх на таксі ў Мінск і перадаў пасярэдніку, атрымаўшы свой працэнт. “Заробленае” патраціў на пакупку смартфона.

Фота ілюстрацыйнае.

Жанчына распрадала сядзібу сваякоў пад Бабруйскам – і дом па частках, і тэхніку, і нават плот

Гаспадары дома рэдка прыяжджалі на радзіму з Расіі, а махлярка высылала ім старыя фотаздымкі каб пераканаць, што ўсё ў парадку.

45-гадовая жыхарка Бабруйскага раёна знайшла ключы ад дачнага доміка сваіх родных у сядзібе маці, калі тая памерла ў 2020 годзе. Раней асуджаная за махлярства і прысваенне чужой уласнасці, жанчына стала пастаянна наведвацца на прысядзібны ўчастак сваякоў – паведамілі прадстаўнікі Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці агенцтву БелТА.

Падчас візітаў жанчына паступова распрадавала маёмасць сваіх родных, выкладаючы паведамленні пра продаж на папулярнай інтэрнэт-пляцоўцы. 

– Інструменты, газонакасілку, трымер, бетонамяшалку і мэблю яна рэалізавала праз віртуальную гандлёвую пляцоўку, затым пайшлі ў ход будаўнічыя матэрыялы, з якіх быў пабудаваны прысядзібны домік, і заборная агароджа – расказала агенцтву БелТА афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Таццяна Старасотнікава.

З уласнікамі сядзібы звязаліся прадстаўнікі сельскага савета, калі на ўчастку ўтварылася пустка, якая праз дэмантаж агароджы і збудавання стала небяспечнай для жыхароў населенага пункта. Супрацоўнікі сельсавета прадманстравалі рэальны стан дачнага ўчастка на фотаздымках гаспадарам, якія даўно не прыяжджалі ў Беларусь з Расіі.

45-гадовая жанчына, што падазраецца ў махлярстве, спрабавала пераканаць сваякоў, што з іх уласнасцю нічога не здарылася. Дзеля гэтага яна высылала ім старыя фотаздымкі сядзібы, якія зрабіла да продажу маёмасці. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “Крадзёж.

фота з адкрытых крыніц

Бабруйчанка ўзяла крэдыт на пашпарт сужыцеля сваёй маці

Як высветлілі праваахоўнікі, неназваны 65-гадовы жыхар Бабруйска раней жыў з мясцовай жыхаркай. Яе 21-гадовая дачка здолела падманам завалодать пашпартнымі звесткамі мужчыны. Праз сістэму анлайн-крэдытавання маладая жанчына аформіла пазыку на імя сужыцеля сваёй маці. Сума крэдыту склала 1956 рублёў – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Цяпер супраць дзяўчыны ўзбуджана крымінальная справа.

 

Бабруйскую махлярку асудзілі ў Кіраўску на 7 гадоў за непрыбраныя магілы

Жанчына атрымала тэрмін зняволення ў 7 гадоў калоніі за злачынствы на могілках і нявыкананыя паслугі. 

Суд Кіраўскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да жыхаркі горада Бабруйска, якую абвінавацілі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры – злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 209 КК і прызнаў яе вінаватай. 

Прэс-служба Вярхоўнага суда паведаміла, што абвінавачаная К., ажыццяўляючы індывідуальную прадпрымальніцкую дзейнасць у перыяд з 2018 па 2021 гады заключала з грамадзянамі дамовы бытавога заказу, куплі-продажы, аб выкананні работ і аказанні паслуг. Яна ж вусна дамаўлялася з грамадзянамі аб выкананні работ па вырабе рытуальнай прадукцыі, па добраўпарадкаванні месцаў пахаванняў, пераконвала перадаваць ёй у якасці папярэдняй аплаты грашовыя сродкі. Вось толькі выконваць прынятыя на сябе абавязацельствы яна не спяшалася. 

У выніку злачынных дзеянняў абвінавачаная супрацьпраўна завалодала грашовымі сродкамі грамадзян, прычыніла ім маёмасную шкоду ў асабліва буйным памеры, які цяжка сабе ўявіць – на агульную суму 69 170 рублёў 80 капеек, што склала 2 385,2 базавых велічынь.

Прысуд:

абвінавачаная К. прызнана вінаватай у завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), у асабліва буйным памеры, і на падставе ч.4 арт.209 КК ёй прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 300 базавых велічыняў.

Таксама пастаноўлена спагнаць з абвінавачанай К. на карысць пацярпелых матэрыяльную шкоду, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды.

Грамадзяніна Расіі арыштавалі за махлярства. Ён падманам завалодаў грашыма 87-гадовай жыхаркі Магілёўскага раёну

Ён патэлефанаваў кабеце, назваўшыся следчым, паведаміў, што яе дачка ўчыніла дарожна-транспартнае здарэнне і каб яе выбавіць ад адказнасці патрабуецца 20 тысяч долараў. У жанчыны было толькі васямнаццаць, якія яна аддала махляру.

Каб пераканаць кабету ў праўдзівасці гісторыі з ДТЗ ёй далі пагутарыць па тэлефоне, нібыта, з дачкой і тая заплаканая папрасіла дапамогі.

Затрыманы расіянін меў саўдзельнікаў, якія падтрымлівалі з пацярпелай сувязь пакуль іх завадатар ездзіў да яе па грошы. Яны не давалі магчымасці пажылой жанчыне звязацца з дачкой, піша l газета «СБ. Беларусь сегодня».

Крымінальнай справа займаецца Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэту. Пракурор санкцыянаваў арышт абвінавачанага з улікам абставін злачынства, яго цяжкасці і дадзеных аб асобе расіяніна.