Разарвалі гасцей, забіўшы 18 галоў – прайшлі матчы футбольнай лігі Магілёўскага дывізіёна “Захад”

У Бабруйску гаспадары прынізілі быхаўскіх футбалістаў, а глуская “Пціч” дома прайграла круглянскай “Зары”.

Футбольны клуб «Тарпеда» Бабруйск вельмі паспяхова адкрыў дамашнюю праграму для сваіх балельшчыкаў у першым туры чэмпіянату Беларусі ў другой лізе. Паўтысячы заўзятараў на бабруйскім стадыёне імя Аляксандра Пракапенкі на працягу матча ўбачылі ажно 19 мячоў. Прычым 18 галоў было забіта ў браму быхаўскай каманды, якая нічога не змагла супрацьпаставіць зматываваным гульцам бабруйскага клуба.

Ужо у першым тайме бабруйчане забілі сем мячоў быхаўскім футбалістам. У другім тайме сітуацыя для апошніх лепш не стала, бо пасля перапынку тарпедаўцы накалацілі 11 мячоў быхаўскай камандзе, якая змагла адказаць грозным супернікам толькі адным галом. 

Менш відовішчным атрымаўся матч у Глуску паміж мясцовым клубам “Пціч” і гасцямі – круглянскім клубам “Зара”. Абедзьве каманды паказвалі адносна роўны футбол, а прысутныя гледачы маглі назіраць упартую барацьбу.

Хоць глускія футбалісты стараліся парадаваць сваіх заўзятараў хаця б адным забітым мячом, але рэалізаваць небяспечныя моманты каля брамы суперніка змаглі толькі гульцы “Зары”. Прычым зрабілі гэта двойчы, а вось футбалісты “Пцічы” так і не забілі сваім візаві. Свісток суддзі засведчыў сканчэнне матча на карысць гасцей 0-2.

Фота: bobr.by і glusk.by

У двух раёнах Магілёўшчыны згарэла амаль дзве тысячы кубоў лесу за два дні

У двух суседніх раёнах згарэла 1,8 тысяч кубаметраў лесу, амаль 3,8 тысяч кубаметраў ўратавалі.   

У полі побач з вёскай Анюціна ў Чэрыкаўскім раёне агонь паспеў знішчыць 1600 кубаметраў круглага лесу. Яшчэ 3,4 тысячы кубаметраў ратавальнікі і супрацоўнікі лясгаса здолелі выратаваць паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Значна меншыя масштабы пажару былі ў Крычаўскім раёне, дзе агонь знішчыў 200 кубаметраў круглага лесу каля вёскі Бель-1. Інцыдэнт з узгараннем штабеля лесу адбыўся на адкрытай пляцоўцы аэрадрома сельскагаспадарчага прадпрыемства «Бель», які на сённяшні дзень не эксплуатуецца. На шчасце, ратавальнікі і леснікі змаглі ўратаваць яшчэ 380 кубаметраў лесу – пішуць пра здарэнне “Магілеўскія ведамасці”. 

Пацярпелых у выніку здарэнняў няма. Прычыны абодвух пажараў высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае 

Накалацілі гаспадарам 15 галоў – як стартаваў футбольны турнір 2-й лігі Магілёўскага дывізіёна.

Чэмпіянат Беларусі па футболе сярод каманд 2-й лігі Магілёўскага дывізіёна “Усход” распачаўся з матчаў у Мсціславе і Касцюковічах.

Футбольны клуб “Віхра”, якога доўга не было ў чэмпіянаце Магілёўскай вобласці, вярнуўся на авансцэну рэгіянальнага футбола. У першым туры мсціслаўская каманда гуляла з “Горкамі” на стадыёне сярэдняй школы №2.

Нягледзячы на тое, што мсціслаўцы прыйшлі пазаўзець за сваю каманду, вяртанне атрымалася надзвычай правальным. Ужо ў першым тайме “Горкі” забілі “Віхры” ажно дзесяць галоў. У выніку госці проста вынеслі гаспадароў, забіўшы за ўвесь матч ажно пятнаццаць мячоў. Адказаць хоць бы адным голам футбалісты “Віхры” так і не змаглі.

Іншай па сцэнарыю атрымалася гульня ў Касцюковічах, дзе мясцовы клуб на гарадскім стадыёне сустракаўся з краснапольскімі футбалістамі. У першым тайме матча футбалісты “Краснаполля” змаглі двойчы забіць гаспадарам, а вось другая палова атрымалася больш напружаная.

У ёй абедзьве каманды не забівалі галы, бо было шмат вязкай барацьбы. Па выніках гульні перамаглі краснапольскія футбалісты з лікам 0-2, хоць мачт для іх не стаўся лёгкім шпацырам.

Фота “Голас Касцюкоўшчыны”

Смерці на вадаёмах — тапельцы на рэках і загадкавая гібель у Магілёве

Паводле інфармацыі абласнога асвода, за апошні час у Магілёўскай вобласці зафіксаваны чатыры выпадкі гібелі людзей на вадаёмах.

У Бабруйску на Бярэзіне быў знойдзены малады мужчына 1994 года нараджэння, які сышоў з дому яшчэ ў студзені гэтага года. У Магілёве на Дняпры было знойдзена цела мужчыны 1942 года нараджэння, а ў Глускім раёне ў сажалцы ўтапіўся мужчына 1963 года. 

Аднак самы загадкавы інцыдэнт адбыўся ў Магілёве, дзе першага траўня ў закапанай у зямлю двухсотлітровай бочцы была знойдзена жанчына 1959 года нараджэння. паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.  

Адзначым, што ўсе тапельцы былі знойдзены ў адзенні. На дадзены момант абставіны гібелі людзей высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

Рамонты дарог другі год запар былі правалены па ўсёй Магілёўшчыне

Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявіў недапрацоўкі мясцовых уладаў у рамонце дарог.

Як паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА,  у рэгіёне не было выканана заданне па рамонце мясцовых дарог за 2022 год. Камітэтам дзяржкантролю было ўстаноўлена, што летась не выкананы паказчыкі адпаведнай рэгіянальнай праграмы па рамонце мясцовых дарог у Бялыніцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Глускім, Горацкім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Касцюковіцкім, Краснапольскім, Крычаўскім, Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Чавускім, Чэрыкаўскім і Шклоўскім раёнах.

Адзначым, што паказчыкі не выконваюцца ўжо не першы год. Так, у 2021 годзе была таксама правалена работа па рамонце дарог на Магілёўшчыне. 

Фота ілюстрацыйнае

Падчас меліярацыі на Магілёўшчыне віртуальна саджалі траву

Прыпіскі падчас меліярацыі на Магілёўшчыне склалі больш за 400 тысяч рублёў – Дзяржкантроль.

Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці правёў аналіз выкарыстання сродкаў бюджэту, выдзеленых на правядзенне культуртэхнічнай меліярацыі – вынікі сумныя.

Як устанавілі кантралёры, асобнымі меліярацыйнымі арганізацыямі работы на агульную суму 410 тыс. рублёў былі выкананы альбо толькі “на паперы” або няякасна – піша краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг”.

Да прыкладу, падраднай арганізацыяй “ПМК-90 Водстрой” аб’ёмы выкананых работ толькі па двух аб’ектах у Касцюковіцкім і Краснапольскім раёнах былі прыпісаны на суму больш як 77 тысыч рублёў. Некаторыя ПМК пры адмоўных тэмпературах і высокім снежным покрыве віртуальна рабілі падсеў травы на адхонах меліярацыйных каналаў.

Па выніках праведзеных Камітэтам кантрольных мерапрыемстваў у бюджэт вернута больш за 210 тысыч рублёў (спагнанне яшчэ каля 200 тысяч рублёў знаходзіцца на кантролі), да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 22 кіраўнікі і спецыялісты меліярацыйных арганізацый. У дачыненні да аднаго з кіраўнікоў меліярацыйнай арганізацый узбуджана крымінальная справа, а таксама даецца прававая ацэнка іншым фактам прыпісак і віртуальных работ. 

Фота ілюстрацыйнае

Камунальнікі святкуюць, а “сярдзітыя” жыхары прапануюць відэафіксаваць і бязлітасна штрафаваць

Работнікі побытавага абслугоўвання і камунальнікі ў нядзелю ўзнагародзілі самі сябе з нагоды прафесійнага свята і не асабліва звярталі ўвагу на праблемы, якія хвалююць жыхароў Магілёўскай вобласці.

У апошнюю нядзелю сакавіка ва ўсіх раёнах вобласці работнікі побытавага абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі адзначылі сваё прафесійнае свята. Аналіз раённых газет і сайтаў паказаў, што паўсюль трафарэтна вызначалі пераможцаў і скарысталіся святам для прэміравання і ўзнагароджвання сваіх калектываў. Падарункам для гледачоў паўсюль былі не толькі граматы, але і музычныя нумары, у тым ліку ў выкананні дзяцей і ўнукаў супрацоўнікаў жылкамунгасаў.

У ранейшы часы свята было яшчэ і нагодай паказаць дасягненні і перспектывы паляпшэння добраўпарадкавання гарадоў і вёсак, для чаго фіксаваліся балявыя кропкі. Магчыма, што ў дакладах і цяпер штосьці крытычнае да рэальнага стану рэчаў і было сказана, былі паабяцаны тутэйшаму люду крокі да паляпшэння сітуацыі, але ў газетных публікацыях пра гэта ні слова. У іх толькі аптымістычныя фотаздымкі. 

А вось раззлаваныя з-за розных праблем жыхары вобласці ўжо прапануюць навесці татальны кантроль у надзеі навесці парадак. Як піша газета Радзіма, “сярдзіты чытач” у Глуску сам прыбраў вуліцу каля свайго дому і прапанаваў фідэафіксаваць парушэнні і бязлітасна штрафаваць суседзяў за выкінутыя на вуліцы паперкі. Ён лічыць, што “толькі страх пакарання… можа, калі не пазбавіць ад смецця, то, прынамсі, паменшыць яго колькасць на нашых вуліцах “.

Многія жыхары вобласці ўсё больш настойліва патрабуюць ад камунальнікаў не спачываць на лаўрах, а наладжваць сувязі з грамадскасцю і вырашаць тыя праблемы, якія хвалююць людзей. 

Фота: “Ударны фронт”. 

Бабруйскі трудавік сенсацыйна прызнаны лепшым настаўнікам у вобласці

Магілёўскі этап “Настаўніка года” завяршыўся перамогай настаўніка тэхнічнай працы з гімназіі № 1 Бабруйска Аляксея Шунько. Яго перамога і нечаканая і заканамерная.

На сцэне Магілёўскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва імя А.П. Старавойтава, прайшоў суперфінал абласнога этапу рэспубліканскага конкурса прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусі”. Педагогі, якія перамаглі ў асобных намінацыях, выступалі перад журы і гледачамі з фінальным публічнымі выступам: “Выхаваць чалавека…” 

Па выніках суперфіналу настаўнікам года Магілеўскай вобласці прызнаны Аляксей Генадзіевіч Шунько. З 40 канкурсантаў восем паедзе на фінал рэспубліканскага этапу. 

Увогуле настаўніцкая школа горад Бабруйска часцяком апераджае школьных работнікаў Магілёва ў прафесійных конкурсах і розных паказчыках педагагічнай працы. Але пераможны выступ настаўніка тэхнічнай працы, прадмета, які ў школах многія лічаць дадатковым і не асноўным, стала своеасаблівай сенсацыяй. Нечаканасцю гэта стала таксама і з прычыны таго, што раней педагог ніколі не ўдзельнічаў у конкурсах педмайстэрства.

Сам Аляксей падзяліўся сваімі ўражаннямі ад конкурсу рэсурсу bobruisk.ru:

– Я працаваў у крыху іншым кірунку: шмат гадоў рыхтаваў дзяцей да ўдзелу ў рэспубліканскіх Алімпіядах, на працягу многіх гадоў быў трэнерам рэгіянальнай каманды. А гэты кірунак зусім іншы, і, вядома, для мяне ўсё было тут новым… Увесь конкурсны тыдзень быў вельмі складаным і напружаным, але ў канцы я перажыў сапраўдную буру эмоцый. Да апошняга моманту не было ўпэўненасці ў перамозе, таму што ўсе ўдзельнікі былі вельмі моцнымі, а канкурэнцыя была сур’ёзнай. Нават пасля апошняга выпрабавання было незразумела, хто будзе ўзнагароджаны тытулам пераможцы. Таму перамога была для мяне прыемным сюрпрызам!

Аляксея Шунько і яшчэ сямі магілёўскіх настаўнікаў чакае заключны этап нацыянальных спаборніцтваў, які адбудзецца ў верасні, і дзе сустрэнуцца пераможцы рэгіянальных этапаў з усёй Беларусі.

Фота: bobruisk.ru 

Лепшай аптэкай вобласці ў 2022 годзе прызнана медустанова Кіраўска

У абласным спаборніцтве “Лепшая аптэка года” каманда кіраўскай цэнтральнай раённай аптэкі заняла першае месца. 

Калектыў перамог у намінацыі “Лепшая цэнтральная аптэка раёна (сярод цэнтральных раённых аптэк з насельніцтвам раёна звыш 15 тысяч чалавек)”, паведамляе газета “Кіравец”.

Загадчыца аптэкі Зоя Цмыг патлумачыла, што штогод пры падвядзенні вынікаў працы ўлічваецца мноства паказчыкаў і крытэрыяў фінансавай, эканамічнай, вытворчай і фармацэўтычнай дзейнасці. Напрыклад, улічваецца прыбытак ад продажу прадукцыі, тавараў, паслугі, рэнтабельнасць продажаў, асартымент прадукцыі, удзел каманды ў грамадскім жыцці і г.д. 

“Наша маленькая, але добразычлівая каманда кіраўскіх фармацэўтаў у колькасці 11 чалавек, тры з якіх у цяперашні час знаходзяцца ў адпачынку па догляду за дзецьмі да трох гадоў, імкнецца працаваць якасна і эфектыўна на працягу многіх гадоў. Калі вынік такой працы высока ацэнены кіраўніцтвам, з’яўляецца стымул працаваць яшчэ лепш ” – кажа Зоя Валянцінаўна.

Касцяк супрацоўнікаў аптэкі складаецца з вопытных фармацэўтаў, за плячамі якіх – дзясяткі гадоў працы. Для большасці з іх аптэка Кірава стала першым і сталым працоўным месцам. Сама пані Зоя ўпершыню перайшла парог гэтай аптэкі 44 гады таму. 

А гісторыя аптэчнай справы Кіраўскага раёна, з яе словаў, пачалася ў 1936 годзе, калі аднапавярховы драўляны будынак быў набыты ў прыватнай асобы для Цэнтральнай аптэкі на вуліцы Кірава, на месцы цяперашняй пракуратуры. Каманда была вялікай, каля 40 чалавек, 6 філіялаў працавалі ў сельскай мясцовасці. Будаўніцтва новага аптэчнага будынка праводзілася на працягу пяці гадоў, перш чым у 1985 годзе аптэка пераехала ў цяперашні будынак. 

Жыхары раёна добра знаёмыя з уважлівымі да кожнага наведвальніка фармацэўтамі-рэцэптарамі лепшай аптэкі вобласці і давяраюць іх парадам.

Фота газеты “Кіравец”

У Магілёве адбылася ракіроўка чыноўнікаў: крэсла жанчыны заняў тройчы мужчына

Ракіроўка прайшла ў Магілёўскіх чынавенскіх адміністрацыях: намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка сышла ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна, а на яе месца прыйшоў Алег Стэльмашонак з вобласці. Наш жартаўлівы агляд. 

Новы мэр Магілёва Аляксандр Студнеў паступова фарміруе сваю каманду. Вось і прышлося Але Галушка пайсці на паніжэнне ў раённую адміністрацыю. А на яе месца даслалі чыноўніка з абласной культуры Алега Стэльмашонка.  

Ала Галушка адпрацавала “на галерах” намесніцы мэра 7 гадоў. А нарадзілася яна ў 1973 годзе ў Горках. У 1995 годзе скончыла МДУ імя Куляшова, у 2005 годзе – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце РБ. Папрацавала Галушка на розных кіруючых пасадах у ідэалогіі, культуры горада і вобласці, курыравала сацыяльную сферу. Цяпер будзе рабіць тое ж самае ў Кастрычніцкім раёне.

Запомнілася пані Галушка сваім спецыфічным падыходам да рашэння вытворчых пытанняў, які часта называюць “жаночым”. Яе каляжанкі адзначалі яе добразычлівасць і адначасова часам невытлумачальную неабавязковасць, забыўлівасць, зацягванне рашэння самых простых рабочых пытанняў. Яле з іншага боку, яе жаночае абаянне дапамагала ёй разруліваць многія складаныя пытанні, не даводзіць іх да канфліктаў. 

Сказалася на яе характары відаць радавое прозвішча. Галушкі ў народнай кулінарыі гэта мяккія смачныя кавалачкі цеста, якія звараны ў кіпні. Таму Ала такая жаноцкая і адначасова гатовая да самых вірлівых выпрабаванняў, яна ж “у кіпені нарадзілася”. 

Лінію ўлады Ала Галушка заўжды праводзіла аддана, але ў 2020 годзе напачатку наважвалася нават заступацца за сваіх падначаленых, спрабавала змякчыць будучыя рэпрэсіі ў адносінах да некаторых з іх. З-за гэтага работнікі міліцыі ў тыя часы нават казалі, што сярод магілёўскіх чыноўнікаў аказаўся толькі адзін мужык, ды і той “баба Галушка”. 

Алег Стэльмашонак – супрацьлегласць сваёй папярэдніцы. Хаця іх біяграфіі і вельмі падобныя. Алег нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна. У 1998 годзе ён таксама скончыў МДУ імя Куляшава (факультэт педагогікі), а ў 2013 годзе – Акадэмію кіравання. 

Пачынаў ён сваю працу настаўнікам фізкультуры ў пачатковых класах СШ №32 і запомніўся калегам з самага лепшага боку: малады перспектыўны добразычлівы педагог. Надалей ён займаў самыя розныя кіруючыя пасады: ад дырэктара школы-інтэрната для дзяцей са скаліёзам да намесніка кіраўніка абласнога аддзела адукацыі. Амаль паўсюль былыя калегі пра яго казалі пераважна станоўча. 

Перад прызначэннем у гарвыканкам ён працаваў кіраўніком аддзела культуры абласнога выканаўчага камітэта. Вось там за Стэльмашонкам пачалі заўважацца першыя прыкметы зорнай хваробы. Чыноўнік узмужнеў, ён стаў больш патрабавальным і рэзкім. 

Магчыма, з гадамі пачало сказвацца ягонае радавое прозвішча. А яно састаўное. Першае частка “стэль” паходзіць ад слова “стэла”, якое сімвалізуе мужчынскую моц, мужнасць. Менавіта таму на магілках воінаў ставяць стэлы, якія  нагадваюць фаласы. Другая частка прозвішча ”машонка” кажа за сябе сама. Яна сімвалізуе мужчынскую плоднасць. Ну і па трэцяе, ён і фізіялагічна мужчына. Цяпер магілёўцы маюць намесніка мэра, які тройчы мужчына. 

Перастаноўкі ў магілёўскіх чыноўнічых кабінетах ідуць перманентна і збольшага носяць тэхнічны характар. Змены імён на шыльдах кабінетаў мала што мяняюць у працы сістэмы ўлады. І тым не менш, магілёўцы кожным разам спадзяюцца, што хаця б гэты штосьці зменіць да лепшага. Паглядзім, ці зможа “тройчы мужык” узняць ідэалогію, культуру, адукацыю і сацыяльную сферу горада.

Фота з сайтаў адміністрацый Магілёва.