П’яная 41-гадовая магілявянка да трох гадзін ночы сядзела ў адным з гарадскіх бараў, а калі вырашыла ехаць дахаты, то ўзяла куртку незнаёмага мужчыны. У куртцы знаходзіліся ключы, мабільны тэлефон. Жанчына выклікала таксі, а даехаўшы да свайго дому, проста выкінула верхнюю вопратку ў пад’ездзе.
Выпадковы мінак падабраў выкінутую рэч і па мабільным тэлефоне, што ляжаў у кішэні, паведаміў пра знаходку. Міліцыяй узбуджаная крымінальная справа за крадзёж – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
Сёння праходзяць рамонтныя работы на чыгуначным перагоне Магілёў-2 – Буйнічы, у сувязі з чым праезд па вуліцы Вішнявецкага, які вядзе да Цішоўкі і пасёлка Ямніцкі, будзе закрыты. Работы працягнуцца да 18.00. Аўтобусы №№ 29 і 44 будуць курсіраваць толькі да прыпынку “Рамонтны завод” з боку вуліцы Чалюскінцаў – паведамляемагілёўскі аўтапарк №1. У пасёлку Ямніцкі арганізуецца курсіраванне аднаго аўтобуса ад канечнага прыпынку і да транспартнай развязкі.
На базе Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці праходзіць прэзентацыя Кіраўскага раёна.
На Тэатральнай плошчы ў канцэртнай зале “Магілёў” дзеячы культуры Кіраўскага раёна прадстаўляюць праграму-прэзентацыю творчых дасягненняў і асаблівасцяў свайго рэгіёна. Не выязджаючы з Магілёва можна паглядзець цэлы раён са знакамітым аграпрадпрыемствам імя Кірылы Арлоўскага і самым вялікім панскім палацам Беларусі.
Усё ладзіцца ў рамках праекта “Беларусь родная, музычная, народная”, які на працягу бягучага года знаёміць з поспехамі, дасягненнямі, гістарычнай спадчынай рэгіёнаў Магілёўшчыны.
Канцэртная праграма, у якой прымуць удзел калектывы мастацкай самадзейнасці раёна, пачнецца ў 17.30. Кошт квітка – 5 рублёў. Як паказвае вопыт падобных канцэртаў іншых раёнаў, на мерапрыемстве амаль заўжды бывае цікава.
Прэм’ера спектакля “Бешенные деньги” адбылася ў Магілёўскім драматычным тэатры і мела станоўчую прэсу. Апладысменты артысты сапраўды заслужылі, але штосьці пайшло не так, як было заяўлена.
Заўзятары чакалі прэм’еры з нецярплівасцю і насцярогай. Пасля 2020 года з трупы тэатру былі звольнены або сышлі самі многія артысты. З гэтай прычыны частка былых тэатралаў дагэтуль байкатуе спектаклі тэатра. Ці ўдасца новаму пакаленню артыстаў і рэжысёраў трымаць даволі высокую планку былога складу калектыву – пытанне, на якое прэм’ера не дала пэўнага адказу.
П’еса Аляксандра Астроўскага (1870 года) пастаўлена галоўным рэжысёрам тэатра Каміліяй Хусаінавай праз 150 гадоў пасля напісання. Спектакль паказаў, што п’еса не страціла сваёй актуальнасці і сёння. Пра тое, што ў сучасным яе прачытанні, яна набыла да болю вядомае гучанне, у якім на раз счытваюцца прыкметы нашага часу, ужо паведамлялі Магілёў.media. Сапраўды, атрымаўся займальны мікс 19 і 21 стагоддзяў.
Спектакль найперш пра прагнасць, карысць, бяздзейнае баўленне часу, пра здрады і неабавязковасць у адносінах. Менавіта гэтым жыве большасць персанажаў п’есы. Ці можна супрацьстаяць іх свету, ці можна застацца чалавекам і не ператварыцца ў іх падабенства? – пытанні актуальныя як тады, так і сёння. Нездарма цудоўны спектакль “Беда от нежного сердца” на падобную тэматыку быў пастаўлены некалькі гадоў таму і дагэтуль у рэпертуары.
Са станоўчага найперш адзначым, што ў спектаклі маецца шмат цікавых мікразнаходак, алегорый якія спалучаюць такія далёкія эпохі. Экстравагантным і цікавым выглядае рашэнне прасторы мастаком-пастаноўшчыкам Міхаілам Лашыцкім. Добра ўпісаны ў дзеянне кардэбалет. Што ні кажы, але прысутнасць танцавальнай і адначасова ігравой групы зрабіла спектакль дынамічным і больш яркім. Маладыя артысты з задавальненнем дэманстравалі свае злёгку прыкрытыя адзеннем хударлявыя фігуры. Менавіта танцавальныя мініяцюры дазволілі спектаклю 2,5 гадзіны з 2 антрактамі трымаць гледачоў у зале. І ўсё было б выдатна, ды недзе ў другім акце выхад танцораў ужо не здзіўляў, а ў трэцім – папросту прыеўся.
П’еса заяўлена ў стылі prank comedy (16+) (жартоўная камедыя). Нібыта ўсё верна, але чамусьці смеху ў залі было няшмат. Па шчырасці, смяяліся гледачы зрэдку. Малая колькасць смеху прымушала думаць, што іграецца не камедыя, а драма з некаторымі гумарыстычнымі рэплікамі і сітуацыямі. Магчыма, не дайгралі артысты?
Ігра артыстаў, па шчырасці, не ўразіла. Не расчаравала, але і не ўразіла. З аднаго боку, усе старанна гралі, ролі вывучылі, самі артысты або каларытныя, або сімпатычныя. Асобныя затрымкі з прамаўленнем дыялогавых фраз можна спісаць на хваляванне і дараваць фактам першых прагонаў спектаклю. Але з іншага боку, і гэта галоўнае, асалоды ад артыстызму, захаплення ад майстэрства пераўвасаблення чамусьці не ўзнікала.
Да ўсяго падалося, што тыпажы, якія стварылі артысты, нейкія “плоскія” – вельмі аднастайныя. А ў жыцці аднамернасці небагата, характары людзей супярэчлівыя. Нават у злых геніяў ці злачынцаў ёсць і станоўчыя рысы.
Так, галоўная гераіня Лідачка Чабаксаравапа свайму характару цынічная беспрынцыповая маладая жанчына, якая хоча жыць за кошт свайго мужа. Але размаўляць, як яна, магла б саракагадовая кабета з трыма няўдалымі шлюбамі і безліччу карацейшых сувязяў, якая ўжо шмат грашыла і гатовая на ўсё дзеля грошаў. Як уяўляецца, маладая, хай сабе і спешчаная, дзяўчына, якая шукае грошай, а не кахання, усё ж павінна паводзіць сябе крыху інакш. Яна хутчэй бяздумна паўтарала б цынічныя фразы дарослага акружэння, але была б пры гэтым яшчэ і ахвярай выхавання ў багемным асяроддзі. Ёй, распешчанай “залатым пылам”, даводзіцца ж таксама несалодка з мужам-”эканомкай”. Бадай што, вобраз Лідачкі празмерна прагматычны і нацэлены на багатага мужа. Яе граюць па чарзе артысткі Марыя Рудакова і Ангеліна Цімаховіч.
Адзін з самых сімпатычных і смешных вобразаў – легкадумны і спяваючы песенькі маскоўскі барын, якога добра сыграў Аляксей Цыбін. Ён лёгка ідзе па жыцці не маючы грошай і не задумваючыся пра абавязкі перад іншымі людзьмі. Артыст скапіраваў многімі любімага спевака Ільва Лешчанку. Манеры, вонкавы выгляд, убранне, спевы – ўсё ад яго. Гледачы цёпла ўспрымалі яго выхады, але вобраз барына ізноў абсалютна “плоскі”.
Маці Чабаксаравайсыграла артыстка Наталля Калакустава. Вось яна іграла натуральна, верылася, што ведае каго грае, што адчувае жанчына ў становішчы безграшовай арыстакраткі. Але артыстка за прыклад узяла Рэнату Ліцвінаву, скапіравала яе манеры і не замарочвалася далей развіццём вобраза.
Не блага сыграны хлопцы з акружэння Чабаксаравай. Маладыя прахвосты былі натуральнымі, гэткія сучасныя бэйбусы ва ўмовах 19 стагоддзя. Як не дзіўна, але ў іх характарах было больш разнастайнасці, натуральнасці, чым у іншых герояў. Артысты мабыць падобных тыпаў ужо пабачылі ў жыцці. Рэспект Аляксандру Куляшову, а Алене Крыванос за пераўвасабленне ў мужчыну – двайны рэспект. Яе ў вобразе маладога хлопца выдаваў толькі жаночы голас. Да і то, колькі цяпер развялося хлапцоў з жаночымі манерамі. Таму пазналі пані Алену найхутчэй толькі сапраўдныя тэатралы.
І нарэшце галоўны герой – дзелавы лох-правінцыял Васількоў (Дзмітрый Дудкевіч), які ведае цану кожнаму рублю і ў якога падлічана кожная капейчына. Ён закахаўся ў маладую сталічную прыгажуню на выданне. Яго характар наадварот дваісты. То ён дурнавата-тупаваты закаханы мужчына, які паўтарае маральныя сентэнцыі, то ў канцы хваткі сучасны круты бізнесмен, які аказваецца не толькі багаты, але і ўсю інтрыгу з жаніцьбай прадумаў загадзя. Тут нібыта сабраны два вобразы ў адным персанажы, а які герой насамрэч, так і засталося за кадрам.
Апладысменты – простая падзяка за працу і ветлівасць, ці прызнанне і захапленне?
Водгукі на спектакль у антрактах чуліся пераважна станоўчыя:
Тэатрал Уладзімір: “Не дрэнны атрымаўся спектакль. Востры, актуальны, сучасны… Я бы параіў яго паглядзець.”
Таццяна: “Неблага сыгралі. Толькі мне гэтыя танцоры – сапраўдныя чарцяняты, якія спакушаюць герояў пьесы, напрыканцы ўжо надакучылі.”
У супрацьвагу хвалебным рэцэнзіям падаецца, намі напісана зашмат крытыкі. Але што маем у сухім астатку? Тэма ўзнята вечная, актуальная і сёння. Спектакль дынамічны. Ігралі артысты добра. Фурору, па праўдзе (хацелася б перабольшыць, але ісціна даражэй), не атрымалася, але свае апладысменты рэжысёр і артысты шчыра зарабілі. Зразумець, дзе апладысменты былі простай ветлівасцю і падзякай за працу, а дзе прызнаннем і захапленнем, нялёгка. Толькі наступныя паказы пакажуць, чаго ж было болей.
Таму віншуем са святам прэм’еры калектыў драмтэатру. Ёсць пра што пагаварыць і што абмеркаваць гледачам пасля спектаклю. Паболей бы падобных прэм’ер.
І застаемся пры сваёй ужо выказанай у ранейшых публікацыях думцы: у тэатр трэба хадзіць.
Турнір па бодзібілдынгу і фітнэсу “Кубак жалезнага льва” адбыўся ў Палацы культуры вобласці – паведамляе афіцыйная інтэрнэт-старонка арганізацыі. Гэта ўжо дзясяты падобны турнір у абласным цэнтры.
Магілёвец з 2.0 праміле спрабаваў уцячы ад патрульнай машыны на вуліцы Сіманава – паведамляеТэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 47-гадовы мужчына патлумачыў, што знаходзячыся ў Маскве ён пасварыўся са сваёй сяброўкай і вырашыў вярнуцца дадому. Нецвярозым і без правоў, ён быў затрыманы і прайшоў медыцынскае асведчанне. Супраць мужчыны складзена 14 пратаколаў.
Яшчэ адно прадпрыемства плануюць пабудаваць за 800 метраў ад вёскі.
На тэрыторыі ўчастка нумар 4 свабоднай эканамічнай зоны “Магілёў” стартуе праект будаўніцтва завода, які будзе вырабляць слаістыя пластыкі. Замоўцам завода выступае «Кронаспан ОСБ» – прадпрыемства па вытворчасці драўняных пліт, якое было заснавана ў 2011 годзе. Яшчэ ў канцы 2021 года побач з дзеючай вытворчасцю быў закладзены першы камень, які засведчыў намер будаўніцтва новага завода.
Планавы аб’ём прадукцыі – больш за 12 млн кв.м у год прэсаванага ламінату і ламінату высокага ціску. Гэтая прадукцыя ўжываецца пры вытворчасці мэблі, дэкаратыўных абліцавальных матэрыялаў, аздабленні інтэр’ераў і экстэр’ераў. У планах экспартаваць 80 працэнтаў прадукцыі. Сыравінная база – драўніна, а таксама смолы, якія вырабляюцца на прадпрыемстве «Кранахем», што працуе на гэтай самай вытворчай пляцоўцы. Будоўлю плануюць завершыць у 2024 годзе, а на заводзе стварыць 100 новых рабочых месцаў.
Трэба звярнуць увагу, што ў межах рэалізацыі праекта прадугледжана не толькі будаўніцтва завода але і мадэрнізацыя лакальных ачышчальных збудаванняў завода “Кронаспан ОСБ”. Плануецца дадатковая ачыстка сцёкавых вод з мэтай іх наступнага выкарыстання на прадпрыемстве паўторна.
Бліжэйшая жылая тэрыторыя размешчана ва ўсходнім напрамку на адлегласці 835-840 метраў – гэта вёскі Вейна і Навасёлкі. Але дадатковае ўздзеянне прадпрыемства на асяроддзе будуць адчуваць і жыхары Задняпроўя.
З 31 кастрычніка 2022 года стартавала грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння завода на навакольнае асяроддзе. Працягнецца яно цягам месяца. Інфармацыя пра гэта размешчанана афіцыйным сайце Магілёўскага гарвыканкама.
З канца кастрычніка сталі аднаўляць працу асобныя кіёскі “Магілёўсаюздруку” ў Магілёве, Бабруйску, Чавусах. Супрацоўнікі сеткі нясмела выказваюць аптымізм, што да канца года адновяць працу некалькі дзясяткаў гандлёвых кропак прадпрыемства. Шматлікія шапікі прадпрыемства не працавалі з чэрвеня-ліпеня бягучага года.
Кіраўніцтва ААТ «Магілёўсаюздрук» ў жніўні падало хадайніцтва ў суд аб прызнанні банкруцтва – пісалі Магілёў.media – хаця яшчэ ў чэрвені на прадпрыемстве заяўлялі, што не збіраюцца ліквідавацца.
Праблемы ў прадпрыемства пачаліся яшчэ ў 2016 годзе, калі ўзніклі цяжкасці ў разліках з дзелавымі партнёрамі. Затрымкі выплат пацягнулі за сабой штрафныя санкцыі. На 1 студзеня 2020 года чыстая страта ад яе дзейнасці павялічылася амаль у 50 разоў – з 19 да 900 тысяч рублёў.
У 2022 годзе «Магілёўсаюздрук» стаў паступова закрываць свае гандлёвыя кропкі. Паліцы ж многіх з аб’ектаў гандлю, якія засталіся, стаялі напаўпустымі. З-за фінансавых цяжкасцей прадпрыемства не магло закупаць увесь ранейшы асартымент тавараў.
Сярод крэдытораў “Магілёўсаюздруку” было 523 арганізацыі, і далёка не ўсе з іх згодныя былі цярпліва чакаць вяртання даўгоў. Ужо да сярэдзіны ліпеня было ўзбуджана 289 выканаўчых спраў па запазычанасцях.
«Магілёўсаюздрук» мусіў на жнівень выплаціць агульную суму ў 4 859 087 рублёў. Немагчымасць пагасіць такую буйную суму і прымусіла прадпрыемства самому хадайнічаць аб прызнанні яго банкрутам.
У жніўні быў прызначаны крызісны кіраўнік, «Магілёўсаюздрук» узяў курс на вяртанне пазык крэдыторам.
Даведка.На студзень 2018 года “Магілёўсаюздрук”, які якраз адзначаў свой 100-гадовы юбілей, меў гандлёвую сетку з 224 кропак, у тым ліку 10 магазінаў, 28 павільёнаў і 186 кіёскаў.
На жнівень 2022 года засталося толькі 43 аб’екты ў Магілёве, Бабруйску і Чавусах, але і тыя да верасня закрыліся.
Безумоўна, гандаль друкаванымі выданнямі сёння не з’яўляецца самай прыбытковай справай. Па-першае, наймацнейшую канкурэнцыю тут складаюць сеткавыя рэсурсы. Па-другое, з-за розных прычын людзі ўвогуле сталі менш чытаць. Па-трэцяе – “Саюздрук” у значнай меры выжывае за кошт гандлю рознымі дробнымі таварамі, уключаючы тытунёвыя вырабы, талоны і праязныя білеты. Напрыклад, у некаторых кіёсках цыгарэты давалі да 65% абароту. Але сёння розныя гандлёвыя сеткі запоўнілі сабой і сваімі таварамі ўсё навокал, у тым ліку вядуць рознічны гандаль і праз вулічныя кіёскі.
Пры гэтым РУП “Белсаюздрук”, куды ўваходзіць і яго магілёўскае падраздзяленне, з’яўляецца найбуйнейшай нацыянальнай сеткай па распаўсюджванні перыёдыкі.
Трое беспрацоўных каля 50-гадоў узростам адсочвалі прыватныя гаспадаркі жылога сектара ў Магілёве і ў адсутнасць гаспадароў забіраліся ў іх – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Пераважна злодзеі забіраліі металічныя вырабы каб здаць у пункт прыёму металалома, але таксама сярод скрадзенага значацца электраматор і газавы кацёл. Бандай серыйных злодзеяў кіраваў 50-гадовы магілёвец, а кампанію яму складалі 48-мі і 55-гадовыя беспрацоўныя жыхары абласнога цэнтра. Узбуджана крымінальная справа.
Іржавыя, дзіравыя панэлі насучых канструкцый рэйсавага аўтобуса на лініі шакавалі пасажыраў грамадскага транспарта ў Магілёве.
“Паглядзіце на гэтую іржу і дзіркі, на грубую сварку рамонту панэляў транспартнага сродку, якому мы давяраем сваё жыццё і здароўе. – напісалі чытачы Магілёў.media – Пытанне, чаму гэтага не бачыць кіраўніцтва аўтапарка і шматлікія правяраючыя органы – рытарычнае. Яны ж на аўтобусах не ездзяць.”
А каб кантралюючым органам было лягчэй разабрацца з сітуацыяй, нам выслалі таксама і нумар аўтобуса. Хаця лепш бы праверылі ўвесь аўтапарк.