Магілёвец загінуў у Бялыніцкім раёне пад коламі фуры

29-летні кіроўца з Магілёва на фуры DAF учыніў наезд на 48-гадовага жыхара абласнога цэнтра, які знаходзіўся на праезнай частцы дарогі побач са сваім аўтамабілем. Трагдыя адбылася 13 лістапада раніцай, каля вёскі Ермалавічы Бялыніцкага раёна на шашы Магілёў-Мінск – паведамляе ДАІ. 

Фота: ДАІ

 

Магілёў, Ліпецк і ўсходні Казахстан адзначылі 140-гадовы юбілей Янкі Купалы і Якуба Коласа конкурсам “Мои песняры”

На ўрачыстасці ў Магілёў прыяжджала ўнучка Якуба Коласа.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Міжнароднага творчага інтэрнэт-конкурсу “#Моипесняры” прайшла ў бібліятэцы-філіяле № 6 Магілёва.

Арганізатарам конкурсу выступіла Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва разам з бібліятэчнай сістэмай расійскага Ліпецка і “Усходне-Казахстанскай абласной дзіцяча-юнацкай бібліятэкай”.

Як распавялі  ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К.Маркса, “сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў свята стаў прыезд унучкі Якуба Коласа – Веры Данілаўны Міцкевіч, якая расказала пра жыццё і творчасць сваяка, паказала ўнікальныя здымкі з сямейнага фотаальбома Якуба Коласа і прэзентавала новую кнігу – “Табой я жыў, табой жыву…”, прысвечаную Марыі Дзмітрыеўне, жонцы народнага паэта Беларусі.

На працягу ўсяго года рабяты трох краін дасылалі працы, у якіх па-свойму павіншавалі народных пісьменнікаў Беларусі. Лепшыя з лепшых у чатырох намінацыях конкурсу былі ўзнагароджаны напярэдадні дня нараджэння Якуба Коласа.

фота: mycity.by

 

Мікалаеў будуць аднаўляць як экалагічны і інклюзіўны горад

Мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч падпісаў Дамову аб партнёрстве з польскім горадам Хелмам. Дакумент прадугледжвае супрацоўніцтва гарадоў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферы. 

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх акупантаў на Ўкраіну абшчына Хелма неаднаразова збірала для Мікалаева гуманітарную дапамогу.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Хелм, горад у складзе Люблінскага ваяводства Польшчы, за 25 км ад мяжы з Украінай. Гэта цэнтр украінскай гістарычнай вобласці Холмшчына ў Паўднёва-Заходняй Русі. Насельніцтва горада 72 600 жыхароў. Заснаваны ў 1237 годзе князем Даніілам Галіцкім як рэзідэнцыя.

У яўрэяў Еўропы вядомы як Хелем. Назва блізкая на ідыш да слова, якое азначае «сон, мара». Таму «хелемскія мудрацы» – увасабленне наіўнасці, а Хелем – знакаміты «горад летуценнікаў і фантазёраў».

Найбольш знакамітыя ўраджэнцы Хелма – украінскія грамадскія і палітычныя дзеячы Антон Васіньчук і Міхайла Грушэўскі.

Фота: Хелм, wikimedia.org

Раней мэр Мікалаеў падпісаў мемарандум аб партнёрскіх адносінах з мэрам нямецкага Гановера Беліт Онай.

Снігіроўка ў руінах і з катавальняй

10 лістапада ўкраінскія войскі вызвалілі апошні раёны цэнтр Мікалаеўскай вобласці – Снігіроўку. Ад даваеннага насельніцва ў 12 000 чалавек тут засталося некалькі тысяч.  

Значная частка будынкаў і прадпрыемстваў у горадзе разбурана або пашкоджана падчас расійскай акупацыі.

На фотаздымках телеграм-канала “Николаевский Ванек” з вызваленага горада бачна, што на вуліцах стаяць спаленыя аўтамабілі, таксама прыкметна вялікая колькасць смецця, якую пакінулі акупанты ў разгромленых дамах і прадпрыемствах.

Адзначаецца, што акупанты, верагодна, здзейснілі ў Снігіроўцы і ваенныя злачынствы – украінскія СМІ паведамлялі, што ў мясцовым аддзеле паліцыі расійцы арганізавалі катавальную мірных жыхароў.

Экалагічны і інклюзіўны

У стварэнні перспектыўнага генеральнага плана Мікалаева ўдзельнічаюць міжнародная архітэктурная кампанія One Works і Norman Forster, паведаміла прэс-служба Мікалаеўскага гарсавета.

У пачатку восені Еўрапейская эканамічная камісія ААН (ЕЭК ААН) запрасіла міжнародных архітэктараў дапамагчы ў распрацоўцы перспектыўнага генплана Мікалаева. Гэтую працу каардынуе сусветная дызайнерска-архітэктурная кампанія One Works (Італія).

Як паведамляецца на сайце архітэктурнай кампаніі, One Works стварыла спецыяльную каманду на бясплатнай аснове. З мэрыяй Мікалаева ўжо абмеркаваны першыя крокі, якія неабходна зрабіць, каб задаволіць самыя неадкладныя патрэбы і падтрымаць намаганні па аднаўленні горада дзеля лепшага заўтра, прадугледжваючы зялёны і інклюзіўны горад, які адпавядае самым неадкладным патрабаванням постканфліктнага перыяду.

One Works працуе ў цесным супрацоўніцтве з аператыўнай групай ЕЭК ААН, Фондам Нормана Фостэра і ўладамі Мікалаева па пяці тэматычных макранапрамках, якія складаюць аснову для аналізу і вызначэння стратэгій, якія будуць кіраваць распрацоўкай новага генеральнага плана развіцця горада: транспарт і інфраструктура, зялёная і водная сістэма, сацыяльнае жыллё, індустрыяльнае развіццё.

У распрацоўцы генеральнага плана горада ўжо ўдзельнічаюць Дэпартамент гарадскога планавання Міланскага політэхнічнага ўніверсітэта, эксперты па лічбавай трансфармацыі гарадоў Municipia, ExSUF – Цэнтр перадавога вопыту Жэнеўскай хартыі ААН, Liuc – Libera Università di Castellanza.

Паралельна праводзіцца і сацыялагічнае даследаванне меркаванняў грамадзян адносна стварэння генплана.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Вуліцы Віленская і Лазарэнкі ў Магілёве – ролік з настроямі позняй восені

Наш рэлакс на выхадны дзень, відэазамалёўка з жывапіснай і вусцішнай гарадской глыбінкі.

 

Цана за ацяпленне ў Клайпедзе знізілася да 9,71 цэнта. У Магілёве яна – 9,00

Жыроўкі на ацяпленне ў горадзе-пабраціме паменьшыліся, але пазней могуць павялічыцца на траціну.

Кошты на ацяпленне ў лістападзе ў літоўскай Клайпедзе знізіліся. Яшчэ месяц яны могуць заставацца стабільнымі, а потым павялічацца да 30%.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


У Клайпеду ацяпленне прыйшло 26 кастрычніка, калі нарматыўная тэмпература склала меней за +10 градусаў сярэднесутачных, паведамлялі Магілёў.media.

Змяншэнне коштаў было звязана з патанненнем паліва і зменай методыкі падлікаў у верасні, піша delfi.lt. 

Паводле слоў экспертаў, кошты на цяпло ў ацяпляльны сезон будуць вызначацца і коштамі на само паліва, а таксама надвор’ем і доляй выкапнёвага паліва, яго месцам у структуры паліва пастаўшчыкоў. Па дадзеных Дзяржаўнай службы па рэгуляванні энергетыкі, сярэдні кошт цэнтралізаванага ацяплення ў Літве ў лістападзе ў параўнанні з кастрычнікам знізіўся на 5,6% да 9,71 цэнта (без падатку на дадатковую вартасць) за кілават-гадзіну. 

Нагадаем, што на кастрычнік прадпрыемства цэнтралізаванага цеплазабеспячэння Klaipėdos energijа ўстанавіла тарыф у памеры 10,06 еўрацэнта/кВтч без падатку на дадатковую вартасць. Тым часам 1 квт гадзіна у Беларусі складае каля 9,0 еўрацэнта/кВтч, у дамах пераведзеных на электраацяпленне – 3.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: dcdn.lt

Дзень у гісторыі. 12 лістапада. Заснаванне першага ваенна-палітычнага саюза ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Віцябляне забілі Іасафата Кунцэвіча. У Магілёве адбыўся землятрус

1335 год. У Вышаградзе, рэзідэнцыі караля Венгрыі Карла I Роберта, заснаваны першы ваенна-палітычны саюз у Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

Саюз створаны манархамі Венгрыі, Польшчы і Чэхіі.

У Вышаградзе біскупы каранавалі наследных прынцаў, прысягалі на вернасць маладым каралям войскі, ствараліся атрады конніцы, якія сыходзілі з гэтага замка на барацьбу з асманскімі заваёўнікамі.

15 лютага 1991 года кіраўнікі Венгрыі, Чэхаславакіі (цяпер Чэхія і Славакія), Польшчы ў тым жа замку аб’явілі аб стварэнні Вышаградскай групы, Вішаградскага трыкутніка. Цяпер гэта Вышаградская чацвёрка, V4. 

Усе члены Вышаградскай групы 1 мая 2004 года сталі членамі Еўрапейскага саюза. 

У склад групы імкнуцца ўступіць Аўстрыя (супраць якой і ўтвараўся правобраз саюза ў 1135 годзе), Славенія.

tunnel.ru

 1572 год. Памёр Рыгор Хадкевіч. Вялікалітоўскі дзяржаўны і вайсковы дзеяч, асветнік.

З’яўляўся ваяводай віцебскім, кіеўскім, кашталянам троцкім, віленскім, гетманам польным, вялікалітоўскім. Удзельнік Лівонскай вайны.

Прыхільнік самастойнасці Вялікага княства Літоўскага і праціўнік Люблінскай уніі.

Заснавальнік друкарні ў Заблудаве (1568), дзе працавалі першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, якія ўцяклі з Масквы. Яны надрукавалі «Евангелле вучыцельнае» з гербам Р. Хадкевіча на абароце тытульнага аркуша. Самастойна І. Фёдараў надрукаваў «Псалтыр з Часаслоўцам».

1623 год. Выбухнула Віцебскае паўстанне праваслаўных гараджан супраць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. 

Па сігнале званоў ратушы і праваслаўных цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну.

Гараджане, у тым ліку члены магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права. З горада спагнана 3 079 злотых. 

Каралеўскія камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх праваслаўных цэркваў і адліць з іх вялікі звон у памяць пра Кунцэвіча. Ратуша была разбурана. 

Затрыманы і пакараны смерцю 19 чалавек, у тым ліку 2 бурмістры і падбухторшчык паўстання – палачанін Пётра Васілеўскі, які на допыце прызнаўся, што была сувязь з праваслаўным брацтвам у Вільні. 

78 чалавек прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

1823 год. Нарадзіўся Павел Шпілеўскі. 

Беларускі этнограф, пісьменнік, публіцыст і тэатральны крытык. Кандыдат багаслоўя.

Сабраў цікавыя звесткі з археалогіі, з гісторыі гарадоў, мястэчак і вёсак Беларусі, пагаворкі, апісанні побыту, павер’яў, абрадаў і звычаяў беларускага народу, становішча сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Адзначыў самабытнасць беларускай мовы. Надрукаваў паданні пра Мянеска, паходжанне Менску.

Аўтар кнігі “Путешествие по Полесью и Белорусскому краю”.

Цэнтральная думка творчасці: беларусы – найстаражытнейшыя ў славянскім свеце.

Памёр 29 кастрычніка 1861 года. У гонар вучонага названа вуліца ў Мінску.

nashi-lyudi.by

 1868 год. Нарадзілася Ганна Місуна. Беларускі, польскі, літоўскі і расійскі геолаг.

Першая жанчына-геолаг на Беларусі і ў Расіі, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследаванні.

У 1899 годзе пачалі выходзіць яе навуковыя артыкулы пра ледавіковыя адкладанні і рэльеф Беларусі, Літвы і Польшчы. Дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу Беларусі.

Асаблівую вядомасць набылі працы па геалогіі Гродзенскай і Мінскай  губерняў, карта-даведнік будаўнічых матэрыялаў заходніх раёнаў. 

Распрацавала методыку вывучэння канцавых марэн.

Пад час яе працы дацэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, арганізавала геалагічны пакой (1919), які паступова ператварыўся ў музей.

Памерла 2 мая 1922 года.

wikimedia.org

 1885 год. Нарадзіўся Міхаіл Грамыка.  

Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу. Даследчык радовішчаў нафты.

Выхаванец Магілёўскай гімназіі.

Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе».

Удзельнік пошукаў нафты на Палессі (на падставе аналізу тапоніма Гарывада).

Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча.

Памёр 30 чэрвеня 1969 года.

1896 года. У Магілёве адбыўся землятрус у 4 балы.

Да гэтага дакументальна быў зафіксаваны землятрус 29 жніўня 1893, 4 бала. Напярэдадні і пасля гэтай даты, свойскія жывёлы паводзілі сябе неадэкватна: раўлі суткамі каровы, іржалі коні, кудысьці пахаваліся каты. Тады ніхто не мог растлумачыць прычыну такіх іх паводзін. 

Фіксаваліся хвалі карпацкіх землятрусаў 4 сакавіка 1977, 4-5 балаў, 30 мая 1990, 3-4 балы.

1902 год. Нарадзілася Таццяна Бандарчык. 

Беларуская актрыса.

У 1920 годзе на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драмгурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Янкі Купалы «Паўлінка» і выканала галоўную ролю.

Працавала ў купалаўскім, коласаўскім тэатрах, драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у Бабруйскім вандроўным.

Найбольш каларытныя характары стварыла ў беларускай драматургіі: Паланея («Прымакі» Янкі Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Якуба Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маці («Ірынка» Кузьмы Чорнага),Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка) і іншыя.

Знялася ў фільме «Руіны страляюць…»

Памерла 24 ліпеня 1974 года.

wiki.bobr.by

 1920 год. Нарадзіўся Андрэй Макаёнак. Беларускі драматург. Народны пісьменнік БССР.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п’есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».

Працаваў на камсамольскай і партыйнай рабоце, у тым ліку загадчыкам парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945-1946), у часопісах «Вожык», «Нёман».

Аўтар гумарэсак, фельетонаў, нарысаў, шматлікіх п’ес, у якіх бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва савецкай гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Яго творы ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў.

Аўтар кінааповесці «Твой хлеб», сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы», «Кандрат Крапіва», «Рагаты бастыён», «Пасля кірмашу» (1973).

Пераклаў п’есы Л. Зорына, Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, К. Сіманава і іншых.

Выдадзены яго Выбраныя творы ў 2-х і 5 тамах.

Імя драматурга носіць вуліца ў Мінску, Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка і Журавіцкая СШ Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей драматурга.

У Мінску на доме № 10 па Вайсковым завулку ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Памёр 16 лістапада 1982 года.

wikimedia.org

1947 год. Прыгавораны судом да аднаго года пазбаўлення волі галандскі жывапісец Хан ван Меегерэн – самы вядомых фальсіфікатар ХХ стагоддзя.

Ён падрабіў палотны знакамітых майстроў на 25-30 млн даляраў па цяперашнім курсе.  

У 1945 годзе ван Меегерэн трапіў пад суд па абвінавачанні ў калабарацыянізме. Яму свяціў вялікі тэрмін за продаж карцін старых галандскіх майстроў лідарам Трэцяга рэйха. Пасля двух тыдняў турэмнага зняволення ён заявіў, што насамрэч прададзеныя ім карціны з’яўляюцца падробкамі.

Для праверкі сапраўднасці галандскі ўрад змясціў Меегерэна пад арышт у спецыяльна арандаванай кватэры, дзе той павінен быў пад назіраннем напісаць падробку. Так з’явілася яго апошняя карціна – “Малады Хрыстос, які прапаведуе ў храме”.

Дзякуючы таму, што мастаку ўдалося даказаць уласнае дачыненне да фальсіфікацыі карцін, ён абышоўся мінімальным пакараннем і быў прыгавораны да аднаго года пазбаўлення волі.

Аднак жыць мастаку засталося значна менш. 30 снежня гэтага ж года ён памёр ад сардэчнага прыступу.

tunnel.ru

1958 год. Нарадзіўся Леанід Пранчак. Беларускі паэт, перакладчык.

Працаваў на Магілеўскім абласным радыё, у тэатры-студыі «Верасы», дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі, карэспандэнтам газеты «Рэспубліка» ў ЗША, мастацкім кіраўніком Тэатра-студыі беларускай эстрады.

Аўтар вершаў, аўтар кніг вершаў, кнігі «Беларуская Амерыка».

Больш за 200 вершаў паэта пакладзены на музыку. Найбольш вядомыя з іх «Даставай Язэп гармонік», «Пад зоркай Пагоні», «Каля Чырвонага касцёла», «Адзінокая жанчына», «Жыве Беларусь!», «Сумны саксафон», «Паклонніца», «Талака», «Цёмная пані», «Каханая» і іншыя.

З 2018 года вядзе масавыя судовыя працэсы аб абароне аўтарскіх правоў на свае творы. 

Займаецца маніторынгам СМІ, дапаможнікаў, друкаваных выданняў, шукаючы радкі за сваім аўтарствам. Пасля чаго падае пазоў у суд з заявай аб парушэннях аўтарскіх правоў і патрабаваннем фінансавай кампенсацыі. 

Сярод тых, з кім аўтар судзіўся: «Наша Ніва», «Звязда» «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», блогеры, бацькі дзяцей, якія спявалі песні на яго вершы і іншыя. Сярод аштрафаваных ёсць і магілёўцы.

Бабруйск і Магілёў абмяняюцца спектаклямі ў рамках шматпакутнага фестываля нацыянальнай драматургіі

У Магілёўскай вобласці 11-16 лістапада нарэшце пройдзе VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, час правядзення якога некалькі разоў пераносіўся. 

Гэтым разам 11 тэатраў з сямі гарадоў Беларусі пакажуць свае новыя пастаноўкі. У конкурсе ўдзельнічаюць тэатры з Брэста, Віцебска, Гомеля, Маладзечна, Бабруйска, Магілёва і Мінска.  

Спектаклі пройдуць на некалькі пляцоўках. У Бабруйску іх пакажуць на вялікай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча і ў Палацы мастацтваў. Упершыню ў гісторыі фестывалю адзін са спектакляў будзе паказаны на сцэне драматычнага тэатра ў Магілёве. Запланаваны дзве конкурсныя праграмы: “Спектакль тэатра драмы” і “Эксперымент”. 


Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч беларускі паэт, драматург і тэатральны крытык. Нарадзіўся ў 1808 годзе ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры.


Адбор пастановак на фестываль праходзіў яшчэ ў 2021 годзе. Мясцовыя рэсурсы ўжо смакавалі падзею. Была выраблена нават афіша фестывалю з канкрэтнымі датамі. Але ў апошні момант яго перанеслі. Афіцыйнай прычынай была названа складаная эпідэміялагічная сітуацыя. 

Сёлета начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства культуры Ірына Дрыга пракаментавала леташні перанос крыху інакш: 

– Па розных прычынах, у тым ліку звязаных з эпідэміялагічнай сітуацыяй, зменамі складу труп некаторых нашых тэатраў, фестываль быў перанесены на 2022 год. Адабраныя ў 2021 годзе спектаклі захаваліся ў праграме. Да іх дадалі два новыя спектаклі: гэта пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача і Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя У.І. Дуніна-Марцінкевіча.  

Дазволім сабе нагадаць, што ў 2020-2021 гадах са многіх тэатральных калектываў краіны сышло па розных прычынах шмат вядомых артыстаў. 

Магілёўскі абласны драматычны тэатр 15 лістапада прывязе ў Бабруйск спектакль рэжысёра-пастаноўшчыка Таццяны Пацай “Прымакі” паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы. Гэта “сцэнічная шутка ў адной дзеі”, у аснове якой – народны анекдот. Прэм’ера адбылася 10 чэрвеня 2022 года напярэдадні 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. 

А ў Магілёве ў гэты ж дзень на вялікай сцэне адбудзецца паказ спектакля “Песя і Янка” тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска. Пастаўлены ён

паводле аднайменнай п’есы Аркадзя Шульмана і Яна Карпінскага. Рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Дарагабед. Гэта гісторыя пра вайну і каханне маладой яўрэйскай дзяўчыны Песі і цыгана Янка, якія цудам выратаваліся ад фашыстаў.

Жыхары вобласці маюць магчымасць стаць удзельнікамі VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча.

Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц і носяць ілюстрацыйны характар

У цэнтры Магілёва прайшло цыркавое прадстаўленне, завуаляванае пад антыпольскае шэсце

Прапагандысцкі Тэлеграм-канал Freedom of Poland, які мае 17 (сямнаццаць) падпісчыкаў і пазіцыянуе сябе як пляцоўка для змагання за інтарэсы польскага народа, паведаміў пра масавае шэсце па Пажарным завулку ў Магілёве.

Удзельнікі шэсця трымалі ў руках абразлівыя раздрукаваныя матэрыялы і скандавалі на рускай мове “Свободу польскому народу”. Па размешчаным на канале відэа можна зрабіць выснову, што шэсце абмежавалася адлегласцю ў некалькі дамоў па Пажарным завулку.

Сёння Польшча адзначае Дзень незалежнасці.

Магілёўскі McDonald’s – усё

Як і паўсюль на Беларусі, гэта будзе “Вкусно и точка”.

Усе рэстараны сеткі McDonald’s, што знаходзяцца пад кіраваннем прадпрыемства “КСБ Віктары рэстараны” будуць працаваць пад новым брэндам – паведаміла сетка хуткага харчавання на сваім афіцыйным сайце.

Цяпер у Беларусі адкрыта 25 рэстаранаў McDonald’s у шасці гарадах, штогод яны абслугоўваюць больш за 10 млн гасцей.

McDonald’s сыйшоў з Расіі з-за агрэсіі супраць Украіны, на Беларусі сетка працягвала працаваць па франшызе.

Фота: onliner.by

На наступным тыдні пахаладае, у сераду чакаецца мокры снег, да канца тыдня будуць невялікія марозы

Гэты тыдзень на тэрыторыі Магілёўскай вобласці апошні цёплы перад надыходам халадоў.

Па папярэднім прагнозе надвор’я, на пачатку наступнага тыдня пахаладае, у сераду чакаецца мокры снег. З чацвярга чакаецца сярэднесутачная тэмпература нижэй за 0°. Да канца тыдня ўстановяцца марозы да 7 градусаў.

14 лістапада, панядзелак, надвор’е па вобласці пратрымаецца пераважна без ападкаў. У начны і ранішні час месцамі туман. Уначы  -1 +4°С, днём +3 +8°С.

15 лістапада, аўторак. Пераважна без ападкаў. Месцамі туман. Уначы -3 +2°С, днём +1 +6°С.

16 лістапада, серада. Паніжэнне тэмператур прывядзе ў некаторых раёнах да выпадзення невялікіх ападкаў у выглядзе мокрага снега, снега з дажджом. У асобных раёнах слабы туман, слабы галалёд. Уначы -3 +2°С, днём 0 +5°С. Месцамі вятры хуткасцю да 11 м/с.

17 лістапада, чацвер, чакаецца воблачнае надвор’е, з начнымі тэмпературамі да -3°С, днём 0 -2°С, без ападкаў.

18 лістапада, пятніца, магчыма будзе яснае надвор’е, невялікія марозы, у начы да -7°С, днём 0 -2°С

У выходныя 19 і 20 лістапада захаваецца воблачнае надвор’е, месцамі з праясненнямі. Чакаюцца вятры хуткасцю да 11-13 м/с.

Начныя тэмпературы да -6 -7°С, днём каля 0  -2°С.

Аўтамабілістам нагадаем, што пара мяняць летнюю гуму на зімовую.

Паводле шматгадовых назіранняў, сярэдняя тэмпература лістапада складае 0,1°С, у Бабруйску +0,7°С,  Магілёве +0,1°С. У гэтым годзе, сярэднія тэмпературы першай дэкады склалі болей за +5°С.

Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар