Горы смецця, цвіль і нават жалезная бочка – у што ператварылі жыхары горада і камунальныя службы рэчку Крычаўку, даліна якой магла б стаць жывапісным месцам у сэрцы горада.
Невялічкая рачулка Крычаўка з’яўляецца правым прытокам галоўнай воднай артэрыі Крычава – рэчкі Сож. Яе даўжыня больш за пяць кіламетраў і збольшага рачулка цячэ ў межах горада.
Калі рэчка перацякае праз тунэль у старую частку горада, то яе акваторыя становіцца вельмі забруджанай. Неахайнасць людзей праявілася ў тым, што ў Крычаўку скідваюць рознае смецце: гумавыя рэчы, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, упакоўку ад розных відаў ежы і мноства металічных адходаў – ад накрывак слоікаў да цэлай жалезнай бочкі.
Камунальныя службы Крычава не заўважаюць праблем малой рэчкі, якая прыгожа цячэ па гарадской прасторы і ўрэшце ўпадае ў Сож. Хараство малой рэчкі губляецца за гарамі смецця і людской абыякавасці да наваколля.
Адзначым, што рэчка Крычаўка мае гістарычнае значэнне, на яе левым беразе размешчана старадаўняе гарадзішча пад назвай Гарадзец або Цвінтар. Назва правага прытока Сожа паходзіць ад наймення горада, хоць, што першае было названа – рака ці паселішча, цяпер ужо ніхто не скажа.
Фота: mogilev.media