Рамонт дарогі на Першамайскай – а што будзе з лужынамі?

Каб расправіцца з адной такой, дарожнікі прачышчалі ліўневую каналізацыю, якой няма.

На цэнтральнай магілёўскай вуліцы ёсць тры легендарных лужыны. Дакладней, гэта тры кропкі, дзе горш за ўсё працуюць калодзежы ліўневай каналізацыі, калі яны там наогул ёсць. Самая вялікая – пад чыгуначным мастом каля вакзала. Рамонт Першамайскай, які праводзіцца гэтымі днямі ў Магілёве, да гэтай кропкі не дойдзе, таму пакінем яе ў спакоі. Другое месца, што ператвараецца ў мора разліванае падчас любой залевы –  скрыжаванне каля Мінскага рынку. Тут каналізацыйныя калодзежы прадугледжаныя, таму застаецца спадзявацца на іх своечасовае абслугоўванне. А ёсць яшчэ адна, трэцяя кропка, сітуацыя з якой – наглядны прыклад дбайнасці дарожных спецыялістаў падчас кожнага вялікага рамонту Першамайскай.

У сваім блогу на гэтую лужыну звярнуў увагу магілёўскі актывіст Дзяніс Васількоў. Ён узгадаў, што яшчэ два гады таму пачаў змагацца за вырашэнне праблемы каля скрыжавання вуліц Першамайскай і Мігая. Што ні дождж – тут вырастае агромністая лужына, якая доўга не сыходзіць, а мінакоў рэгулярна абдаюць брудам машыны, што праяжджаюць міма.

Скарга, адпраўленая Дзянісам Васільковым на партал “115.by” прывяла да парадаксальнага адказу з магілёўскага дарожна-маставога прадпрыемства – “калодзежы ліўневай каналізацыі прачышчаныя”. Парадаксальнага, таму што ніякіх ліўневых калодзежаў на гэтым участку Першамайскай няма. 

Наступная перапіска блогера з гарвыканкамам перайшла ў рэжым элегантнага адфутбольвання прасіцеля. Дырэктар дарожна-маставога прадпрыемства адказаў блогеру, што ДМП прачышчае толькі тыя калодзежы, што ўжо існуюць. Рабіць новыя можна толькі пры наяўнасці праектна=сметнай дакументацыі і фінансавання, а ўсяго гэтага ў 2020 годзе не аказалася. Дырэктар дазволіў сабе намёк на мслабую надзею, што ў 2021 могуць падумаць над дадзенай праблемай і паспрабаваць яе вырашыць.

Што атрымалася ў магілёўскіх дарожнікаў насамрэч – хутка пераканаемся. Новае дарожнае пакрыццё будзе вітаць гараджан ужо да канца гэтага месяца, а разам з ім, верагодна, і лужыны.

У каментарыі пад допісам Дзяніса Васількова ў Facebook іншы магілёвец даў апісанне свайго дыялога з работнікамі дарожна-маставога прадпрыемства:

“Толькі што знаёмага там сустрэў. Рамонтніка. Папрасіў яго не аднаўляць басейн.

— Как получітся.

Пачуў у адказ.”

 

Фота: vasilkou.com

Вялікая калюжына ў густанаселеным раёне Крычава – фотафакт

Пяціпавярховік за кітайскія грошы крычаўская ўлада пабудаваць змагла, а вось адрэмантаваць дарогу побач не можа ўжо не першы дзесятак год. 

У мікрараёне “Сож” каля дома пабудаванага на кітайскія інвестыцыі адным з пастаянных элементаў пейзажа стала вялікая калюжына, якая редка высыхае нават летам. Дом пабудавалі, аднак дарогу за домам так і не адрамантавалі. 

Прычым такая карціна не змяняецца гадамі, бо гэтае месца ўжо сталася звыклым краявідам і ланшафтам густанаселенага мікрарёна “Сож” у Крычаве. Мясцовыя ўлады нават не стараюцца хоць крыху падлатаць дарожнае пакрыццё, з-за чаго ў восенькі час тут небяспечна едзіць любой машыне, бо можна проста сур’ёзна паламацца. 

Не надта бяспечна і звычайным пешаходам, бо калі аступіцца можна даць нырца і намачыцца вельмі моцна, што ў халодную пару года можа выліцца ў хваробу з моцнай тэмпературай.

Дарэчы, ужо раней mogilev.media пісалі пра гаротны стан дарожнага пакрыцця ў Крычаве, але паляпшэнняў на вялікі жаль не багата. 

Фота mogilev.media

У Горках зрабілі капітальны рамонт дома, але пра адну дэталь забылі

Разам з капітальным рамонтам дома нумар 4 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у Горках зрабілі ўкладку новага асфальта – распавядае рэсурс horki.info. Вось толькі любы дождж увесь двор гэтага дома ператварае ў басейн.

Мясцовыя жыхары скардзяцца, што прайсці па заасфальтаваным двары пасля кожнага дажджу немагчыма – прыходзіцца хадзіць па газонах, па траве.

– Пасля дажджу каля дома не прайсці ні праехаць. – расказаў выданню адзін з жыхароў – Тыя, хто выконваў рамонт, ад пачатку ведалі, што тут трэба было праектаваць зліўную сістэму. І абяцалі гэта зрабіць. Але, як відаць, не зрабілі.

Фота: horki.info