Дзень у гісторыі. 27 лютага. Стварэнне друкарні ў Любчы, Літбел. Нарадзіліся магнаты Людвіка і Караль Радзівіл, сувязіст Д. Сарноў.

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя (International polar bear day, з 2008 года).

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя праводзіцца з ініцыятывы амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі Polar Bears International, якая змагаецца за захаванне папуляцыі белых мядзведзяў.

Белы мядзведзь – самы буйны прадстаўнік атрада драпежных сысуноў, якія насяляюць сушу.

Па дадзеных Сусветнага Фонду Дзікай Прыроды, у свеце налічваецца менш за 25 000 асобін белага мядзведзя (каля 60% папуляцыі – у Канадзе).

Белы мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды.

1612 год. Пачалася дзейнасць друкарні ў Любчы.

Заснавана выдаўцом і друкаром Пятром Бластусам Кмітам. 

Выдала больш за 80 кніг лацінай і польскай па гісторыі, медыцыне, філасофіі, некалькі паэтычных твораў. Сярод выданняў: «Эпітоме» С. Рысінскага, «Апафеграмы» С. Буднага, «Навагрудскі дыспут» Я. Зыгроўскага, «Гісторыя іудзейскай вайны» І. Флавія, «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх»  М. Стрыйкоўскага, «Статут Слуцкай школы». 

Абслугоўвала патрэбы пратэстантаў, але зрэдку прымала заказы і католікаў. 

З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў вядомы гравёр К. Гётке.

Ю. Пешка. Любча, пачатак XIX стагоддзя

1667 год. Нарадзілася Людвіка Караліна Радзівіл.

Рэлігійная дзеячка, мецэнатка.

Дачка Багуслава Радзівіла. Рана асірацела. У спадчыну атрымала вялікія маёнткі.

Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінісцкія зборы ў Літве і Беларусі, плаціла стыпендыі студэнтам, якія вучыліся ў пратэстанцкіх універсітэтах. Паводле яе загаду ў 1684 у Караляўцы быў надрукаваны малітоўнік на літоўскай мове для сялян-кальвіністаў.

Утрымлівала Слуцкую друкарню. У 1690 годзе выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнання пратэстантам і праваслаўным і гарантавала, што царкоўная унія ў яе ўладаннях не будзе ўведзена.

Пасля смерці Людвікі Караліны 25 сакавіка 1695 года, яе латыфундыі сталі аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і нямецкімі князямі.

1734 год. Нарадзіўся  Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”.

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Патрыёт.

Ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі. “Пане Каханку” яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і караля.

Генеральны маршалак Радамскай і Барскай канфедэрацый. Праціўнік гарантыйнага трактату (1768), паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам.

Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, быў вымушаны з’ехаць у Прусію. Да 1777 года знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.

Найзаможны магнат Рэчы Паспалітай і Еўропы ІІ паловы XVIII стагоддзя. Яму належала 16 гарадоў і 683 вёскі. Здабыў сабе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў. З іншага боку, вядомы дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.

Доўгі час па смерці хадзілі анекдоты аб дзіўных выпадках з ягонага жыцця. Караль Радзівіл – герой паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», твораў Г. Жэвускага, В. Поля, І. Ходзькі, Ю. Крашэўскага.

Памёр 21 лістапада 1790 года.

1919 год. Стварэнне Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на І З’ездзе Саветаў Літвы ў Вільні.

Літбел была створана на занятых Чырвоным войскам тэрыторыях сучасных Беларусі і Літвы. Утварэнне праіснавала да 19 ліпеня 1919 года, калі СНК Літбела прыняў пастанову аб перадачы ўсіх спраў Мінскаму губернскаму камітэту. Неўзабаве пасля прыняцця згаданай пастановы, пасля 40 дзён абароны, польскімі войскамі быў заняты і Мінск (8 жніўня). 

Літбел уключала 5 губерняў: Віленскую, Гродзенскую, Ковенскую, Мінскую, Сувалкскую. У красавіку 1919 года Рэчыцкі павет Мінскай губерні быў перададзены Гомельскай губерні РСФСР.

1888 год. Нарадзіўся Яфім Бялевіч.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, удзельнік Першай сусветнай вайны, штабс-капітан.

Член прэзідыума І Усебеларускага з’езда ад вайскоўцаў-беларусаў, міністр юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе БНР, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне.

У 1920–1930-я гады служыў у Гомелі ў чыгуначных войсках, быў упаўнаважаным Наркамфіна БССР, працаваў у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны ў 1932 годзе, асуджаны да 5 гадоў і этапаваны ў Свірскі канцлагер. Зноў арыштаваны ў 1936, асуджаны да 5 гадоў зняволення. Памёр 13 снежня 1942 года ў Магаданскім канцлагеры.

1891 год. Ва Узлянах (цяпер – Пухавіцкі раён) нарадзіўся Давід Сарноў.

Амерыканскі сувязіст і бізнесмен беларускага яўрэйскага паходжання, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы доктар Калумбійскага, Нью-Ёркскага і іншых універсітэтаў, брыгадны генерал.

Працаваў у «Кампаніі бесправаднога тэлеграфа Марконі», прэзідэнтам Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (RCA). 14 красавіка 1912 года прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік» і трое сутак падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі.

У 1926 годзе заснаваў Нацыянальную радыёвяшчальную кампанію (NBC). 3 пачатку 1920-х гадоў з’яўляўся саветнікам 10-і прэзідэнтаў ЗША.

Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцтвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай, зроблены запіс тэлеперадачы на магнітную відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны мастацкі фільм (1964).

Удзельнічаў у стварэнні сістэм касмічнай сувязі, камп’ютарызацыі ЗША. Міжнародны інстытут інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Памёр 12 снежня 1971 года. Пахаваны ў маўзалеі на могілках Кенсіка ў Вальхале, штат Нью-Ёрк.

1906 год. Нарадзілася Рыта (Рэбека) Млодак.

Беларуская оперная спявачка (лірыка-драматычнае сапрана), народная артыстка Беларусі.

Скончыла Віцебскі музычны тэхнікум, Беларускую студыю оперы і балета. Працавала салісткай Беларускага тэатра оперы і балета. Пад час вайны працавала ў оперных тэатрах Свярдлоўска, Пярмі, удзельнічала ў канцэртах франтавых брыгад.

Сярод галоўных партый: Таццяна, Ліза, Тамара, Маргарыта, Мікаэла, Аксана ў пастаноўцы «Чаравічкі», Марыся – у «Міхась Падгорны» і іншыя. Выступала і як канцэртная спявачка.

Памерла 3 снежня 1969 года.

1935 год. Нарадзіўся  Фёдар Клімчук.

Беларускі мовазнавец, дыялектолаг, гісторык. Кандыдат філалагічных навук. Лаурэат Дзяржаўнай прэміі ў складзе аўтарскага калектыву за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5-ці тамах.

Скончыў гістарычныя факультэты Пінскага настаўніцкага і Мінскага педінстытутаў.

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці: дыялекталогія, лінгвагеаграфія, лексікаграфія, тапаніміка, міжмоўныя і міжэтнічныя кантакты, сацыялінгвістыка, фальклор, этнаграфія, этналінгвістыка.

Старшыня «Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства „Загароддзе“.

Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескім дыялекце.

Памёр 22 кастрычніка 2018 года.

2005 год. У Францыі памёр Віктар Жаўняровіч (1913-2005).

Беларускі мастак і спявак.

Нарадзіўся ў Чыце ў сям’і чыгуначнага служачага, выхадца з Друі.

Скончыў гімназію імя Л. Сапегі ў Друі, вучыўся ў віленскай Кансерваторыі, адначасова займаўся маляваннем, удзельнічаў у выставах Таварыства незалежных мастакоў. Быў знаёмы з Ф. Рушчыцам, Я. Драздовічам, П. Сергіевічам.

Другая сусветная вайна перапыніла навучанне. 

У 1945 годзе апынуўся ў Францыі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Спяваў і маляваў прыватна. З часам стаў удзельнікам найважнейшых мастацкіх выставаў, што ладзіліся ў Парыжы, атрымоўваў узнагароды. Меў пэрсанальную выставу, ладжаную БІНіМам у Нью-Ёрку. Тэмы твораў у яго былі ў асноўным беларускія.

 

Дзень у гісторыі. 22 снежня. Заснаваны дамініканскі ордэн. Скінуты рэжым Чаўшэску. Цунамі ў Інданезіі. Дзень ўшанавання ксяндза Уладзіслава Чарняўскага

Дзень сонцастаяння. 

У паўночным паўшар’і – зімовае сонцастаянне (самы кароткі дзень года), у паўднёвым – летняе сонцастаянне (самы доўгі дзень). Наступае 21 снежня у 21:48 па Сусветнаму часу, і 22 снежня у  00:48 па Мінскаму. У Магілёве дзень усяго толькі 7 гадзін і 24 хвіліны.

Ганны (славянскі народны каляндар).  

«Ганкі — сядайце на санкі».

Русіны Букавіны лічылі, што з гэтага дня пачынаецца Новы год, а беларусы — што здзяйсняецца паварот на лета.

Ва ўсходніх славян прынята ў гэты дзень маліцца святой Ганне пры бясплоднасці. Цяжарным загадвалася пасціцца, а таксама на працягу сутак забаранялася прымацца за якую-небудзь істотную працу, не сыходзіць з хаты.

Казалі, што з гэтага дня ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі: «На Зачацце Святой Ганны ваўкі становяцца, а пасля Вадохрышча разбягаюцца». Ганны – прыбавіцца багата дня.

Калі снег прываліць ушчыльную да агароджы – дрэннае лета, а калі ёсць прамежкі ураджайнае.

1216 год. Папа Ганорый III зацвердзіў ордэн вандроўных прапаведнікаў ― дамініканцаў. 

Члены ордэна называлі сябе «божымі сабакамі», а на іх сцягу былі намаляваныя сабакі, якія раздзіраюць на часткі цела ерэтыкоў.

Прасоўванне ордэна на Усход пачалося з Кіева, пры князі Уладзіміры Рурыкавічы, калі адкрыўся касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і пачала дзейнічаць у 1233 годзе дамініканская місія.

У Беларусі першы дамініканскі манастыр заснаваны ў Любчы ў 1250 годзе. У першай палове XVII стагоддзя тут заснавана 10 дамініканскіх манастыроў, у другой палове – 25, у XVIII стагоддзі – 6, у XIX – 1. У Навагрудку знаходзіўся манастыр сясцёр-дамініканак.

Дамініканскі манастыр быў заснаваны ў 1681 годзе ў Княжыцах пад Магілёвам, дамініканцы размясціліся і ў Мсціславе, Клімавічах.

Фота: Былы княжыцкі дамініканскі сабор Святога Антонія. Пераўтвораны ў 1865 годзе у царкву Аляксандра Неўскага. Зачынена ў 1965 годзе. Разбураецца.

1264 год. Заключаны мірны і гандлёвы дагавор полацкага князя Гердзеня з Рыгай і Лівонскім ордэнам. 

Полацк адмовіўся ад экспансіі ў ніжнім Падзвінні і латгальскіх зямель, Ордэн гарантаваў непарушнасць Полацкіх зямель. Былі агавораны правы нямецкіх і полацкіх купцоў у Рызе і Полацку.

Фота: Полацк

1888 год. Нарадзіўся Леан Уладзіслаў Радзівіл

Апошні нясвіжскі і клецкі ардынат, ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польшчы.  Ахвяра рэпрэсій.

Служыў у Праабражэнскім лейб-гвардыі палку, у генштабе рускай арміі, у тым ліку пры Стаўцы ў Магілёве.

У польскай арміі служыў у выведвальным аддзеле Генеральнага штаба. У 1935 годзе стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам, пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся замкам, заснаваў агурочны завод.

За некалькі дзён да захопу Чырвонай Арміяй Нсявіжу, у верасні 1939 года вывез і схаваў значныя каштоўнасці нясвіжскага замка.

Быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турмах Мінска, Масквы. Быў абменяны на вязняў рэжыму  Мусаліні і пераехаў у Італію, потым Вялікабрытанію, у Парыж.

Памёр 8 красавіка 1959 года ў Парыжы.

Яго ўнучка Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах і ўздымала пытанне аб перапахаванні Леана ў радавой спачывальні.

1895 год. У мястэчку Горы пад Горкамі нарадзіўся Даніла  Пагуляеў. 

Савецкі геолаг, географ, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.

Удзельнік Першай сусветнай вайны (прапаршчык), грамадзянскай, Вялкай Айчыннай войн. Усё сваё жыццё выкладаў у Смаленскім педінстытуце: загадчык кафедраў геологіі, фізічнай геаграфіі і геалогіі, дэкан прыродазнаўчага факультэта, прарэктар, кіраўнік Заходнім абласным навукова-даследчым інстытутам геалогіі.

Даследчык прыродных умоў, рэсурсаў, карысных выкапняў Смаленскай вобласці.

Узначальваў Смаленскую абласную арганізацыю таварыства «Веды».

Памёр 19 верасня 1974 года. 

1917 год. Ва ўмовах падполля ў Мінску быў створаны Выканаўчы камітэт 1-га Усебеларускага з’езду. 

Нягледзячы на падтрымку У. Леніна і І. Сталіна, з’езд, які пачаў сваю працу 18 снежня, быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі А. Мясніковым, В. Кнорыным, К. Ландэрам.

Частка дэлегатаў сышла ў падполле і абрала Выканаўчы камітэт Рады з’езду з 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Пазней гэтыя структуры адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.

31 студзеня 1918 года паводле дэкрэта Леніна ў Народным камісарыяце па нацыянальных справах на чале са Сталіным, стварылі Беларускі нацыянальны камісарыят, які адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасцці.

Язэп Варонка

1918 год. У Мінску заснаваны Беларускі савецкі тэатр. 

Ён узнік з удзельнікаў Таварыства драмы і камедыі, “Беларускай хаткі” і хору У. Тэраўскага. Прапрацаваў да сакавіка 1919 года. На яго базе і пад яго ўплывам узніклі першы тэатр рэвалюцыйнай сатыры (Тэрэвсат, Віцебск), БДТ-1 (тэатр імя Я. Купалы), БДТ – 2 (тэатр імя Я. Коласа). 

Хор У. Тэраўскага

1922 год. Нарадзілася Алена Васілевіч

Беларуская пісьменніца. Заслужаны работнік культуры.

Працавала ў Курскім абласным выдавецтве, часопісе «Работніца і сялянка», выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Юнацтва».

Аўтар аповесцей, 10 кніг апавяданняў, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, аўтабіяграфічнай тэтралогіі, кніг нататкаў, эсэ, эцюдаў, шэрагу кніг для дзяцей.

Яе творы дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэтычнае бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая народная мова.

Перакладчыца на беларускую мову, у тым ліку рамана Д. Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза».

Памёрла 8 жніўня 2021 года. 

1932 год. Афіцыйна зарэгістравана Таварыства беларускай асветы, створанае ў Вільні.   

Культурна-асветная арганізацыя Заходняй Беларусі. Арганізатары і кіраўнікі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, А. Неканда-Трэпка, Я. Шнаркевіч  і іншыя. Выдавала газету «Родны край». 

Пры арганізацыі ўтвараліся гурткі, адкрываліся бібліятэкі-чытальні, наладжваліся лекцыі, спектаклі вандроўных тэатраў, разгортвалася выдавецкая дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця беларускіх школ, выступала супраць паланізацыі, асуджала палітычныя рэпрэсіі ў БССР.

Кіраўніцтва ТБА імкнулася не дапусціць моладзь да ўдзелу ў палітычнай барацьбе, за што жорстка крытыкавалася дзеячамі кампартыі і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. 

Забаронена польскімі ўладамі 20 жніўня 1937 года.

Фота: На «літаратурнай гарбатцы» ў гасцях у інжынера Антона Неканды-Трэпкі. Стаяць (злева направа): Пётра Сергіевіч, М. Мілючанка, Станіслаў Станкевіч, А. Неканда-Трэпка; сядзяць: Янка Шутовіч, Максім Танк, Наталля Арсеннева, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, Г. Трэпчыха. Вільня, 1937 год.

1937 год. Расстраляны НКУС  Янка Вярсоцкі

Беларускі рымска-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч.

Скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1915). Падчас вучобы наведваў культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў.

Служыў вікарыем парафій Святой Тройцы ў Мінску і Смаленску. Удзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (Мінск, 24-25 мая 1917). Член Саюза ксяндзоў-беларусаў. Быў адміністратарам парафіі Забелы Дрыса-Себежскага дэканата Віцебскай губерні.

Арыштаваны ДПУ ў 1927 годзе, адбываў пакаранне ў Салавецкім лагеры. У 1932 годзе зноў арыштаваны і сасланы ў Казахстан. Пасля трэцяга арышту прыгавораны да расстрэлу.

1937 год. Расстраляны НКУС  Раман Семашкевіч

Беларускі мастак-жывапісец, графік, скульптар.

Яшчэ студэнтам маскоўскага Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута стаў прызнаным мастаком. Яго творы набывалі Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя і іншыя ўстановы.

Пісаў партрэты, пейзажы, сцэны з гарадскога жыцця, жанравыя кампазіцыі. Аўтар партрэтаў М. Галадзеда, М. Гікалы, А. Александровіча, В. Таўлая, А. Грыневіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, скульптурнай кампазіцыі «Юны змагар».

Яго мастацтва высока цанілі яго сучаснікі.

У 1990 годзе ў Маскве адбылася першая пасмяротная выстаўка яго прац.

1989 год. У Румыніі скінуты рэжым Нікалае Чаўшэску

Н. Чаушэску (1918-1989) – генеральны сакратар ЦК Румынскай камуністычнай партыі (1965-1989), Прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі Румынія (1974-1989). 

Рэжым сканаў літаральна праз тыдзень пасля пачатку антыўрадавых хваляванняў. Дыктатар, які пазбавіўся падтрымкі арміі, паліцыі, пад радасныя воклічы дэманстрантаў на верталёце пакінуў прэзідэнцкі палац у Бухарэсце, але потым быў арыштаваны вайскоўцамі. 

Да ўлады часова прыйшоў апазіцыйны Фронт нацыянальнага выратавання.

25 снежня Чаўшэску і яго жонка Алена былі расстраляныя паводле пастановы Надзвычайнага ваеннага трыбунала. 

Трыбунал абвінаваціў Чаўшэску ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа, адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках і падрыве нацыянальнай эканомікі.

Фота: Затрыманне Мікалае і Алены Чаушэску.

1995 год. У ЗША памёр Мікола Шчорс

Беларускі палітычны дзеяч.

Медык, грамадскі актывіст, кіраўнік Беларускага студэнцкага саюза (1935-1937), старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве.

19 чэрвеня 1941 года выбраны старшынёй Беларускага нацыянальнага цэнтра, які разглядаўся як урад будучай Беларусі пад пратэктаратам Германіі. Аднак праз тры тыдні, пасля наведвання Беларусі, адмовіўся ад палітычнай дзейнасці. Вярнуўся ў Варшаву, дзе узначальваў Беларускі камітэт.

У Германіі узначальваў Беларускае праваслаўнае аб’яднанне, быў другім віцэ-прэзідэнт адноўленай Беларускай цэнтральнай рады (1948-1952).

У ЗША узначальваў Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт, стаў стваральнікам і старшынёй Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, сустваральнік Камітэта незалежнай Беларусі, Беларуска-амерыканскага саюза. 

Супрацоўнічаў з камісіяй па даследаваннях бальшавіцкіх рэпрэсій у дачыненні нерускіх народаў СССР (камісія кангрэсмена Чарльза Керстена): прадставіў шматлікія дакументы рэпрэсій беларусаў.

У ЗША меў уласную клініку, з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі хірургаў. Займаўся дабрачыннасцю: адзін з асноўных фундатараў падчас пабудовы царквы ў Саўт-Рыверы.

2001 год. Памёр Уладзіслаў Чарняўскі

Беларускі ксёндз. Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.

Скончыў беларускую настаўніцкую школу ў Барунах, гімназію пры друйскім кляштары марыянаў,  Віленскую духоўную семінарыю. Член ордэна марыянаў.

Ксяндзом служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.

Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.

Пахаваны ў Вішневе. На стагоддзе з дня народзінаў (2016) у Вішневе адкрыўся музей святара.

2018 год. Цунамі ў Зондскім праліве стала адным з самых разбуральных у гісторыі Інданезіі.  

Цунамі абрынулася на абодва бакі Зондскага праліва, як мяркуюць, яно было выклікана вывяржэннем вулкана Анак Кракатау. Загінула, па меншай меры 429 чалавек, больш за 1400 былі паранены.

На думку навукоўцаў, абвалілася падводная частка вулканічнага конусу, гэта і выклікала магутную хвалю.

Сярод ахвяр апынуліся ўдзельнікі папулярнай у Інданезіі мясцовай групы Seventeen. Хвалі накрылі музыкаў і іх гледачоў проста падчас выступу ў курортным горадзе Танджунг-Лесунг.