Дзень у гісторыі. 14 чэрвеня. Дэпартацыя прыбалтаў. Катастрофа Іл-103. Нарадзіліся М. Доўнар-Запольскі, М. Забэйда-Суміцкі, Чэ Гевара.

Сусветны дзень донара крыві (World Blood Donor Day, з 2005 года).

Устаноўлены Сусветнай асамблеяй аховы здароўя ў гонар дня нараджэння Карла Ландштэйнера (1868-1943) – аўстрыйскага лекара і імунолага, Нобелеўскага лаўрэата, які адкрыў групы крыві ў чалавека.

Слова донар паходзіць ад лацінскага “donare” – “дарыць”.

Сусветны Дзень донара крыві дае магчымасць выказаць удзячнасць людзям, якія добраахвотна здаюць сваю кроў, не атрымліваючы за гэта асаблівай узнагароды, тым, хто робіць гэта на рэгулярнай аснове – два, тры або больш разоў у годзе.

Праблема донарства крыві і яе кампанентаў з’яўляецца адной з найбольш важных для дзяржавы і ключавых для айчыннай аховы здароўя. Ад яе вырашэння залежыць сама магчымасць і якасць аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ў мірны час і ў надзвычайных сітуацыях.

Дарослы чалавек без небяспекі для свайго жыцця можа страціць каля літра крыві. На станцыі пералівання крыві бяруць 400 мл. Гэтая колькасць крыві аднаўляецца арганізмам вельмі хутка. Заадно атрымліваюць магутны стымул да працы эндакрынная і імунная сістэмы арганізма.

Заўважана, што людзі, якія доўга здаюць кроў, не схільныя прастудным захворванням і грыпу, радзей пакутуюць анкалагічнымі і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Дабратворна ўплывае донарства і на псіхічнае здароўе чалавека.

1792 год. Наданне каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім герба Барысаву.

У сучаснай Беларусі гістарычны герб Барысава атрымаў афіцыйны статус 29 студзеня 1999 года.

 “У сярэбраным полі барочнага шчыта на зялёнай зямлі сярэбраная сцяна паміж дзвюма вежамі з чырвонымі купаламі, над якою на сярэбраным воблаку стаіць Святы Пётр з двума ключамі ў руцэ”.

1867 год. Нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867-1934)

Беларускі гісторык, этнограф, эканаміст, прафесар шэрагу ВНУ Украіны, Азербайджана, Расіі, Беларусі, у тым ліку БДУ.

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі, Літвы і Беларусі, па этнаграфіі Беларусі.

Актыўна падтрымліваў БНР. Сустваральнік Археаграфічнай камісіі Інбелкульту. Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 годзе па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней – на англійскай мове. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы.

Аўтар забароненай кнігі «Гісторыя Беларусі». Разбіў погляд на беларусаў як на народ, пазбаўлены нацыянальнасці.

Памёр 30 верасня 1934 года.

Межы БНР і этнічная тэрыторыя беларусаў на падставе прац М. Доўнар-Запольскага і Я. Карскага.

1900 год. Нарадзіўся Міхась Забэйда-Суміцкі (1900-1981).

Беларускі спявак, педагог.

Кар’еру пачаў у Харбінскай оперы. Выступаў у Міланскай оперы, «Ла Скала», актыўна гастраляваў па гарадах Заходняй Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхаславакіі, Германіі.

Не жадаў называць сябе вялікім польскім спеваком, прызнаючы толькі адно сваё права – звацца беларускім.

Запісаў грампласцінкі з апрацоўкамі беларускіх народных песень. У 1963 годзе даў аншлагавыя канцэрты ў шматлікіх гарадах БССР, у тым ліку Магілеве.

Памёр 21 снежня 1981 года ў Празе. Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках.

У гонар Забэйды-Суміцкага названа вуліца ў Маладзечне. 

1903 год. Памёр Ян Карловіч (1836-1903).

Беларускі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнаўца.

Займаўся гісторыяй і музыкай у Парыжы, Гайдэльбергу, Бруселі. 

Аўтар этнаграфічных даследаванняў, сабраў і апублікаваў некалькі сотняў беларускіх і літоўскіх паданняў, казак, песень.

Супрацоўнічаў з Міхалам Федароўскім, аўтарам шматтомнай працы «Люд беларускі». Сябраваў з Аляксандрам Ельскім і Францішкам Багушэвічам.

1928 год. Нарадзіўся Чэ Гевара (1928-1967).

Лацінаамерыканскі рэвалюцыянер, удзельнік рэвалюцыйна-вызваленчай вайны на Кубе, падарожнік па краінах Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Азіі, Еўропы, сусветны кумір “бунтарскай моладзі”.

Расстраляны 9 кастрычніка 1967 года «рэйнджэрамі» ў Балівіі. Яго цела з адрэзанымі рукамі было выстаўлена на ўсеагульны агляд.

У 1997 годзе прах Чэ Гевары перавезены з Балівіі на Кубу і пахаваны ў маўзалеі г. Санта-Клара. 

1937 год. У  Маскве арыштаваны Мікалай Галадзед (1894-1937).

Беларускі палітычны дзеяч, трэці па ліку старшыня СНК БССР (1927-1937).

На пачатку 1920-х гадоў – старшыня Горацкага выканкама, член бюро па першаму ўзбуйненню тэрыторыі БССР.

Прычыніўся да рэпрэсій акадэмікаў В. Ластоўскага, У. Пічэты, Я. Лёсіка, С. Некрашэвіча, Г. Гарэцкага, А. Дубаха.

У 1933 годзе быў членам Палітычнай камісіі для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правіл беларускай мовы.

Паводле афіцыйнай версіі, выкінуўся з акна 5-га паверха ў часе допытаў у будынку НКУС БССР. Па неафіцыйных звестках, быў забіты 21 чэрвеня 1937 года, а потым супрацоўнікі дзяржбяспекі інсцэнавалі самагубства. Або  расстраляны. 

1941 год. Пачалася дэпартацыя грамадзян Латвіі, Літвы і Эстоніі ў аддаленыя рэгіёны Расіі.

17 ліпеня 1940 года Латвія, Літва, Эстонія згодна з Пактам Молатава-Рыбентропа былі ўключаны ў склад СССР. 

У ноч з 13 на 14 чэрвеня 1941 года было запушчана даўно запланаванае дзеянне, якое праводзілася савецкай сакрэтнай службай НКУС, мэтай якой было ачысціць прыбалтыйскую прастору ад актыўных антысавецкіх сіл. На працягу тыдня органы НКУС арыштавалі або выслалі каля 34 000 мужчын, жанчын і дзяцей (часта цэлымі сем’ямі) з Літвы, 15 500 з Латвіі (з якіх 2400 дзяцей ва ўзросце да дзесяці гадоў) і 10 000 з Эстоніі.

Агульны лік ахвяр усіх відаў савецкіх рэпрэсій (агульная сітуацыя ў дэталях адрознівалася ў кожнай краіне) у 1940-1941 гады ацэньваецца ў 34 000 чалавек у Латвіі, 60 000 – у Эстоніі і 75 000 – у Літве.

На сёння ў Эстоніі, Латвіі і Літве дзень 14 чэрвеня абвешчаны Днём нацыянальнай жалобы.

1951 год. Нарадзіўся Міхаіл Кучарэнка.

Шклоўскі грамадкі актывіст, краязнавец, намеснік старшыні Шклоўскага аддзялення таварыства аховы помнікаў і культуры, армейскі падпалкоўнік.

Даследык паганскіх капішчў, старажытнага Шклова.

Яго намаганнямі знойдзены і перанесены на пляцоўку каля Спаса-Праабражэнскай царквы Шклова каменны крыж.

Спаса-Праабражэнская царква, Шклоў.

2015 год. Катастрофа Іл-103 пад Брэстам.

Катастрофа адбылася падчас выканання экіпажам самалёта «Беллесавія» вучэбнага задання. Загінулі абодва члены экіпажа.

У выніку расследавання выяўлена, што ў самалёта адмовіў рухавік.

Дзень у гісторыі. 7 чэрвеня. Закладзены Тадж-Махал, Наваполацк. Гібель Порт-Раяля. Нарадзіліся дзеяч БНР В. Іваноўскі, гісторык П. Дзмітрачкоў, бард С. Кулягін.

1492 год. Памёр Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Бацька 13 дзяцей. Пры ім дзяржава “прырасла” землямі ў выніку разгрома крыжакоў у трынаццацігадовай вайне, Тэўтонскі ордэн стаў васалам.

Ім аказвалася матэрыяльная дапамога студэнтам з дзяржаўнага скарбу, выдадзены першы Судзебнік, ліквідаваны ўдзельныя княствы (1471), пакладзены пачатак палітычнага панавання шляхецкага стану.

1630 год. Закладзены маўзалей Тадж-Махал.

Закладзены ў Агры – тагачаснай сталіцы індыйскай імперыі Вялікіх Маголаў у памяць аб гібелі падчас родаў (нараджала 14-е дзіця) Арджуманд Бану, якая пры каранацыі атрымала імя Мумтаз-Махал, або “Абранніца Палаца” – каханай жонкі імператара Шах-Джахана.

Будаўніцтва працягвалася 22 гады і было скончана ў 1652 годзе.

Аўтарам праекту шэдэўра сусветнай архітэктуры быў сам Шах-Джахан, галоўным архітэктарам  – Устад-Іса. На будоўлі бралі ўдзел больш за 20 000 чалавек, акрамя індыйскіх майстроў, удзельнічалі лепшыя дойліды з Персіі, Малой Азіі, Самарканда, Венецыі.

Тадж-Махал поўнасцю пабудаваны з белага мармуру. Яго архітэктурны дызайн заснаваны на араба-мусульманскай канцэпцыі абсалютнай сіметрыі, дзе кожны элемент гарманічна ўпісваецца ў галоўную структуру збудавання. Будынак стаіць на высокай квадратнай платформе. Галоўны купал падымаецца на 64 м і акружаны чатырма малымі купаламі. Усю кампазіцыю завяршаюць чатыры мінарэты. Знутры і звонку маўзалей упрыгожаны цудоўным раслінным арнаментам, а скляпеністыя пераходы – арабскай вяззю, якая захавала ў камені тэксты некаторых сур з Карана.

Архітэктурны ансамбль маўзалея ўключае таксама мячэць, гасцявы дом і парк.

1692 год. У 11:43 хвіліны ўсе прыродныя стыхіі абрынуліся разам на Порт-Раяль, горад-сталіцу на Ямайцы.

Бязлітасныя піраты, куфры са скарбамі, караблі пад пірацкімі сцягамі, пах пораху, разбой, п’янлівы смак рому – усё гэта знакамітая пірацкая сталіца – Порт-Раяль. 

І вось Усявышні вырашыў пакараць жыхароў Порт-Раяля за разгул і бясчынствы. Землятрус практычна цалкам разбурыў 10-тысячны горад з некалькімі цэрквамі, чатырма рынкамі, сінагогай, каралеўскімі пакгаўзамі, складамі, з больш за сотню корчмамі, звярынцам, ваеннымі пляцамі і мастамі, а затым 2/3 гарады затапіў акіян. 

Хваля цунамі разам з апоўзнямі змыла ў мора большую частку горада з 5 000 жыхарамі. У гавані Порт-Раяля затанула каля 50 караблёў, 1800 гарадскіх будынкаў было разбурана.

Порт-Раяль быў хутка адбудаваны нанова. Але яго быццам хтосьці пракляў: праз 11 гадоў амаль усе пабудовы ў горадзе знішчыў моцны пажар, а “дабілі” пірацкую сталіцу ўраганы.

1825 год. Нарадзіўся Эдвард Паўловіч (1825-1909).

Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.

Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў падчас падарожжа па Еўропе. 

Аўтар кнігі “Некалькі словаў літвіна”, у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне. Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу. 

Удзельнік паўстання 1863 года. 

Памёр 10 лютага 1909 года ў Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.

Э. Паўлоўскі. Траецкі касцёл у Ішкалдзі. 1848

1880 год. Нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі (1880-1943).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе праводзіў  доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902),  член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.

Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906), кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільне. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.

Удзельнік Усебеларускага з’езда (1917),  міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918), упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР. Пашыраў сетку беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педінстытутам, загадваў кафедрай тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў Варшаўскай політэхнікі, кафедрай хімічнай тэхналогіі Віленскага універсітэта (1940-1941).

Падчас вайны кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні, быў бургамістрам Мінска (1942-1943), намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай. У Вільні дапамагаў у выратаванні габрэяў.

Даследваў праблемы перапрацоўкі садавіны і гародніны, пякарства, спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва, ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў і іншыя.

Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

1908 год. Нарадзіўся Уладзімір Галубовіч (1908-1962).

Беларускі і польскі археолаг, этнограф, тапаніміст.

У 1935-1939 гадах вёў раскопкі на тэрыторыі Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў. Склаў археалагічныя карты даследаваных тэрыторый. Вывучаў старажытныя Вільню, Мінск, Гродна. Працаваў ў Вільні, у Інстытуце гісторыі АН БССР, Торуньскім і Уроцлаўскім універсітэтах.

Памёр 7 красавіка 1962 года ў Стакгольме.

Віленскі ўніверсітэт.

1937 год. У в. Ганаўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Пётр Дзмітрачкоў (1937-2021).

Беларускі гісторык, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута, дэкан геаграфічнага і дэкан гістарычнага факультэтаў МДУ імя А.Куляшова (1975-2005).

Заслужаны работнік адукацыі, уладальнік медаля Ф. Скарыны. 

Даследчык пытанняў зараджэння і развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, этнічнай гісторыі Беларусі.

1958 год. Пачалося будаўніцтва горада Наваполацка.

Пастаўлена першая палатка будаўнікоў будучага Наваполацка. Горад узнік у сувязі з будаўніцтвам нафтаперапрацоўчага завода, спачатку як рабочы пасёлак Полацкі (1959). 

Сучасную назву атрымаў у 1963 годзе. 

Уваходзіў у лік гарадоў-“стотысячнікаў”, але зараз насельніцтва 96,3 тысячы (2023 год).

Працуюць прадпрыемствы нафтахіміі ААТ “Нафтан”, будматэрыялаў, харчовай прамысловасці, ЦЭЦ, трамвай (як і ў Віцебску, Мінску, Мазыры).

1972 год. Нарадзіўся Сяржук Кулягін.

Беларускі журналіст, краязнавец, паэт, бард, уладальнік аграсядзіб.

Сузаснавальнік фестываля “Вялікая бард-рыбалка” (з 2010 года, Чыгірынскае вадасховішча, Быхаўскі раён), член Беларускага геаграфічнага таварыства, клуба аматараў беларускай гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, актыўны дзеяч “Зялёнага турызму”.

1976 год. Памёр Міхась Машара (1902-1976).

Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Мае багатую творчую біяграфію: рэдагаваў у Вільні газету “Наша воля”, працаваў у дзіцячым часопісе “Заранка”, у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”, на радыё.

Аўтар зборнікаў вершаў, паэм, п’ес, раманаў, кнігі ўспамінаў.

Вершы, напісаныя пад час зняволення ў віленскіх Лукішках тайна вынесла і выдала асобным зборнікам “Малюнкі” Зоська Верас.

Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля, “Апавяданні” Г. Сянкевіча, “Уральскія сказы” П. Бажова, “Калевалу” і інш.

Памёр 7 чэрвеня 1976 года.

1998 год. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе перамагла літоўскую каманду 5:0.

Дасягнута самая буйная перамога ў гісторыі беларскага футбола. Гульня адбылася на мінскім стадыёне “Дынама”. Трэнерам быў Г. Кандарацьеў.

А вось 30 сакавіка 2021 года разгромна саступіла Бельгіі (0:8) – набуйнейшае паражэнне у гісторыі зборнай Беларусі.

Дзень у гісторыі. 2 чэрвеня. Магілёўцам вярнулі цэрквы. Заснаваны Байканур. Новачаркаск залілі крывёй. Нарадзіліся Ю. Віцьбіч, Э. Малафееў, К. Карстэн.

Дзень адмовы ад празмернасцяў у ежы. Дзень здаровага харчавання  (A Day of Abandoning Excesses in Food. Day of Healthy Eating, з 2011 года). 

Праводзіцца ў процівагу амерыканскаму святу “Нацыянальны дзень, калі можна есці ўсё, што хочацца”.

Цікавыя факты. 

Па папулярнасці ў свеце сярод прадуктаў на першым месцы знаходзяцца макароны, на другім і трэцім – мяса і рыс.

Здароўе чалавечага арганізма на 74% залежыць ад той ежы, якую ён спажывае.

На планеце толькі 44% жыхароў пры выбары прадуктаў харчавання кіруюцца меркаваннямі здароўя. Астатнія 66% выбіраюць прадукты сыходзячы з іх кошту.

1633 год. Выйшаў загад караля Уладзіслава IV Вазы аб магілёўскіх цэрквах.

Жыхарам Магілёва вярталіся ўсе праваслаўныя цэрквы, якія былі зачынены і  запячатаны ў 1619 годзе. Гэта адбылося пасля паўстання гараджан 1618 года.

Увосень 1618 года ўніяцкі мітрапаліт І. Кунцэвіч пажадаў наведаць Магілёў і абярнуць жыхароў ва ўніяцтва, аднак жыхары горада пры яго набліжэнні сталі біць трывогу ў вечавы звон. Былі зачынены ўсе гарадскія вароты, на сценах і валах былі расстаўлены ўзброеныя людзі. Пасля гэтага ўлады горада разам з натоўпамі народа з харугвамі ў руках выйшлі насустрач Кунцэвічу, пачалі праклінаць яго як вераадступніка і нават пагражалі забіць, калі ён не адыдзе ад Магілёва. Паўстанне ўзначальваў бурмістр Магілёва Багдан (Мірон) Собаль.

Пасля гэтага Кунцэвіч асабіста адправіўся са скаргай у Варшаву да караля Жыгімонта III. Паводле каралеўскага ўніверсала ад 22 сакавіка 1619 года ўсе завадатары паўстання ў ліку 20 чалавек павінны былі быць пакараныя, на горад быў накладзены буйны штраф на карысць казны, а ўсе праваслаўныя цэрквы і манастыры з іх маёнткамі і прыбыткамі былі перададзены ў падпарадкаванне Кунцэвічу. 

Пры гэтым у рашэнні спецыяльна згадана, што справа тычыцца не прыгнёту веры, а бунту і абразы не толькі архімандрыта, але і самога караля. Акрамя таго, 20 лістапада кароль забараніў жыхарам Магілёва будаваць цэрквы без дазволу Кунцэвіча.

Кароль Уладзіслаў IV Ваза.

1792 год. Наданне каралём С. Панятоўскім герба Браславу “Вока Божае”.

У хрысціянскай іканаграфіі вока ў цэнтры сонечных прамянёў або ў трохвугольніку з’яўляецца агульнавядомым сімвалам чароўнай сілы або ж Тройцы.

Вока сімвалізуе назіранне Бога за жыццём і дзеяннямі людзей, трохкутнік – трыадзінства Бога – Айца, Сына і Духа Святога. Сонца з найстаражытнейшых часоў з’яўляецца сімвалам жыцця, агню, які валодае ачышчальнай сілай.

“Вока Божае” на гербе Браслава ў сімвалічнай форме перадае Божую апеку над горадам, захоўвае яго ад усіх бед. Выява чалавечага вока шырока выкарыстоўваецца для ўпрыгажэння алтароў ў храмах і на прадметах культавага прызначэння.

Цяперашні герб зацверджаны 20 студзеня 2006 года. У краязнаўчым музеі Браслава сабраны шматлікія дакументы з выявай гарадскога сімвала. Больш чым за два стагоддзі свайго існавання ізаграфія герба практычна заставалася нязменнай. Герб Браслава адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.

1905 год. Нарадзіўся Юрка Віцьбіч (Стукаліч, Алесь Крыжаніч; сапраўднае імя – Серафім Шчарбакоў; 1905-1975).

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі.

У студзені 1941 года арыштаваны ДПУ. Падчас вайны – член Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, у 1944 годзе выдаў зборнікі публіцыстыкі “Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары”, “Нацыянальныя Сьвятыні”, быў рэдактарам часопіса “Узвышша”.

У 1943 годзе перавёз з Віцебска ў Полацк рэшткі Еўфрасінні Полацкай, якія там знаходзяцца і сёння, спрыяў аднаўленню Полацкай праваслаўнай епархіі. З 1944 года – на эміграцыі.

У 1946 годзе разам з Н. Арсенневай стварыў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”. Рэдагаваў шэраг беларускіх газет, у тым ліку “Беларускае слова”, выступаў на Радыё “Свабода”. Аўтар цікавых гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Святой гары Нёман”. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

Помнік змагарам за свабодную Беларусь у Саўт-Рывер.

1942 год. Нарадзіўся  Эдуард Малафееў

Футбаліст, беларускі і расійскі трэнер па футболу, нападнік зборнай СССР, Заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны трэнер БССР і СССР.

Гулец за маскоўскі “Спартак”, у 1963-1974 – у мінскім “Дынама” (забіў 114 галоў), у 1963-1968 гадах гуляў за зборную СССР. Срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы 1964.

Пасля заканчэння кар’еры перайшоў на трэнерскую працу. У 1978 г. узначаліў мінскае «Дынама», якое прывёў да золата чэмпіянату СССР (1982). Пазней яшчэ два разы вяртаўся ў «Дынама» (1988-1991, 2001-2002).

У 1984-1986 гадах быў галоўным трэнерам зборнай СССР, якая пад яго кіраўніцтвам перамагла ў адборачным турніры да чэмпіянату свету 1986.

Пазней трэніраваў розныя клубы Расіі, Беларусі і Літвы. У 2000-2003 быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі, якую прывёў да лепшага дасягнення (3 месца ў адборачным турніры да чэмпіянату свету 2002).

У снежні 2009 года быў прызначаны галоўным трэнерам салігорскага «Шахцёра». Абяцаў прывесці клуб да залатых медалёў чэмпіянату, але з-за хваробы пакінуў пасаду галоўнага трэнера ўжо ў маі 2010 года.

1955 год. Прынята Пастанова Савета Міністраў “Аб новым палігоне для Міністэрства абароны СССР” – Байканура.

Будаўніцтва касмадрома ішло ў пустыннай казахскай мясцовасці ў рэжыме найстрогай сакрэтнасці. 

У маі 1957 года з палігона быў зроблены першы пуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты Р-7, потым – першы ў гісторыі штучны спадарожнік Зямлі (4 красавіка 1957), першы касмічны карабель з чалавекам на борце (Ю. Гагарын, 12 красавіка 1961). 

З Байканура ляталі ў космас і пяць беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, уключаючы і першую жанчыну-касманаўта В. Церашкову (бацька У. Церашкоў родам з в. Выйлава Бялыніцкага раёна, загінуў на фінскай вайне; маці – А. Церашкова родам з в. Ерамееўшчына Дубровенскага раёна).

1962 год. Падаўлены стыхійны мітынг і дэманстрацыя працоўных Новачаркаска Растоўскай вобласці.

Заліты крывёй з дапамогай войск Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі. Жыхары пратэставалі супраць павышэння коштаў на прадукты харчавання. Падчас вайсковай аперацыі па “навядзенні парадку” былі забітыя 23 чалавекі, каля 40 чалавек атрымалі раненні. Зроблены масавыя арышты. У ходзе судовага разбору над удзельнікамі хваляванняў у Новачаркаску 14 чалавек былі прызнаны арганізатарамі беспарадкаў, 7 чалавек прыгавораны да расстрэлу, астатнія – да заключэння на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.

Як сказана ў пастанове Вярхоўнага Савета Расіі “Аб падзеях у г. Новочеркаску ў чэрвені 1962 года” ад 22 мая 1992 года, “партыйна-савецкімі ўладамі ў г. Новачаркаску была жорстка задушана з ужываннем войскаў мірная дэманстрацыя працоўных, якія патрабавалі паляпшэнні свайго сацыяльна-эканамічнага становішча. Загінулі і атрымалі раненні дзясяткі ні ў чым не вінаватых людзей, у тым ліку жанчыны і дзеці. Многія ўдзельнікі падзей былі падвергнутыя судовай расправе за дзеянні, якія з’явіліся адказам на неправамерныя і правакацыйныя паводзіны ўладаў”.

1970 год. Нарадзіўся Віталь Шкраба (1970-2008).

Беларускі прафесійны баксёр, двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг). Праводзіў баі з многімі вядомымі баксёрамі, у тым ліку  з М. Валуевым і М. Паповым.

17 ліпеня 2008 года знойдзены мёртвым з нажом у грудзях у сваёй кватэры ў Салігорску. Версія следства – самагубства.

1972 год. Нарадзілася Кацярына Карстэн (дзявочае – Хадатовіч).

Беларуская вяслярка ў акадэмічным веславанні, “Кацярына Вялікая беларускага веславання”. Першая двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў алімпійскай камандзе Беларусі (1996, 2000); шасціразовая чэмпіёнка свету. Заслужаны майстар спорту СССР. Першы поўны кавалер ордэна Айчыны (2008). 

У 1998 годзе выйшла замуж за нямецкага бізнесмена В. Карстэна. Жыве ў Германіі.

Падпісала адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе.

2009 год. Зацверджаны герб Лепеля.

Герб «у чырвоным полі Пагоня» дараваны гораду 20 ліпеня 1852 года.

17-тысячны горад згадваецца з 1439 года. Меўся замак, гандлёвы порт. У свой час належыў Л. Сапегу, у 1772-1776 гадах быў сталіцай Полацкага ваяводства. У горадзе працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці, ГЭС.

14 чэрвеня Дзень донара крыві. А, што мы ведаем пра донарства?

Магілёў.media сабраў колькі фактаў пра донарства.

– У маі 2005 года на Сусветнай асамблеі міністры ў ахове здароўя прынялі заяву аб падтрымцы добраахвотнага донарства крыві. Яны пастанавілі штогод адзначаць Сусветны дзень донара крыві 14 чэрвеня.

– Сённяшні дзень донары і персанал станцыяў пералівання крыві адзначаюць пад пад дэвізам «Донарства крыві – акт салідарнасці. Станьма донарам і выратума жыццё».

Важнасць донарства неаспрэчная. 

– Траціна чалавецтва хоць раз у жыцці мела патрэбу ў донарскай крыві. Бальшыня хірургічных аперацыяў не абыходзяцца без такога патрэбнага кампаненту. Важна, каб у лякарні ўвесь час былі не зніжальныя запасы кампанентаў крыві і лекавых сродкаў, з якіх яны атрымліваюцца.

bsut.by

У Беларусі больш за 100 тысяч донараў крыві на 9 349 645 насельніцтва. У Польшчы, да прыкладу, 570 077 донараў на 38 179 800 грамадзянаў.

– Донарам можа быць не кожны, а толькі здаровы чалавек ад 18 да 60 гадоў.

– Кожны раз, калі донар здае кроў, ён старанна абследуюцца, што выключае прычыненне шкоды здароўю самога донара і рызыка перадачы інфекцыяў пацыенту.

Адначасова тое з’яўляецца матывацыяй донару весці здаровую выяву жыцця.

– Па дадзеных аховы здароўя донар, які рэгулярна здае кроў, жыве ў сярэднім на 5 гадоў даўжэй, паколькі амалоджваецца арганізм. Кожная данацыя – гэта пачуццё самасцвярджэння і маральнага задавальнення, павышэння стрэсаўстойлівасці. Нездарма гавораць здаровы як донар.

– Больш за 67 тысяч беларускіх донараў узнагароджаныя знакам «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусі». Каб стаць ганаровым донарам трэба: 

– бясплатна здаць кроў не менш за 20 данацыяў(разоў);

– бясплатна здаць плазму, трамбацыты не менш за 40 данацыяў;

– за ўзнагароджанне здаць кроў не менш за 40 данацыяў;

– за ўзнагароджанне здаць плазму, трамбацыты не менш за 80 данацыяў.

bsut.by

Ганаровы донар мае:

– на пазачарговае абслугоўванне ў дзяржаўных установах аховы здароўя;

– па выхадзе на пенсію аказанне медычнай дапамогі ў ведамасных арганізацыях аховы здароўя, у якіх яны абслугоўваліся да выхаду на пенсію;

– на працоўны водпуск у летні або іншы зручны час;

– на першачарговае набыццё білетаў на чыгуначны, паветраны, водны, аўтамабільны транспарт;

– на павышэнне пенсіі па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб пенсіённым забеспячэнні.

 – Да 2007 году ганаровыя донары маглі разлічваць на зубапратэзаванне, санаторна-курортнае лячэнне, 50-адсоткавую аплата кошту лекаў і 40-адсоткавую прыбаўка да пенсіі.

Тады Палата прадстаўнікоў ухваліла Закон аб адмене бальшыні льготаў, у тым ліку студэнтам, пенсіянерам ды ліквідатарам Чарнобыльскае катастрофы. Супраць прагаласавала толькі «дэпутатка» Вольга Абрамава. 28 траўня гэты Закон ухваліў «савет рэспублікі». Гэты закон пазбавіў льгот і прэферэнцыяў і донараў.