Весткі з палёў – злівалі паліва, кралі камбікорм, а дырэктар калгаса завышаў справаздачы

60-гадовы кіраўнік калгаса ў Чавускім раёне даваў даручэнні сваім падначаленым аб унясенні несапраўднай інфармацыі ў справаздачы. У выніку яго непрафесійнай дзейнасці, як мяркуюць следчыя органы, калгас пазбавіўся каля 50 скацін на агульную суму больш 23 тысяч рублёў, гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канал «МВД Беларуси».

У Шклоўскім раёне супрацоўнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў выносіў з фермы камбікорм і ўгнаенні, а тры яго хаўруснікі дапамагалі вывезці іх на машыне і прадаць фермеру з Брэсцкай вобласці. Усяго было складзена больш за 3,5 тоны камбікармоў і каля 600 літраў угнаенняў.

У Магілёўскім раёне, каля вёскі Забор’е, падчас міліцэйскага рэйда быў выяўлены факт змовы чатырох супрацоўнікаў аднаго з сельгаспрадпрыемстваў. Яны злілі са сваіх адзінак тэхнікі – аўтамабіля, трактара і камбайна – 230 літраў паліва і прадалі жыхару Магілёва, піша «Прыдняпроўская ніва.

Два жыхары Горацкага раёна злавілі злодзея – ён паспеў абнесці вясковую краму

Аляксандр Міхайлоўскі і Аляксандр Ляўтко праходзілі міма сельскага магазіна ў роднай вёсцы Копцеўка, калі заўважылі, што адно з вокан узламанае. Пашкоджанымі былі рашотка і шклопакет. 

Неўзабаве, побач з крамай два Аляксандры пабачылі незнаёмага нецвярозага мужчыну. Пры сабе ў яго былі і скрадзеныя ў краме тавары – паведамляе  Магілёўскае абласное Упраўленне ўнутраных спраў. 

Жыхары Копцеўкі на месцы затрымалі падазроную асобу і выклікалі міліцыю. Віна затрыманага была ўстаноўленая ў ходзе далейшых следчых мерапрыемстваў, а пільныя сяльчане атрымалі падзякі і каштоўныя падарункі.

1,5 тоны сыру скраў жыхар Воршы, пакуль кіроўца фуры спаў у кабіне. Прадукт чакалі ў Расіі

Зламыснік затрыманы і яму пагражае да сямі гадоў калоніі.

Паводле намесніка начальніка Магілёўскага міжраённага аддзелу Следчага камітэту Аляксандра Карасёва гісторыя з крадзяжом адбылася на запраўцы. Сыр пацярпелы вёз у Расію.

Яго зламыснік перанёс у сваю машыну за некалькі гадзінаў. Пра крадзеж двух паддонаў тавару на суму 14,7 тысяч рублёў кіровец даведаўся ранкам.

Як піша газета «Прыдняпроўская ніва» злодзей затрыманы. Яму 31 год. Невялікую частку скрадзенага ён паспеў прадаць. Мужчыне інкрымінаваны крадзеж у буйным памеры. Ён пад вартай. Яму пагражае да сямі гадоў калоніі.