18 ліпеня ў гісторыі. Пажар ў Рыме. Уцёкі польскага караля. Перамога Т. Касцюшкі. Путч у Іспаніі. Нараджэнне беларуса «Mr. Nyet», Intel.

64 год. У ноч з 18 на 19 ліпеня, пачаўся жудасны пажар у Рыме.

За тыдзень пажару з 14 раёнаў выгарэла ўшчэнт 4, большай часткай – 7. Мноства цудоўных храмаў, палацаў і грамадскіх збудаванняў ператварылася ў руіны, сотні гараджан загінулі, паўсюль панавала паніка.

Нарадзіліся чуткі, што Рым падпалены па загадзе імператара Нерона, які задумаў “расчысціць” сталіцу для далейшай грандыёзнай перабудовы. Сам Нерон апрануты ў тэатральны касцюм назіраў за пажарам, граў на ліры і дэкламаваў паэму аб гібелі Троі. 

Нерон абвінаваціў у пажары хрысціянскую абшчыну, справакаваўшы, такім чынам, першыя ў Рымскай імперыі ганення на хрысціян.

1574 год. Пабыўшы крыху больш за год польскім каралём і Вялікім князем ВКЛ, Генрых III Валуа ўцёк на радзіму і заняў французскі трон.

Каралём Францыі ён зрабіў занадта шмат саступак пратэстантам і праз 15 гадоў быў зарэзаны манахам-фанатыкам. Смерць нялюбага караля парыжане адсвяткавалі масавымі гуляннямі, а каталіцкія цэрквы – падзячнымі імшамі. 

1613 год. Памёр Іпацій (Адам) Пацей (1541-1613).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік, фундатар школ.

Прамовы вёў у асноўным на беларускай мове. Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць.

Першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.

1792 год. Армія ВКЛ на чале з Т. Касцюшкам разбіла расійскае войска М. Кахоўскага пад Дубенкай.

Касцюшка адбіў атаку праціўніка, які колькасна пераўзыходзіў яго, умела выкарыстоўваючы перашкоды мясцовасці і палявыя ўмацаванні. Маючы толькі 5 300 жаўнераў ён перамог 25 000 рускіх. Перамога паказала геніальнасць Касцюшкі.

1903 год. У Магілёве ўрачыста закладзены Трохсвяціцельскі храм.

Храм у імя Трох Свяціцеляў праваслаўнай царквы Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Залатавуста. Архітэктар П.Калнін.

Будаўніцтва было скончана ў 1914 годзе.

Храм, пабудаваны ў формах рускай архітэктуры, мае ў плане форму крыжа і ўвянчаны сямю купаламі, над уваходам – званіца.

У час знаходжання ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага сабор часта наведваў расійскі імператар Мікалай II.

З невялікімі перапынкамі царква дзейнічала да 1959 года. У 1961 годзе зачынена і апаганена, будынак быў аддадзены пад клуб завода «Строммашына». Тады ж была знесена званіца, а з будынка знялі купалы і крыжы. Амаль праз 30 гадоў будынак вярнулі вернікам, 25 снежня 1989 года храм зноў быў асвечаны і пачаў дзейнічаць.

1909 год. У в. Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна нарадзіўся Андрэй Грамыка (1909-1989).

Савецкі дзяржаўны дзеяч, доктар эканамічных навук, дыпламат. Двойчы Герой Сацыялістычнай працы, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Ад імя СССР паставіў подпісы пры стварэнні ААН, зацвярджэнні Статута ААН. Кіраўнік дэлегацыі СССР на 22-х сесіях Генеральнай Асамблеі ААН, міністр замежных спраў СССР (1957-1985).

На Захадзе Грамыка атрымаў мянушку «Mr. Nyet» (Містар «Не») за своеасаблівы стыль вядзення перамоў. Грамыка вёў савецка-амерыканскія перамовы падчас Карыбскага крызісу, прадухіліў вайну паміж Індыяй і Пакістанам у 1966 годзе.

Памяць ўшанавана ў Гомелі (бюст, сквер), г. Ветка (вуліца, СШ № 1, помнік).

Памёр 2 ліпеня 1989 года.

1936 год. Адбыўся ваенны путч у Іспаніі. Пачалася грамадзянская вайна.

Вайна (ліпень 1936 – красавік 1939) паміж рэспубліканцамі і дыктатурай Франка. У ёй прымалі ўдзел на баку рэспубліканаў некалькі соцень беларусаў з 2 100 савецкіх “дабраахвотнікаў”.

Першымі Героямі Савецкага Саюза – беларусамі ў 1936 годзе сталі менавіта ўдзельнікі гэтай вайны Мікалай Сяліцкі і Павел Купрыянаў, першым Двойчы Героем у СССР стаў удзельнік вайны ў Іспаніі беларус Сяргей Грыцавец.

1939 год. Нарадзіўся Генадзь Шутаў (1939-2017).

Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, старшыня Віцебскай суполкі мастакоў.

Яго творы знаходзяцца ў калекцыях як Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, так і самых вялікіх і прадстаўнічых сусветных музеяў, такіх як The Metropolitan Museum of Art у Нью-Ёрку, Траццякоўская галерэя ў Маскве.

1943 год. У баі з карнікамі ў Бялыніцкім раёне загінуў 17-гадовы Леанід Лорчанка (1925-1943).

Падпольшчык і партызан 600-га партызанскага атрада.

Нарадзіўся ў Магілёве.

Падарваў 2 чыгуначныя масты і варожы эшалон.

У ліпені 1943 года яго атрад адбіваў атакі карнікаў. 18 ліпеня каля в. Антонава Буда Бялыніцкага раёна група прыкрыцця, у якую быў уключаны Лорчанка, уступіла ў бой з колькасна праўзыходным праціўнікам. Пасля таго, як скончыліся боепрыпасы, пакінуты адзін у жывых Леанід з апошняй супрацьтанкавай гранатай кінуўся ў гушчу войскаў суперніка.

Герой Савецкага Саюза (1965). У яго гонар у Бялынічах названы вуліца, школа, у Магілёве ўсталявана мемарыяльная дошка.

1968 год. У ЗША зарэгістравана кампанія  “NM Electronics”.

Хутка перайменавана ў Intel. Кампанія – сусветны лідар вытворчасці працэсараў, чыпсетаў, паўправадніковых кампанентаў, сецевага абсталявання.

Кантралюе 75% рынку. Працуе больш за 110 000 чалавек. У 2022 годзе Intel набыла ізраільскага вытворцу чыпаў Tower Semiconductor.

1974 год. У польскім мястэчку Канстанцінаў уведзена ў строй самае высокае ў свеце збудаванне ХХ стагоддзя — мачта Варшаўскага радыё.  

Яе вышыня дасягла 646,38 м. Нажаль мачта вагой 420 (іншыя даныя – 550 тон) абрынулася 8 жніўня 1991 года пад час правядзення рамонтных работ пры парывах моцнага ветру. Нават на сёння толькі два збудаванні большыя за Варшаўскую мачту: Бурдж-Халіфа (828 м, Дубай) і Merdeka 118 (678,9 м, Малайзія).

1979 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва прысвоена І.Д. Краснаштанаву (1900-1983).

Савецкі военачальнік, генерал-лейтэнант. Двойчы прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза.

У 1927-1932 гадах служыў у пагранатрадах у БССР.

Камандаваў 238-й стралковай дывізіяй, якая 27 верасня 1943 года вызваліла Клімавічы, у чэрвені 1944 года прымала ўдзел у вызваленні Магілёва, Шклова, Быхава.

Удзельнік Парада Перамогі.

Магілёўскі «Днепр» разгромна прайграў «Шахцёру». Трэнер: «Жахлівы дзень для магілёўскага футбола»

0:7 – такі лік магілёўскі стадыён «Спартак» бадай і не ўзгадае. Каманда Юрыя Лукашова можа супакойваць сябе толькі тым, што прайгралі дзейснаму чэмпіёну краіны, камандзе, якая ідзе на другім радку турнірнай табліцы. Але пры гэтым салігорскі «Шахцёр» ганебна вылецеў з еўракубкаў – тыдзень таму іх з трэцяга раўнда кваліфікацыі Лігі канферэнцый выбіў сціплы румынскі «Клуж».

Салігорскі клуб здолеў вярнуць сабе баявы настрой, а магілёўскі – атрымаў гучную аплявуху пасля валявой перамогі над бабруйскай «Белшынай» у мінулым туры. Тады канчатковы лік 4:3 на карысць «Дняпра» быў усталяваны на апошняй хвіліне.

Сем удараў – сем галоў

«Калі верыць статыстыцы – піша адзін з заўзятараў на старонцы клуба ў VK – то было зроблена 7 удараў у створ варот. Цікава, калі паставіць мех бульбы, то «Шахцёр» перамог бы з лікам 6:0 пры такой колькасці ўдараў?»

Наведнікі гульні, якія сачылі за матчам на стадыёне, у адзін голас вінавацяць варатара каманды, Пяцігорца, якога тут жа паспелі празваць «Сямігольцам».

«Колькі яшчэ гэтае… (адрэдагавана) будзе стаяць у браме? У гэтым матчы як мінімум яго тры галы. З «Белшынай» два як мінімум варатарскіх. – піша іншы карыстальнік форума – Увесь матч маўчыць, хоць бы абароне нешта падказаў.

Іншыя ставяць у віну памылкі трэнера.

«Вось я быў на матчы. Трэнер проста… (адрэдагавана) назіраў за гульнёй. У «Шахцёра» два высокіх абаронцы, а мы ім – пастаянныя навесы. Незразумела, чаму».

Не здымае з сябе віны і сам галоўны трэнер «Дняпра» Юрый Лукашоў.

Галоўны трэнер: «Магчыма, я недзе паспяшаўся з заменамі»

sun9-69.userapi.com

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі Юрый Лукашоў разгромную паразу “Дняпра” назваў “кашмарным днём для ўсяго магілёўскага футбола ў цэлым і для мяне ў прыватнасці”. 

 “Каментаваць тут асабліва няма чаго, – адзначыў ён. – Не думаю, што мы заслугоўвалі такога рахунку па гульні. Сёння зрабілі вельмі шмат памылак, якія сапернік не дараваў. Магчыма, я недзе паспяшаўся з заменамі. Таму што многія не ўзмацнілі гульню, а толькі аслабілі яе. Хаця хацелася асвяжыць, але атрымалася наадварот”.

 Юрый Лукашоў узначаліў каманду роўна месяц таму – пра гэта пісала Магілёў.media. З ім каманда ўжо двойчы вылятала з вышэйшай лігі, а ў гэтым годзе ў каманды і яе кіраўніка ёсць усе шанцы на «хет-трык» – «Днепр» замыкае турнірную табліцу з 9 баламі пасля 17 гульняў.

Наступны свой паядынак каманда Юрыя Лукашова праводзіць з яшчэ адным лідарам чэмпіянату. 21 жніўня магілёўцаў будзе прымаць барысаўскі БАТЭ.