Але да ацяпляльных сістэм нельга падпускаць дзяцей, а паветра з канвектараў можа награвацца да 130°С.
“Ад гарачыні плавяцца разеткі” – пісалі mogilev.media пра праблему з ацяпленнем у новых электрадамах мікрараёна “Талісман” у Магілёве. У мінулую суботу па гэтай тэме была створана спецыяльная камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі арганізацыі-забудоўшчыка, генпадрадчыка, пастаўшчыка абсталявання.
Нагадаем, праблема заключаецца ў тым, што паветра з абагравальніка-канвектара награваецца вышэй за 100 градусаў. З-за гэтага жыхары дамоў у мікрараёне “Талісман” скардзяцца, што ў кватэрах ідзе дым з разетак, а фіранкі могуць у любы момант загарэцца. Камісія з чыноўнікаў правяла на гэты конт эксперымент, спецыяльна накрыўшы канвектар цюлем і ручніком, што катэгарычна забараняецца. Аказалася, што пры дасягненні максімальнай тэмпературы канвекцыя паветра ў электрапрыборы аўтаматычна спыняецца, а сам канвектар адключаецца – піша тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад”.
Прадстаўнікі камісіі адзначаюць, што паводле тэхнічных характарыстык дапускаецца, каб тэмпература паветра, што выходзіць з канвектара, дасягала 130°С. Таксама ў мэтах бяспекі забараняецца падпускаць да канвектара дзяцей, і зноў жа – трымаць блізка прадметы, якія лёгка загараюцца.
Атрымліваецца, што новыя электрадамы абсталяваныя сістэмамі ацяплення, патэнцыйна небяспечнымі для людзей, эксплуатацыя якіх патрабуе асаблівай увагі для жыльцоў новых электрадамоў. Можна меркаваць, што калі ў такім электрадоме гаспадары кватэры паставяць яшчэ і антымаскітную сетку на свае пластыкавыя вокны, жыццё дзіцёнка ў хаце паратворыцца ў сапраўдны квест на выжыванне.
Фота: mogilev.media