У Магілёве жанчына адсудзіла 8 тысяч рублёў за зламаную ў аўтобусе руку сваёй дачкі

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва спагнаў 8 тысяч рублёў з транспартага прадпрыемства “Магілёўаблаўтатранс” – кампенсацыю за маральную шкоду, прычыненую здароўю дзіцяці. Праўда, гэта ў пяць разоў меней чым складала першапачатковая сума пазовы.

21 лістапада 2022 года падчас паездкі ў аўтобусе 11-гадовай дзяўчынцы заціснула правую руку паміж дзвярыма і поручнем. У той жа дзень ёй аказалі медыцынскую дапамогу ў сувязі з закрытым пераломам правай прамянёвай косткі.

Маці дзяўчынкі падала пазоў з патрабаваннем спагнаць з Магілёўаблаўтатранса на карысць дзіцяці 50 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Але суд задаволіў патрабаванні толькі часткова, бо спагнана з транспартага прадпрыемства сума ў памеры васьмі тысяч рублёў. 

Суд улічыў, што шкода дзіцяці прычыненая крыніцай падвышанай небяспекі, але сума кампенсацыі вызначалася зыходзячы з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці. Апеляцыйная скарга, пададзеная “Магілёўаблаўтатрансам”, была пакінутая без задавальнення, рашэнне суда ўжо набыло моц – паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Фота ілюстрацыйнае

Ліквідуюць яшчэ адно грамадскае аб’яднанне – таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

10 студзеня ў Вярхоўным судзе Беларусі пройдзе суд аб ліквідацыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Пазоў на разбіральніцтва падало Міністэрства юстыцыі, працэс будзе весці суддзя Кацярына Якутовіч.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры было створана 19 чэрвеня 1965 году пастановай Цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі Беларусі і Савета Міністраў БССР. 

Першы ўстаноўчы з’езд адбыўся ў снежні 1966 года, які прыняў Статут Таварыства і абраў огран кіравання. Кіраўнікамі таварыства ў розныя гады працавалі: І. Клімаў (1966-1977), Н. Сняжкова (1977-1986), Н. Мазай (1986-1995), М. Дзямчук (1995-1997), С. Марцалеў (1997-2007). 

З 2007 года старшынёй арганізацыі з’яўляецца гісторык-этнолаг і культуролаг Антон Астаповіч – ураджэнец Асіповіч. Сярод тых, хто працаваў у якасці намесніка старшыні быў ураджэнец Мсціслава доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў.

Таварыства спачатку дзейнічала як дзяржаўна-грамадская інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і фонд, які фінансаваў рэстаўрацыю шматлікіх помнікаў, у тым ліку Сафійскага сабора ў Полацку, кальвінісцкіх сакральных будынкаў у Заслаўі і Смаргоні.

У далейшым таварыства стала поўнасцю незалежным ад дзяржавы аб’яднаннем. Яно, у прыватнасці, змагалася супраць зносу розных гістарычных аб’ектаў і выказвала прапановы па іх уключэнні ў спіс культурных каштоўнасцей. 

Антон Астаповіч