У Гаазе ствараецца цэнтр па расследаванні ўварвання Расіі ва Украіну

Міжнародны офіс па расследаванні ўварвання Расіі ва Украіну адкрыўся сёння, 3 ліпеня, у Гаазе. Гэта першы крок да трыбуналу над маскоўскім рэжымам паведамляе The Guardian.

У Міжнародны цэнтр судовага пераследу за злачынства агрэсіі ўваходзяць пракуроры з Кіева, ЕС, ЗША і Міжнароднага крымінальнага суда.

Цэнтр правядзе расследаванне і збярэ доказы як прамежкавы крок перад стварэннем спецыяльнага трыбунала, які прыцягне да адказнасці крэмлёўскіх чыноўнікаў за развязванне вайны супраць Украіны.

Высокапастаўленыя чыноўнікі правядуць прэс-канферэнцыю ў штаб-кватэры судовага агенцтва ЕС Еўраюст.

Сярод іх генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін, пракурор Міжнароднпга крымінальнага суда Карым Хан, памочнік генеральнага пракурора ЗША Кенэт Палітэ і камісар ЕС па пытаннях юстыцыі Дзідзье Рэйндэрс.

Фота з адкрытых крыніц 

Мядзведзеў пагражае ракетным ударам па суду ў Гаазе

Намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў у тэлеграм-канале паведамленне з пагрозай прымяніць кропкавы ўдар гіпергукавой ракеты па будынку суда ў Гаазе ў адказ на выдачу міжнародным судом ордэра на арышт Пуціна.

Па словах Мядзведзева, Міжнародны крымінальны суд дарэмна “паднімае руку на найбуйнейшую ядзерную дзяржаву”. І далей ён празрыста намякнуў, што адна з гіпергукавых ракет Расіі можа кропкава ўдарыць па будынку суда ў Гаазе.

– Суддзі МУС раздухарыліся дарма. Глядзіце, маўляў, мы адважныя, не аб…ся падняць руку на найбуйную ядзерную дзяржаву. Нажаль, спадары, усе ходзяць пад Богам і ракетамі. – напісаў у сваім канале Дзмітрый Мядзведзеў.

У Гаазе пачаўся падлік рэпарацый, якія выплаціць Расія за напад на Ўкраіну

У Гаазе па рашэнню ўрада Нідэрландаў створаны міжнародны рэестр страт Украіны з-за агрэсіі Расіі. Гэта канкрэтны крок для стварэння наднацыянальнага механізма ўзыскання рэпарацый з Расіі. 

Міжнародны рэестр страт у Гаазе – міжнародная арганізацыя, якая будзе займацца падлікам кампенсацый Расіяй за страты, якая выклікала і працягвае выклікаць яе ўварванне ва Ўкраіну.

Як паведамляе ўкраінскі рэсурс Obozrevatel, гэтае рашэнне прынята ўрадам Нідэрландаў 17 лютага. “Гэта першы кампанент механізму кампенсацыі, які прымусіць Расію заплаціць за ўсё. Злачынца будзе пакараны, ён заплаціць за кожнае злачынства” – пракаментаваў рашэнне кіраўнік офісу прэзідэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

У Рэестр можна падаваць патрабаванні за нанесеныя страты. Але арганізацыя не будзе плаціць кампенсацыю самастойна і не будзе аналізаваць абгрунтаванасць патрабаванняў. Мяркуецца, што гэтыя пытанні будуць вырашацца спецыяльнай міжнароднай камісіяй, якая будзе створана пазней.

Падставы для стварэння Міжнароднага рэестра страт заклала ААН у лістападзе 2022 года. “У ААН зазначылі, што трэба зафіксаваць колькасць страт у нейкім адным месцы, каб надалей спагнаць іх з расійцаў” – растлумачыў Міністр замежных спраў Нідэрландаў Вопке Гукстра. Паводле яго словаў, страты ўжо ацэньваюцца ў сотні мільярдаў еўра. 

Гукстра лічыць, што “трэба зрабіць усё”, каб Украіна магла атрымаць кампенсацыю за страты. “Расія нясе адказнасць. Ёсць толькі адно месца, куды можна адправіць квітанцыю” – сказаў міністр.

Пытанне пра кампенсацыю Расіяй нанесеных падчас поўнамаштабнай вайны супраць Украіны страт зараз абмяркоўваецца як у краіне, так і за мяжой. Найбольш прасунуліся ў гэтым кірунку Канада і Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе рэалізуюцца заканадаўчыя змены, якія дазволяць перадаваць Украіне канфіскаваныя актывы Расійскай Федэрацыі і расійскіх алігархаў.

Фота з адкрытых крыніц.

Цэнтр Адэсы ўключаны ў спіс аб’ектаў спадчыны чалавецтва – здагадайцеся, хто быў супраць

ЮНЕСКА ўключыў гістарычны цэнтр Адэсы ў свой спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны, якая знаходзіцца ў небяспецы, хаця расійскі дэлегат катэгарычна выступаў супраць гэтага рашэння.

Гэтае пытанне разглядалася з 2009 года, але ўвесь час адкладалася. Цяпер ва ўмовах расійскага ўварвання ва Ўкраіну рашэнне было зацверджана ў Парыжы па паскоранай працэдуры, бо падчас вайны Адэса некалькі разоў абстрэльвалася расіянамі. 

Расійскі прадстаўнік некалькі разоў спрабаваў затрымаць галасаванне Камітэта ЮНЕСКА. Тым не менш яно адбылося. Шэсць членаў прагаласавалі за ўключэнне Цэнтра Адэсы ў спіс, адзін быў супраць, яшчэ 14 устрымаліся.

У межах цэнтра Адэсы цяпер знаходзяцца 42 помнікі культурнай спадчыны нацыянальнага і мясцовага значэння. Рашэнне зробіць немагчымымі дзеянні забудоўшчыкаў на гэтай тэрыторыі.

Акрамя таго, магчымае знішчэнне расійскімі ракетамі спадчыны ЮНЕСКА, як лічаць украінскія эксперты, будзе разглядацца міжнародным судом у Гаазе.

Фота 24tv.ua

Суд Гаагі абвясціў прыгавор па справе аб збіцці “Боінга” рэйса MH17

Прысуд па справе MH17 вынес суд у Гаазе 17 лістапада, паведамляе 24 Канал. Малазійскі самалёт збілі з падкантрольнай баевікам тэрыторыі ДНР.

17 лістапада ў Нідэрландах па справе МН17 адбылося чарговае паседжанне ў судовым комплексе паблізу Амстэрдама.

Падазраванымі ў збіцці самалёта былі названыя 4 чалавекі: Сяргей Дубінскі з пазыўным “Пахмурны”, Ігар Гіркін – пазыўны “Стралкоў”, Алег Пулатаў – пазыўны “Гюрза”, Леанід Харчанка – пазыўны “Крот”.

Суд прызнаў Гіркіна, Дубінскага і Харчанку вінаватымі ў забойстве пасажыраў “Боінга”.

Самалёт быў збіты з ЗРК «Бук» з поля пад Першамайскам. Заўважым, што на лаве падсудных нікога няма, бо падазроныя да гэтага часу на волі, а прысуд быў вынесены завочна.

Усім тром вінаватым было прызначана пажыццёвае зняволенне.

17 ліпеня 2014 года ў небе над Данецкай вобласцю быў збіты самалёт Boeing-777 авіякампаніі Malaysia Airlines. У гэты час ён выконваў рэйс МН17 Амстэрдам (Нідэрланды) – Куала-Лумпур (Малайзія). Усе пасажыры і персанал – усяго 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце, загінулі.

img2.eadaily.com

Фота: Piroschka Van De Wouw / Reuters