Сакавік – першы каляндарны вясновы месяц. Але феналагічная вясна пачынаецца ў Магілёўскай вобласці толькі ў апошняй дэкадзе месяца.
За пачатак вясны бярэцца дзень, калі зацвітае арэшнік. Па сярэдніх дадзеных назіранняў, гэта адбывецца ў Бабруйску 25 сакавіка, у Магілёве 27 сакавіка, у Горках 31 сакавіка. У Магілёве раз на 20 гадоў дата пачатку вясны прыпадае на 10 сакавіка, адзін раз на 20 гадоў – пазней за 10 красавіка.
Вясна на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, па сутнасці, укладваецца ў адзін месяц – красавік, бо па сярэдніх датах “укладваецца” у Бабруйску да 1 мая, у Магілёве – да 2 мая, у Горках – да 5 мая.
Сакавік – месяц святла.
21 сакавіка ў дзень роўнадзенства дзень роўны 12 гадзінам, у канцы месяца амаль 13 гадзін, гэта азначае, што ў параўнанні з лютым ён прырасце на 2 гадзіны. Сонца падымаецца над гарызонтам на 36° (22 снежня ў Магілёве і на яго шырыні – 12,5°), сонечная радыяцыя павялічваецца ўдвая ў параўнанні з лютым, рэзка падымаецца тэмпература паветра – на 4°С. Аднак у межах Магілёўскай вобласці яна застаецца на адмоўным узроўні.
Сярэдняя тэмпература сакавіка ў Бабруйску -1,6°С, у Горках -3,3°С. Але анамальныя амплітуды тэмператур сакавіка вельмі значныя – да 55°С. Так, у Магілёве на пачатку сакавіка 1964 года тэрмометр паказваў -35°С, а ў 1913 годзе +19,8°С.
У сакавіку выпадае каля 40 мм ападкаў. Розніца паміж рознымі часткамі Магілёўскай вобласці па ападках неістотная, а па гадах значная: у 1950 годзе сакавіцкія ападкі ў Бабруйску склалі 2 мм, а у 1912 годзе ў Магілёве выпала 110 мм.
Як правіла, снегавое покрыва дэградуе ў сярэднім 14 сакавіка на паўднёвым захадзе, 23 – на паўночным усходзе вобласці, у Магілёве – 22 сакавіка. Адхіленні ад сярэдніх паказчыкаў налічваюць тыдні.
Адносная вільготнасць паветра памяншаецца да 80%, узрастае доля яснага неба – да 26% дзён, скарачаецца колькасць пахмурнага – да 14%. Звычайна 3–6 дзён з туманамі, 2 дні з галалёдам, 2 – з крышталічнай намараззю.
Часцей за ўсё на рэках пачынаецца крыгалом, у асобныя гады назіраецца разводдзе. Скарачаецца глыбіня прамярзання глебы. Гатовы да абуджэння дрэвы, першацветы.
З зімовых кватэр накіроўваюцца ў месцы гняздоўяў амялушкі, снегіры, чачоткі. Ажываюць гракоўнікі.
Пачынаецца новы сезон у дачнікаў. Сакавік – самы адказны перыяд для садавода – час абразання, а ў раннія дні вясны і прышчэплівання дрэў. Прышчэпліванне трэба рабіць да набухання пупышак.
Папярэдні прагноз надвор’я на сакавік 2023.
Паводле папярэдніх мадэляў, сакавік у гэтым 2023 годзе будзе дастаткова суровы. Ён пацвердзіць статус вельмі няўстойлівага месяца з традыцыйнымі вяртаннямі халадоў, узмацненнем маразоў, арктычнымі ўварваннямі і зарадамі снегу, але сярэднямесячная тэмпература ўсё ж чакаецца вышэй за норму на 2-4°С.
Пры ўсім гэтым нагадваем, што да доўгатэрміновых прагнозаў трэба ставіцца філасофскі: дакладнасць вагаецца ў межах 60-70%.
Сусветны дзень хворага (World Day of the Sick, з 1993 года).
Дзень заснаваны 13 мая 1992 года па ініцыятыве Папы Рымскага Іаана Паўла II. Пантыфік мэту Дня вызначыў так: “даць адчуць супрацоўнікам шматлікіх медыцынскіх каталіцкіх арганізацый, вернікам, усёй грамадзянскай супольнасці неабходнасць забеспячэння лепшага догляду хворых і нямоглых, аблягчэння іх пакут”.
Дата была абраная ў сувязі з тым, што менавіта ў гэты дзень у французскім мястэчку Лурд шмат стагоддзяў таму адбылася з’ява Маці Божай. Святая Дзева, Лурдская Маці Божая, якая ацаліла хворых і стала сімвалам выратавальніцы хворых.
660 год да нашай эры. Дзень заснавання японскай дзяржавы.
Ураджэнец вострава Кюсю Дзіму (? – 585 да н. э.), які лічыў сваёй прамаці багіню сонца Аматэрасу, заваёўвае краіну Ямата і займае яе пасад.
Ён прымае тытул Сына Неба і засноўвае імператарскую дынастыю, якая кіруе ў Японіі і дагэтуль. Гэты дзень лічыцца датай заснавання японскай дзяржавы. З 1336 святкуецца як самурайскае свята “Кігэнсэцу” – Дзень заснавання дзяржавы.
Сёння Японія – адзіная ў свеце імперыя, член “Вялікай сямёркі”, вялікая эканамічная дзяржава, што займае 3-4 месцы ў свеце па ВУП, 4-е – па аб’ёму экспарта і 6-е па імпарту, 11-е па колькасці насельніцтва (125 мільёнаў чалавек), з вельмі высокім узроўнем жыцця і з самай высокай сярэдняй працягласцю жыцця (85 гадоў).
Адзіная краіна ў свеце, супраць якой была выкарыстана ядзерная зброя.
1661 год. У Магілёве адбылося славутае паўстанне гараджан супраць расійскай улады – калі лічыць па новым стылі.
Паводле Магілёўскай хронікі Сурты і Трубніцкіх, у 1661 годзе “месяца лютага 1-га дня на святога Трыфана высеклі ў Магілёве гараджане магілёўцы маскоўскі гарнізон.” 1 лютага – гэта 11 лютага па грыгарыянскім календары.
У верасні 1654 г. Магілёў перайшоў без боя на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, але хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці, якія выліліся ў паўстанне 1661 года.
У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання. На гукі звону збегліся гараджане, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.
1807 год. Нарадзіўся Напалеон Орда.
Беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.
Скончыў Свіслацкую гімназію. За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве быў арыштаваны і выключаны з Віленскага універсітэта. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў.
Жыў на эміграцыі ў Францыі. Браў урокі музыкі ў Ф. Шапена. Аўтар твораў для фартэпіяна – рамансаў, паланэзаў, серэнад, мазурак. Працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.
Наведаў шмат мясцін Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей. Даў абяцанне намаляваць усе замкі Беларусі, пакуль яны не разбурыліся.
Яго выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў, былі выкарыстаны дзеля афармлення беларускіх грашовых купюраў (узору 2000 года).
Памёр 26 красавіка 1883 года.
Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, Пінская мастацкая школа. Працуе раённы музейны комплекс Н. Орды ў в. Варацэвічы Іванаўскага раёна, у Іванава пастаўлены адзіны ў Еўропе помнік. Адноўлена сядзіба, у якой нарадзіўся мастак.
1877 год. Нарадзіўся Антон Неканда-Трэпка.
Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, педагог.
Удзельнік пецярбургскага Беларускага гуртка народнай прасветы, студэнцкага руху. Сустваральнік Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца».
У Мінску працаваў у польскай гімназіі, у наркамасветы БССР, намеснікам дырэктара Мінскага беларускага педагагічнага інстытута, уваходзіў у склад прэзідыума Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. У сакавіку 1919 года арыштаваны ВЧК і інтэрніраваны ў Смаленск.
З лета 1920 года жыў у Вільні, выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім выдавецкім таварыстве, Беларускім музеі імя І. Луцкевіча. Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ.
У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, сасланы ў Сібір. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса. Памёр 12 лютага 1942 года на наступны дзень апасля 65-годдзя па дарозе да месца дыслакацыі вайсковай часці.
Фота: А. Неканда-Трэпка з жонкай Юліяй
1924 год. Памёр урадэнец Полацка Дзміцер Кайгародаў (1846–1924)
Прыродазнавец, падарожнік, аўтар феналагічных карт, заснавальнік рускай феналогіі, аўтар першых радыёперадач па прыродазнаўстве, прафесар.
Пасля выйсця ў адстаўку з армейскай службы, заняўся навукай. У 1875-1905 гадах узначальваў кафедры лясной тэхналогіі, ляснога інжынернага мастацтва ў Пецярбургскім лясным інстытуце.
Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-папулярных работ, дапаможнікаў, падручнікаў, у тым ліку «Кароткі агляд расліннага царства па кліматычных паясах», комплекснай праграмы па прыродазнаўстве. Распрацоўшчык экскурсійнага метаду, першых календароў назіранняў для школы, заснавальнік Дня птушак.
Стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раянавання еўрапейскай часткі Расіі, сярод яго карэспандэнтаў былі і жыхары Беларусі, у тым ліку навучэнцы магілёўскіх школ.
Як папулярызатар прыроды, мноства сваіх артыкулаў, казак прыродазнаўчага зместу рэгулярна размяшчаў у дзясятках часопісаў.
Лічыў прыроду крыніцай музычнай, мастацкай, паэтычнай творчасці, натхнення. Аўтар некалькіх рамансаў.
Імя Кайгародава носіць Феналагічная камісія Рускага Геаграфічнага таварыства, вуліца ў Пецярбургу.
Ягоны ўнучаты пляменнік – А. Кайгарадаў (1881-1951) – беларускі акадэмік, кліматолаг, рэктар БДСГА, сустваральнік гідраметэаралагічнай службы, першы кіраўнік Беларускай навукова-даследчай геафізічнай абсерваторыі.
1929 год. Утварэнне суверэннай дзяржавы Ватыкан.
Ватыкан стаў суверэнным у выніку Латэранскіх (па назве палаца) пагадненняў паміж Італьянскім каралеўствам і Апостальскай Сталіцай, паміж прадстаўніком караля Віктара Эмануіла III прэм’ер-міністрам Б. Мусаліні і кардыналам П’етра Гаспары.
Пагадненнямі скончыўся канфлікт паміж бакамі, які цягнуўся з 1870 года.
Ватыкан – карлікавая дзяржава, самая маленькая ў свеце, размешчана ў заходняй частцы Рыма, на Ватыканскім пагорку(“vaticinia” – “прадказанне”), на плошчы ў 44 гектары. Насельніцтва каля 900 чалавек.
Гэта – абсалютная тэакратычная манархія на чале з Папай Рымскім.
Значную частку тэрыторыі займае сабор святога Пятра і аднайменны пляц, якія з’яўляюцца цэнтрам пакланення каталікоў усяго свету, акрамя іх тут яшчэ месцяцца саборы Санта-Марыя-Маджорэ, Латэранскі, Ватыканская абсерваторыя.
Практычна ўвесь перыметр краіны – каля 3200 метраў – абмежаваны сцяной, якая спыняе незаконныя пранікненні.
Ватыкан мае сваю армію са 117 швейцарскіх гвардзейцаў. Грашовая адзінка – еўра. Чаканіцца абмежавана і ватыканскі еўра (у асноўным для нумізматаў).
1945 год. Завяршылася Крымская (Ялцінская) канферэнцыя “вялікай тройкі”.
Кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі быў прыняты план пасляваенага ўладкавання Еўропы, узгоднены дзеянні для дасягнення капітуляцыі Германіі. У «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» былі уключаны раздзелы пра разгром, акупацыю Германіі, рэпарацыі, аб Польшчы, Югаславіі, Кітаі і Японіі і іншыя. У выніку выканання СССР дамоў па Польшчы, БССР страціла Беластоцкую вобласць.
1952 год. У в. Ялізава Асіповіцкага раёна нарадзілася Людміла Паўлікава (Хейдарава).
Аўтар вершаў, многіх зборнікаў паэзіі, паэм, філасофскай кнігі, кніг апавяданняў, раманаў, перакладаў на беларускую мову асобных твораў А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Ахматавай, М. Валошына, Б. Пастэрнака, М. Цвятаевай, В. Мандэльштама, з літоўскай, украінскай, польскай.
Лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Адамовіча, часопіса “Дзеяслоў”, “Залаты апостраф”.
1959 год. У Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага цырку з першым паказам.
Умяшчальнасць залы цырка – 1668 месцаў, цырк разлічаны для паказу нумароў розных жанраў – ад воднай феерыі да паветраных нумароў.
Першы ў Беларусі цырк «Цырк братоў Нікіціных» на 800 месцаў быў адкрыты ў Мінгску 16 лістапада 1884 года.
Будаўніцтва новага цырка пачалося ў кастрычніку 1954 года на беразе р. Свіслач. Уяўляе сабой круглае купальнае збудаванне з прамавугольным у плане трохпавярховым службовым корпусам. Галоўны фасад аформлены каланадай карынфскага ордара.
Будынак рэканструяваны ў 2008–2010 гадах.
Зараз у Беларусі працуюць толькі Мінскі і Гомельскі цыркі. А вось у 1930-я гады працавалі ў Віцебску, Мінску, Магілёве, Гомеле, Бабруйску.
1968 год. Нарадзіўся Юрый Жыгамонт.
Беларускі акцёр і тэлевядучы.
Яшчэ з дзяцінства цікавіўся гісторыяй, рэтра-рэчамі. Рана пачаў вандраваць. “Стопрацэнтны беларускі падарожнік” бо вандруе толькі ў межах Беларусі і аб гэтым ніколькі не шкадуе.
Акцёр тэатру і кіно, працуе ў Тэатры юнага гледача, прымае ўдзел у спектаклях «Маленькі лорд Фаўнтлярой», «Тарас на Парнасе».
З 2006 года быў вядучым тэлепраекту «Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта», «Прыгоды дылетанта» на тэлеканале «СТБ». З 2017 года «Падарожжа дылетанта» выходзіў на партале TUT.BY.
Самымі дарагімі для сябе кнігамі лічыць Біблію і паэму «Новая зямля» Якуба Коласа.