Прыняць удзел у творчым спаборніцтве могуць усе ахвочыя: дзеці і іх бацькі, навучэнцы адукацыйных устаноў і цэнтраў пазашкольнай работы, дарослыя (педагогі, выхавальнікі).
Каб стаць удзельнікам конкурсу, неабходна ў тэрмін да 15 снежня вырабіць ёлачную навагоднюю цацку і прадставіць яе на разгляд конкурснай камісіі ў парк у Падміколлі. Да працы трэба прыкласці інфармацыю аб удзельніку. Конкурсныя работы будуць размешчаны на навагодняй ёлцы ў парку.
Як распавялі на прадпрыемстве «Магілёўзелянбуд», які выступае арганізатарам конкурсу, навагоднія цацкі могуць быць выкананы са шчыльнай каляровай паперы, тканіны, кардону, нітак, фетру, разнастайных падручных матэрыялаў, пажадана, каб памер ёлачнага ўпрыгожвання быў ад 45×25 см. Цацка абавязкова павінна мець завесы. , прышчэпкі або клямкі для мацавання да ёлачных галін. Форма створанай працы можа быць любой (шарык, кубік, лялька, ліхтарык, казачны персанаж).
Конкурсныя работы павінны адпавядаць святочнай навагодняй тэматыцы, быць трывалымі і бяспечнымі. Улічваць члены журы будуць таксама арыгінальнасць мастацкага дызайну, крэатыўнасць, якасць мацавання і эстэтычнасць працы.
Пераможцаў вызначаць у некалькіх намінацыях (калектыўныя работы дашкольных устаноў адукацыі; калектыўныя работы ўстаноў адукацыі; сямейныя работы і работы сяброў Парка), узнагародзяць дыпломамі, граматамі і навагоднімі падарункамі. Аўтар лепшай ёлачнай цацкі будзе ўзнагароджаны навагодняй елкай у кадцы.
Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў запланавана на 18 снежня. Мерапрыемства адбудзецца на цэнтральнай алеі парка ў Падміколле.
Як калядны звычай нямецкіх пратэстантаў стаў дарагі сэрцу кожнаму беларусу – наш забаўляльны лонгрыд.
У Заходняй Еўропе гэты звычай існуе з XVІ ст., а на нашых землях традыцыя ўкаранілася толькі ў ХІХ ст., прычым яна прыйшла разам з нямецкім пратэстантызмам. Ёлачны звычай выклікаў адмаўленне ў праваслаўнай царквы і ў савецкай улады, яго доўга не прымалі жыхары беларускай вёскі.
Зараз жа на плошчах гарадоў, у крамах, офісах зіхацяць святочныя ялінкі. Ім радуюцца і дзеці, і дарослыя. Шмат хто падчас калядных і навагодніх святаў ставяць жывую ёлку ў сваіх кватэрах і дамах. Але адкуль пайшоў звычай яе ставіць?
Вечнае сусветнае дрэва
Навагодняе шанаванне елкі распачалося на тэрыторыі германскіх земляў, дзе елка ў часы паганства атаясамлялася з сусветным дрэвам. Менавіта тут, у старажытных германцаў, яна і стала спачатку навагоднім дрэўцам, а пазней – сімвалам Раства. Цікава, што найдаўнейшае апісанне звычаю ісці на Новы год у лес па ялінку даследчыкі знаходзяць якраз у германскіх народаў.
Першапачаткова хрысціянская царква ставілася да елкі не вельмі добра, таму што такі звычай мае карані ў язычніцтве – гэтакі працяг культу пакланення дрэвам. Пасля хрышчэння звычаі і абрады, звязаныя з ушанаваннем елкі, пачалі паступова набываць хрысціянскі сэнс, і яе сталі выкарыстоўваць як дрэўца – сімвал Раства.
На сённяшні дзень лічыцца, што звычай ставіць калядную ёлку паўстаў у XVІ стагоддзі ў Германіі падчас пратэстанцкай рэфармацыі. Вечназялёнае дрэва з аднаго боку сімвалізавала Дрэва Адама і Евы з кнігі Быцця, а з другога – вечнасць, бясконцасць. Нездарма ёсць загадка пра елку: «зімой і летам адным цветам». У снягі і віхуры яна нагадвае пра хуткую вясну і непазбежнасць перамогі лета над зімою, жыцця над смерцю.
З часам, калі рэфармацыя пачала пашырацца на іншыя краіны Еўропы, ідэя ставіць ёлку, як знак Божага нараджэння і рэфармацыі, таксама пайшла ў народ. А калі эмігранты паехалі ў Амерыку, яны прывезлі гэту вясёлую традыцыю з сабой. У тыя часы не было адмысловых цацак, таму ёлку ўпрыгожвалі садавіной, арэхамі і свечкамі, а на верх ставілі зорку, якая сімвалізавала Віфліемскую, а таксама анёла, які рэпрэзентаваў арханёла Гаўрыіла.
Такім чынам відавочна, штокарані звычаю ўпрыгожваць ялінку сягаюць у еўрапейскае сярэднявечча і звязваюцца яшчэ з пракаветнымі дахрысціянскімі традыцыямі, якія гарманічна спалучыліся з хрысціянскімі звычаямі і ўяўленнямі.
Нямецкія пратэстанты прыносяць калядную традыцыю
У Рэчы Паспалітай ёлачны звычай пашырыўся на рубяжы ХVІІІ – ХІХ стагоддзяў дзякуючы нямецкім пратэстантам, якія даволі масава рассяляліся ў беларускіх гарадах. Напрыклад, свая лютэранская абшчына існавала ў XVIII стагоддзі ў Магілёве, і ёй была пабудавана лютэранская кірха ў горадзе – на тым месцы, дзе зараз перасякаюцца вуліца Ленінская і завулак Мігая. Наогул, гэтая традыцыя пашыралася з захаду на ўсход.
Прыблізна ў гэты ж час ёлачны звычай з’явіўся і ў Расійскай імперыі, аднак выключна сярод вышэйшых слаёў насельніцтва, якія часта мелі нямецкае паходжанне. Не трэба забываць, што княгіня Аляксандра Фёдараўна, цар Пётр ІІІ і Кацярына ІІ нарадзіліся і выраслі ў Германіі ў лютэранскіх сем’ях з іх традыцыямі.
Паступова на працягу ўсяго XIX стагоддзя ёлка ў Расійскай імперыі, куды ўваходзіла і Беларусь, набывае хрысціянскую сімвалічнасць, хоць дагэтуль успрымалася як мілая нямецкая забава, якая выконвала эстэтычную функцыю.
Як і ў краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, расійская ёлка, паступова становіцца «хрыстовым дрэвам». А ўжо да пачатку ХХ стагоддзя ёлка трывала заняла сваё месца ў дамах розных слаёў гарадскога насельніцтва.
Што цікава, праваслаўная царква напачатку не вітала гэту ідэю, а кіруючы Сінод наогул заклікаў насельніцтва не ставіць ёлкі ў сябе дома, бо яны лічылі, што праваслаўны люд не павінен мець нічога агульнага з гэтай пратэстанцкай традыцыяй немцаў. Але, нягледзячы на ўсю крытыку, калядныя ёлкі вельмі моцна ўкараніліся ў дарэвалюцыйнай Расіі.
З часам вечназялёнае дрэва пачалі ставіць на галоўных плошчах гарадоў, на чыгуначных вакзалах і ў іншых грамадскіх будынках. Такім чынам, канчаткова ёлачны звычай на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, быў замацаваны ўжо ў ХІХ стагоддзі.
З каляднай у навагоднюю і савецкую
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі сітуацыя карэнным чынам змянілася. Савецкая ўлада забараніла калядныя ёлкі, абвясціўшы іх буржуазнай традыцыяй, павязанай з хрысціянствам.
З той пары ёлка атрымала нелегальны статус. У 1929 годзе дайшло да таго, што камсамольскія патрулі хадзілі і зазіралі ў вокны людзей, правяраючы на наяўнасць там упрыгожанага вечназялёнага дрэва.
І раптам, на сыходзе 1935 года ў газеце «Правда» з’яўляецца нататка кандыдата ў члены Палітбюро ЦК ВКП(б) Паўла Постышава: “Давайце арганізуем да Новага году дзецям добрую ёлку!”
У выніку дарэвалюцыйны звычай быў нібыта адроджаны. Але цяпер ёлка называлася не каляднай, а навагодняй або проста – савецкай. Такім чынам, быў зроблены, так бы мовіць, рэбрэндынг каляднай ёлкі.
Свята і яго атрыбутаў чалавек прагне ў любы час, і ў савецкі прагнуў таксама. Вяртанне і рэабілітацыя ёлкі маглі паслужыць савецкаму рэжыму, вяртаючы людзям звыклыя радасці жыцця. Але старая традыцыя была хутчэй не адроджана, а выкарыстана для стварэння новага свята. Для савецкага кіраўніцтва заданне было простае: засланіць святкаванне Раства, якое ў першую чаргу звязвалася з ёлкай, прапанаваўшы людзям новае грандыёзнае свята – Новы Год.
Ёлка рэкамендавалася ў новай якасці – як дзіцячая забава, прыдатная для юных будаўнікоў камунізму. Нездарма ў тыя часы казалі, што навагодняя ёлка – гэта свята радаснага і шчаслівага дзяцінства ў савецкай краіне.
Да свята Раства ёлачны звычай больш не меў прамога дачынення, у яго трэба было ўдыхнуць зусім новы сэнс. Віфлеемскую зорку замянілі на чырвоную савецкую, а сама ёлка стала знакам новага камуністычнага свята – Новага Года.
Дуалістычная ёлка беларускай культуры
Нягледзячы на тое, што ў беларускіх гарадах ёлкі ставілі ў дамах і цэнтральных плошчах яшчэ пачынаючы з ХІХ стагоддзя, у вясковым асяродку такую традыцыю доўгі час масава не падтрымлівалі.
Запытайцеся нават сёння ў старэйшых вясковых жыхароў, калі пачалі ставіць ялінкі, дык пачуеце ў адказ, што толькі ў пасляваенныя гады. А так да Калядаў ці Вялікадня як святаў, з якіх у розныя часы распачынаўся Новы год, у хаце вешалі саламяных павукоў, што гэтаксама сімвалічна пазначалі колаварот часу.
Непрыняцце ёлачнага звычаю ў вясковым асяродку звязанава ў першую чаргу з тым, што елка ў беларускай народнай культуры мела дуалістычную сімволіку.
Менавіта ялінка ў балта-славянскай традыцыi лiчыцца за дрэва, звязанае са светам памерлых. Яе галінкі і сёння выкарыстоўваюцца ў пахавальных абрадах – з іх робяць вянкі, іх кідаюць на дарогу памерламу і г.д.
Гэта звязваецца ў першую чаргу з вечнай зелянiнай елкі, што не магло не асацыявацца з вечнасцю жыцця, з магчымасцю працягваць iснаванне ў іншых яго вымярэннях.
Варта адзначыць, што беларускія сяляне не садзілі яліну ў межах сядзібы, бо ў міфалагічным плане “калючасць”, “адмоўнасць” елкі адлюстроўвалася ў сувязі яе з дэманалагічным светам. Акрамя таго, елка як дрэва, што расце ў сырых, цёмных месцах, лічыцца недобранадзейнай, чорнай.
Разам з тым у беларускай традыцыі існуе ўяўленне пра елку як пра дрэва «свянцонае». У яе ніколі ня бʼе Пярун, таму падчас навальніцы найлепей было хавацца менавіта пад елкай.
Гэтыя асаблівасці тлумачыць этыялягічная легенда, у якой апавядаецца, што калі слугі цара Iрада хацелі забіць немаўля Хрыста, то Божая Маці, уцякаючы, хавалася пад елку. Дрэва само апускала сваё галлё, каб прыкрыць іх. За гэта Бог асвяціў елку і прызначыў заўжды яе ставіць у хаце або затыкаць за абразы на Каляды і Вялікдзень.
Елка гэтаксама займае значнае месца ў вясельным комплексе беларусаў. Упрыгожаная ў Зборную суботу «елачка» сімвалiзавала дзявоцкасць маладой, яе хараство. Атрыбут уяўляў сабой невялiкае дрэўца, нават яго вершалiну або галiнку, прычым толькi зiмой – яловую, летам жа ў якасцi «елачкi» выступалi галiнкi пладовых дрэў.
«Елачку» ўторквалi ў каравай цi ставiлi на спецыяльную падстаўку, упрыгожвалi стужкамі i кветкамi. Такое выкарыстанне яліны ўпiсвалася ў больш агульную iдэю пераходу, асноўную i для вясельнага, i для пахавальнага абрадаў.
Хоць падчас калядных і новагодніх святаў у беларускіх вёсках не было традыцыі ставіць яліну ў хаце, аднак елка была неад’емных атрыбутам масленкавых, велікодных ды юр’еўскіх звычаяў.
Расійскія войскі разбурылі або пашкодзілі каля 14 000 жылых дамоў у Мікалаеве і вобласці. Усе гэтыя аб’екты наносяць на геакадастравую карту. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваенай адміністрацыі Віталь Кім у эфіры “Апостраф TV”
– Каля 14 тысяч аб’ектаў былі знішчаныя або пашкоджаныя, 9 400 – гэта прыватныя дамы. Мы заканчваем ідэнтыфікаваць усе аб’екты, ужо 64% дадзеных па разбурэннях апрацаваны.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Новая манета
Нацыянальны банк Украіны з 28 снежня ўвёў у абарачэнне памятную манету “Павел Глазавой” наміналам у 2 грыўны – паведамляе “Укрінфарм”.
Манета прысвечана аднаму з самых папулярных украінскіх паэтаў-гумарыстаў, заслужанаму дзеячу мастацтваў Украіны, лаўрэату прэміі імя Астапа Вішні, першаму лаўрэату прэміі імя Пятра Сагайдачнага – Паўлу Глазавому (1922-2004), які нарадзіўся ў Мікалаеўскай вобласці. Глазавы з’яўляецца аўтарам паэмы “Славься, Отчизна моя!”, 13 кніг сатыры і гумару, 8 кніг для дзяцей.
Галоўная ёлка за 5 гадоў знасілася.
Кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваенай адміністрацыі Віталь Кім заявіў, што галоўная ёлка 22 метра вышынёй, якую на працягу апошніх 5 гадоў усталёўвалі на Саборнай плошчы, ужо знасілася. За яе ў 2017 годзе заплацілі 3 мільёны грывен.
Каб не марнаваць грошы на новую ёлку падчас вайны, вырашылі зрабіць «ёлку нязломнасці» у Каштанавым скверы, паведамляе “Апостраф TV”.
Кім нагадаў, што сёлета ў Мікалаеве стаіць асаблівая ёлка – гэта помнік Святога Мікалая ў Каштанавым скверы, абаронены мяшкамі з пяском. Іх накрылі сеткай, а мясцовыя ўпрыгожылі яе цацкамі.
– Была ідэя ўсталяваць навагоднюю ёлку на цэнтральнай плошчы, як мы рабілі гэта кожны год, але яна ўжо састарэла, і менавіта сёлета трэба было купляць новую. Мы з мэрам вырашылі, што зараз не самы добры час, каб купляць дарагую ёлку і ўсталёўваць на пэўную кароткую колькасць дзён, таму вырашылі паступіць так. – паведаміў Віталь Кім.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
Пакуль Вільня з Каўнасам спрачаліся, чыя калядная ёлка лепшая, Клайпеда займела сапраўдную прыгажуню. Яна будзе мігацець рознакаляровымі агнямі да самых Трох Каралёў – дня Богаяўлення ў каталікоў 6 студзеня.
Зялёная прыгажуня вышынёй больш за 15 метраў упрыгожана 3-кіламетровымі гірляндамі, пахне сапраўдным лесам. Жыхары і госці горада сцвярджаюць, што іх ёлка – самая прыгожая з усіх, што яны бачылі да гэтага часу.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
У Клайпедзе ўстанавілася традыцыя (з 2016 года), што галоўны навагодні сімвал выбіраюць самі жыхары: кожны год яны прапануюць сваю версію ёлкі і галасуюць за найбольш сімпатычную. Дрэва сякуць напярэдадні свят і ўсталёўваюць на Тэатральнай плошчы.
Кожны год за некалькі месяцаў да ўстаноўкі на Тэатральнай плошчы ў горадзе ладзяць «конкурсы прыгажосці» елак. Каб прайсці этап адбору, дрэва павінна адпавядаць адразу некалькім крытэрам: галіны асаблівай шчыльнасці і сіметрычнасці, вышыня не менш за 10 м, добрая транспартная даступнасць.
У гэтым годзе навагодняя ёлка з’явілася дзякуючы універсітэцкаму Батанічнаму саду.
Амаль 30-гадовае дрэва цудоўна перажыло дастаўку, магутныя снегапады апошніх дзён і некалькі сур’ёзных парываў ветру. Гараджане адзначылі незвычайную прыгажосць ёлкі і дзіўную гармонію ўпрыгожванняў з шышкамі пад снегам. Мэр Клайпеды Вітаўтас Грубляўскас своеасаблівым спосабам кампенсаваў Батанічнаму саду страту елкі: падарыў маленькую елачку «навыраст».
Побач з ёлкай запалілася інсталяцыя “Зоркі над морам”, якая сімвалізуе 100-годдзе далучэння Клайпедскага краю да Літвы.
А 17 снежня мастачка Саўле Жалніце зрабіла свой уласны падарунак Клайпедзе ў Старым крытым рынку, піша atviraklaipeda.lt
Гэта інсталяцыя «Падарунак. Падаючая вада – дождж думак/ Падарунак. Вадаспад – мазгавы штурм». Падчас адкрыцця інсталяцыі выступілі танцорка Тэатра танца «Шэйкас» Д. Бінкаўскайтэ, прагучала музыка Фаўста Поцыяуса на аснове гукавых калажаў Саўле Жаўнітэ.
Інсталяцыя прысвечана 100-годдзю далучэння Клайпедскага краю да Літвы.
У Марскім музеі Клайпеды адкрылася выстава калядных паштовак Людаса Мажыліса.
Яна працуе з 16 снежня да 8 студзеня. Выстава паштовак – настальгічнае і некалькі сентыментальнае падарожжа па міжваенным калядным свеце. Наведвальнікі могуць убачыць 64 паштоўкі з калекцыі, нават не заходзячы ў музей і не набыўшы квіток. Самыя ранейшыя паштоўкі датуюцца 1918 годам, самыя познія – ХХІ стагоддзем.
Напярэдадні калядаў і Міжнароднага дня салідарнасці людзей (20 снежня) адкрыліся чатыры выставы ўкраінскіх фатографаў і выстава ўкраінскага мастака Мікіты Кадана – як працяг VІІ Фестывалю фатаграфіі, – інфармуе atviraklaipeda.lt
У Выставачнай зале Клайпедскага цэнтра культурнай камунікацыі Клайпедскае аддзяленне Саюза фатографаў Літвы і асацыяцыі “Art Zone” з 16 снежня да 15 студзеня 2023 года прадстаўляюць выставы ўкраінскіх калег.
Прадстаўлены выставы ўкраінскай фатаграфіі: Ганны Мельнікавай «Горад без назвы», Дзмітрыя Купрана «36 відаў на Гаверлу», Паўласа Дарагоюса «Залатыя людзі» і Станіслава Астравуса “Харкаў – Фарпост”, мастака Мікіты Кадана “Яма спявае”
У выставу “Яма спявае” ўвайшлі працы, створаныя падчас расійска-ўкраінскай вайны 2014 года, з пачатку маштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Гэтыя працы звязаныя з даследаваннем палітыкі памяці, аналізам калектыўных траўмаў, новых перажыванняў масавага гвалту і разбурэнні асяроддзя пасялення чалавека.
Фотавыстава Ганны Мельнікавай “Горад без назвы”. Праект выкананы ў традыцыйнай тэхніцы аналагавага фотадруку, – гэта эксперымент і спроба паказаць новую рэальнасць і партрэт новага пейзажу. У кожным здымку спалучаюцца дэталі розных гарадоў і краін, дзе жыла фатограф, партрэты людзей, якіх яна сустракала.
Выстава Дзмітрыя Купрана “36 відаў Гаверлы”прысвечана самай высокай кропцы Украіны якая, па аналогіі са святой гарой Фудзі ў Японіі, для ўкраінцаў з’яўляецца амаль сакральным і міфічным месцам.
У сваіх працах фатограф уяўляе гару Гаверлу як святое месца для ўкраінцаў, якое стала цяпер славутасцю. На вяршыню Гаверлы вельмі лёгка дабрацца некалькімі маршрутамі, а па дарозе можна пагрузіцца ў мясцовыя традыцыі горцаў Прыкарпацця.
Працуе таксама выстава Паўласа Дарагоюса “Залатыя людзі”.У сваёй працы мастак часта абапіраецца на фотаархівы, большая частка якіх прысвечана архітэктуры. Таму выкарыстанне знойдзеных фотаздымкаў не падаецца яму новым напрамкам. Але серыя выстаў была натхнёная куды больш асабістым парывам – мастака кранула ўразлівасць партрэтаў, якія ён знайшоў на барахолках Харкава. Дарагоюсу прыйшла ў галаву бесклапотная ідэя намаляваць вакол некаторых фігур на фотаздымках арэол з ліста латуні, у чулых спробах даць ім другое жыццё ў выглядзе твора мастацтва.
Гэтыя пазалочаныя і лакаваныя выявы перадаюць іранічную манументальнасць, рэзка кантрастуюць з тэмамі працоўных сустрэч, адпачынку, сямейных вячорак. Глядач неахвотна залучаецца ў гульню, яму прапануецца ўважліва вывучыць кожны фотаздымак, каб знайсці адказы на шэраг пытанняў: Хто гэтыя людзі? Чаму ў некаторых з іх арэолы? Што на самой справе азначаюць гэтыя спасылкі на святасць?
Выстава фатаграфій Станіслава Астравуса “Харкаў – фарпост”
Мы з дзяцінства ведаем аб вайне ўсё. Мы гулялі ў вайну. Чыталі аб вайне. Мы глядзелі ваенныя фільмы. Мы ўяўлялі сябе героямі – разведчыкамі, лётчыкамі, танкістамі. Самыя папулярныя цацкі – поршневыя пісталеты. Быць гучным, пахнуць серай! Гэты шчаслівы, дурны далёкі час застаўся ў памяці і на некалькіх чорна-белых адбітках. Час, які невытлумачальным чынам урываецца ў нашу рэальнасць падобна іншаму, ужо з’яўляецца сапраўднай вайной. З выбухамі, ракетнымі абстрэламі, развалінамі, страшнымі навінамі аб загінуўшых і параненых. Сірэны паветранай трывогі, глухое, працяглае, знясільваючае выццё. Веснікі смерці і разбурэнні. У зацягнутай цішыні застаецца чакаць новага ўдару. Чакаюць, калі ракета, запушчаная з варожага боку, уразіць мэту і прычыніць людзям пакутлівы боль…”
Мастак у сваіх працах імкнецца адлюстраваць уражанні ад самай жудаснай і халоднай вясны ў сваім жыцці.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Тэматычны гандаль навагоднімі цацкамі і ўпрыгожваннямі размясціўся на дзвюх пляцоўках – на плошчы Народнага Адзінства і каля гандлёвага цэнтра “Арбат” – паведамляе БелТА. Кірмашы будуць працаваць да 31 снежня з 9.00 да 19.00 штодзень.
Таксама 6 снежня ў горадзе пачаўся мантаж галоўнай ёлкі горада і вобласці. Гэта ці не самая позняя навагодняя ялінка, што паўстане ў рэгіёне – пісалі mogilev.media.
Цырымонія запальвання агнёў на галоўнай ёлцы вобласці, якая традыцыйна размесціцца на плошчы Леніна ў Магілёве, адбудзецца 15 снежня ў 16.00, паведамляе сайт MyCity.by.
Такім чынам у чацвер, за гадзіну да заканчэння працоўнага часу большасці арганізацый горада, адбудзецца навагодні мюзікл “Таямніцы Магутнага Льва” і “яркія выступленні лепшых творчых калектываў горада”.
Завяршыцца мерапрыемства святочным флэш-мобам #Ёлочка_поём_вместе з хэдлайнерамі – Тэа і Вольгай Рыжыкавай.
Каментуючы ўрачыстасць у пабліку УКантакце Могилев Live жыхары горада абураюцца:
– Чаму не ў суботу? 14-е гэта працоўны дзень.
– Хто гэта пабачыць?
– Як заўсёды, у выходныя ж адміністрацыя адпачывае. Аб людзях не думаюць, што яны ў асноўным да 18.00 працуюць. А так зручна – ёлку адкрылі і па дамах у 17.00.
У Мікалаеве сёлета не будуць усталёўваць цэнтральную навагоднюю ёлку, паведаміў выданню “Краіна” мэр горада Аляксандр Сянкевіч.
– Мы не плануем усталёўваць гарадскую навагоднюю ёлку. Па-першае, не да святкаванняў на ўзроўні горада, калі нашы хлопцы там, на перадку. Па-другое, ва ўсіх установах, якія лічаць гэта магчымым, усталююць невялікія ялінкі.
Сёлета многія гарады Украіны адмовіліся ад устаноўкі ёлак, у Кіеве ўсталююць “энергаадказную” ёлку.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
З 1 снежня ў Мікалаеўскай вобласці змяняецца час камендацкай гадзіны і здымаюць абмежаванні на продаж алкаголю.
Каменданцкая гадзіна будзе дзейнічаць з 0:00 да 5:00. Здымаецца і абмежаванне на продаж алкаголю, але не ўсім. Продаж алкагольных напояў забараняецца толькі вайскоўцам і праваахоўнікам.
Апублікаваныя фотаздымкі разбураных акупантамі вёсак Новагрыгараўка і Любаміраўка Мікалаеўскай вобласці з вышыні птушынага палёту.
На фотаздымках бачна, што ў выніку абстрэлаў знішчаны не толькі жылыя дамы, але і вялікія адміністрацыйныя будынкі.
Акупанты гвалтоўна вывезлі амаль 40 грамадзянскіх з Кінбурнскай касы, заявіў кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім.
Людзей “эвакуіравалі” супраць іх волі. Пры гэтым зусім невядома, куды менавіта.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
Яе вышыня складзе 18 метраў. Так сама на плошчы Славы будзе ўстаноўленая ёлка вышынёй 10 метраў, а самая вялікая з’явіцца на плошчы Леніна – 36 метраў.
У самым усходнім на Беларусі раённым цэнтры Хоцімску навагоднія мерапрыемствы пачнуцца 9 снежня. Урачыстае запальванне галоўнай гарадской ёлкі адбудзецца на пешаходнай частцы вуліцы Ленінскай, каля раённага Цэнтра культуры – распавяла начальнік ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама Аляксандр Цішчанка рэсурсу hotimsk.by.
– У запаленні галоўнай ёлкі прымуць удзел тры розных Дзеда Мароза і Снягуркі, а таксама іх світа. Гараджанам і гасцям будзе прадстаўлена і музычная праграма, падчас якой навагоднія персанажы будуць вадзіць карагоды і фатаграфавацца з дзецьмі.
Сустрэча Новага года ў Хоцімску працягнецца штодзённымі вячэрнімі тэатралізаванымі праграмамі з 17.00 да 19.00. Праграма вячэрніх мерапрыемстваў дастаткова насычаная і стракатая. А колькасць запланаваных навагоднія мерапрыемстваў у раёне – 72.
З 18 па 23 снежня, з 25 па 30 снежня пройдзе кінамарафон навагодніх фільмаў і мультфільмаў пад адкрытым небам “Навагодняя перамотка”. З 21 па 25 снежня будзе арганізавана работа сядзібы Дзеда Мароза “У гасцях у Дзядулі”.
У зале Цэнтра культуры адбудзецца спецпаказ мастацкага фільма “Іронія лёсу ў Галівудзе” з элементамі забаўляльнай праграмы для моладзі раёна. Для дзяцей на галоўнай гарадской сцэне пройдзе гульнявая праграма “Вакол ёлкі”, у раённым Цэнтры культуры – дзіцячы навагодні спектакль “Краіна казак” народнага тэатральнага калектыву “Прамень”, у школах раёна пройдуць выязныя праграмы-віншаванні “Цік-ток”.
30 снежня для жыхароў раёна будуць арганізаваны выязныя віншаванні на дом Дзеда Мароза і Снягуркі “Чароўны час”, а 1 студзеня каля галоўнай ёлкі пройдзе навагодняя танцавальная праграма з элементамі караоке “Танчы і весяліся”.
Новаўвядзеннямі гэтага года стануць: адкрыццё навагодняй гасцінай “У гасцях у казкі” (цэнтральная раённая бібліятэка), у якой казачныя персанажы Снежная каралева, Кай і Герда правядуць віктарыны па казках і мультфільмах, адбудуцца інтэлектуальныя гульні, тэатралізаваны паказ.
На базе гісторыка-краязнаўчага музея адкрыецца “Школа чараўніцтва”, дзе дзяцей чакае праграма ў выглядзе квэста, напоўненая традыцыйнымі беларускімі забавамі, этнаграфічнымі замалёўкамі.
У Доме рамёстваў адкрыецца “Майстэрня Дзеда Мароза”, дзе дзеці навучацца вырабляць навагоднюю атрыбутыку: гірлянды, хлапушкі, цацкі, там таксама пройдуць майстар-класы народных умельцаў, чаяванне ля самавара з традыцыйнымі беларускімі пачастункамі.
Тым часам на прылаўках крам ужо пачалі з’яўляцца ёлачныя ўпрыгожанні, галоўны сімвал наступнага года – трус.
Нагадаем, што жыхары Хоцімска першымі сярод насельнікаў краіны сустракаюць дзень, першымі сустрэнуць і Новы год. Дзень ў Хоцімску пачынаецца на 8¼ хвіліны раней, чым у Магілёве і на 38 хвілін раней, чым ў Брэсце.