У Магілёве сутыкнуліся аўтобусы, чатырох чалавек шпіталізавалі

Раніцай 26 жніўня на павароце з праспекта Міра на вуліцу Каралёва ў Магілёве сутыкнуліся два аўтобусы. Як паведамляе прэс-служба Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, кіроўца аўтобуса №23 спыніўся перад светлафорам і яму ў зад ударыў аўтобус №11. Чатыры чалавекі пацярпелі ў выніку аварыі і былі шпіталізаваныя.

Фота: ДАІ

Лабавое пад Шкловам – шэсць чалавек шпіталізаваныя

Сёння раніцай, каля 9:20, на 57-м кіламетры аўтадарогі “Орша – Шклоў – Магілёў” адбылося сур’ёзнае дарожна-транспартнае здарэнне. Паводле папярэдняй інфармацыі, 65-гадовая кіроўца аўтамабіля Honda выехала на паласу сустрэчнага руху непадалёк ад вёскі Літоўск, дзе ўлабавую сутыкнулася з аўтамабілем Peugeot пад кіраваннем 68-гадовага мужчыны.

У выніку аварыі шэсць чалавек атрымалі траўмы і былі дастаўлены ў бальніцу для аказання медыцынскай дапамогі. Сярод пацярпелых:

  • Кіроўца і 74-гадовая пасажырка Peugeot
  • Кіроўца Honda і тры яе пасажыры: 33-гадовая жанчына, 9-гадовы хлопчык і 11-гадовая дзяўчынка

Важна адзначыць, што ўсе ўдзельнікі ДТЗ былі прышпілены рамянямі бяспекі, а дзеці перавозіліся ў спецыяльных дзіцячых утрымліваючых прыладах. Гэта, верагодна, дапамагло пазбегнуць больш цяжкіх наступстваў аварыі.

Фота: ДАІ

Кіроўца зазявалася – пад Мсціславам машыну выкінула з дарогі

Аднаго з пасажыраў прыйшлося вызваляць з дапамогай спецыяльнага інструмента.

Раніцай 18 жніўня на трасе пад Мсціславам адбылася жорсткая аварыя. Аўтамабіль Citroen, у якім ехалі пяць чалавек, выкінула з дарожнага палатна, машына перакулілася. Як паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама, ДТЗ адбылося па той прычыне, што кіроўца згубіла ўвагу і выехала на сустрэчную паласу руху, а потым і наогул перастала кантраляваць аўтамабіль.

Для таго, каб дастаць з машыны аднаго з пасажыраў, спатрэбілася дапамога ратавальнікаў. Ён быў шпіталізаваны з траўмамі – піша прэс-служба МНС. У аварыі ніхто не загінуў, дзякуючы рамяням бяспекі – адзначылі супрацоўнікі ДАІ.

аварыя

Фота: МНС

Лесавоз упаў з моста пад Княжыцамі

Позна вечарам 8 жніўня на мінскай трасе каля вёскі Княжыцы з моста ўпаў гружаны лесавоз. Фотаздымкі здарэння публікуюцца ў канале “ДПС [Магілёў] ДАІ”. Паводле каментарыяў відавочцаў, ніхто не пацярпеў. Кіроўца нават не падрапаўся – піша адзін з карыстальнікаў групы. “Чуў сам асабіста, як у яго лопнулі два колы” – дадае відавочца.

лесовоз упал

Фота з Тэлеграм-канала “ДПС [Магілёў] ДАІ”

Пад Бабруйскам сутыкнуліся дзве легкавушкі, пяць чалавек шпіталізаваныя

Пра ДТЗ на трасе пад Бабруйскам паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. 7 жніўня на трасе Р-31 у Бабруйскім раёне сутыкнуліся два легкавыя аўтамабілі. У выніку аварыі пяць чалавек былі шпіталізаваныя. Афіцыйныя крыніцы МУС пакуль не каментавалі гэтае здарэнне, але пра падрабязнасці аварыі ўдалося даведацца карэспандэнтам бабруйскага “Камерцыйнага кур’ера”.

ДТЗ адбылося каля 17.00 недалёка ад вёскі Лысая Горка. Па папярэдніх дадзеных, кіроўца аўтамабіля «Нісан» пры здзяйсненні развароту не пераканаўся ў бяспецы манёўру: у машыну ўрэзаўся іншы транспартны сродак.

Фота ілюстрацыйнае

Лабавое пад Бабруйскам – загінулі два чалавекі

На трасе Магілёў-Бабруйск сёння раніцай адбылося трагічнае ДТЗ. Кіроўца аўтамабіля Volkswagen не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з грузавіком МАN. 72-гадовы кіроўца і яго 53-гадовая пасажырка загінулі на месцы, яшчэ адзін пасажыр дастаўлены ў лякарню – паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Фота: УУС

Мікрааўтобус разбіўся пад Бабруйскам – легкавушка праігнаравала знак “Stop”

Вечарам 25 чэрвеня на трасе Бабруйск-Магілёў  адбылася жорсткая аварыя. Кіроўца легкавога аўтамабіля Renault вылецеў з другаснай дарогі на трасу, праігнараваўшы знак “Рух без прыпынку забаронены”. Яго машына сутыкнулася з мікрааўтобусам Volkswagen Transporter, у якім ехалі мужчына і жанчына. Volkswagen ад удару развярнула на 180 градусаў і перавярнула. Кіроўца і пасажырка, на шчасце, не пацярпелі. Траўмамі абышлося і ў тых, хто быў у Renault – нязначныя ўшыбы атрымала дачка кіроўцы, паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”

Раварыстка загінула пад Кіраўскам

Раніцай 22 чэрвеня 44-гадовая жанчына ехала па ўзбочыне дарогі Магілёў-Бабруйск у Кіраўскім раёне. З ёй сутыкнуўся аўтамабіль Audi, якім кіраваў 34-гадовы мужчына. Машына ехала ў тым жа кірунку, што і раварыстка, на вуліцы было ўжо дастаткова светла. Ад атрыманых траўм жанчына памерла на месцы. Абставіны ДТЗ высвятляюцца – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

П’яны кіроўца ў Бабруйску збіў насмерць вядомага доктара, аглядзеў сваю машыну і паехаў

З’явіліся падрабязнасці трагічнай аварыі ў Бабруйску, у якой загінуў вядомы ў горадзе доктар-анколаг Сяргей Нікіцін. Вечарам 10 чэрвеня ён разам з жонкай ішоў дахаты з гаража па ўзбочыне дарогі. У нейкі момант жанчына пачула імклівае набліжэнне аўтамабіля, азірнулася, і пабачыла, як яе мужа збівае аўтамабіль.

Кіроўца праехаў яшчэ некалькі дзясяткаў метраў і спыніўся. Як паведамляюць у Бабруйскім міжраённым аддзеле Следчага камітэта, пасля аварыі вадзіцель выйшаў з аўтамабіля, аглядзеў яго, потым азірнуўся на цела збітага мужчыны. Нягледзячы на спробы відавочцаў яго спыніць, 38-гадовы кіроўца сеў у сваю машыну і з’ехаў з месца ДТЗ. Пазней ён не справіўся з кіраваннем і разбіўся аб забор, пасля чаго быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. Праверка паказала ў яго 2 праміле алкаголю. Мужчына патлумачыў, што ў гэты дзень ён рамантаваў сваю машыну ў гаражы і выпіваў. Цяпер н пад вартай.

Фота: Следчы камітэт, “Вячэрні Бабруйск”

Пад Магілёвам перакуліўся бензавоз

Фура для транспарціроўкі паліва з’ехала ў кювет і перакулілася на трасе “Мінск-Магілёў” недалёка ад абласнога цэнтра – паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя. За стырном аўтамабіля MAN знаходзіўся 53-гадовы кіроўца, ён атрымаў цялесныя пашкоджанні. 

Фота: ДАІ