10 студзеня ў Вярхоўным судзе Беларусі пройдзе суд аб ліквідацыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Пазоў на разбіральніцтва падало Міністэрства юстыцыі, працэс будзе весці суддзя Кацярына Якутовіч.
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры было створана 19 чэрвеня 1965 году пастановай Цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі Беларусі і Савета Міністраў БССР.
Першы ўстаноўчы з’езд адбыўся ў снежні 1966 года, які прыняў Статут Таварыства і абраў огран кіравання. Кіраўнікамі таварыства ў розныя гады працавалі: І. Клімаў (1966-1977), Н. Сняжкова (1977-1986), Н. Мазай (1986-1995), М. Дзямчук (1995-1997), С. Марцалеў (1997-2007).
З 2007 года старшынёй арганізацыі з’яўляецца гісторык-этнолаг і культуролаг Антон Астаповіч – ураджэнец Асіповіч. Сярод тых, хто працаваў у якасці намесніка старшыні быў ураджэнец Мсціслава доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў.
Таварыства спачатку дзейнічала як дзяржаўна-грамадская інспекцыя па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і фонд, які фінансаваў рэстаўрацыю шматлікіх помнікаў, у тым ліку Сафійскага сабора ў Полацку, кальвінісцкіх сакральных будынкаў у Заслаўі і Смаргоні.
У далейшым таварыства стала поўнасцю незалежным ад дзяржавы аб’яднаннем. Яно, у прыватнасці, змагалася супраць зносу розных гістарычных аб’ектаў і выказвала прапановы па іх уключэнні ў спіс культурных каштоўнасцей.