Кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім раіць жыхарам вобласці, якія не дапамагаюць войску і не занятыя працай, пакінуць яе.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Сітуацыя ў Мікалаеўскай вобласці застаецца напружанай. Прыфрантавы рэгіён расійскія войскі штодня абстрэльваюць.
images.unian.net
Уначы 17 верасня яны зноў атакавалі Мікалаеў. Параненымі аказаліся дзевяць чалавек. Пашкоджаныя жылыя дамы, паведаміў мэр гораду Аляксандр Сянкевіч.
«Паводле папярэдніх дадзеных, 9 чалавек атрымалі раненні рознай ступені, чацвёра з іх да гэтага часу перабываюць у больніцы”, – адзначыў ён.
Старшыня абласнога савету Ганна Замазеева напісала ў тэлеграм-канале, што ў выніку абстрэлу паселішчаў рэгіёну загінуў адзін чалавек.
«У цэлым па стане на сённяшнюю раніцу ў шпіталях Мікалаева перабываюць 626 грамадзян, якія пацярпелі ад атак акупантаў на Мікалаеўшчыну. Яшчэ 85 пацярпелых лечацца амбулаторна», – паведаміла яна.
images.unian.net
Па словах кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Віталія Кіма, вострай праблемай для Мікалаева застаецца нястача чыстай вады. Па ўсім горадзе можна ўбачыць людзей, якія стаяць у чарзе па ваду, адзначае ён.
«Раю ўсім, у каго ёсць праца і ён можа дапамагчы вайскоўцам, працаваць разам і дапамагаць салдатам перамагаць. Калі працы няма, трэба пакінуць гэты раён», – кажа кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі, якога цытуе інфармацыйная агенцтва «УНІАН».
У сярэдзіне красавіка з-за баявых дзеянняў паблізу Мікалаева быў пашкоджаны водаправод, які падаваў ваду ў горад з Дняпра.
klymenko-time.com
З 13 мая аднавілася водазабеспячэнне жылых дамоў, аднак вада падавалася з Днепра-Бугскага ліману, яна прыдатная толькі для бытавых патрэбаў.
i.lb.ua
У канцы жніўня ў Мікалаеве з-за аварыі на водазаборы з Днепра-Бугскага ліману поўнасцю спынена падача вады.
У пачатку верасня Віталь Кім заяўляў, што праблемы з пітной вадой немагчыма вырашыць бліжэйшым часам. Найхутчэйшы спосаб яе развязання – гэта дэакупацыя Херсонскай вобласці і аднаўленне водаправоду з Дняпра.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».