Жыхары Слаўгарадчыны чакаюць завяршэння рэканструкцыі раённай бальніцы

У Слаўгарадзе паціху завяршаецца рэканструкцыя раённай бальніцы, асноўны корпус якой быў пабудаваны яшчэ ў 1975-м годзе. Перабудова і развіццё бальніцы даўно наспела. Рэканструкцыя дазволіць пашырыць аддзяленні і кабінеты, прадугледжана і ўсталяванне сучаснага медабсталявання.

Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці аказаўся адным з самых забруджаных рэгіёнаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тым не менш, будынак слаўгарадскай цэнтральнай раённай бальніцы і паліклінікі капітальна не рэмантаваўся з 1975 года, час ад часу праводзіўся толькі бягучы рамонт. Будынак не толькі маральна, але і фізічна састарэў, спарахнелі інжынерныя і вентыляцыйныя сеткі, зносілася сантэхнічнае абсталяванне. Жыхары раёна і персанал бальніцы даўно казалі пра неабходнасць абнаўлення бальніцы. Яно стала магчымым дзякуючы фінансаванню з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, сума склала 4,5 млн. Br.

Цяпер завяршаецца першы этап рэканструкцыі – рамонт лячэбнага корпуса. За год будаўнікі прывялі ў парадак будынак, правялі перапланіроўку, замянілі ліфты, надалі бальніцы больш сучасны выгляд. Змянілася і прызначэнне некаторых памяшканняў, што дазволіць зрабіць кабінеты ўрачоў і палаты для пацыентаў больш прасторнымі і ўтульнымі. Ідзе закуп сучаснага медыцынскага абсталявання, мэблі.

Пасля рэканструкцыі пашырацца магчымасці лабараторных даследаванняў і ўльтрагукавой дыягностыкі. У планах – пашырэнне эндаскапічнага аддзялення, каб праводзіць абследаванні ЖКТ на месцы, каб жыхары раёна не ездзілі ў абласны цэнтр. У бальніцы павялічылася колькасць кіслародных пунктаў да 31. Ідзе падрыхтоўка пляцоўкі для ўстаноўкі кіслароднага газіфікатара. Абноўленая бальніца разлічана на 73 ложкі. Усяго ЦРБ абслугоўвае амаль 13 тысяч чалавек.

Другая чарга рэканструкцыі тычыцца паліклінікі, якая размяшчаецца ў адным будынку з бальніцай. У змену паліклініка ў Слаўгарадзе разлічана на 500 наведванняў. Грашовыя сродкі выдзяляюцца па дзяржаўнай праграме “Пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”. На рэканструкцыю паліклінікі неабходна знайсці яшчэ больш за 5 млн. Br.