Але ў афіцыйным каментарыі кіраўніцтва раённай бальніцы адмовілася гэта прызнаваць.
Крычаўская раённая газета публікуе сведчанні жыхароў горада, якія заявілі, што ў цэнтральнай бальніцы ім не даюць талон да доктара ў паліклінічным аддзяленні, пакуль яны не пройдуць дыспансэрызацыю. З такой заявай да рэдакцыі звярнулася дзяўчына, якой не выдалі талон да неўролага. Супрацоўнік самой рэдакцыі па той самай прычыне не змог атрымаць у бальніцы даведку для страхавой кампаніі.
У афіцыйным каментарыі выданню кіраўніцтва Крычаўскай раённай бальніцы дало задні ход. “Талоны ў паліклінічным аддзяленні на прыём да ўрачоў-спецыялістаў выдаюцца пацыентам у незалежнасці ад праведзенай дыспансерызацыі ў бягучым годзе” – гаворыцца ў адказе.
Дыспансэрызацыя насельніцтва актыўна праводзіцца ў Беларусі ўжо другі год, па-сутнасці адразу пасля заканчэння пандэміі. Яе сутнасць заключаецца ў прафілактычным аглядзе і анкетаванні жыхароў, прыпісаных да раённых паліклінік. Відавочна, што ад кіраўніцтва медычных устаноў сталі патрабаваць колькасных паказчыкаў, вынікам чаго стала самадзейнае рашэнне начальнікаў крычаўскай бальніцы не пускаць на прыём да доктара тых, хто не прайшоў дыспансэрызацыю. Але, паколькі гэта незаконнае рашэнне, у афіцыйным каментарыі гэтую з’яву былі вымушаныя абвергнуць.
Загадчык аддзела прававой і кадравай работы крычаўскай раённай бальніцы ўносіла недакладныя звесткі ў табель уліку працоўнага часу, учыніўшы такім чынам крадзеж амаль у 690 рублёў.
Падчас расследавання ўстаноўлена, што жанчына з карыслівых памкненняў, каб завалодаць грашовымі сродкамі, выкарыстоўвала службовыя паўнамоцтвы па складанні графікаў працоўнага часу і табеляў уліку працоўнага часу і з канца студзеня па канец ліпеня 2022 складала графікі і табелі, у якіх пазначала загадзя ілжывыя звесткі аб адпрацаваным ёй працоўным часе.
Такім чынам яна ўчыніла крадзеж на агульную суму 689,7 руб.
А каб схаваць ад супрацоўнікаў міліцыі гэты крадзёж, унесла загадзя ілжывыя звесткі ў загад галоўнага доктара ўстановы аб аб’яўленні ёй працоўных дзён і адгулаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Суд пастанавіў прызначыць работніцы раённай бальніцы пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады са штрафам у памеры 50 базавых велічынь і пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі абавязкамі, тэрмінам на 5 год з адтэрміноўкай на адзін год.
У міліцыю Магілёва звярнулася 31-гадовая мясцовая жыхарка, якая расказала, што ў яе быў выкрадзены згублены залаты бранзалет. Інцыдэнт адбыўся ў адной з медыцынскіх устаноў горада, куды жанчына хадзіла з малалетнім дзіцём.
Сышчыкі высветлілі, што чужую маёмасць забрала 35-гадовая магіляўчанка, якая таксама наведвала паліклініку. Перад гэтым залаты бранзалет парваў дзіця, будучы на руках у маці. Апошняя гэтага не заўважыла – ювелірнае ўпрыгожванне зачапілася за металічнае сядзенне крэсла ў прыёмнай і засталося там. Пасля бранзалет выявіла іншая жанчына, якая і забрала яго з сабой, паклаўшы ў кашалёк. Упрыгожванне нейкі час ляжала дома ў жанчыны – яна планавала пакінуць яго сабе – паведамляе тэлеграм-канал абласнога УУС.
У выніку ў дачыненні да жанчыны, якая знайшла бранзалет і забрала сабе, узбуджана крымінальная справа.
Сусветны дзень барацьбы з апустыньваннем і засухай (World Day to Combat Desertification and Drought, з 1995 года).
Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у сувязі з гадавінай з дня прыняцця Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем (1994).
Чвэрць сушы на планеце знаходзіцца пад пагрозай апустыньвання. Гэта пагроза для крыніц сродкаў існавання звыш за 1 мільярд чалавек больш як у 100 краінах.
Апустыньванне – адзін з найболей трывожных сусветных працэсаў дэградацыі навакольнага асяроддзя.
Пад засухай разумеюць працяглы і значны недахоп ападкаў, які адбываецца пры падвышанай тэмпературы і паніжанай вільготнасці паветра. Засуха прыводзіць да памяншэння запасаў вільгаці ў глебе, што, у сваю чаргу, прыводзіць да зніжэння ці гібелі ўраджаю.
1696 год. Пайшоў з жыцця Ян Сабескі (1629-1696).
Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1674-1696).
Скончыў Ягелонскі ўніверсітэт, падарожнічаў па краінах Заходняй Еўропы, ведаў італьянскую, лацінскую, нямецкую, татарскую і французскую мовы.
Удзельнічаў у пасольстве ў Асманскую імперыю, у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы, Швецыі, супраць казакоў Б. Хмяльніцкага. Праславіўся перамогай над туркамі і татарамі ў бітве пад Хоцімам (1673).
Правёў радыкальную рэформу ва ўзбраенні і арганізацыі войска.
У 1683 годзе, калі турэцкая армія аблажыла Вену, з 27-тысячным войскам падышоў да горада і ўзначаліў агульнае войска аўстрыйскага імператара і германскіх князёў (агулам 70 000), якое 12 верасня разграміла асманаў. У выніку гэтага, Польшча вярнула сабе Падолію і крэпасць Камянец. Пры ім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым.
Увайшоў у гісторыю як выдатны палкаводзец, мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.
1848 год. Памёр Максімільян Станіслаў Рыла (1802-1848).
Філосаф, археолаг, арыенталіст, каталіцкі місіянер на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы
Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію, вучыўся ў Віленскім, Грыгарыянскім (Рым) універсітэтах. Прафесар філасофіі. 3 1833 года святар.
Упершыню даследаваў руіны старажытнага Вавілона і ахвяраваў музею Ватыкана багатую калекцыю археалагічных знаходак. У 1837 абраны ў Папскую археалагічную акадэмію і Арыенталагічнае таварыства Францыі.
Адкрыў у Бейруце Каталіцкую акадэмію, якая была пераўтворана ў Бейруцкі ўніверсітэт Святога Іосіфа. У 1841-1843 гадах на Мальце надрукаваў каментарыі да выдання заснавальніка ордэна езуітаў Ігнація Лаёлы «Духоўныя практыкаванні».
Быў рэктарам Рымскага калегіума, апостальскім вікарыям Цэнтральнай Афрыкі ў Хартуме (Судан).
1882 год. Нарадзіўся Павел Вент (1882-1971).
Беларускі, чэхаславацкі вайсковы дзеяч
Скончыў Маскоўскі 3-ці кадэцкі корпус, Міхайлаўскае артвучылішча, ваенныя электратэхнічную,аўтамабільную школы, Акадэмію Генеральнага штаба.
Прайшоў шлях ад унтэр-афіцэра да капітана рускай арміі.
З’яўляўся начальнікам штаба арміі БНР, фарміраваў дывізію БНР у Адэсе (1918), генерал-маёр беларускага войска.
У Адэсе перайшоў на бок камуністаў і стаў фарміраваць 1-ю беларускую брыгаду, але ў маі 1919 года пад час антыбальшывіцкага паўстання Н. Грыгор’ева, далучыўся з брыгадай да паўстанцаў.
Пасля Адэсы быў саветнікам місіі БНР у Парыжы, Эстоніі, Латвіі, саветнікам Генеральнага штаба літоўскай арміі, удзельнічаў у распрацоўцы аператыўных планаў для беларускіх часцей.
З ліпеня 1921 года паступіў на службу ў армію Чэхаславакіі. Падпалкоўнік Генштаба.
З 1942 года сябра Беларускага камітэта самапомачы ў Празе.
Памер у 1971 годзе, пахаваны на Вышаградскіх могілках.
1882 год. Нарадзіўся Ігар Стравінскі (1882-1971).
Рускі кампазітар беларускага паходжання, дырыжор і піяніст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сусветнай музычнай культуры XX стагоддзя. Грамадзянін Францыі, ЗША.
Паходзіць з беларускай шляхты Стравінскіх герба «Суліма».
Аўтар шматлікіх музычных твораў: скерца, санаты, балетаў («Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна святая»), опер, песень. Актыўна гастраляваў па Еўропе, Амерыцы.
Памёр 6 красавіка 1971 года, пахаваны на могілках Сан-Мікеле ў Венецыі.
1885 год. У Нью-Ёрк прыбыў дар французскага народа Злучаным Штатам Амерыкі – статуя Свабоды.
Гэта падарунак да 100-й гадавіны амерыканскай рэвалюцыі. Праўда, прыбыў са спазненнем на 10 гадоў.
Для перавозкі на борце французскага парахода “Ізеры”, статую разабралі на 350 частак і запакавалі ў 214 скрыняў. Яе правая рука з паходняй, што была скончана раней, ужо экспанаваліся на Сусветнай выставе ў Філадэльфіі ў 1876, а затым у Мэдысан-скверы ў Нью-Ёрку.
Статую сабралі на яе новым фундаменце за 4 месяцы. Урачыстае адкрыццё статуі з выступленнем прэзідэнта ЗША Гровера Кліўленда адбылося 28 кастрычніка 1886 года.
1907 год. На з’ездзе ў Вільні створана Краёвая партыя Літвы і Беларусі.
Палітычная партыя ліберальна-кансерватыўнага кірунку, якая сумяшчала ў сваёй праграме «краёвыя» (аўтанамісцкія) і ліберальна-кансерватыўныя лозунгі.
З прапановай стварэння партыі ўпершыню выступіў адзін з ідэолагаў «краёвасці» Раман Скірмунт (1868-1939). Партыя патрабавала ўвядзення ўсіх дэмакратычных свабод і найперш свабоды нацыянальнага жыцця і палітычнае роўнасці нацыянальнасцяў, краёвага самакіравання.
Лозунгам партыі абвяшчаліся словы «Справядлівасць для ўсіх». Заяўлялася, што партыйны клопат пра разьвіццё «краю» не будзе супярэчыць культурна-нацыянальнай працы асобных народаў. Раман Скірмунт выступіў таксама за ўтварэнне ў Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі асобнай фракцыі дэпутатаў ад «Літвы і Русі».
1938 год. Расстраляны ўраджэнец в. Бацэвічы сённяшняга Клічаўскага раёна Аркадзь Смоліч (1891-1937).
Беларускі навуковец, палітычны і грамадскі дзеяч.
Адзін з заснавальнікаў БНР. Вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі. Першы беларускі прафесар геаграфіі, член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук. Суарганізатар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, тэарэтык беларускай сацыял-дэмакратыі.
Старшыня Таварыства беларускай школы, Цэнтральнага Бюро краязнаўства, загадчык планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР, намеснік старшыні Інбелкульта.
Пачынальнік беларускай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 2-е выд. 1922; 3-е выд. 1923).
Рэпрэсаваны ў 1930 годзе. Расстраляны ў Омскай турме.
1940 год. Савецкія войскі акупавалі Латвію і Эстонію. Дзень савецкай акупацыі.
У ноч на 15 чэрвеня 1940 года савецкія памежныя войскі атакавалі латвійскіх памежнікаў, 17 чэрвеня савецкія войскі ўвайшлі ў Латвію і Эстонію, на талінскім рэйдзе ўсталі караблі Балтыйскага флота. Быў высаджаны марскі дэсант і фактычная ўлада ў краінах перайшла да амбасадаў СССР пад кантролем якіх былі сфарміраваны новыя органы ўлады і забяспечана далучэнне Латвіі і Эстоніі да СССР.
СССР акупавалі дзве незалежныя краіны на падставе нібыта таго, што ўрады Эстоніі і Латвіі быццам бы парушылі пакт аб ненападзе 1932 года і пакт аб узаемнай дапамозе 1939 года, уключыўшы ў эстонска-латвійскі ваенны саюз Літву.
Савецкімі ваеннымі ўладамі былі забаронены народныя сходы, у насельніцтва на працягу 24 гадзін была канфіскавана зброя.
1954 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Барыс Мікуліч (1912-1954).
Беларускі пісьменнік, празаік, крытык.
Член бабруйскага філіяла «Маладняка», працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст». У Мінску працаваў у Дзяржвыдавецтве, у газеце «Літаратура і мастацтва», у Інстытуце журналістыкі.
Да 1936 года выдаў 7 мастацкіх кніг, шэраг апавяданняў, аповесцей, рэцэнзій, аглядаў тэатральнага рэпертуару.
Зведаў нападкі на свае творы. Арыштаваны ў лістападзе 1936 года, асуджаны за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў сібірскіх лагераў.
Пасля вызвалення ў 1946 годзе пераехаў у Ашгабад да сястры, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. Тут ён напісаў 1-ю частку рамана «Адвечнае» з задуманай эпапеі пра вайну 1812 года, пісаў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, аднак апальнага пісьменніка ніхто не друкаваў.
З 1947 года без дазволу ўлад вярнуўся ў Беларусь, жыў у Бабруйску, у Цераховічах на Лагойшчыне. Працаваў у бабруйскай бібліятэцы.
Арыштаваны паўторна 28 красавіка 1949 года, высланы ў Сібір на вечнае пасяленне.
Памёр у с. Машукоўка Краснаярскага края.
Аповесць «Развітанне» прысвечаная М. Багдановічу апублікаваная ў 1959 годзе. Напісаў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў, літаратурнае і тэатральнае жыццё Беларусі ў 1920-1950-я, пра сваё жыццё ў лагерах і турмах.
1998 год. У межах Клічаўскага і Бялыніцкага раёнаў створаны рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Астравы Дулебы”.
Месціцца на былым ваенным палігоне, плошча ў 26 600 гектар. Мае статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння.
Назва заказніка нагадвае пра старажытных дулебаў-славян, якія жылі ў VI-X стагоддзях. Ян Длугаш паведамляў легендарную версію паходжання назвы племя ад імя князя Дулеба, чыё племя стала звацца дулебамі. Былі і іншыя князі, а менавіта Радзім і Вятка, адзін з якіх, Радзім, застаўся на Сожы, другі, Вятка, – асеў на Ацэ, даўшы свае імёны землям і народам: ад Радзіма – радзімічы, ад Вяткі – вяцічы. Славяне, якія аселі па Бугу, назваліся дулебамі, пасля яны сталі звацца валынянамі, лучанамі.
Заказнік уяўляе сабой адзін з нямногіх лесабалотных масіваў на ўсходзе краіны, на водападзеле Друці і Ольсы. Ядро заказніка складаюць балоты Дулебскае і Вялікае, адкуль бярэ пачатак цэлы каскад рэк, месцяцца рэшткавыя азёры.
Лясы займаюць амаль 85% тэрыторыі, пераважаюць хвойнікі. Балоты займаюць 16% тэрыторыі. У заказніку прадстаўлены ўсе асноўныя тыпы балот тайгі. У флоры 705 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх 15 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу. Фауна наземных пазваночных жывёл налічвае 192 віды.
2011 год. У Магілёве адчынена мемарыяльная дошка ў гонар Канстанціна Бахановіча (1931-2007).
З’явілася на адміністрацыйным будынку Магілёўскай абласной бальніцы ў памяць аб беларускім ўрачы-гігіенісце, арганізатары сістэмы аховы здароўя, заслужанага ўрача Беларусі, заснавальніку і першым галоўным урачы абласной бальніцы (на працягу 27 гадоў).
Пры яго ўдзеле была ўведзены ў эксплуатацыю бальніца на 1100 ложкаў з 20-цю спецыялізаванымі аддзяленнямі, паліклінікай на 500 наведванняў за змену і арганізацыйна-метадычны цэнтр.
У сувязі з пачаткам рэканструкцыі галоўнага корпуса Шклоўскай раённай бальніцы і ўзвядзеннем да яго прыбудовы, пачынаючы з 1 мая мяняецца графік работы установы аховы здароўя.
Так, павялічыцца час прыёму ўрачоў. З 1 траўня звярнуцца да іх можна будзе з 7.30 да 20.00. Азнаёміцца з графікам прыёму спецыялістаў можна на сайце ўстановы аховы здароўя і ў рэгістратуры. Кабінет УГД часова будзе перамешчаны ў корпус стаматалагічнай паліклінікі, а дзённы стацыянар размесціцца ў дзіцячай кансультацыі. Тут жа па чарзе будуць весці прыём тэрапеўт і ўрач-неўролаг.
Змены галоўным чынам закрануць дзейнасць бальніцы. Усе пацыенты для аказання планавай медыцынскай дапамогі будуць накіроўвацца ў медыцынскія ўстановы Магілёва. У абласны цэнтр будуць дастаўляцца і тыя, каму патрабуецца аказанне неадкладнай дапамогі.
Але бальнічны стацыянар у Шклове застанецца – лякарня на 40 ложкаў разгорнецца на базе корпуса былога інфекцыйнага аддзялення. Сюды таксама “пераедзе” лабараторыя, палата інтэнсіўнай тэрапіі, будзе арганізавана міні-аперацыйная для аказання экстранай дапамогі – піша газета “Ударны фронт”.
Станам уваходнай групы ў клічаўскай раённай бальніцы падзялілася мясцовая газета “Сцяг Саветаў”. Мала таго, што на ўваходзе да стаматалагічнага кабінета развальваюцца прыступкі, тут цалкам адсутнічае пандус.
Па тэрыторыі Мікалаеўскай вобласці працягваюцца ўдары расійскіх акупантаў. 5 сакавіка на Мікалаеўшчыны аб’яўлена паветраная трывога, як і яшчэ ў 10 абласцях Украіны.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці. Улады, як і раней, нагадваюць грамадзянам – пад час трывогі выключаць святло, газ, узяць дакументы, неабходныя лекі, крыху харчавання і вады і перайсці ў сховішча.
Апошні раз тэрыторыя вобласці абстрэльвалася 4 сакавіка: у 08:45, 11:00 і 16:08 вораг наносіў артылерыйскія ўдары па акваторыі Ачакаўскай абшчыны. Пацярпелых няма.
Узброеныя сілы Украіны збілі 4 разведвальныя і ўдарныя “беспілотнікі” розных тыпаў.
У мікалаеўскіх бальніцах нягледзячы на ўдары артылерыі, ракет, дронаў, зменшылася колькасць пацярпелых ад варожых атак – паведаміла кіраўнік Мікалаеўскай абласной рады Ганна Замазеева.
Па стане на 5 сакавіка, у мікалаеўскіх лякарнях знаходзіцца 198 грамадзян. Яшчэ 6 атрымалі дапамогу амбулаторна. За мінулыя суткі ў бальніцах вобласці знаходзілася 228 пацярпелых.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
Праверка Камітэта дзяржкантроля выявіла ў Касцюковіцкай раённай бальніцы незаконнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў на суму ў 200 000 рублёў – паведамляе “Голас Касцюкоўшчыны”. Гэта стала вынікам парушэнняў пры налічэнні заработнай платы, некампенсацыі ў поўным аб’ёме бюджэтных расходаў пры аказанні платных паслуг, і нават залішняй выдачы малака пры рабоце са шкоднымі ўмовы працы.
Зараз Дзяржкантроль высвятляе вінаватых і вызначае парадак вяртання сродкаў у бюджэт.
У 2023 годзе Хоцімскі раён сустрэне “Дажынкі” – падзяліўся інфармацыяй начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А. Даніленка.
На правядзення свята аграрыяў на 2023 год закладзены адпаведныя бюджэтныя сродкі раёна. У планах па падрыхтоўцы “Дажынак” – капітальна адрамантаваць цэнтральную раённую бальніцу і набыць для яе сучаснае медыцынскае абсталяванне. А таксама, зрабіць бягучы рамонт жыллёвага фонда, устаноў адукацыі райцэнтра, добраўпарадкаваць яго тэрыторыю, прывесці ў належны стан вулічна-дарожную сетку, рэканструяваць будынкі раённага цэнтра культуры “Мір”, спартовага комплекса, гарадскога стадыёна.
Акрамя таго, чыноўнік распавёў аб распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва ў 2024 годзе новай кацельні.
Наша даведка. Дажынкі (Прачыстая, Успенне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная, Спленне, Талака) – гэта не толькі старажытнае свята сканчэння жніва, якое на Беларусі вядома па хроніках з ХІІ стагоддзя, але і з 1996 года дзяржаўны штогадовы “фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі”.
У 1996-2014 гадах “Дажынкі” мелі рэспубліканскі фармат (у 1999 годзе не праводзіліся з-за дрэннага ўраджаю; у 2000 годзе праводзіліся ў Шклове, у 2006 – у Бабруйску, у 2012 – у Горках). З 2015 года праводзяцца ў рэгіянальным фармаце – у адным з населеных пунктаў кожнай вобласці. У 2022 годзе абласныя “Дажынскі” прымаў Слаўгарад.
Жылыя дамы Мікалаева і аб’екты грамадзянскай інфраструктуры пацярпелі падчас чарговага ракетнага абстрэлу расійскімі акупантамі.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Як паведамляецца прадстаўнікамі Офісу генеральнага пракурора Мікалаеўскай вобласці, 2 кастрычніка 2022 года у 03:45 расійскія вайскоўцы ажыццявілі масіраваны ракетны абстрэл жылых раёнаў горада.
Разбурэнням падвергліся таксама і трансфарматарная падстанцыя, электрасеткі і газаправод.
Інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».