12 ліпеня ў гісторыі. Пятро-Паўла. Дзень фатографа. Халера на Магілёўшчыне. Атака іпрытам. Прохараўскі бой. У Магілёве +35,5˚С. Нарадзіўся Б. Камароў.

Сусветны дзень бортправадніка (World Civil Aviation Flight Attendant Day)

Прафесія мае амаль векавую гісторыю. Яна ўзнікла ў Германіі ў 1928 годзе, калі на борт самалёта сталі браць спецыяльнага чалавека, у чые абавязкі ўваходзіла забеспячэнне сэрвісу падчас палёту – сцюарда. Раней гэтым займаўся другі пілот самалёта.

Спачатку функцыі бортправаднікоў выконвалі мужчыны – часцей за ўсё імі былі былыя афіцыянты дарагіх рэстаранаў. У 1930 годзе ў ЗША узнікла ідэя прыцягнуць да працы прывабных дзяўчат – гэта павінна было стаць дадатковай рэкламай пасажырскіх авіяперавозак. Існаваў і яшчэ адзін довад на карысць прадстаўніц прыгожага полу: яны менш важылі, што мела вялікае значэнне для самалётаў таго часу.

Першай сцюардэсай у гісторыі авіяцыі называюць Элен Чэрч (1904-1965) са штата Аёва (мела вагу 52 кг). У свой першы палёт у гэтай якасці яна адправілася 15 мая 1930 года па рэйсе Сан-Францыска – Шаен.

Зараз пры падборы персанала выкарыстоўваецца прынцып “трох В”: выява вонкава (гаворка, міміка, макіяж, прывабнасць), вобраз унутраны, вобраз прафесійны (веды і навыкі).

Дзень Святых Першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла (праваслаўная канфесія). Заканчэнне Пятрова паста.

Абодва апосталы шмат зрабілі ў распаўсюджванні Хрыстовай веры і абодва ў пакутах загінулі ў Рыме пры імператары Нероне.

Пятро і Паўла дзень на гадзіну зменшылі.

Прыйшоў Пятрок і сарваў лісток.

Пятро-Паўла спякоты дадаў. 

Пачынаюць цямнець ночы.

Салавей спявае да Пятрова дня. 

На Пятроў дзень і зязюля перастае кукаваць.

Рачное купанне ў гэты дзень ачышчае ад любадзейных грахоў.

Дзень святой Веранікі – заступніцы фатаграфіі. Дзень фатографа.

Калі асуджаны на смерць Ісус Хрыстос ішоў на гару Галгофу, несучы Свой крыж на распяцце і ўпаў, Вераніка, падбегла да Яго, напаіла вадой і дала свой поплатак, выцерці пот з твару. Вярнуўшыся дадому, Вераніка выявіла, што на тканіне захавалася святое аблічча Збавіцеля. Гэты поплатак з часам патрапіў у Рым і стаў тут вядомым пад імем Нерукатворнай выявы.

У эпоху Сярэднявечча амаль кожная царква мела выяву Веранікі з яе гаспадаром (потавым поплаткам). У містэрыях Сярэднявечча Вераніка таксама заняла трывалае месца і дагэтуль з’яўляецца галоўнай фігурай шостага прыпынку Крыжовага шляху.

Мяркуюць, што імя Веранікі ўяўляе сабой скажонае ад лацінскага vera icon (“сапраўдная выява”) – так звалі “плат Веранікі”, адрозніваючы яго ад іншых вобразаў Хрыста.

Дарэчы, адзначаць Дзень фатографа 12 ліпеня было вырашана яшчэ і таму, што ў гэты дзень у 1854 годзе нарадзіўся Дж. Істмэн – заснавальнік кампаніі Kodak.

1843 год. Памёр Ігнат Даніловіч (1787-1843).

Беларускі гісторык права і археограф.

Адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў ВКЛ. Прафесар. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры Статута ВКЛ, упершыню апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 года.

Марыў пра адраджэнне літоўска-беларускай дзяржавы і мовы Статутаў ВКЛ.

1876 год. Італьянка Марыя Спелтэрына перайшла па канаце праз Ніягарскі вадаспад.

23-гадовая цыркавая артыстка М. Спелтэрына за 11 хвілін перайшла па канаце праз вадаспад, затым за 10 хвілін вярнулася назад, рухаючыся спіной наперад.

Праз тыдзень яна паўтарыла пераход ужо з завязанымі вачыма, а яшчэ праз некалькі дзён – са скаванымі кайданкамі рукамі і нагамі.

1909 год. Магілёўская губерня аб’яўлена на пагражальным становішчы па халеры.

Упершыню з халерай магілёўцы пазнаёміліся ў 1831 годзе. Як пісаў ігумен Арэст, «1831 года, у сярэдніх датах мая адкрылася ў Магілёве хвароба, ніколі не чутная, так званая халера, ад якой вельмі шмат памерла габрэяў і хрысціян, падобная маравой язве; па 30 і больш чалавек за дзень памірала… у Магілёве каля трох месяцаў працягвалася…».

І ў 1872 годзе халера нагадала аб сабе, накрыўшы 5 паветаў губерні.

1916 год. У г. Горкі нарадзіўся Лаўрэнцій Абецэдарскі (1916-1975).

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт АПН СССР.

Стваральнік навуковай школы вывучэння дасавецкага перыяду гісторыі Беларусі.

Крытык тэорыі «залатога веку» ў гісторыі ВКЛ.

Суаўтар дапаможніка для школ “Гісторыя БССР” (1960-1987), двух- і пяцітомнай «Гісторыі Беларускай ССР».

1917 год. Пад бельгійскім горадам Іпр супраць англа-французскіх войскаў Германія ўжыла хімічную зброю – іпрыт.

Вадкі атрутны гарчычны газ скурна-нарыўнага дзеяння быў выкарыстаны з мэтай сарваць наступ англа-французскіх войскаў.

Іпрыт уздзейнічае на вочы і органы дыхання, страўнікава-кішачны тракт і скураныя пакровы. Усмоктваючыся ў кроў, ён праяўляе і агульнаатрутнае дзеянне.

Рэальнай абароны войскаў ад іпрыту ў тыя гады не было, і ўжыванне яго на поле бою было эфектыўным да самага канчатка вайны.

На працягу Першай сусветнай вайны хімічныя рэчывы прымяняліся ў велізарных колькасцях: 12 000 тон іпрыту, якім было атручана каля 400 000 чалавек.

Цяпер хімзброя забаронена Канвенцыяй аб забароне хімічнай зброі 1993 года.

1920 год. РСФСР паводле Маскоўскай дамовы прызнала Літоўскую Рэспубліку і яе правы на значную частку тэрыторыі Беларусі.

Па дамове была скасавана Літоўска-Беларуская ССР, якая дэ-юрэ існавала з 27 лютага 1919 па 31 ліпеня 1920 года.

Пазней, у кастрычніку 1939 год пераважна беларускі па насельніцтву Віленскі край адышоў ад БССР да Літвы.

Герб Літвы

1942 год. У нью-ёркскім бары “Зялёны папугай” забіты яго ўладальнік Макс Гелер. 

Злачынства было раскрыта дзякуючы папугаю, які назваў імя забойцы.

Птушка “выступала” нават на судовым працэсе.

1943 год. Адбылася танкавая бітва пад Прохараўкай.

Пачатак Арлоўскай наступальнай аперацыі савецкіх войск «Кутузаў». 

Савецкія гісторыкі аж да пачатку 1990-х гадоў стваралі міф аб «найбуйнейшай танкавай бітве ў гісторыі войнаў», аб ўдзеле 1 500 танкаў: 800 савецкіх і 700 – германскіх. 

Сучасныя даследаванні кажуць аб удзеле не больш за 300 нямецкіх танкаў, стратах 180 савецкіх і да 100 нямецкіх танкаў. 

Прохараўская бітва саступае па маштабах бітвам пад Бродамі-Роўна (3 200 танкаў) і пад беларускім Сянно (2 000 танкаў) ў 1941 годзе. У гонар бітвы створаны Музей-запаведнік “Прохараўскае поле”.

1953 год. У в. Міхайлаўск Магілёўскага раёна нарадзіўся Базыль Камароў.

Беларускі мастак, графік, краязнавец, руплівец беларускай мовы і гісторыі.

Акадэмік графікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Значнае месца ў яго творчасці займае гістарычная тэма. Стваральнік гістарычных выяў Магілёва, макетаў старажытнага горада для экспазіцый музеяў, Магілёўскага замку ў парку Горкага. 

Удзельнік шматлікіх выстаў, распрацоўшчык праектаў аздаблення геалагічнага музея МДУ імя А. Куляшова, партрэтнай галерэі выбітных географаў геаграфічнага таварыства.

 

1976 год. У Бабруйску нарадзіўся Андрэй Міхневіч.

Беларускі лёгкаатлет (штурханне ядра).

Бронзавы прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў 2008 у Пекіне. Чэмпіён Еўропы (2010) і свету (2003). Спартсмэн года Беларусі 2003 года.

У 2001 пакараны двухгадовай дыскваліфікацыяй за ўжыванне забароненых прэпаратаў, у 2013 годзе па факце паўторнага парушэння антыдопінгавых правілаў Дысцыплінарнай камісіяй НАДА дыскваліфікаваны пажыццёва.

2021 год. У Магілёве пабіты метэарэкорд +35,5˚С.

Да гэтага самым спякотным быў дзень у 1936 годзе, калі зафіксавалі тэмпературу +35,4˚С. Пры гэтым месячны рекорд па краіне пабіты не быў: ён зафіксаваны ў 1936 годзе ў Лельчыцах і Гомелі +37,9˚С. Мінімальная тэмпература для 12 ліпеня ў Магілёве склала +7˚С у 1995 годзе.

Дзень у гісторыі. 3 чэрвеня. Першы парашут, першая ахвяра Мураўёва-вешальніка. Бой пад Мілавідамі. “Курапаты – дарога смерці”.

Сусветны дзень ровара (World Bicycle Day, з 2018 года). 

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН. З ініцыятывай заснавання даты выступілі прадстаўнікі Туркменістана. На французкай “velocipede” – “хуткая нага”.

Ровар быў вынайдзены ў 1817 годзе нямецкім прафесарам фон Дрэзам, але тады яшчэ не меў педаляў. Блізкі да сучаснага выгляду сродак перасоўвання быў вынайдзены ў 1884 годзе англічанінам Дж. Кемпам Старлі і атрымаў назву “rover” – “вандроўнік”, якая перайшла у польскую, украінскую, беларускую мовы.

Роварныя рэкорды хуткасці: 268,83 км/г – Фрэд Ромпельберг (Нідэрланды) на саляной раўніне штата Юта, ЗША, 1995 год. У 2010 годзе Маркус Штольц з’ехаў з гары ў Чылі з хуткасцю 210 км/г.

Ровар на Беларусі з’явіўся ў Віцебску ў 1870-я гады. Першай спартовай роварнай арганізацыяй у Беларусі было Менскае таварыства аматараў спорту, заснаванае ў 1892 годзе. Група раварыстаў у 1894 годзе ажыццявіла прабег па маршрутах: Берасце -Кобрын-Вялікарыта-Брэст (145 км) і Брэст-Старая Жабінка-Камянец-Чарноўцы- Брэст (141 км). У 1898 годзе на Беларусі адбыліся першыя спаборніцтвы на роварах.

Ужо ў 2012 годзе ў 26 з 28 краінаў Еўрасаюза продажы ровараў перавысілі продажы аўтамабіляў. У Беларусі зараз больш за 3 мільёны ровараў.

Дзень роўнаапостальных цара Канстанціна і маці яго царыцы Алены. 

Святы імператар Канстанцін, які атрымаў ад Царквы найменне Роўнаапостальны, а ў сусветнай гісторыі найменаваны Вялікім, быў сынам цэзара Канстанцыя Хлора, які кіраваў Галіяй і Брытаніяй.

Святая царыца Алена, маці імператара Канстанціна, была хрысціянкай. Будучы кіраўнік усёй Рымскай імперыі – Канстанцін – быў выхаваны ў павазе да хрысціянскай рэлігіі. Бацька яго не пераследваў хрысціян у кіраваных ім краінах, у той час, як ва ўсёй астатняй Рымскай імперыі хрысціяне падвяргаліся жорсткім ганенням з боку імператараў.

1757 год. У Нясвіжы памёр Ян Пашакоўскі (1684-1757).

Педагог і выдавец, гісторык, тэолаг, член ордэна езуітаў, доктар філасофіі,  рэктар Слуцкага і Нясвіжскага калегіумаў, стваральнік і выдавец календароў. Быў папулярызатарам гістарычнай навукі ў ВКЛ.

У адрозненні ад календарнай традыцыі выключыў са сваіх выданняў астралогію, прагностыку і іншыя забабоны, а запоўніў звесткамі з гісторыі і культуры ВКЛ, чым жадаў заахвоціць моладзь да чытання гістарычных прац.

Выкладаў паэтыку і рыторыку ў Коўне, Крожах, быў прэфектам школы ў Коўне. Выкладаў філасофію ў Вільні, быў выхавальнікам Гераніма Фларыяна Радзівіла, сына Міхала Радзівіла Рыбанькі.

План аднаўлення Нясвіжскага калегіума.

1785 год. Першае выкарыстанне парашута для скачкоў.

Французскі паветраплавальнік Франсуа Бланшар прадэманстраваў у Лондане сканструяваны ім парашут для скачкоў з паветранага шара.

Сам Бланшар апрабаваць сваё вынаходства не вырашыўся і з вышыні 300 м скінуў на парашуце сабаку.

Першы эскіз парашута намаляваў Леанарда да Вінчы ў 1483 годзе. “Калі ў чалавека ёсць шацёр з накрухмаленага палатна шырынёй у 12 локцяў і вышынёй у 12 – пісаў геніяльны вучоны – то ён зможа кідацца з любой вышыні, без небяспекі для сябе”.

Парашут Леанарда быў падобны на сучасны, аднак адсутнасць практычнай патрэбы ў яго прымяненні служыла перашкодай для вырабу падобных прыладаў. Толькі развіццё паветраплавання праз 200 гадоў і частыя катастрофы заахвоцілі вынаходнікаў ушчыльную заняцца стварэннем апарата для паспяховага спуску чалавека з вялікай вышыні.

Упершыню пабудаваў і выпрабаваў такую прыладу французскі фізік Ленорман, які і даў яму назву – “парашут” (ад грэцкага “пара” – супраць і французскага “шуце” – падзенне).

1786 год. Нарадзіўся Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853).

Прыродазнавец, арнітолаг, асветнік. Заснавальнік беларускай арніталогіі. Усё жыццё марыў пра аднаўленне ВКЛ.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, у Варшаве атрымаў урокі малявання ў Норбліна і Арлоўскага. Меў мастацкія здольнасці, што дапамагала яму і ў навуковай дзейнасці: большасць ілюстрацый да сваіх прац выканаў самастойна. У Пастаўскім палацы ім была створана галерэя карцін, якая налічвала больш за 300 палотнаў вядомых мастакоў.

Таксама меў прыгожы голас і граў на некалькіх інструментах, стварыў музычныя школы і аркестры ў Паставах і Ракішках.

У 1812 годзе ўзначаліў 19-ы пяхотны французскі полк, пазней быў шэфам 3-й кампаніі польскай ганаровай гвардыі, палкоўнікам войск Варшаўскага княства. Удзельнік Лейпцыгскай бітвы. Узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. 

Патрапіў пад амністыю імператара Аляксандра І і пасяліўся ў 1814 годзе ў Паставах.

У 1831 годзе падтрымаў вызваленчае паўстанне, дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі, пастаўляў зброю. Быў арыштаваны, сядзеў у турме.

Распрацаваў сістэму класіфікацыі птушак, якой карыстаюцца сучасныя вучоныя. У Паставах стварыў арніталагічны музей (у калекцыі 3000 птушак з усяго свету і значная колькасць птушыных яек), карцінную галерэю, бібліятэку. Ён упершыню адкрыў гнездаванне ў Беларусі некаторых відаў птушак.

Аўтар больш 20 навуковых прац, у тым ліку “Усеагульная арніталогія, ці апісанне птушак усіх частак свету”, “Каталог птушак і млекакормячых ВКЛ і Каралеўства Польскага”.

Памёр 1 студзеня 1853 года.

1863 год. Пад Мілавідамі (зараз Баранавіцкі раён) паўстанцы далі бой расійскім карнікам.

Аб’яднаныя сілы паўстанцаў пад камандаваннем Ф. Юндзіла, І. Лукашэвіча, А. Лянкевіча, Л. Нарбута і агульным кіраўніцтвам К. Каліноўскага далі бой расійскім войскам. Сярод удзельнікаў бітвы былі Ф. Багушэвіч і М. Андрыёлі.

У гэты дзень расійскія войскі з розных бакоў атакавалі паўстанцкі лагер. Бой ішоў з 12 гадзін дня да цемры.

Паўстанцы засталіся ў гэтым баі пераможцамі, але мелі вялікія страты.

На месцы пахавання паўстанцаў усталяваны капліца-помнік (1930-я гады), у 1990 – камень з мемарыяльнай плітой. У 1993 годзе Мілавідскай школе прысвоена імя А. Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

1863 год. За падтрымку паўстання расійскія карнікі расстралялі ў Вільні ксяндза Станіслава Ішору (1838-1863).

Першая ахвяра М. Мураўёва-вешальніка.

8 лютага 1863 года ён зачытаў у касцёле маніфест паўстанцаў. Сам святар пайшоў у паўстанцкі аддзел Л. Нарбута. Але потым ён добраахвотна здаўся, каб вызваліць пробашча жалудоцкага касцёла. Пробашча арыштавалі якраз з нагоды зачытанага вернікам маніфеста, да чаго ён не меў дачынення.

Ішору спачатку пакаралі 5 гадамі катаргі, але асабіста Мураўёў замяніў пакаранне на расстрэл.

Пакараны смерцю ў Лукішскай турме ў Вільні. Сведкі пакарання ўспаміналі, што святар звярнуўся да натоўпу з такімі словамі: «Трымацца і не падаць духам. Мы паміраем, а вам перадаём далейшыя лёсы Айчыны». 

У 2003 годзе ў Лідзе адкрыта мемарыяльная шыльда, прысвечаная расстраляным у 1863 годзе ксяндзам.

1935 год. Нарадзіўся Васіль Зуёнак.

Беларускі паэт, перакладчык з розных славянскіх моў, крытык, літаратуразнаўца. Лаўрэат прэміі ЛКСМБ, Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук.

Аўтар многіх зборнікаў паэзіі, зборніка гумарыстычных вершаў, кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, кніг выбраных вершаў, вершаў і паэм, двухтомніка выбраных твораў, кніг нарысаў і замалёвак, перакладаў.

Гімнам прыродна-вясковаму свету, роднаму краю і беларускаму народу ўвогуле стала яго ліра-эпічная пенталогія «Пяцірэчча».

Яго кніга «Нача» пабывала ў космасе: у 1978 годзе яна была дастаўлена касманаўту У. Кавалёнку на арбітальную станцыю «Саюз-6».

1988 год. У газеце “Літаратура і мастацтва” надрукаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”.  

Першая праца пра Курапаты.

Колькасць расстраляных НКУС у 1937-1941 гадах у Курапатах па розных ацэнках ад 30 да 102 і нават, да 220-250 тысяч

З 1993 года Курапаты занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў.

4 красавіка 2019 года ўладамі дэмантаваны 70 драўляных, 13 красавіка – усе металічныя крыжы, што былі пастаўлены на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў.

30 ліпеня 2004 года Мінскі гарвыканкам перайменаваў вуліцу Бэзавую (Цна) у Курапацкую, але менш чым праз год гэта рашэнне было адменена. 

1993 год. Памерла Юдзіф Арончык (1908-1993).

Беларуская актрыса. Заслужаная артыстка (1938).

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Працавала ў Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР, Тэатры драмы і камедыі пра Белдзяржэстрадзе, мастацкім кіраўніком Мінскага народнага тэатра мімікі і жэсту Беларускага таварыства глухіх.

Мастацтва Арончык вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. 

2017 год. Памёр Генадзь Шутаў (1939-2017).

Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў

Жыў у Віцебску. Скончыў Віцебскую мастацка-графічную педагагічную вучэльню, Маскоўскі паліграфічны інстытут.  У 1976-1986 гадах быў  старшынём Праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў.

Дзень у гісторыі. 13 студзеня. Апошні бой гладыятараў. Забіты Міхоэлс. Спроба захопу вільнюскага тэлецэнтра. Нарадзіліся мастак Хаім Суцін, гісторык Генадзь Сагановіч, гімнаст Віталь Шчэрба

Шчодрык-Васілле, Малання, Васільеў вечар, Васільева каляда (13-14 студзеня). Сустрэча Новага года па юліянскім календары. Пачатак Шчодрага тыдня. 

Шчодрая (другая, мясная, нішчымная, скаромная, багатая, тоўстая) куцця – абрадавая пераднавагодняя вячэра. На ўсе тры куцці (апошняя 18 студзеня) прыкмячалі, якое надвор’е вечарам: калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы. 

Свята – кульмінацыя зімовых святак у гонар сонцавароту, галоўнай часткай якой, як і ў час калядаванняў, быў абход двароў, гаспадарак, хат са шчадроўкамі.

У адрознені ад калядак, якія спяваліся пад вокнамі, шчадроўкі – прадстаўленні з казой, конікам, буслам, жоравам, мядзведзем, смерцю – ладзіліся з дазволу гаспадароў у хаце.

14 студзеня зранку дзеці ладзілі Засяванне – “засявалі хаты” – магічна ўплывалі на будучы ўраджай. Яны прыходзілі да сваіх родных з зернем у прыполіку і з прыгаворам “Сею, сею, засяваю, з новым годам віншую, добрага ўраджаю жадаю!” рассыпалі зерне па хаце.

На Васільеў вечар дзяўчыны варажылі аб лёсе, замужжы. Яшчэ да наступу світанка, варылі абрадавую кашу. Калі каша паспявала, чыгун вымалі з печы і аглядалі. Калі ён трэснуў, то гэта прадвесціла бяду. Тое ж самае было звязана і з няпоўным чыгуном. Чырвоная каша, поўная – прадвесціла шчасце ўсёй хаце і шчасце для дачкі. Каша дробная, белая – суцэльная бязладзіца. У Васільеў вечар хадзілі па хатах для збірання пірагоў і свіных ножак. Пастукаўшыся ў вакно заможнай сям’і, шчадроўшчыкі спявалі: “Кішку ды ножкі ў верхняе акенца”.

404 год. Адбыліся апошнія баі гладыятараў у Рыме. 

Назва гладыятар паходзіць ад назвы маленькага двусечнага мяча з шырокім і вострым лязом (лац. Gladius – “меч”). Больш за шэсць з паловай стагоддзяў (з сярэдзіны III стагоддзя да н.э.) бітвы спецыяльна навучаных рабоў і ваенапалонных на залітай крывёй арэне цырка прыводзілі натоўп і патрыцыяў у апантанае захапленне.

Забарону на гэтую крывавую забаўку наклала хрысціянская царква ў згодзе з уладай. У забароне гульняў не апошнюю ролю адыграў такі трагічны выпадак. Падчас фінальнай стадыі паядынку на арэне Калізея, калі пераможца сутычкі рыхтаваўся нанесці апошні ўдар пераможанаму суперніку, на арэну выбег манах, каб спыніць расправу. Натоўп, які прагнуў крыві, закідаў камянямі высакароднага хрысціяніна Альмахуса (Святы Тэлемах). Уражаны здарэннем імператар Флавій Ганорый Аўгуст забараніў баі гладыятараў у Рыме.

Карціна "Пальцы долу" мастака Жан-Ляона Жэрома, 1872. год
Карціна “Пальцы долу” мастака Жан-Ляона Жэрома, 1872. год

1593 год. Памёр Сымон Будны

Вялікалітоўскі гуманіст, асветнік, пісьменнік, грамадскі і рэлігійны дзеяч. Актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі. Прыхільнік кальвінізму, антытрынітарызму.

Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы, выдавец Катэхізісу, Бібліі Новага Запавету ў перакладзе на беларускую і польскую мовы.

Дамагаўся крытычнага стаўлення да тэкстаў Святога Пісання.  Аўтар публіцыстычных твораў.

Адмаўляў догмат бессмяротнасці душы, Троіцу, прапаведаваў ідэю самаўладства, верацярпімасць, магчымасць маральнага ўдасканалення чалавека па-за Царквой. Заклікаў развіваць уласную культуру і ўласныя традыцыі. У сваіх палітычных поглядах прытрымліваўся ідэі справядлівасці для ўсіх слаёў грамадства.

Памёр з клятвай, што не ведае ніякага Бога і ніякага Хрыста.

У гонар дзеяча пастаўлены помнікі ў Нясвіжы і ў Мінску.

1719 год. Пётр I загадаў паручніку Івану Яўрэінаву і геадэзісту Фёдару Лужыну высветліць, ці мяжуе Азія з Амерыкай. 

Пасланцы праехалі праз Урал, Сібір, морам прайшлі з Ахоцка да Камчаткі,потым уздоўж Курыльскай грады, нанеслі на карту землі, на якіх пабывалі, сабралі з мясцовага насельніцтва ясак і прывялі яго ў рускае падданства. 

У маі 1722 года выхадзец з мсціслаўскай шляхты Іван Яўрэінаў у Казані перадаў Пятру I карту Камчаткі і Курыльскіх астравоў, але галоўная мэта дасягнута не была. Завершыць пачатае было даручана Вітусу Берынгу.

У гонар мсціслаўца названы праліў паміж астравамі Маканрушы і Анекатан Курыльскай грады. 

1841 год. Нарадзіўся Ігнат Здановіч. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі, Берлінскі ўніверсітэты. Кандыдат матэматыкі. Збіраў успаміны і звесткі пра філаматаў і філарэтаў, выдаў у Парыжы брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў».

У 1863 годзе вярнуўся ў Вільню, быў прызначаны паўстанцкім начальнікам Вільні. Арыштаваны царскімі ўладамі 26 верасня 1863 года. Публічна павешаны 2 студзеня 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільні. 

1893 год. У Смілавічах нарадзіўся  Хаім Суцін. 

Французскі мастак-экспрэсіяніст, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.

Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў – бязлітасныя псіхалагічныя характарыстыкі. Нацюрморты, як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэння.

Яго творы прадстаўлены ў найбуйнейшых дзяржаўных музейных і прыватных сходах розных краін свету. Дзве карціны  “Ева” (1928) і “Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука” (1934) знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

На радзіме, у Смілавічах, у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна».

Памёр 9 жніўня 1943 года. Пахаваны на могілках Манпарнас у Парыжы.

Хаім Суцін. Дзіцёнак з цацкай

1932 год. Нарадзіўся Віктар Лебедзеў. 

Акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Пасля сканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача.

Яго творчасць была адметная спалучэннем псіхалагічнага аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будаваў на эмацыянальных кантрастах, тонка адчуваў жанравыя асаблівасці твора.

Іграў у пастаноўках па творах Я. Купалы, В. Вольскага, І. Мележа, З. Бядулі, А. Астроўскага, М. Горкага, М. Гогаля, У. Шэкспіра і іншых. Здымаўся ў кіно і на тэлебачанні, у тым ліку ў кінафільмах “Апошняе лета дзяцінства”, “Чорны замак Альшанскі”, “Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі”.

Памёр 2 снежня 2001 года.

У яго гонар у Мінску, на доме па праспекце Незалежнасці, 42 устаноўлена мемарыяльная дошка.

1935 год. Памёр Мікалай Бліадуха. 

Беларускі геолаг, акадэмік Акадэміі навук БССР, прафесар. Арганізатар геалагічнай службы БССР, складальнік першай геалагічнай карты Беларусі, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння карысных выкапняў у Беларусі.

Узначальваў горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі БССР,  выкладаў у БДУ, загадваў кафедрай геалогіі, арганізаваў і ўзначаліў  Інстытут геалогіі АН БССР.

Узначальваў экспедыцыі па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адкладанні і фасфарыты на паўднёвым усходзе краіны.

З яго непасрэдным удзелам былі адкрыты новыя радовішчы мергеляў, крэйды, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапеляў, будаўнічых матэрыялаў, мінеральных вод.

Вынікі даследаванняў з’явіліся падставай для будаўніцтва Крычаўскага цэментавага завода.

Падараваў БДУ уласную вялікую калекцыю горных парод і мінералаў, якая стала пачаткам Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.

Быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады.

1940 год. Скончыўся 810-дзённы дрэйф парахода «Сядоў» у Арктыцы. 

Адным з 15 удзельнікаў экспедыцыі быў ураджэнец в. Цішоўка Магілёўскага раёна Восіп Нядзвецкі, які разам з астатнімі членамі экіпажа атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

Восіп Нядзвецкі (1908-1959) – другі герой-магілёвец пасля Ота Шмідта. Яго імя носіць бухта на востраве Тыртава (архіпелаг Нордэншэльда). Але на карце Магілёва яго імя мы не знойдзем.

У 1944-1945 гадах быў  начальнікам тэхнічнага забеспячэння 1-й арміі Войска Польскага, у 1945-1946  – начальнікам тэхнічных майстэрняў Гданьскага ваеннага порта.

З 1946 года працаваў на палярных станцыях. Трагічна загінуў пры тушэнні пажара 26 снежня 1959 года на станцыі на мысе Арктычны. Пахаваны ў Маскве, на Ваганькаўскіх могілках.

1948 год. У Мінску супрацоўнікамі дзяржбяспекі быў забіты Саламон Міхоэлс (Воўсі). 

Акцёр, рэжысёр, яўрэйскі грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Народны артыст СССР, лаўрэат Сталінскай прэміі. Адзін з арганізатараў і кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра ў Маскве, старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (1942-1948).

У 1923 годзе пастановай ЦВК БССР Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру  было нададзена званне секцыі Беларускага акадэмічнага тэатра.

Здымаўся ў фільме беларускай кінастудыі «Вяртанне Нейтана Бекера», быў кансультантам фільма «Шукальнікі шчасця», здымаўся ў фільмах расійскіх кінастудый, у тым ліку, «Цырк» (роля гледача ў цырку, які спявае калыханку на ідышы).

У яго гонар адкрыты маскоўскі Міжнародны культурны цэнтр імя Міхоэлса, названыя плошча ў Тэль-Авіве і вуліца ў Даўгаўпілсе, яму прысвечаны фільмы, песні, у тым ліку А. Галіча, раман братоў Вайнераў «Пятля і камень у зялёной траве».

У 1998 года была прынята пастанова Савета міністраў Беларусі аб усталяванні мемарыяльнай дошкі С. Міхоэлсу на будынку рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў Мінску. Але пастанова не выканана.

1961 год. Нарадзіўся Генадзь Сагановіч. 

Беларускі гісторык, археолаг. Доктар габілітаваны.

Працаваў у Інстытуце гісторыі акадэміі навук Беларусі (1984-2005), пакуль не быў звольнены «за парушэнне працоўнай дысцыпліны». Пасля працаваў Еўрапейскім Гуманітарным універсітэце.

Праводзіў раскопкі шэрагу прыватнаўласніцкіх замкаў, у тым ліку Глускага, даследаваў кавальства Беларусі эпохі феадалізму, вывучае ваенна-палітычную гісторыю ВКЛ, гістарычныя сувязі з немцамі ў сярэднявеччы.

Складальнік і адзін з аўтараў зборніка «Імя тваё Белая Русь», аўтар, суаўтар кніг па гісторыі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, у тым ліку «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (разам з У. Арловым).

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Беларускі гістарычны агляд».

Узнагароджаны медалямі Францішка Багушэвіча Беларускага ПЕН-цэнтра, 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

1972 год. Нарадзіўся Віталь Шчэрба. 

Беларускі спартсмен, гімнаст. Заслужаны майстар спорту СССР, Беларусі. Шасціразовы алімпійскі чэмпіён, 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША), чэмпіён Унівэрсіядаў (1993, 1995). Адзін з найлепшых гімнастаў усіх часоў.

У 1992 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт узнагародзіў яго прызам «Джэсі Оўэнса» як найлепшага спартсмен года.

Ад 1996 года жыве ў ЗША, мае ўласную гімнастычную школу, трэнер зборнай ЗША па спартыўнай гімнастыцы.

1991 год. Спроба савецкіх войск захапіць тэлецэнтр у Вільнюсе.

Праз 10 месяцаў пасля заявы Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР аб аднаўленні незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, 9 студзеня 1991 года а 16:00 ля будынка Вярхоўнага Савета Літвы сабраўся шматтысячны натоўп пераважна рускамоўнага насельніцтва з лозунгамі: «Далоў парламент! Няхай жыве СоюзССР!».

Рускамоўных грамадзян падтрымаў М. Гарбачоў, які 10 студзеня запатрабаваў аднавіць у Літве Канстытуцыю СССР. У Вільнюс прыбыў спецназ КДБ «Альфа», былі перакінуты з Каўнаса часткі 7-й дэсантнай, з Пскова – 76 дэсантнай дывізій, прыведзена ў баявую гатоўнасць 107-я мотастралковая дывізія. 

У ноч з 10 на 11 студзеня вайскоўцы занялі Дом друку, цягам 11 студзеня былі занятыя рэтрансляцыйны тэлевізійны вузел, грамадскія будынкі. 

Кіраўніцтва Літвы заклікала насельніцтва выйсці на вуліцы і прыняць удзел у ахове будынкаў Вярхоўнага Савета, радыёцэнтра, тэлевежы, а Міністэрства замежных спраў накіравала ў Маскву ноту пратэсту ў сувязі з “акупацыйнымі дзеяннямі савецкіх ваеннаслужачых”. 

У ноч з 12 на 13 студзеня дэсантнікі і група “Альфа” накіраваліся да парламента і на штурм тэлевізійнай вежы. Пры штурме апошняй загінула 14 чалавек, 843 былі параненыя (паводле апошніх даных). 

У гонар гэтых студзеньскіх падзеяў у Літве ўсталявана свята Дзень абаронцаў свабоды – 13 студзеня.

Абаронцы тэлецэнтра ў Вільнюсе. Крыніца delfi.lt