Jedem das Seine і рай для сталкераў – як цяпер выглядае Бабруйская крэпасць

Турыстычная перліна Бабруйска засталася без якіх-ніякіх гаспадароў. Яшчэ нядаўна тут, у павільёнах, узведзеных для здымак фільма “Урокі фарсі” размяшчаўся конны клуб мясцовых “казакаў”. 

Клуб, дарэчы, носіць недарэчную для Магілёўшчыны назву “Ермак”. Гэты казацкі атаман у 1581 годзе ўдзельнічаў у заваёўніцкім паходзе на нашы землі ў складзе 30-тысячнай арміі Маскоўскай дзяржавы. Тады апалчэнцы Магілёва і 200 крылатых гусараў Рэчы Паспалітай з роты Марціна Казаноўскага паспяхова абаранілі горад, што ўвайшло ў калектыўную памяць пад назвай “Магілёўскія Фермапілы”.

У сакавіку 2024 года “казачы” клуб пераехаў на новую базу, і будынкі Бабруйскай крэпасці апусцелі цалкам. Што зрабіла іх цікавосткай для неарганізаваных турыстаў, ахвочых пабадзяцца па старажытным руінам ці сфатаграфавацца на фоне надпіса “Jedem das Seine”.

Гэты надпіс застаўся ад дэкарацый мастацкага фільма “Урокі фарсі”, дзеянне якога праходзіла ў тым ліку ў нямецкім канцлагеры. 

Вырабленыя з USB-панэляў дэкарыцыі зараз развальваюцца, дадаючы каларыту маўклівым сценам Бабруйскай крэпасці.

Фота: bobr.by 

Двое ў рэанімацыі, васьмярых шпіталізавалі – маршрутка ўехала ў трактар пад Бабруйскам

Аварыя адбылася сёння каля 15.00 на аўтадарозе Бабруйск — Мазыр паблізу вёскі Брожка Бабруйскага раёна. Кіроўца маршрутнага таксі Mercedes-Benz Sprinter, 32-гадовы мужчына, сутыкнуўся з трактарам МТЗ, які рухаўся наперадзе ў тым жа кірунку і рабіў паварот налева – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя з 17 пасажыраў маршруткі траўмы атрымалі 13 чалавек, 10 з іх былі шпіталізаваныя, прычым двое знаходзяцца ў рэанімацыі.

Фота: УУС аблвыканкама

Магілёў, Бабруйск, Чэрыкаў і нават Вішоў – назвалі самыя добраўпарадкаваныя населеныя пункты Беларусі

У чатырох катэгорыях з пяці пераможцамі аказаліся гарады і адзін аграгарадок з Магілёўскага рэгіёна. 

29 траўня Савет Міністраў Беларусі абвясціў вынікі рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. У першай катэгорыі перамогу святкаваў горад Магілёў – піша Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал. Па другой катэгорыі першае месца падзялілі паміж сабой Бабруйск і Салігорск. У ліку лепшых па трэцяй катэгорыі самы высокі бал аказаўся ў Чэрыкава. 

Сярод населеных пунктаў сельскага тыпу ў шэрагі пераможцаў трапіў аграгарадок Вішоў Бялыніцкага раёна. Даволі нечаканы вынік, калі ўлічыць, што на загалоўным фота мы можам пабачыць, у якім стане знаходзіцца царква святых Пятра і Паўла канца XVIII – пачатку ХІХ стагоддзяў у Вішове.

Фота: budgawl.livejournal.com

Сёння ў спіс “экстрэмістаў” дадалі яшчэ чатырох чалавек з Магілёўскай вобласці

Міністэрствам унутраных спраў Беларусі 24 траўня быў дапоўнены так званы “Пералік грамадзян, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”. У новым спісе з’явіліся яшчэ чатыры жыхары Магілёўскага рэгіёна. Гэта бабруйчане Яўген Рудзяк і Святлана Кусянкова, жыхар Новага Быхава Юрый Томашаў і выхадзец з Бялыніч Павел Макаранка, пра якога нядаўна пісалі mogilev.media. Юрый Томашаў – гэта вясковец, які зрываў чырвона-зялёны сцяг з сельскай крамы, дзеля чаго не паленаваўся схадзіць за лесвіцай.

Зараз у спісе “экстрэмістаў” 78 жыхароў Магілёўшчыны, у тым ліку такія вядомыя асобы, як прафесар Юрый Бубнаў і дацэнт-эколаг Ганна Скрыган. Поўны пералік можна знайсці тут

Фота ілюстрацыйнае

Незвычайнае ДТЗ у Бабруйску – відэа

Гарадскія паблікі размясцілі відэа з наступствамі незвычайнага дарожна-транспартнага здарэння ў Бабруйску сёння, 20 траўня. “Як такое можа быць наогул?” – здзіўляюцца чытачы.

 

Бабруйскі маршрутчык пратараніў BMW на пешаходным пераходзе, чатырох чалавек шпіталізавалі

ДТЗ з удзелам запоўненай людзьмі маршруткі адбылося на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Бабруйску надвячоркам 18 траўня. 

28-гадовы кіроўца маршруткі не паспеў адрэагаваць на дзеянні 26-гадовага вадзіцеля BMW – той рэзка затармазіў на светлафоры. Сутыкненне двух транспартных сродкаў трапіла на камеры відэаназірання. Ад удару маршруткі BMW адкінула на некалькі метраў на пешаходны пераход, на якім, на шчасце, нікога не аказалася. Чатырох чалавек, што знаходзіліся ў аўтамабілях, даставілі ў лякарню – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”. 

 

 

Пад Бабруйскам зноў будуць шукаць метэарыт – самы яркі за гісторыю назіранняў

Першая экспедыцыя супрацоўнікаў Мінскага планетарыя завяршылася няўдала. Навукоўцы прайшлі 45 кіламетраў, пошукі працягваліся пяць дзён, але метэарыт так і не знайшлі.

Цяпер жа запланаваная новая экспедыцыя, да якой супрацоўнікі Мінскага планетарыя запрашаюць далучыцца валанцёраў. Наступны выезд на мясцовасць адбудзецца 26 траўня, даследаванні будуць праходзіць па лініі вёсак Вярбкі, Раксалянка, Ізюмава, Пад’ясенка і Токары. Астраномы мяркуюць, што падчас палёту ў атмесферы Зямлі метэарыт раскалоўся на некалькі кавалкаў, і каля ўсіх пералічаных вёсак існуе верагоднасць знайсці яго частку. Самы вялікі фрагмент, па падліках навукоўцаў, мог выпасці ў раёне вёскі Токары – каля 4-5 кілаграмаў.

Метэарыт, які быў зафіксаваны супрацоўнікамі планетарыя 1 траўня 2024 года аказаўся самым яркім за гісторыю шасцігадовых назіранняў падобнага кшталту. Зялёная ўспышка працягвалася восем секунд. 

Астраномы просяць жыхароў Бабруйскага раёна дапамагчы ў пошуках метэарыта. Хутчэй за ўсё гэта будзе незвычайны камень – піша bobr.by. Метэарыт можа мець чорную абвугленную корку з расколінамі і сколамі, чорную аплаўленую матавую паверхню або карычневы іржава-буры колер. Ён павінен прыцягваць магніт і мець шчыльную структуру.

Калі атрымаецца знайсці метэарыт, то ўнікальная знаходка можа стаць шостым вядомым беларускім метэарытам. Супрацоўнікі планетарыя спадзяюцца ў далейшым яго даследаваць і экспанаваць у фае мінскага планетарыя ў навуковых і адукацыйных мэтах. Дарэчы, касмічнаму каменю прысвойваецца назва найбліжэйшага населенага пункта ад месца першых знаходак.

Фота: bobr.by

Жыхароў Клімавіч затрымалі за абыходжанне з афіцыйным сцягам чатыры гады таму

Тэлеграм-канал магілёўскіх сілавікоў апублікаваў відэа з удзелам жыхара Клімавіч Кірыла Вазмілава. На камеру хлопец гаворыць, што ў 2020 годзе да яго дадому знаёмы прынёс чырвона-зялёны сцяг. Потым затрыманы ў кампаніі іншых хлопцаў «таптаўся» па ім і «штурхаў нагамі», а сам сцяг спалілі ў двары дома.

Пакуль невядома, што інкрымінуецца затрыманаму. Верагодна, відэа, якое стала прычынай затрымання, узята з гаджэтаў кагосьці з удзельнікаў кампаніі, што забаўляліся з афіцыйным сцягам чатыры гады таму. Сыходзячы з таго, што ў публікацыі сілавікі кажуць пра затрыманых у множным ліку, іх можа быць двое альбо некалькі чалавек.

Фота з сацыяльных сетак

На пешаходным пераходзе ў Бабруйску збілі двух дзяцей

5-гадовага хлопчыка і 6-гадовую дзяўчынку збіў кіроўца аўтамабіля Volkswagen на скрыжаванні вуліц Гагарына і Ульянаўскай у Бабруйску – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Дзеці пераходзілі дарогу разам са сваёй маці па пешаходным пераходзе, на якім працаваў светлафор у рэжыме жоўтага міргання. Зараз пацярпелыя дастаўленыя ў лякарню.

Фота: УУС

Бабруйскі пенсіянер патануў у гаражнай яме

Яма для агляду аўтамабіля ў гаражы бабруйскага пенсінера па 4-тым Чарапічным завулку ў Бабруйску мае глыбіню ў 1 метр і на 80 сантыметраў яна была запоўненая вадой – паведамляе прэс-служба МНС. Позна вечарам 14 мая тут, у яміне недабудаванага гаража, было знойдзена цела мясцовага жыхара 1953 года нараджэння, што патануў. Прычыны яго гібелі высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае