На Магілёўшчыне за першую палову 2022 году пажары забралі жыцці 48 чалавек

За гэты час адбылося 390 пажараў. З 48 загінулых – 35 былі ў стане алкагольнага ап’янення.

Разам з тым, паводле начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Дзямідава, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году колькасць смерцяў на пажарах зменшылася на 19 працэнтаў. Летась загінула – 59 чалавек, паведамляе сайт газеты «Голас Касцюкоўшчыны»

Па словах Сяргея Дзямідава асноўнай прычынай смерцяў, звязаных з пажарамі застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Гэта прывяло да гібелі 41 чалавека. 35 чалавек на момант узнікнення пажару знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

 

«На 20 капеек». У Магілёве падаражэла маршрутнае таксі

Пра гэта Магілёў.media паведамілі жыхары абласнога цэнтру. Яны кажуць, што новая цана праезду з’явілася пакуль толькі на некаторых маршрутах. Цяпер за паездку трэба выкласці 1 рубель 50 капеек.

Ранейшы кошт праезду быў – 1 рубель 30 капеек.

У Магілёве мяркуюць, што павышэнне кошту праезду ў маршрутным таксі першая ластаўка падаражэнняў тавараў і паслуг.

 

На Магілёўшчыне чакаецца навальніца з дужымі парывамі ветру

Магчымыя зрыванні слаба ўмацаваных канструкцыяў, дахаў будынкаў, абрыванні лініяў сувязі і электраперадач, перабоі энергазабеспячэння, падзенні дрэваў, узнікненні лясных пажараў, а таксама пажараў у жылых і вытворчых будынках. Не выключаецца гібель людзей у вадзе падчас купання, адзначана ў паведамленьні на тэлеграм-канале “МЧС Беларуси”.

Чакаецца пераменная воблачнасць. Па ўсходзе кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Вецер паўночны 5-10 м/с, парывы да 14 м/с, месцамі, пераважна па ўсходняй палове, 15-20 м/с. Тэмпература паветра 20 26°С, па паўднёвым захадзе да 28°С.

Белгідрамедцэнтр абвясьціў жоўты ўзровень небясьпекі. 

 

«Да 500 рублёў». Белпоштай уведзеныя абмежаванні ў аплаце паслуг

Часова ўведзеныя абмежаванні на правядзенне аперацый па аплаце паслуг з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных карт, эмітаваных банкамі-нерэзідэнтамі, у суме 500 рублёў за адну банкаўскую плацежную карту за нядзелю.

Пра тое паведаміла Белпошта са свайго тэлеграм-каналу.

Паштавікі выбачаліся за прынесеныя нязручнасці.

Дзень у гісторыі. Дзень шахмат. Зямляне на Месяцы. Нарадзіліся калекцыянер Гальяш Леўчык, спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Загінуў журналіст Павел Шарамет. Прысяга Лукашэнкі

20 ліпеня – Міжнародны дзень шахмат International Chess Day.

Адзначаецца ад 1966 году. Устаноўлены Міжнароднай шахматнай федэрацыяў, якая была заснавана ў гэты дзень у 1924 годзе.

Беларусь у Міжнароднай шахматнай федэрацыі ад 1992 году. За яе выступаюць 22 міжнародных гросмайстра і 32 міжнародных майстра.

Шахматы прыдумалі ў індыі. Беларусам, паводле археалагічных дадзеных, яны вядомыя не пазней за XI стагоддзе. Шахматныя фігуры знаходзілі ва ўсіх буйных гарадах. Сабраная калекцыя лічыцца найвялікшай ва Усходняй Еўропе.


20 ліпеня 1969 года на Месяц прылуніўся модуль Eagle касмічнага карабля «Апалон-11» з астранаўтамі Нілам Армстрангам і Базам Олдрынам.

У ноч на 21 ліпеня Ніл Армстранг першым з зямлян ступіў на паверхню Месяца, праз 20 хвілін месяцавы грунт пад нагамі адчуў і Олдрын.


20 ліпеня 1880 года нарадзіўся Гальяш Леўчык.

Паэт, беларусазнавец, публіцыст, перакладчык, музыкант.

Збіральнік музейных экспанатаў, кніг, меў найбагацейшыя беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме. Блізкі сябар Янкі Купалы.

Пісаў для першай беларускамоўнай газеты «Нашай нівы», аўтар зборніка вершаў «Чыжык беларускі».


20 ліпеня 1971 года нарадзіўся Зміцер Вайцюшкевіч.

Спявак, музыкант, кампазітар.

Удзельнік гуртоў «KRIWI», «Палац», «WZ-Orkiestra», папулярных супольных праектаў «Я нарадзіўся тут», «Budzma The Best Rock» і інш. Запісаў больш за 20 альбомаў.


20 ліпеня 1977 года памёр Іван Любачка.

Беларускі гісторык.

Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША. Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.Аўтар даследавання «Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1957».

Працаваў на Бялыніччыне ў Галоўчынскай школе. У 1943 годзе вывезены нацыстамі на працы ў Германію.


20 ліпеня 2016 года загінуў Павел Шарамет.

Журналіст.

Загінуў у выніку падрыву прыватнай машыны. Тэракт адбыўся ва Украіне.

Працаваў на тэлеканалах і газетах у Беларусі, Расіі і Украіне

Заснавальнік інтэрнэт-выдання «Беларускі партызан».

Суаўтар кнігі «Случайный президент», аўтар шэрагу дакументальных фільмаў

Лукашэнка пазбавіў Шарамета беларускага грамадзянства.

20 ліпеня 1994 году Аляксандар Лукашэнка прынёс прысягу і заступіў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

У другім туры першых прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 10 ліпеня 1994, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласці, дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка перамог старшыню ўраду Вячаслава Кебіча, набраўшы 80,34% галасоў (у Кебіча было 14,17%). З улікам яўкі, гэта, адпаведна, 56% і 10% ад усіх грамадзянаў, якія мелі права голасу.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Аляксандр Піскуноў

Асуджаны на з гады за калоніяў агульнага рэжыму.

27 лютага гэтага году ён зняў на мабільны тэлефон расійскую вайсковую тэхніку і даслаў гэта відэа ў адзін з тэлеграм-каналаў, а ў каментары напісаў пра колькасць тэхнікі, кірунак яе руху і адметныя асаблівасці.

У гэтым следства ўгледзела садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым «у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, альбо ўдзеле ў ім».

Паводле праваабаронцаў на момант затрымання хлопец не быў паўналетнім.


Дзмітрый Осік

Былога выкладчыка юрфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, у якога цяпер уласная каратэ-студыя, арыштавалі на 15 сутак.

Яго зняволілі 13 ліпеня і адвезлі ў Цэнтральны РУУС Мінску. Праз два дні яму прызначылі адміністрацыйны арышт. Што інкрымінуецца невядома, пішуць праваабаронцы.


Дзмітрый Марозаў

Лекара-анастэзіёлага анкалагічнага дыспансера Магілёва забралі з працы.

Паводле калегаў, нібыта, спрабаваў стварыць незалежны прафсаюз. Сілавікі ўзламалі на працоўным месцы шуфлядкі і забралі службовы камп’ютар.

Месца знаходжання невядомае. Калегі кажуць, што збіраўся звальняцца, а сямʼя чакала візу.


Аляксандр Трафімаў

Затрыманы лекар-гастраэнтэролаг з Баранавічаў.

Прычына зняволення не вядомая. Нібыта забралі на трое сутак.

Затрыманы вёў блог аб медыцыне ў сацыяльных сетках.


Яўгеній Маркавец

На волі, адбыўшы ўвесь тэрмін зняволення.

Быў затрыманы 28 мая 2021 году. Быў асуджаны ў Гомелі судом Савецкага раёну за публічную знявагу прадстаўніка ўлады.

Адседзеў 1,5 гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем.

Мяняюцца правілы продажу патрыманых аўтамашын. Што чакае?

Нельга будзе набыць патрыманы аўтамабіль за наяўныя грошы ў выпадку, калі здзелка ажыццяўляецца паміж юрыдычнай асобай, індывідуальным прадпрымальнікам і фізічнай асобай.

Уводзіцца патрабаванне аб заключэнні абавязковай пісьмовай дамовы на адчужэнне транспартнага сродку. У дамове павінна быць прапісана адсутнасць абмежаванняў на здзелкі з аўтамашынай.

Дамову куплі-продажу можна будзе зарэгістраваць не толькі ў ДАІ і Мінсельгаспрадзе, але і шляхам натарыяльнага афармлення.

Пры пакупцы адным чалавекам у другога, калі абодва выступаюць як фізічныя асобы, пакупка за наяўныя сродкі ўсё яшчэ будзе дазваляцца.

Змены набудуць моц праз шэсць месяцаў.

 

У Шчучыне паставілі помнік Шарлю дэ Голю. Неўзабаве адкрыццё

Помнік прасякнуты сімвалізмам. На ім малады капітан Шарль дэ Голь выяўлены на фоне паўкруглай рэльефнай сцяны з аконнымі праёмамі, якая сімвалізуе шлях ад вязня да лідара Супраціўлення.

Капітан Шарль дэ Голь – будучы генерал, лідар французскага Супраціўлення і прэзідэнт Францыі – з ліпеня па верасень 1916 году быў у Шчучыне ў нямецкім палоне, паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».

Ён прымаў удзел у ваенных дзеяннях ад пачатку І Сусветнай вайны – з жніўня 1914 года. Тройчы быў параненым, апошні раз у Вердэнскай бітве 1916 года. Пакінуты на полі бою.

Атрымаў пасмяротную воінскую пашану, ордэн Ганаровага Легіёну. Саслужыўцы не ведалі, што дэ Голь выжыў і ў палоне. Шэсць разоў ён рабіў спробы ўцячы і быў вызвалены толькі па сканчэнні вайны.

У Францыі яго шануюць як адну з самых значных палітычных фігур у гісторыі, нароўні з Напалеонам І.

2020 год у гэтай краіне быў абвешчаны «Годам дэ Голя». За межамі Францыі, помнікі яму ёсць у Варшаве, Маскве, Нур-Султане. Цяпер з’явіцца ў Беларусі.

 

 

Цукровая паніка дабралася да Магілёва

У невялікіх і буйных крамах гораду цукар знік, разбіраюць нават рафінад.

Не паспеў Магілёў.media паведаміць  пра тое, што нягледзячы на нервознасць пакупнікоў, цукру ў магілёўскіх крамах хапае, як паліцы пачалі імкліва пусцець.

Запасы тавару карэспандэнты Магілёў.media адшукалі толькі ў цэнтры гораду – на Цэнтральным (Мінскім) рынку, у «Грошыку» каля «кітайскай сцяны».

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі абвяргае чуткі пра магчымае павышэнне цаны на цукар. Паведамляецца таксама, што яго складскіх запасаў у краіне дастаткова, каб задаволіць попыт.

Дыскрымінацыйнае стаўленне. Мінск вырашыў, што Орхаўская канвенцыя непатрэбная і спыніў удзел у ёй

Беларусь падпісала Орхускую канвенцыю 30 кастрычніка 2001 году. Праз 21 год афіцыйны Мінск угледзеў прадузятае і дыскрымінацыйнае стаўленне з боку кіроўных органаў канвенцыі, факты ціску на суверэнную дзяржаву.

Таму, вырашыў спыніць свой удзел у Канвенцыі аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, якія датычацца навакольнага асяроддзя. Тое прадугледжана ўказам «Аб выхадзе Рэспублікі Беларусь з міжнароднага дагавора», які падпісаў Аляксандр Лукашэнка, піша БЕЛТА, спасылаючыся на яго прэс-службу.

«Нягледзячы на ​​дасягнутыя вынікі ў выкананні ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў у адпаведнай сферы, у кастрычніку 2021 года Беларусь сутыкнулася з прадузятым і дыскрымінацыйным стаўленнем з боку кіроўных органаў канвенцыі, фактамі ціску на суверэнную дзяржаву», – адзначаецца ў публікацыі.

Орхуская канвенцыя названа так, бо была падпісаная ў дацкім горадзе Орхус у 1998 годзе. 38 краін-падпісантаў дамовіліся падтрымліваць правы чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і даваць людзям удзельнічаць у рашэннях адносна навакольнага асяроддзя.

У Беларусі неаднаразова былі скандалы і пратэсты, звязаныя з экалагічнымі праблемамі ў пытаннях будаўніцтва «брудных» заводаў ці не інфармаваннем аб аварыях на атамнай электрастанцыі. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі дзясяткі экалагічных арганізацый.