Сусветны дзень барацьбы супраць гепатыту
Абвешчаны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў 2008 годзе дзеля павышэння дасведчанасці аб вірусным гепатыце і захворваннях, да якіх ён прыводзіць.
Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы, блізу траціны чалавецтва заражаная вірусам гепатыту.
Нягледзячы на тое, што эфектыўная вакцынацыя супраць некаторых відаў гепатыту была створана больш за 25 гадоў таму, вірус працягвае штогод забіваць мільён чалавек.
Захворванне прызнана глабальнай небяспечнай праблемай аховы здароўя.
У Беларусі каля 35 тысяч хворых з гепатытам С.
131.by
1586 год. У Еўропу з Амерыкі завезлі бульбу.
Адназначна пераканаўчых звестак, як і хто завёз бульбу ў Беларусь няма, але вядома, што ў канцы 17 стагоддзя яе спрабавалі культываваць у нашым краі. Беларусы паставіліся да новай культуры з недаверам і нават варожа, але з часам яна стала для іх «другім хлебам».
Прыніжальная назва беларусаў “бульбаш” спачатку адносілася толькі да ўніятаў, потым да навабранцаў з літоўска-беларускіх губерняў.
Адной з самых «бульбяных» у Расійскай імперыі была Магілёўская губерня.
У СССР беларусы больш за іншых вырошчвалі і спажывалі бульбы.
Хаця бульба – адзін з сімвалаў Беларусі, яе імпартуюць з Эўропы, Афрыкі, Азіі.
1812 год. Нарадзіўся Юзаф Крашэўскі
Польскі пісьменнік.
Удзельнік паўстання 1830-1831 гг. Пачынальнік польскай рэалістычнай прозы, аўтар больш за 600 тамоў твораў. У Польшчы яго творы абавязковыя ў школьнай праграме.
Паўплываў на творчасць Янкі Купалы, які перакладаў творы Крашэўскага на беларускую мову. На беларускую мову яго творы таксама перакладалі Пятро Бітэль, Васіль Сёмуха, Міхаіл Кенька.
1890 год. Нарадзіўся Язэп Рэшаць.
Дзеяч беларускай эміграцыі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч.
Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.
Удзельнічаў у заходнебеларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці. У 1928–1929 гадах актыўны дзеяч Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
У 1927 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія). Супрацоўнічаў з каталіцкім перыядычным выданнем «Chryścijanskaja Dumka».
Аўтар рэлігійных і навуковых кніг «Асновы хрысціянскай веры для беларускага народу», «Кароткі Катэхізм для Беларусаў-Каталікоў»
1897 год. Памёр Янка Лучына (Неслухоўскі).
Паэт, перакладчык.
Псеўданімам Лучына падпісваў толькі творы на беларускай мове. Пісаў на польскай, рускай, беларускай мовах і ў розных жанрах.
У 1886 годзе напісаў першы верш на беларускай мове. Але, як беларускі паэт ён дэбютаваў у друку ў 1889 годзе, калі змясціў у газеце «Минский листок» верш «Вясновай парой», паклаўшы пачатак вяртанню беларускай літаратуры да друкаванага жыцця, перарванага пасля паражэння паўстання 1863 года расійскімі рэпрэсіямі на чвэрць стагоддзя.
Беларускамоўная творчасць Янкі Лучыны, якая дайшла да нас, нешматлікая: 14 арыгінальных вершаў.
1914 год. Пачалася Першая сусветная вайна, якая трывала да 11 лістапада 1918.
У 38 краінах загінула 10 мільёнаў чалавек.
Страты Беларусі склалі да 1 мільёна жыхароў.
Вайна знішчыла чатыры вялікія імперыі Старога Свету – Германскую, Расійскую, Аўстра-Венгерскую і Асманскую.
У Магілёве ад 1915 да 1918 гадоў месцілася стаўка расійскага самадзержца Мікалая ІІ, які фармальна лічыўся галоўнакамандуючым расійскім войскам.
1920 год. Памёр Алесь Гарун (Прушынскі).
Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч.
За антыўрадавую дзейнасць расійскімі ўладамі ў ліпені 1908 асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Там падрыхтаваў зборнік «Матчын дар». Пераслаў яго ў Вільню і яго выдалі ў 1918 годзе.
Творчасць Алеся Гаруна прасякнутая ідэяй сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларускага народу.
Быў віцэ-старшынёй Усебеларускага з’езду 1917 году, сярод тых дзеячоў, хто абвяшчаў Беларускую Народную Рэспубліку.
У гонар паэта ў Фрунзенскім раёне Мінска названа вуліца.
2000 год. У Катыні пад Смаленскам адкрыты мемарыял польскім жаўнерам, забітым савецкімі органамі ўнутраных справаў.
Сярод забытых было нямала беларусаў, якія ваявалі на баку Польшчы, у якую ўварваліся Гітлераўская Германія і Савецкі Саюз.
У Катыні было забіта 21857 чалавек.
У 2010 годзе ў Смаленскай вобласці адбылася авіякатастрофа. У ёй загінула польская дэлегацыя на чале з Прэзідэнтам Польшчы Лехам Качынскім, якая ляцела на 70-годдзе Катынскага расстрэлу.
Цяпер расійскія ўлады пагражаюць ліквідаваць мемарыял праз падтрымку Польшчай Украіны, якая стала ахвярай поўнамаштабнай агрэсіі Расіі.
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў