Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

______________________________________________________________

Ягор Лебядок

На ваеннага эксперта распачатая крымінальная справа за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

На размешчаным праўладнымі тэлеграм-каналах відэа Лябядок кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і даваў інтэрв’ю «каналам, якія ў нас прызнаныя экстрэмісцкімі».

Пра затрыманне Лебядка стала вядома 13 ліпеня. На наступны дзень зʼявілася «пакаяльнае відэа» з ім. Яму прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту, па сканчэнні якіх на волю ён не выйшаў.

Лебядок вёў тэлеграм-канал аб ваеннай і інфармацыйнай бяспецы.

______________________________________________________________

Аляксандр Загдай

Асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі.

Паводле праваабаронцаў брэсцкі суд прызнаў яго вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі затрымалі ў чэрвені 2022 года. Паводле следства, ён «сістэматычна прадстаўляў інфармацыю» аб руху авіятэхнікі ў Баранавічах тэлеграм-каналу, які сілавікі прызналі экстрэмісцкім».

______________________________________________________________

Валерый Тумілевіч

Затрыманы на мяжы па вяртанні з Польшчы.

На праўладных тэлеграм-каналах зʼявілася відэа, на якім мужчына тлумачыць, што быў затрыманы за тое, што ў тэлеграм-чаце абразіў Аляксандра Лукашэнку і «распаўсюджваў матэрыялы экстрэмісцкіх каналаў».

Праваабаронцы высветлілі, што гэта Валерый Тумілевіч. Яго затрымалі 17 ліпеня, а праз тры дні прысудзілі 10 содняў адміністрацыйнага арышту. Па іх сканчэнні на волю ён не выйшаў.

______________________________________________________________

Таццяна Мацвеева

Па папярэдніх дадзеных, яе затрымалі за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Нагодай, нібыта, стала аватарка ў сацыяльных сетках.

Па звестках праваабаронцаў, былую журналістку TUT.ВY затрымалі на віцебскім вакзале па вяртанні з камандзіроўкі. Перад гэтым ёй тэлефанавалі сілавікі з прапановай «прыйсці на размову».

Фотафакт. У Магілёве з’явілася яшчэ адна ратуша, але чамусьці Віцебская

Паштовую скрынку, зробленую ў выглядзе віцебскай ратушы, паставілі пры ганку галоўнага паштовага аддзялення гораду, што месціцца на вуліцы Першамайскай.

«Ратуша» зʼявілася тут па сканчэнні рамонту фасада і ўваходнай групы ў Галоўпаштамт.

Чаму магілёўскія паштавікі вырашылі паставіць скульптуру не сваёй ратушы, а віцебскай – невядома.

Жыццё глыбінкі. Не даяжджае аўталаўка, кепскія дарогі, някошаная трава і могілкі ў бураломе

Дарогі і праца камунальных службаў – асноўныя праблемы паселішчаў Мсціслаўскага раёну. Паводле чыноўнікаў, пытанні на гэтыя тэмы найбольш уздымаюцца вяскоўцамі на сустрэчах з імі. Людзям абяцаюць дапамагчы.

Для жыхароў вёскі Рамястова актуальная праблема – аўталаўка. Вяскоўцы наракаюць, што яна не даяжджае да іхнага паселішча.

У Рамястове жыве меней за тры дзясяткі чалавек. Ад яго да Мсціслава 26 кіламетраў. У 1910 годзе ў вёсцы было 35 двароў, у якіх жыло 258 чалавек.

У Капачах дзе месціцца адзін з сельсаветаў Мсціслаўшчыны, жыве больш за паўтысячы чалавек. Тут ёсць школа, паштовае аддзяленне, крама ды нарыхтоўчы пункт. Паводле чыноўнікаў, мясцовыя вяскоўцы наракаюць на стан дарогі, якая пасля рамонту цеплатрасы прасела і цяпер ёсць праблемы з праездам.

Капачы за 25 кіламетраў ад Мсціслава. У 1997 годзе насельніцтва вёскі сягала пад 1 тысячу чалавек.

Той жа клопат – дарогі – ў жыхароў Падсолтава. Яны даймаюць чыноўнікаў тым, што не могуць па-людску даехаць да суседняй Занькаўшчыны, якая за 5 кіламетраў ад іх.

Жыхары Пірагова не даюць чыноўнікам спакою праз «глыбокія яміны», зноў жа, на дарозе. Паселішча за дзясятак кіламетраў ад райцэнтру. Дванаццаць гадоў таму ў вёсцы было прапісана 27 чалавек.

Старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў не могуць даць рады бураломам на вясковых могілках. А некаторыя паселішчы просяць скасіць разрослую траву.

Старшыня Мсціслаўскага райсавету Алена Клеянкова на семінар-нарадзе па павышэнні якасці работы з насельніцтвам сельскіх выканаўчых камітэтаў паабяцала калегам, што праблемы вяскоўцаў будуць занесеныя ў пратакол даручэнняў, а тэрміны выканання ўзятыя на кантроль, піша на сваім сайце мсціслаўская раёнка «Святло кастрычніка».

Нарада з прадстаўнікамі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, дэпутацкага корпуса праходзіла ў Капачах, дзе «прасела» дарога пасля рамонту цеплатрасы.

фота: mstlife.by

Мікалаеў, былы горад пабрацім Магілёва, абстраляны Расіяй – ёсць забітыя і параненыя

Паведамляецца пра 5 забітых і 7 параненых. Расійская ракета пацэліла ў прыпынак грамадскага транспарту. Горад расіяне атакавалі касетнымі снарадамі 29 ліпеня ў 10.30 па кіеўскім часе.

«На дадзены момант вядома пра 7 параненых і 5 загінулых», – напісаў у тэлеграм-канале старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.


Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


фота:/t.me/uniannet

Ёсць загінулыя і параненыя вайскоўцы – вынікі ракетнага абстрэлу Чарнігаўшчыны

Пра пацярпелых ад атакі на памежны з Беларуссю край заявіў старшыня Чарнігаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Вячаслаў Чавус.

«Учора адбыўся ракетны абстрэл, больш за дваццаць ракет прыляцела на тэрыторыю Ганчароўскай грамады. Сярод цывільнага насельніцтва ахвяр няма, ёсць страты сярод ваенных і параненыя ў тым ліку. Параненым аказваецца ўся неабходная дапамога», – цытуе чыноўніка інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, два дзясяткі ракет 28 ліпеня выпусцілі расійскія вайскоўцы з аэрадрому «Зябраўка», што ў Гомельскай вобласці. Яны ўзарваліся ў раёне Ганчароўскай тэрытарыяльнай абшчыны Чарнігаўскага вобласці.

«Ёсць страты сярод асабовага складу, якія ўдакладняюцца», адзначала аператыўнага камандавання «Поўнач».

Дзень у гісторыі: 29 ліпеня. Пераназванне Менску ў Мінск, а Шацілавічаў у Светлагорск. Нарадзіўся Юрка Лявонны, суаўтар перакладу на беларускую мову рамана «20 000 лье пад вадой». Памёр Язэп Юхо, ініцыятар перавыдання Статута Вялікага княства Літоўскага

1939 год. Менск перайменаваны ў Мінск.

Адпаведную пастанову прыняў Вярхоўны савет БССР.

Перайменаванне звязана са сталінскімі рэпрэсіямі супраць нацыянальных дзеячаў, беларусізацыі і русіфікацыяй тапаніміі.

Форма Менск знікла з афіцыйных дакументаў пад польскім уплывам у XVIII стагоддзі.

З 1916 году ў асяродку беларускай інтэлігенцыі замацавалася форма Менск-Беларускі.

Традыцыйную гістарычную назву Менск прынялі ў Беларускай Народнай Рэспубліцы, яна выкарыстоўвалася ў дзяржаўных дакументах. У БССР стала нарматыўнай. Назву пазначалі ўва ўсіх афіцыйных дакументах, а таксама згадвалі на дзяржаўным радыё. 

У 1930-я гады назву Менск ужывалі паўсюдна ў Беларусі, яна была звыклай і натуральнай жыхарам рэспублікі.


1961 год. Мястэчка Шацілавічы (Шацілкі) пераназванае ў Светлагорск, а Парыцкі раён у Светлагорскі.

Новую афіцыйную назву звязваюць з пабудовай электрастанцыі.

У канцы 1980-х гадоў актывісты гістарычна-культурнай суполкі «Поўня» распачалі ў мясцовым друку кампанію па вяртанні гістарычнай назвы Шацілавічы, але савецкія ўлады адкінулі гэтую прапанову. Падобныя ініцыятывы існуюць дагэтуль.

Напамін аб гістарычным тапоніме захоўвае назва навуковай канферэнцыі «Шацілкаўскія чытанні».


1908 год. Нарадзіўся Юрка Лявонны.

Паэт.

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага тэхнікуму. Працаваў у газетах. Аўтар вершаў, нарысаў.

Суаўтар перакладу на беларускую мову рамана Жуля Верна «20 000 лье пад вадой». Ягоныя вершы пакладзены на музыку.

28 кастрычніка 1937 года прыгавораны пазасудовым органам (спецтройкай НКУС БССР) як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. 

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1957 года.


2004 год. Памёр Язэп Юхо.

Правазнавец, заснавальнік беларускай навуковай школы дзяржавы і права. Доктар юрыдычных навук.

Чалец Рады Задзіночання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Удзельнічаў у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі 1994 года. Адзін з ініцыятараў перавыдання Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году.


У публікацыі выкарыстоўваюцца звесткі ў рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Мікалай Аўтуховіч

28 ліпеня яго не даставілі на судовым пасяджэнні.

Ён 18 дзён трымае сухую галадоўку – не п’е нават вады. Днямі яму стала блага ў судовай зале, а дзе ён цяпер невядома.

Прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем Аўтуховіч пратэстуе супраць абмежавання яго ў ліставанні. Яму перасталі даходзіць лісты нават ад прэстарэлай маці.

26 ліпеня дачка Аўтуховіча казала, што бацька аслабеў і паваліся, калі яго вялі на суд.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.


Раман Качына

17-гадовага хлопца ГУБАЗіК затрымаў за «распальванне варожасці». 

Пра тое пішуць праўладныя тэлеграм-каналы.

Сілавікі сцвярджаюць, што ў 2020-ым годзе ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама «распальваў варожасць у адносінах да жыхароў Расійскай Федэрацыі». Пра тое затрыманы кажа ў «пакаяльным відэа».

Аўтара газеты «Прэсбол» сёлета скончыў школу і збіраўся паступаць на журфак. 


Аляксей Грыцкевіч

Асуджаны на 2 гады калоніі за паведамленні ў тэлеграм-чаце.

37-гадовага Мінскі абласны суд абвінаваціў у абразе Лукашэнкі і «распальванні сацыяльнай варожасці».

На судзе зняволены віну не прызнаў.

Праваабаронцы паведамляюць, што яго затрымалі 6 сакавіка. 28 чэрвеня КДБ унёс Грыцкевіча ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.


Яўген Бабак

Уключаны КДБ у спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці

12 мая яму прысудзілі чатыры гады калоніі.

Экс-пракурор вядомы тым, што ў жніўні 2020 года ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак звольніўся.

Яго затрымалі ў чэрвені 2021 года і пазней абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і распальванне варожасці.


Аляксандр Трафімаў

На волі.

У тэлеграм-каналах паведамляецца, што ўрача-гастраэнтэралога, які вядзе блог у Інстаграме, вызвалілі па адбыцці 72 гадзін з моманту затрымання.

Умовы вызвалення і яго статус невядомыя.

 

«Прачнуліся ад таго, што трэсліся сцены, думалі вайна». Рэакцыя жыхароў Гомельшчыны на абстрэл Украіны

Раніцай 28 ліпеня з Беларусі расійскія войскі абстралялі Ўкраіну.

Паводле аператыўнага камандавання «Поўнач» з тэрыторыі аэрадрому «Зябраўка» было выпушчана 20 ракет з зенітна-ракетнага комплексу «С 300/С 400». Яны ўзарваліся ў раёне Ганчароўскай тэрытарыяльнай абшчыны Чарнігаўскага вобласці.

«Ёсць страты сярод асабовага складу, якія ўдакладняюцца», адзначана на старонцы аператыўнага камандавання «Поўнач» у Фэйсбуку.

Па Ўкраіне стралялі адразу пасля 5 гадзінаў раніцы. Жыхары прылеглых да аэрадрому «Зябраўка» паселішчаў кажуць, што іх разбудзіў «страшэнны грукат, сцены трэсліся». Па іх словах, «усе думалі, што пачалася вайна».

«Людзі выскоквалі на вуліцу хто быў у чым. Некаторыя выцягвалі з хат каштоўныя для іх рэчы. Старыя крычалі і плакалі», – згадваюць падзеі раніцы жыхары, прылеглых да аэрадрому  мясцін.

У Кітай павязуць беларускія фартэпіяна, спадзяюцца прадаваць іх у Расіі. Еўрапейскі рынак не згадваецца

Раней «Фабрыка фартэпіяна» камплектуючыя для музычных інструментаў купляла ў Германіі. Цяпер вязе з Кітаю і спрабуе прадаваць туды сваю прадукцыю.

Змену пастаўшчыка намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрашэнка тлумачыць санкцыйнымі абмежаваннямі.

«Прадпрыемства заключыла кантракт з Кітаем на пробную пастаўку ста інструментаў», – кажа ўрадовец.

На ягоны погляд вялікі патэнцыял для экспарту ўяўляе расійскі рынак. Летась у Расію было пастаўлена блізу 16 штук, у гэтым паўгоддзі кантракты падпісаны на 14, піша  Белта.

Паводле чыноўніка беларускія фартэпіяна каціруюцца як якасныя інструменты ручной работы. За час эксплуатацыі новых інструментаў, пастаўленых ва ўстановы культуры і адукацыі Беларусі, ніводнага наракання не было.

У далейшым плануецца задзейнічаць усе меры фінансавай падтрымкі беларускіх экспарцёраў для пастаўкі на рынкі, дзе гэтыя тавары запатрабаваны, абяцае Петрашэнка.

«Фабрыка фартэпіяна» пачала выпускаць айчынныя інструменты ў Мінску ў 2018 годзе. Яна прыйшла на змену знакамітай барысаўскай фабрыцы, якая раней была зачыненая.

Носьбітаў ВІЧ-інфекцыі паболела. Пераважаюць людзі старэйшыя за 30 гадоў і найбольш заражаюцца праз сексуальныя адносіны

За першыя сёлетнія паўгода ў Беларусі зарэгістравана 856 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Гэта на 13,6 працэнты больш чым за той жа перыяд мінулага году.

На Магілёўшчыне выяўлена 86-выпадкаў.


ВІЧ-інфекцыя – павольна прагрэсаванае захворванне, выкліканае вірусам імунадэфіцыту чалавека. Хвароба мае некалькі стадыяў, апошнюю з якіх з разнастайнымі клінічнымі праявамі абазначаюць тэрмінам «сіндром набытага імунадэфіцыту» (СНІД). Тэрмін «сіндром» абазначае сукупнасць сімптомаў хваробы.

Арганізм хворага губляе магчымасць абараняцца ад інфекцыяў і пухлін, узнікаюць апартуністычныя захворванні, якія не характэрны для людзей з нармальным імунным статусам.


Паводле Рэспубліканскага цэнтру гігіены эпідэміялогіі і грамадскага здароўя носьбітаў ВІЧ-інфекцыі на 100 тысяч насельніцтва складае 9,3 выпадкі. Год таму было 8,2.

У эпідаміялагічны працэс, адзначаюць спецыялісты цэнтру, уцягнутыя ўсе ўзроставыя групы насельніцтва, аднак, асноўная доля беларусаў, у якіх выяўлены вірус складаюць людзі старэйшыя за 30 гадоў.

60,8 працэнтаў носьбітаў вірусу – мужчыны. 79,1 працэнт носьбітаў заразіліся праз палавыя стасункі.