Санкцыі значна паўплывалі на працу. З магілёўскім прадпрыемствам Ольса «прыпынілі» супрацоўніцтва контрагенты з Еўрасаюзу і Ўкраіны

Сваёй прадукцыі заводу не пастаўляюць кампаніі «ІКЕА», якая прыпыніла працы ў Расіі і Беларусі на фоне вайны ва Украіне, а таксама «JYSK», уласнікі якой палічылі, што «у бягучай сітуацыі не бачаць альтэрнатывы закрыццю дзейнасці ў Расіі». Магілёўскае прадпрыемства засталося і без вырабаў украінскай кампаніі «ЕПІЦЕНР».

«Ольса» спецыялізуецца на вытворчасці садовай і кемпінгавай мэблі, а таксама мэблі для медычных устаноў, бытавых электрапомпаў, дрэваапрацоўчых станкоў і спартыўных вулічных трэнажораў. Прадпрыемства экспартна арыентаванае. Доля продажу прадукцыі на замежныя рынкі складае да 86 працэнтаў у агульным аб’ёме адгрузкі.

Сітуацыя ў свеце, якая склалася, і, як вынік, санкцыйныя меры значна паўплывалі на працу пражпрыемства, – прызнае дырэктар Мікалай Цыкуноў.

Ён кажа, што прадпрыемства праводзіць актыўную працу па замяшчэнні страчаных абʼёмаў рэалізацыі, у тым ліку з пашырэннем прысутнасці на расійскім рынку. Заключаныя новыя кантракты з кампаніямі з Таджыкістану і Арменіі, піша інтэнэт-рэсурс Mycity.by.

На погляд Мікалая Цыкунова, павялічыць і ўмацаваць экспартны патэнцыял і пашырыць геаграфію продажаў дазволіць супрацоўніцтва з сусветнымі сеткавымі кампаніямі.

 

Фота ілюстрацыйнае з рэсурсу https://mogilevnews.by/

Ёсць складанасці з-за санкцый – міністр сельскай гаспадаркі і харчавання пра сітуацыю з малаком.

Паводле Вадзіма Шагойкі «звужэнне асартыменту малочнай прадукцыі звязанае з упакоўкай».

«Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэтае пытанне вырашаецца» – адзначае ўрадовец.

Па яго словах, вытворцы малака занятыя пошукам іншых пастаўшчыкоў такой упакоўкі, каб вярнуць звыклы людзям асартымент, які быў да санкцый. Прапрацоўваецца супрацоўніцтва з вытворцамі Кітаю, іншых дружалюбных краінаў і ўжо завезены партыі для выпрабаванняў.

«Пакуль, каб не было змяншэння аб’ёмаў, беларускія вытворцы актыўна перабудаваліся на вытворчасць малака ў ПЭТ-бутэльцы, у плёнцы» – кажа ён.

Вадзім Шагойка настойвае: унутраны рынак забяспечаны малаком.

«У краіне вельмі высокі ўзровень развіцця малочнай жывёлагадоўлі. Пры вытворчасці ў мінулым годзе 7,8 мільёнаў тон малака мы спажываем каля 3 мільёнаў, а астатняе экспартуецца» – падкрэслівае ўрадовец, словы якога падае  «БелТА»

_____________________________________

Беларускія прадпрыемствы закупляюць упакоўку Tetra Pak, вырабленую на заводзе ў Маскоўскай вобласці. Праблемы на расійскіх заводах шведска-швейцарскай кампаніі ўзніклі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і ў Беларусі. Яны пачалі шукаць альтэрнатыўную замену ўпакоўцы Tetra Pak, пісаў Магілёў.media

На мінулым тыдні стала вядома, што Tetra Pak наагул сыходзіць з Расіі і перадае сваё расійскае падраздзяленне мясцоваму кіраўніцтву.

У кампаніі тлумачаць, што ў выніку сукупнага ўплыву экспартных абмежаванняў у дачыненні да Расіі, якія прывялі да парушэнняў у ланцужках паставак, кампанія Tetra Pak больш не можа працягваць падтрымку сваёй аперацыйнай дзейнасці ў гэтай краіне.

 

Фота ілюстрацыйнае з адкрытай у інтэрнэце крыніцы

Падчас баявой падрыхтоўкі параніўся вайсковец — Міністэрства абароны

Агнястрэльную траўму атрымаў салдат тэрміновай службы аднаго з механізаваных падраздзяленняў.

Ваеннаслужачаму аказана медычная дапамога, адзначана у  тэлеграм-канале «Министерство обороны Республики Беларусь»

У паведамленні гаворыцца, што камісіяй Міністэрства абароны ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі праваахоўных органаў праводзіцца праверка на ўстанаўленне абставін здарэння.

 

фота з рэсурсу https://ukranews.com/news

У Магілёве шукаюць ахвотных паслужыць у войску кантрактнікам. Аб’явы з’явіліся ў грамадскім транспарце (фотафакт)

Пасажыры звярнулі ўвагу, што плакаты з заклікам паслужыць па кантракту датаваныя мінулых годам. Такая выснова зробленыя імі, бо памер грашовай заахвоты для кантрактнікаў пададзены па стане на 1 сакавіка 2021 году.

Пасажыры настойваюць, што падобных аб’яваў раней не было ў грамадскім транспарце і іх зʼяўленне сёлета, калі трывае вайна ва Ўкраіне, выклікае напружанне.

Паводле звестак на плакатах, кантрактніку абяцаюць заробак ад 833 рублёў і поўны пакет сацыяльных прэферэнцыяў.

У Беларусі з’явіліся іспанскія смаўжы. Толькі не бярыце іх у рукі! Фота

Велічыня папуляцыі іспанскага смаўжа ў Беларусі мізэрная, але можна чакаць, што адсутнасць натуральных ворагаў і камфортныя ўмовы надвор’я паспрыяюць яго пашырэнню ў нашых краях.

Нават зімняе надвор’е нашых шырот дастаткова камфортнае для гіганцкага малюска. І на стадыі лічынкі, і на стадыі дарослай жывёлы ён спакойна трывае мінусавыя тэмпературы.

З 2010-х гадоў гэтага смаўжа пачалі сустракаць у Падмаскоўі, затым і ў больш паўночных рэгіёнах Расіі. Нядаўна іспанскі атрутны малюск быў заўважаны пад Мінскам – пра гэта паведамілі ў тэлеграм-канале «Мінск-Навіны».

Спецыялісты раяць не дакранацца да гіганцкага малюска рукамі, паколькі яны могуць быць пераносчыкамі вялікай колькасці захворванняў.

Гіганцкі смоўж яркага аранжавага, альбо карычневага колеру насамрэч родам з Партугаліі. У пачатку ХХ стагоддзя з пацяпленнем клімату ён стаў распаўсюджвацца на поўнач па Еўропе. Рассяленне іспанскага – яго яшчэ называюць партугальскім, лузітанскім – смаўжа на нашых землях спецыялісты звязваюць з масавай закупам пасадачнага матэрыялу ў Еўропе. Яго выкарыстоўваюць падчас добраўпарадкавання тэрыторый. З пасадачным матэрыялам сюды трапілі лічынкі смаўжоў, якія адаптаваліся да кліматычных умоваў Усходняй Еўропы.

Смаўжы вырастаюць да вялікіх памераў, аж да 15 сантыметраў. Памер і агрэсіўны колер палохаюць птушак, таму гэты інвазійны шкоднік не мае натуральных ворагаў у экасістэме і бесперашкодна распаўсюджваецца ў новай для сябе прыродзе. Галоўным чынам ён паражае культурным раслінам, якімі харчуецца.

Дзень у гісторыі: 4 жніўня. Ува Францыі пачаў караляваць праўнук легендарнай беларускі Рагнеды. Вялікім князем Літоўскім стаў Вітаўт. Пачалося вызваленне Полацку ад маскоўцаў. Нарадзіўся Янка Брыль, які лічыў, што беларусу трэба загадаць ім быць

1060 год. Ува Францыі пачаў караляваць Філіп I.

Ён быў прадстаўніком дынастыі Капетынгаў, сынам караля Генрыха I і Ганны Кіеўскай, якая была ўнучкай беларускай княжны Рагнеды і праўнучкі князя Рагвалода. Рагнеда – продак амаль 30 францускіх каралёў.

Рагнеда – летапісная легенда беларускай гісторыі. Кіеўскі князь Уладзімір забіў ейнага бацьку Рагвалода і гвалтам зрабіў яе жонкай. Яна спрабавала яго забіць, калі дазналася, што ён хоча ажаніцца з іншай. 

Ейнага сына Ізяслава, які за матчыны крыўды кінуўся быў на бацьку з кінжалам, Полацк прызнаў за свайго валадара і так аднавілася полацкая дынастыя Рагвалодавічаў. Другі яе сын Яраслаў, вядомы як Мудры, княжыў у Кіеве.

Сама Рагнета прыняла хрысціянства і стала першай беларускай манашкай.

1392 год. Вялікім князем Літоўскім стаў Вітаўт Кейстутавіч.

Вітаўт Вялікі – знакавы валадар Вялікага Княства Літоўскага. Яго лічылі гаспадаром Літвы, так у сярэднявеччы называлі беларускія землі. За ім дзяржава дасягнула наймагутнейшай велічы.

Дзеля ўмацавання сваёй улады Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў – у Полацку, Віцебску, Ноўгарадзе-Северскім, Кіеве, на Валыні і ў Падоллі.

У дачыненнях з Тэўтонскім ордэнам ён мусіў выкарыстоўваць Жамойць у якасці разменнай манеты. Па бітве пад Грунвальдам цяперашняя Летува была прыгорнутая Вялікім Княствам, тэрыторыя якога на той момант прасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мораў.

1579 год. Войскі Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Стэфана Баторыя ўзялі ў аблогу Полацк, каб выбіць адтуль маскоўцаў.

30 жніўня войскі Івана IV капітулявалі.

Полацк пад акупацыяй маскоўскага цара Івана, празванага беларусамі Жахлівым, быў больш за шаснаццаць гадоў – ад 1563 да 1579 года. Старажытную сталіцу краю маскоўцы зрабілі стратэгічным цэнтрам заваёвы Беларусі.

За валадараннем Стэфана Баторага Магілёў атрымаў прывілей на самакіраванне – Магдэбургскае права.

1777 год. У Лондане адкрылі першы ў свеце цырк Філіпа Эстлі «Амфітэатр Эстлі». 

Будынак меў купалападобны дах, круглую глядацкую залу, манеж, аркестр, сцэну.

У Беларусі да Другой сусветнай вайны цырк быў і ў Магілёве. Ён стаяў на Дняпроўскім праспекце (цяпер вуліца Першамайская) насупраць сабора святога Іосіфа (зруйнаваны і на яго месцы ўзведзеная гасцініца Дняпро). 

У вайну цырк згарэў. Ацалела ўваходная арка, з якой зрабілі па вайне Трыумфальную з пазначэннем войск, якія вызвалялі ад нацыстаў горад. На ўрачыстыя падзеі да гэтай аркі ўскладаюць вянкі.

1917 год – нарадзіўся Янка Брыль.

Народны пісьменнік Беларусі. Быў сябрам Беларускага ПЭН-цэнтру, які ліквідавалі ўлады. 

Служыў у польскай марской пяхоце, быў беларускім партызанам. 

Брылю належаць словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».

нікальнай у сусветнай літаратуры стала створаная Янкам Брылём разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненнай вёскі…».

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і польскай Гдыні.

1922 год. Пакладзены пачатак архіўнай справы Беларусі.

Прэзідыумам ЦВК БССР былі прыняты пастановы «Аб архіве», «Аб зацвярджэнні Палажэння аб Цэнтральным архіве Беларусі», створаны Цэнтральны архіў Беларусі.

У Магілёве абласны архіў размясцілі на ўскрайку гораду, на вуліцы Чалюскінцаў.

1946 год. Нарадзілася Вікторыя Мазур.

Вядучая салістка беларускай аперэты. Народная артыстка Беларусі, выхаванка Магілёўскага музычнага вучылішча. Прыма Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатру.

 1947 год. Нарадзіўся Мікалай Селяшчук.

Беларускі мастак, афарміцель кніг.

Аздабляў кнігі вядомых беларускіх аўтараў, імкнуўся да стварэння вобразаў-ідэяў, а яго карціны, па словах крытыкаў, нагадваюць тэатр.

Творы аўтара экспанаваліся і захоўваюцца ў больш чым 20 краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі. Пабачыць яго карціны можна і ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленнікава. 

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.

У Бабруйскім раёне пачалі ставіць ахоўныя дошкі на помніках археалогіі

На тэрыторыі раёна знаходзіцца некалькі дзясяткаў аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Пераважна гэта курганы і курганныя комплексы, размешчаныя ў лясных масівах. На іх, як правіла, няма ніякіх адзнак пра культурную каштоўнасць аб’екта, што часам вядзе да знішчэння помніка праз неабачлівасць мясцовых гаспадароў і службовых асоб.

Паводле Кодэкса аб культуры, каб знізіць пагрозу для такіх аб’ектаў, усе яны, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, павінны мець свае пашпарты і ахоўныя дошкі.

Акцыю па ўсталяванні ахоўных дошак правялі супрацоўнікі Бабруйскага лясгаса сумесна з супрацоўнікамі Нацыянальнай Акадэміі навук – напісана сайце райвыканкама.

Дошкі былі ўсталяваныя на курганных магільніках і адзінокіх курганах X – XIII стагоддзяў у Мірадзінскім лясніцтве, каля вёсак Лекерта, Брожка і іншых.

Фота: Сайт Бабруйскага райвыканкама

Крымінальныя хронікі. Магілёўскі ДАІ-шнік не ўзяў хабар, міліцыя шукае сведкаў смяротнага ДТЗ, дзед скраў электрасамакат для ўнука

Супрацоўнік дарожна-транспартнай інспекцыі адмовіўся браць хабар у 200 долараў ад кіроўцы, затрыманага чацвёрты раз за год без правоў. Іх 31-гадовы жыхар Магілёва быў пазбаўлены.

Бяспраўнік, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за шматразовае парушэнне правілаў дарожнага руху, спрабаваў угаварыць супрацоўніка ДПС не афармляць пратакол і пакінуў у яго службовай машыне з камерай відэафіксацыі стодоларавыя купюры, – паведамляе прэс-служба абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў. 

72-гадовы жыхар Магілёва падчас вячэрняга шпацыру пабачыў на вуліцы электрасамакат і вырашыў яго падарыць унуку.

Пажылы мужчына не ведаў, што транспартны сродак арандаваны і мае адпаведны GPS-трэкер, па якім уласніку лёгка адсачыць яго месцазнаходжанне, гаворыцца ў паведамленні абласной міліцыі.

У Горацкім раёне 17-гадовы падлетак, сагнаў трактар з прычэпам.

Трактарыст у замку запальвання пакінуў ключы, што справакавала падвыпіўшага маладзёна на правапарушэнне.

Падлетак вырашыў пракаціцца на трактары ў суседнюю вёску да сябра. У дарозе прычэп перавярнуўся, а хлопец уцёк. Пазней яго адшукалі міліцыянты, апавядае  прэс-служба абласнога міліцэйскага ведамства.

Магілёўская міліцыя шукае сведкаў аварыі, якая здарылася на вуліцы Крупскай абласнога цэнтру 11 ліпеня.

Загінула 36-гадовая жанчына. Яна стала ахвярай наезду аўтамабіля на пешаходным пераходзе. Магілёў.media пісаў  пра гэтую трагедыю.

ДТЗ адбылося на скрыжаванні вуліц Крупскай і Бялінскага. З-за пашкоджання кабелю не працавалі святлафоры. Жанчына пачала пераходзіць праезную частку і трапіла пад аўтамабіль.

Відавочцаў здарэння міліцыя просіць звярнуцца ў аператыўна-дзяжурную службу па тэлефоне 63-44-44.

фота з рэсурсу mogilev.mvd.gov.by 

«Цукру трэба есці менш, будзеце здаравейшымі», прэм’ер-міністр пра цукровыя перспектывы

Старшыня ўраду Раман Галоўчанка запэўнівае, што цукру ў краіне дастаткова. Паводле яго «20-25 тысяч тон цукру ляжыць у недатыкальным запасе звыш пралічаных патрэбаў на выпадак, калі хтосьці захоча зрабіць сваё жыццё яшчэ саладзейшым».

“Мы, у прынцыпе, ствараем запас штогод, бо хранічна ўзнікаюць нейкія ўсплёскі цікавасці да цукру ў розныя месяцы пад уплывам розных фактараў. Хоць я працягваю ўсім гаварыць: цукру трэба есці менш, будзеце здаравейшымі”, – цытуе  Галоўчанку «БелТА».

Урадовец тлумачыць, што сёлета на ўнутраны рынак цукру будзе пастаўлена 380 тысяч тон. На наступны год з улікам росту вытворчасці запланавана паставіць да 400 тысяч тон. Калі і гэтага аб’ёму не хопіць, то ёсць магчымасць зменшыць экспартныя квоты, падае  словы Галоўчанкі тэлеграм-канал «Правительство Беларуси».

Цукровая тэма ўздымаецца на працягу некалькіх апошніх тыдняў. 17 ліпеня ў Брэсце ўзнік ажыятажны попыт на гэты прадукт. Сталі разыходзіцца чуткі, што неўзабаве ён падаражэе. Яго пачалі браць кілаграмамі і на Магілёўшчыне. У некаторых крамах цукар наагул знік з паліц.

Чыноўнікі запэўнівалі, што цукру дастаткова, але тое мала суцішала пакупнікоў.

22 ліпеня Раман Галоўчанка адзначыў, што ажыятажны попыт на цукар прывёў да таго, што яго продаж павялічыўся са стандартных 800 тон да 4 тысяч тон за дзень.

Паводле яго, паніку ўдалося суцішыць і продаж цукру зменшыўся да 3 тысяч тон.

Ён заявіў тады, што цукру да новага ўраджаю «больш чым дастаткова»: на складах знаходзіцца 98 тысяч тон і гэтага павінна хапіць і насельніцтву, і харчовай прамысловасці нават пры самым высокім узроўні продажы, паведамляў  Магілёў.media.

Бабруйск у святле афіцыйнай статыстыкі. Колькасць работнікаў і зарплата зніжаюцца, праца прадпрыемстваў з прыбыткам

Нацыянальны статыстычны камітэт падсумаваў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Журналісты «Вечернего Бобруйска» сабралі афіцыйныя звесткі пра сітуацыю ў сваім горадзе і вось, што выйшла.

ЗАНЯТАСЦЬ

Колькасць занятых у эканоміцы гораду ў параўнанні з 5 месяцамі 2021 году скарацілася з 85 033 да 83 696 чалавек. Мінус 1 337 чалавек. Узровень беспрацоўя «трымаецца» на – 0,4%.

ЗАРОБАК

Намінальны заробак вырас з 1074,8 да 1219,1 рублі. Плюс 144,3 рублёў. Рэальная зарплата знізілася на 7,2 працэнта.

ПРАЦА ПРАДПРЫЕМСТВАЎ

Праца прадпрыемстваў за пяць месяцаў 2022 году прынесла прыбытак 7485 тыс. руб. Летась гэты паказчык быў адмоўным і складаў 24479 тыс. руб.

Знізілася ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў і арганізацый гораду: з 22,5 працэнта да 12,4 працэнта, рэнтабельнасць продажаў вырасла з 4,1 працэнта да 6,9 працэнта.

ЖЫЛЛЁ

За паўгода ўведзена жытла – 23 558 кв. м. агульнай плошчы, што больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года на 8258 кв.м. Летась гэты паказчык быў – 15 300 кв.м.

ГАНДАЛЬ

Рознічны тавараабарот знізіўся на 3,1 працэнт, з 104,1 да 101 працэнты.

Фота з рэсурсу: zviazda.by