Дзень у гісторыі. 12 чэрвеня. Арышт А. Аскеркі. Панамскі канал і А. Галынскі. Знішчана гета ў Друі. Катастрофа Су-25. Нарадзіўся Л. Родзевіч.

Сусветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы  (World Day Against Child Labour, з 1997 года).

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы.

Тэма дня-2023 – “Сацыяльная справядлівасць для ўсіх. Скончым з дзіцячай працай!”.

Паводле звестак ААН, колькасць дзяцей, якія працуюць у свеце, ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, складае 160 мільёнаў, прычым больш за 100 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі сучаснага рабства, а 80 мільёнаў з іх заняты небяспечнай працай. Многія з іх практычна не маюць часу, каб хадзіць у школу, а ўжо тым больш – гуляць, часта яны не атрымліваюць належнага харчавання і догляду.

Досвед барацьбы з дзіцячай працай на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў паказаў, што дзіцячую працу можна выкараніць, калі ўхіліць першапрычыны.

1863 год. Рускімі карнікамі схоплены Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Адзін з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў, беларускі грамадскі дзеяч.

Паручнік (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгельма палка.

У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак-каталікоў.

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісіях па рэформе ў Санкт-Пецярбургу, Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.

Падчас паўстання быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.

Пасля катаргі пасяліўся ў Екацярынаславе (сучасны Днепр), дзе з  1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».

У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е», частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.  

Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава. 

Магіла А. Аскеркі на Росах, Вільня.

1895 год. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч (1895-1938).

Беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч.

Рэдактар беларускіх газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Чырвоны сцяг», часопіса «Бальшавік», дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Аўтар шматлікіх п’ес, зборнікаў вершаў: «Беларусь», «На паняволеных гонях» і інш. Многія творы, асабліва «Збянтэжаны Саўка», ставяцца сучаснымі тэатральнымі калектывамі Беларусі. Арыштоўваўся ДПУ ў 1933 і 1938 гадах. 

Загінуў у саратаўскай ссылцы ў 1938 годзе.

П. Бадунова, Л. Родзевіч, Я. Лагіновіч, 1923.

1897 год. Карл Элзенэр запатэнтаваў швейцарскі вайсковы нож.

У 1891 годзе ўладальнік кампаніі па вытворчасці хірургічнага абсталявання Элзенер выявіў, што кішэнныя нажы для швейцарскага войска робяцца ў Нямеччыне. Ён вырашыў забяспечыць армію нажамі швейцарскага выраба і заснаваў Асацыяцыю Швейцарскіх нажоўшчыкаў.

Асноўнай ідэяй “салдацкага нажа” было сумясціць кішэнны складаны нож і адкрутку для разборкі новай швейцарскай вінтоўкі Schmidt-Rubin. Свае нажы Элзенер пастаянна ўдасканальваў і дамогся стварыць нож з двума клінкамі, штопарам, адкруткамі.

1920 год. Афіцыйнае адкрыццё Панамскага канала.

Канал лучыць Атлантычны і Ціхі акіяны. Праз яго праходзяць найважнейшыя марскія шляхі, у тым ліку ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска (14 500 км).

Даўжыня канала – 81,6 км, з іх 16,4 км прыходзяцца на Панамскую затоку і Затоку Калумба.

Першапачатковая задума будаўніцтва канала адносіцца да ХVІ стагоддзя, але кароль Іспаніі Філіп II наклаў забарону на разгляд падобных праектаў, бо «што Бог злучыў, чалавек раз’яднаць ня можа». У 1790-я першы праект канала ў Мезаамерыцы быў распрацаваны А. Маласіна.

У 1853 годзе была апублікавана праца з аналізам будаўніцтва канала з указаннем на Панаму Аляксандра (Яна-Іаахіма) Галынскага (1816-1893), удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, падарожніка, саўладальніка маёнтка Крычаў. Ягоны праект паспрыяў планам будаўніцтва (1904-1920) суднаходнага шляху на Панамскім перашыйку.

1934 год. У Менску адкрыты стадыён «Дынама».

Галоўная арэна футбольнай зборнай Беларусі.

Месціцца на вуліцы Кірава. Умяшчальнасць 22 000 чалавек.

Стадыён рэканструяваўся ў 1939 годзе, разбураны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1954 годзе.

На стадыёне праходзілі футбольныя матчы падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года.

1942 год. Нацыстамі знішчана гета ў Друі.

Забіта 1318 габрэяў, згарэла і знакамітая Друйская сінагога.

Падчас расстрэлаў вязні аказалі супраціўленне і падпалілі гета ў розных месцах.

На месцы расстрэлу ў 2001 годзе пастаўлены помнік на сродкі выхадцаў з Друі. 

1947 год. Нарадзіўся Мікалай Мяцельскі.

Беларускі матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук, прафесар

Скончыў БДУ. З 1970 працуе ў Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі.

Навуковыя працы – па камбінаторнай геаметрыі, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў новыя мэтады даследавання і рашэння задач камбінаторна-геаметрычнае аптымізацыі, тэарэтычныя асновы частковай выкупнасці ў канечнамернай прасторы.

Інстытут матэматыкі НАНБ.

1997 год. У Парыжы памёр Булат Акуджава (1924-1997).

Савецкі і расійскі бард, паэт, празаік, кампазітар балад, лірычных і сатырычных песень, драматург, сцэнарыст.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік велікадушны», «Арбат, мой Арбат», «Прысвячаецца вам», «Міласці лёсу».

Пісаў таксама аповесці і раманы гістарычнай тэматыкі.

Шэраг яго вершаў на беларускую мову пераклалі Р. Барадулін і Л. Баршчэўскі.

1998 год. У ЗША памёр Антон Адамовіч (1909-1998).

Беларускі літаратуразнавец, гісторык, празаік, дзеяч беларускай эміграцыі.

Аўтар манаграфічнага даследавання пра творчасць М. Гарэцкага, прац пра І. Луцкевіча, “Якуб Колас у супраціве саветызацыі”, “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры” і інш. Двойчы арыштоўваўся НКУС (1930, 1931).

На эміграцыі з 1943 года. Адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода».

2012 год. Катастрофа Су-25 пад Навагрудкам.

Загінуў падпалкоўнік Мікалай Грыднеў, лётчык 116-й штурмавой авіябазы (Ліда).

Пасля выканання задання у 15.35 на вышыні 200 метраў самалёт пачаў губляць кіраванне. Кіраўніком палёту была дадзена каманда лётчыку на катапультаванне,, але пілот загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Навагрудскага раёна.

2021 год. Памёр Ігар Жалязоўскі (1963-2021).

Выбітны беларускі канькабежац, заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Беларусі.

5 разоў прызнаваўся лепшым спартоўцам году Беларусі (1985, 1986, 1989, 1991, 1993). Адзін з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтэраў ў 1980-1990-х гадах.

Прэзідэнт Беларускага саюзу канькабежцаў, член НАК Беларусі, прэзідэнт Параалімпійскага камітэту Беларусі.

 

Дзень у гісторыі. 2 лістапада. Дзяды. Дзень нараджэння царыцы Клеапатры, гісторыка і географа Караля Вырвіча, мастака і паўстанца Міхала Андрыёлі, хакеіста Руслана Салея

Дзяды. У балтаў і славян – дзень ушанавання памерлых. 

Гэта назва некалькіх народных святаў, што адзначаліся ў розныя часы года ў гонар памерлых продкаў. Лічылася, быццам на гэтыя святы душы памерлых прыходзяць да сваіх нашчадкаў і, нябачныя, частуюцца за сямейным сталом. Дзяды святкаваліся ў Беларусі, Украіне, частцы Польшчы і Літвы. 

Вылучаліся масленічныя дзяды, стрэчаньскія, радунічныя, спасаўскія, стаўроўскія, пакроўскія і іншыя. 

Галоўнымі лічыліся восеньскія, якія ў розных мясцінах Беларусі спраўляліся ў розныя, хоць і блізкія даты.

У найболей архаічнай форме святкаванне Дзядоў захавалася толькі ў беларусаў. «Дзядоўская» абраднасць наогул мае старажытнае, язычніцкае паходжанне і сыходзіць каранямі да першабытнага культу продкаў

69 год да нашай эры. Нарадзілася Клеапатра. 

Апошняя царыца эліністычнага Егіпту з македонскай дынастыі Пталямеяў (Лагідаў). Кіравала Егіптам 22 гады сумесна са сваімі мужамі, а затым стала незалежнай царыцай краіны аж да заваёвы яе рымлянамі,. Клеапатра скончыла жыццё самагубствам, каб не стаць палонніцай Актавіяна Аўгуста.

Клеапатра стала адным з найболей папулярных антычных персанажаў у кінафільмах і літаратурных творах.

Загінула 12 жніўня 30 года да н.э.

1717 год. Нарадзіўся Кароль Вырвіч. Гісторык, географ, педагог.

Выкладаў у Пінскім, Навагрудскім калегіумах, у 1762-1776 гадах узначальваў Варшаўскі калегіум.

Аўтар абагульняючых прац «Сучасная геаграфія», «Усеагульная геаграфія»,  «Палітычная гісторыя старажытных дзяржаў», падручніка  «Кароткае сістэматычнае выкладанне ўсеагульнай гісторыі».

Адмоўна ставіўся да традыцыйнага разумення гісторыі як гісторыі палітычных падзей і войнаў. Гісторыю народа тлумачыў як сукупнасць змен у палітычным жыцці, звычаях, рэлігіі, навуцы, мастацтве, эканоміцы. Падкрэсліваў, што вывучэнне гісторыі дазваляе атрымаць веды, неабходныя для накіраванай змены ў дзяржаве існуючага ладу.

wikimedia.org

 1836 год. Нарадзіўся Міхал Андрыёлі.  

Беларускі і польскі ілюстратар і мастак.

Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, ваяваў у атрадзе Людвіка Нарбута. Быў арыштаваны і адбываў пакаранне ў Рызе. Пасля вызвалення жыў ў Лондане, Парыжы.

Па вяртанні на радзіму, зноў схоплены і сасланы ў Вятку (1868-1871), дзе распісваў храмы, вучыў рускіх мастакоў В. Васняцова, А. Васняцова.

Ілюстратар часопісаў «Tygodnik Ilustrowany», «Kłosów», кніг А.Міцкевіча, Ю. Славацкага,У. Сыракомлі, Э. Ажэшкі, Ю. Крашэўскага і іншых, падручнікаў гісторыі, даведнікаў, стваральнік гістарычных кампазіцый «Гедзімін будуе Віленскі замак», «Смерць Кейстута».

Аўтар кардонаў для альбома «Жанчыны рускіх пісьменнікаў» і вялікага цыклу па матывах твораў А.Міцкевіча,

Аўтар маляўнічых партрэтаў, шматлікіх малюнкаў, рэлігійных кампазіцый, у прыватнасці, карцін для касцёлаў у Коўна.

wikimedia.org

 1870 год.Нарадзіўся Язэп Стаброўскі. 

Вучоны-археолаг, краязнавец, філосаф і вынаходнік. Удзельнік Першай сусветнай вайны, палкоўнік.

Займаўся гісторыяй і археалогіяй Беларусі, праводзіў раскопкі, збіраў калекцыі кніг і археалагічных знаходак.

Стварыў краязнаўчы музей у Слоніме (1929).

За апякунскую дзейнасць і мецэнатства ўзнагароджаны польскім «Залатым крыжам заслугі». Пасля далучэння Слоніма да БССР, бясплатна перадаў свой музей гораду разам з усёй калекцыяй у 5 тысяч экспанатаў, стаў дырэктарам установы.

У 1948 годзе звольнены з пасады дырэктара музея, бо не адпавядаў “идеологическому мировоззрению”, “ требованиям советского музея”.

Памёр ў беднасці і забыты мясцовымі ўладамі 15 студзеня 1968 года.

Яго імя носіць Слонімскі краязнаўчы музей. У 2002 годзе на будынку музея адкрыта мемарыяльная дошка.

ria1914.info

1903 год. Памёр Адам Плуг.

Беларускі пісьменнік і журналіст.

За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях быў зняволены (1864-1866).

Працаваў у выданнях «Kłosy», «Wędrowiec», «Kurier Warszawski», галоўным рэдактарам «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі». Аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь.

Пісаў на беларускай мове апавяданні, легенды, вершы. Аўтар прац пра У.Сыракомлю, С. Манюшку, В. Дуніна-Марцінкевіча, з якімі сябраваў.

Перакладчык на польскую мову твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, Г. Гейнэ, В. Гюго, А. Пушкіна, У. Шэкспіра.

wikimedia.org

1906 год. Нарадзіўся Дзмітрый Бяляцкі. 

Беларускі медык і навуковец, дзяржаўны дзеяч. Арганізатар аховы здароўя. Доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны ўрач БССР.

Галоўны дзяржаўны санітарны інспектар БССР (1937-1941), намеснік міністра аховы здароўя БССР (1943-1959), загадчык кафедры сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя Мінскага медінстытута.

Аўтар больш за 300 навуковых прац па арганізацыі аховы здароўя, санітарна-эпідэмічнай справе, па гісторыі медыцыны.

1909 год. Нарадзіўся Максім Лужанін (Аляксандр Каратай). 

Беларускі пісьменнік, кінадраматург, перакладчык. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы.

У 1933 годзе быў рэпрэсаваны. Вязень ГУЛАГу.

Пасля вайны працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Вожык», галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1967-1972).

Аўтар двух дзясяткаў зборнікаў і кніг вершаў, паэм, прозы, гумару. Выступаў як крьггык і публіцыст.

Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Паўлінка» (1951), «Народны паэт» (1952), «Першыя выпрабаванні» (1960), «Запомні гэты дзень» (1967, разам з А. Куляшовым).

На беларускую мову пераклаў асобныя творы рускіх класікаў, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі.

wikimedia.org

1930 год. Нарадзіўся Аляксандр Баршчэўскі. 

Беларускі літаратуразнаўца, перакладчык і фалькларыст. Псеўданім Алесь Барскі. Доктар філалагічных навук. Ганаровы доктар БДУ.

Выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта, кіраўнік  Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», аддзялення Беларускіх даследаванняў пры Варшаўскім універсітэце, старшыня Цэнтральнага камітэта Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы.

Аўтар многіх кніг, паэтычных зборнікаў, перакладаў.

Складальнік, аўтар прадмовы і біяграфічнага артыкула да кнігі Я. Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Збіральнік беларускага фальклора Беласточчыны.

Памёр 28 сакавіка 2022 года.

1959 год. Памёр Аляксандр Орса.  Беларускі педагог і грамадска-культурны дзеяч, педагог.

Міністр асветы БНР. Адзін з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Беларускага інстытута навукі і мастацва, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку.

Пахаваны на Беларусіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі.

i.mycdn.me

1974 год. Нарадзіўся Руслан Салей. 

Беларускі хакеіст, абаронца.

Хакейную кар’еру пачынаў у Беларусі. У 1996 годзе быў запрошаны у каманду «Анахайм Майці Дакс». У 2003 годзе першым з беларускіх гульцоў дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі. Гуляў за каманды  «Фларыда Пантэрз», «Каларада Эвеланш», «Дэтройт Рэд Уінгз», яраслаўскі «Лакаматыў» (КХЛ).

Загінуў 7 верасня 2011 года ў авіякатастрофе пад Яраслаўлем.

Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.