Армагедон на Магілёўшчыне – самы моцны ўдар стыхіі прыйшоўся на Асіповічы. Фота, відэа

Днём 14 ліпеня на Магілёўшчыну абрынуўся жорсткі ўдар стыхіі. Навальніца, якая прайшла па паўднёвых рэгіёнах нашай краіны, закранула таксама некаторыя ўчасткі Магілёўшчыны. Сярод раённых цэнтраў самы моцны ўдар стыхіі адчулі на сабе жыхары Асіповіч.

Так, сапраўдная паніка пачалася ў наведвальнікаў цырка, калі ад моцнага ветра тут пачало проста рваць сам шацёр. Відэа, знятае гледачамі прадстаўлення, а таксама іншыя наступствы стыхіі на вуліцах Асіповіч і на дарогах Магілёўскай вобласці – у нашай відэападборцы.

У Асіповічах стыхія ламала дрэвы ў парку і на вуліцах. Увесь вечар 14 ліпеня і сёння раніцай у горадзе камунальныя службы і іншыя арганізацыі займаліся разборам завалаў.

На некаторых трасах рэгіёна паваленыя дрэвы заблакавалі рух транспарта. Гэта назіралася на трасе Гомель-Магілёў, на дарозе пад Чавусамі – пісалі карыстальнікі Тэлеграм-канала “ДАІ Магілёў ДПС”. 

У Бабруйску пасля навальніцы заліло некалькі гарадскіх вуліц – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Нажаль, у піянерскім лагеры пад Рэчыцай ахвярай навальніцы стаў 13-гадовы хлопчык.

АБНОЎЛЕНА:
Ахвярай стыхіі таксама стала 5-гадовая дзяўчынка ў Магілёўскім раёне – паведамляе Следчы камітэт.

Фота, відэа: “Асіповіцкі край”.