Дзень у гісторыі. 25 снежня. Раство Хрыстова.

Дзень у гісторыі. 25 снежня. Раство Хрыстова. Пачатак Аўганскай вайны і ліквідацыя СССР. Расстрэл Чаўшэску. Нарадзіліся Віталь Сіліцкі, Зінаіда Канапелька

Раство Хрыстова (у цэрквах, якія карыстаюцца грыгарыянскім календаром).

Адно з найгалоўнейшых хрысціянскіх святаў, калі адзначаецца нараджэнне Ісуса Хрыста ад Дзевы Марыі.

У хрысціянскай царкве з канца II і да IV стагоддзя падзеі Нараджэння Хрыстова ўспаміналіся ў дзень Багаяўлення, 6 студзеня. Каля 200 года Клімент Александрыйскі згадвае пра такую практыку.

Першыя хрысціяне былі яўрэямі і гэтае свята ўвогуле не адзначалі. Магчыма, выбар 25 снежня звязаны з паганскім салярным святам “Нараджэння Сонца Непераможнага”, якое прыходзілася на гэты дзень і якое пасля прыняцця ў Рыме хрысціянства напоўнілася новым зместам.

Дата 25 снежня, як нараджэння Ісуса, упершыню згадана ў летапісах у 221 годзе новай эры. Упершыню Раство адсвяткавалі ў Рыме ў 336 годзе. Верагодна, усё гэта было абумоўлена імкненнем хрысціянскай царквы выцесніць шырокараспаўсюджаны ў Рымскай імперыі культ Непераможнага Сонца.

У ХІІІ стагоддзі, у часы святога Францішка Асізскага, з’явіўся звычай выстаўляць у храмах для пакланення яслі з фігуркай Дзіцяткі Езуса.

1741 год. Цэльсій вынайшаў шкалу вымярэння тэмпературы.

Шведскі астраном Андэрс Цэльсій выкарыстаў ртутны тэрмометр Фарэнгейта з уласнай шкалой, дзе тэмпература кіпення вады была прынята за 0 градусаў, а раставання лёду – за 100 градусаў.

Калі яго спыталі аб гэтых дзівацтвах яго шкалы, Цэльсій з усмешкай парыраваў: “У нас у Швецыі даволі халаднавата, і для пазбягання адмоўных тэмператур я і вынайшаў дадзеную шкалу”.

1795 год. Расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ прынята рашэнне аб створэнні Слонімскай губерні на землях, якія адышлі да Расійскай імперыі па ІІІ падзеле Рэчы Паспалітай.  

Але рашэнне не было рэалізавана.  

У другі раз утворана 8 жніўня 1796 года як намесніцтва і складалася з частак Берасцейскага, Віленскага, Гарадзенскага і Навагрудскага ваяводстваў былога Вялікага Княства Літоўскага. 

Падзялялася на 8 паветаў: Брэсцкі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі. Насельніцтва ў 1796 годзе складала больш за 300 тыс. чалавек. 

У 1797 годзе ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформаў Паўла I Слонімская і Віленская губерні былі аб’яднаныя ў Літоўскую губерню з цэнтрам у Вільні.

1885 год.  Нарадзіўся Вячаслаў Селях-Качанскі. Беларускі оперны спявак (драматычны бас-барытон), музычна-драматычны і тэатральны дзеяч.

Артыст тэатра «Музычнай драмы», саліст Марыінскага і Александрынскага тэатраў, спяваў сумесна з Ф. Шаляпіным.

Кіраўнік музычнай падсекцыі Інбелкульта, выкладчык опернага і харавога класаў Беларускага музычнага тэхнікума. 

Арганізатар Беларускага студыйнага хору, які ў 1928 годзе рэарганізаваны ў Беларускую дзяржаўную капэлу 1927 года, дырэктар БДТ-1, Беларускага тэатральнага тэхнікума, загадчык Беларускіх драматычных курсаў.

Пад пагрозай рэпрэсій пераехаў ў Ленінград: намеснік дырэктара Опернай студыі імя Рымскага-Корсакава, рэжысёр Вандроўнай оперы Усерасійскага тэатральнага таварыства. 

У 1943-1944 гадах кіраваў аддзелам мастацтва Беларускай Цэнтральнай Рады,  аддзелам культуры і мастацтва Беларускай народнай самапомачы, Мінскім гарадскім тэатрам.

У 1944 годзе ў Берліне сумесна з М. Равенскім стварыў канцэртна-эстрадную групу. У 1950 годзе пераехаў у ЗША, дзе займаўся арганізацыяй хароў і тэатральных груп, ладзіў канцэрты і спектаклі.

Аўтар твораў царкоўнай музыкі, хароў і песень на вершы беларускіх паэтаў.

Памёр 8 жніўня 1976 года. Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

https://www.kino-teatr.ru/acter/album/525744/1017010.jpg

1893 год. Памёр Ігнат Храпавіцкі. Паэт і фалькларыст.

У 1850 годзе разам з С. Убрыем і Ю. Шчытам распрацаваў праект скасавання паншчыны і правёў яго на сходзе дваран Віцебскай губерні. 

З’яўляўся  дрысенскім павятовым і віцебскім губернскім маршалкам. Правадзейны член Віцебскага губернскага апякунства дзіцячых прытулкаў, член статыстычнага камітэта, старшыня  Віцебскага таварыства сельскай гаспадаркі.

Аўтар працы «Погляд на паэзію беларускага народа» з дадаткам назіранняў над асаблівасцямі беларускай мовы на матэрыяле гаворкі Віцебшчыны – першай гісторыка-параўнальнай характарыстыкі беларускай фальклорнай спадчыны.

Аўтар вершаў, перакладчык на польскую мову беларускіх народных песень, некаторых гістарычных дакументаў. Рыхтаваў да выдання працу «Поўны беларускі песнязбор».

У 2017 г. ў гонар 200-годдзя з дня нараджэння Ігната Храпавіцкага ў Верхнядзвінску і Каханавічах прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя.

1895 год. У в. Байлюкі Глускага раёна нарадзіўся Яўхім Кіпель. 

Беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, педагог, публіцыст.

Член Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, сакратар аддзелу прыроды і народнай гаспадаркі Інстытуту беларускай культуры.

Двойчы (1930, 1935 гады) арыштоўваўся НКУС. Быў фігурантам сфальсіфікаванай крымінальна-палітычнай справы «Саюзу вызвалення Беларусі». Вязень ГУЛАГу.

Аўтар кнігі ўспамінаў пра савецкія лагеры «З іхняга раю».

З 1950 года ў ЗША. Стваральнік Аб’яднання беларускіх вязняў савецкіх лагераў.

Член Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі. Публікаваўся ў беларускай эмігранцкай прэсе. Успаміны Яўхіма Кіпеля захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Памёр 27 ліпеня 1969 года. 

1916 год. Нарадзіўся Святаслаў Коўш. 

Беларускі рэлігійна-грамадскі дзеяч, пісьменнік.

Нарадзіўся ў Разані ў сям’і беларускіх бежанцаў, выхадцаў з Вілейскага павета.

Пасля заканчэння Втленскага ўніверсітэта пасвячоны ў дыяканы. З 1939 года працаваў завучам школы ў Стаўбцоўскім раёне, у 1941-1944 гадах – старшынёй Клецкага павета.

У Германіі арганізаваў беларускую гімназію імя М. Багдановіча і пачатковую школу.

З 1949 года на іміграцыі ў ЗША: святар, настаяцель беларускіх прыходаў Св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Ёрк), Св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер (Нью-Джэрсі),  член епархіяльнай рады Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі і Канады, адміністратар беларускіх праваслаўных прыходаў ЗША і Канады пад  юрысдыкцыяй Канстанцінопальскага патрыярхату, старшыня Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэта і рэдактар праваслаўнага часопіса «Царкоўны Сьветач».

Выдаваў «Беларускі праваслаўны каляндар».

Аўтар кнігі балад і прозы, аповесцей

Памёр 5 лістапада 1997 года. Пахаваны на  беларускіх могілках у г. Саўт-Рывер.

1918 год. Нарадзілася Зінаіда Канапелька

Беларуская актрыса. Народная артыстка БССР. Ганаровы грамадзянін г. Віцебска.

На хутары Шыркі непадалёк ад Багушэўска жылі ўсяго тры сям’і, у тым ліку Канапелькі і Машэравы.  П. Машэраў і З. Канапелька –  аднагодкі. Іх сяброўства і павага адзін да аднаго працягваліся ўсё жыццё.

З 1934 года творчае жыццё Канапелькі звязана з Беларускім  тэатрам імя Якуба Коласа (Віцебск). Сярод асноўных тэатральных роляў – Паўлінка ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Сябравала з Купалам з часоў гастроляў у Мінску: “Я вельмі хвалявалася, ідучы да Янкі Купалы. Сустрэлі мяне на дзіва проста і гасцінна…. Цётка Уладзя глядзела на мяне вельмі ласкава, а Янка Купала сказаў: “Цудоўная дзяўчына, жадаю табе сыграць гэту ролю на сцэне”. Сустрэча з такім чалавекам, такім знакамітым паэтам стала для мяне сапраўднай падзеяй”.

Памерла 27 мая 1997 годзе. У яе гонар у Віцебску па вул. Урыцкага, 19 усталявана мемарыяльная шыльда.

1962 год. Горад Дрыса Віцебскай вобласці атрымаў недарэчную назву Верхнядзвінск. 

Горад згадваецца ў 1386 годзе, калі замак быў спалены полацкім князем Андрэем Альгердавічам. 

Горад месціцца ў сутоку рэк Дрыса і Дзвіна. Недарэчнасць новай назвы ў тым, што на тэрыторыю Беларусі прыходзіцца сярэдняе цячэнне Дзвіны, а верхняе знаходзіцца ў Расіі.  

Сёння ў цэнтры Верхнядзвінскага раёна жыве 7 000  жыхароў, працуюць адзін з першых савецкіх ільнозаводаў (1929-1932), масласырзавод, хлебазавод, завод сталярных вырабаў, фабрыка мастацкіх вырабаў, Цэнтр традыцыйнага мастацкага ткацтва.

 1972 год. Нарадзіўся Віталь Сіліцкі. 

Самы вядомы ў свеце беларускі палітолаг. Першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. 

Доктар паліталогіі Ратгерскага ўніверсітэта (ЗША), распрацоўшчык канцэпцый «прэвентыўнага аўтарытарызму» і «аўтарытарнага інтэрнацыяналу», грамадскі дзеяч і блогер.

Быў сярод першых, хто ўключыў аўтарытарныя рэжымы ў міжнародны кантэкст. Многія навукоўцы ў 1990-х і напачатку 2000-х пісалі пра распаўсюджанне дэмакратыі, а Сіліцкі распачаў дыскусію аб супрацьлеглым працэсе. У пэўным сэнсе ён сфармуляваў новую праблематыку ў сферы распаўсюду аўтарытарызму. Сярод іншага, Віталь акрэсліў канцэпцыю «прэвентыўнага аўтарытарызму» – па сутнасці, гэта імкненне рэагаваць на кожны выклік звонку ўзмацненнем каардынацыі дзеянняў паміж недэмакратычнымі дзяржавамі.

Ён жадаў бачыць Беларусь дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, дзе паважаюцца беларуская мова і нацыянальная культура.

У яго гонар заснаваны стыпендыі ў Цэнтральна-Еўрапейскім універсітэце (г. Вена), у Інстытуце еўрапейскіх даследванняў і міжнародных адносін (Славакія), Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў.

Памёр 11 чэрвеня 2011 года.

1979 год. У Аўганістан уведзены савецкія войскі. 

Аўганская вайна працягвалася з 25 снежня 1979 да 15 лютага 1989 года – 2 238 дзён. 

Праз вайну прайшло 620 000 вайскоўцаў, з якіх сваім жыццём заплацілі 14 453 чалавекі.  Прапалі без вестак ці патрапілі ў палон 417 чалавек, сталі інвалідамі 10 751 чалавек. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены 86 чалавек, з іх 28 – пасмяротна.  

У Аўганістане ваявала каля 30 000 белорусаў, з іх больш за 1 500 былі паранены, кантужаны, 702 – сталі інвалідамі, 723 – загінулі,  12 зніклі бяз вестак. Сярод загінулых і Герой Савецкацкага Саюза, магілёвец Андрэй Мельнікаў (1968-1988) – прататып галоўнага героя фільма Ф. Бандарчука “9 рота”. 

Аўганская вайна паскорыла развал СССР.  

Дакладная колькасць загінуўшых у вайне аўганцаў невядомая – верагодна каля 2 млн. чалавек.

1980 год. Памёр Сяргей Дзяргай. 

Беларускі паэт і перакладчык.

Працаваў карэктарам у друкарні газеты «Звязда».

Арыштоўваўся ў 1935, 1939 гадах, адбываў пакаранне ў турме, у ссылцы ў Казахстане.

Пасля вайны працаваў у часопісах «Полымя», «Вожык».

Аўтар вершаў, з дзясятак зборнікаў паэзіі.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы  А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, А. Блока, У. Маякоўскага, Б. Пастарнака, Ю. Тувіма, Г. Зегерс,  Л. Украінкі, Л. Гіры і іншых.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы.

1989 год. У Румыніі ў 14:50 расстраляны былы лідар краіны Нікалае Чаўшэску і яго жонка Алена. 

За такую меру пакарання прагаласаваў Надзвычайны ваенны трыбунал, які абвінаваціў Чаўшэску ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа (60 000 загінулых), адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках на суму больш за 1 мільярд даляраў  і падрыве нацыянальнай эканомікі. Усё гэта адбылося праз 3 дні, як быў скінуты камуністычны рэжым пад час    антыўрадавых хваляванняў.

Чаушэску (1918-1989) з 1965 года быў генеральным сакратаром ЦК Румынскай камуністычнай партыі, у 1974-1989 гадах быў Прэзідэнтам Сацыялістычнай Рэспублікі Румынія.

Дзеці Чаўшэску Валянцін (прыёмны), Ніку і Зоя патрапілі ў турму. Яны былі абвінавачаны ў саўдзеле ў злачынствах іх бацькі. Праз 8 месяцаў вызвалілі з турмы навукоўцаў Валянціна і Зою (памерла ў 2006 годзе ва ўзросце 57 гадоў).

Ніку Чаўшэску, які меў дачыненне да органаў улады, атрымаў 20 гадоў турмы, але ўжо ў 1992 годзе быў вызвалены з прычыны хваробы. Ён памёр у 1996 годзе.

Фота: Расстрэл Мікалае і Алены Чаушэску.

1991 год. Міхаіл Гарбачоў пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта СССР. 

Аб гэтым ён давёў а 19:00 у телевізійным звароце  ў прамым эфіры Цэнтральнага тэлебачання. 

Ён сказаў, што з-за сітуацыі, якая склалася з утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў, спыняе сваю дзейнасць на пасадзе Прэзідэнта СССР. 

Пасля заявы Гарбачова аб адстаўцы і падпісанні ім Указа аб перадачы кіравання стратэгічнай ядзернай зброяй Прэзідэнту Расіі Барысу Ельцыну, першы і апошні Прэзідэнт СССР назаўжды пакінуў Крэмль.

У Крамлі быў спушчаны чырвоны дзяржаўны сцяг СССР. Спыніў сваё існаванне Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, які існаваў з 30 снежня 1922 да 25 снежня 1991 года.