Што азначае рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, уведзены ў Беларусі?

Кароткі адказ: асабліва нічога не памянялася, бо сілавікі і так дазваляюць сабе ўсё што заўгодна, а ўвагу трэба звярнуць на верагодную прыхаваную мабілізацыю.

У сваім інтэрв’ю газеце “Известия” глава беларускага міністэрства замежных спраў Уладзімір Макей зрабіў некалькі рэзанансных заяваў. Самай растыражыраванай у сусветных СМІ стала наступная цытата: 

– Кіраўнік нашай краіны правёў шэраг нарад з сілавымі структурамі, уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Сапраўды, была інфармацыя аб тым, што з боку асобных, сумежных дзяржаў плануюцца правакацыі, звязаныя ледзь не з захопам асобных участкаў тэрыторыі Беларусі. 

Рэжым контртэрарыстычнай аперацыі дае сілам бяспекі шырокія паўнамоцтвы, уключаючы затрыманні для праверкі асобы, увядзенне забароны на перамяшчэнне, праслухоўванне і кантроль усіх камунікацый, а таксама бесперашкоднае пранікненне супрацоўнікаў спецслужбаў у любыя памяшканні.

Але неабходна ўлічваць, што ва ўмовах прававога дэфолту, які працягваецца ўжо другі год у краіне, не засталося такіх абмежаванняў, якія б стрымлівалі дзеянні сілавікоў што да цывільнага насельніцтва. Калі прасцей – у рэжыме спецаперацыі і беспрэцэдэнтнага ціску беларускі народ і так ужо даўно жыве.

Але ў інтэрв’ю Уладзіміра Макея звяртае на сябе ўвагу яшчэ адна цытата. Разважаючы пра праблемы з мабілізацыяй вайсковаабавязаных у Расійскай Федэрацыі, міністр МЗС сказаў:

– Напэўна, у нас такіх праблем няма. Але [Лукашэнка] ўсё ж такі яшчэ раз просіць праверыць гатоўнасць Узброеных сіл, войскаў тэрытарыяльнай абароны да ўзнікнення нечаканых сітуацый. Таму будуць праведзены зборы, каб праверыць: хто лічыцца на ўліку, ці падыходзяць яны для вайсковай службы. Гэта неабходна, каб не прызвалі інвалідаў ці людзей, якія не павінны служыць у войску. Потым у планавым парадку тыя людзі, каму належыць, будуць праходзіць адпрацоўку на палігонах, каб узгадаць навыкі абыходжання са зброяй.

Раней беларускія СМІ, абапіраючыся на свае крыніцы ў вайсковых структурах, паведамлялі, што “Лукашэнка прыняў прынцыповае рашэнне аб правядзенні схаванай мабілізацыі ў Беларусі для даўкамплектацыі баявых часцей. Яна будзе ісці пад выглядам праверкі баяздольнасці. На першым этапе яна не будзе закранаць вялікія гарады, мабілізоўваць будуць найперш сельскае насельніцтва. Даўкамплектацыя баявых часцей робіць сцэнар эскалацыі на мяжы Беларусі з Украінай імаверным.”

Магільнік ядзерных адыходаў плануюць пабудаваць у Беларусі – магчыма, на Магілёўшчыне

У лік прыярытэтных месцаў пад будаўніцтва ўключылі раёны, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Калі працуе АЭС, то яна выпрацоўвае адкіды. Гэта азначае, што краіне неабходна стварэнне пункта пахавання радыёактыўных адыходаў. Гэты аб’ект павінен быць цэласным, адзіным і дазваляць рэгуляваць пытанні абыходжання з такімі адходамі па ўсёй краіне і на доўгі прамежак часу.

Зараз у краіне праходзіць грамадскае абмеркаванне праекта стратэгіі абыходжання з радыёактыўнымі адкідаміі. Разглядаецца ўся тэрыторыя Беларусі.

Сёння прадстаўнікі Дзяржатамнагляду паведамілі журналістам аб планах па будаўніцтва пункта пахавання радыеактыўных адкідаў у Беларусі.

Пра якія адкіды ідзе гаворка.

“На тэрыторыі Беларусі будуць пахаваны радыёактыўныя адкіды, якія ўтварыліся ў нашай краіне. – распавёў першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляду Леанід Дзядуль – Радыёактыўныя адкіды – гэта рэчывы, якія змяшчаюць радыёнукліды, якія ўжо не плануецца ў далейшым выкарыстоўваць. А адпрацаванае ядзернае паліва падлягае перапрацоўцы. У адпаведнасці з пагадненнем з Расійскай Федэрацыяй перапрацоўка будзе праводзіцца на тэрыторыі Расіі, а ўжо астатнія прадукты перапрацоўкі мы пахаваем у Беларусі”.


Нагадаем, што Беларуская АЭС пабудавана каля беларуска-літоўскай мяжы, за 18 кіламетраў ад горада Астраўца Гродзенскай вобласці. Афіцыйны запуск першага блока станцыі адбыўся 7 лістапада 2020 года. 26 красавіка 2022 года адбыўся фізічны запуск другога энергаблока. Але БелАЭС працуе ўсе гэтыя гады нестабільна, з пастаяннымі перапынкамі на рамонт.


Прапрацоўваемыя варыянты пляцоўкі:

– зона паблізу дзеючай станцыі, 

– тэрыторыі, якія пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэта найперш раёны Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Пункт пахавання радыёактыўных адкідаў бачыцца як модульна арганізаваны аб’ект.

Гэта значыць, для кожнага тыпу адыходаў будуць асобныя модулі. Яго плануецца будаваць паэтапна.

“Праз 10 гадоў будзе неабходна размясціць адкіды, якія ўжо ўтвараюцца на БелАЭС, на пункце пахавання. Таму першую чаргу гэтага аб’екта плануецца стварыць і ўвесці ў эксплуатацыю менавіта праз 10 гадоў. У планах прыпаверхневае пахаванне, а не глыбіннае” – адзначыў начальнік упраўлення Дзяржатамнагляду Дзмітрый Паўла.

Пункт пахавання радыёактыўных адкідаў патрабуе стварэння дадатковай інфраструктуры. “Гэты аб’ект у стратэгіі прапанавана разглядаць як пункт эканамічнага росту, адзначаны яго патэнцыял для развіцця рэгіёну, у якім ён будзе размешчаны”, – звярнуў увагу Дзмітрый Паўлаў.

Пытанні бяспекі

Першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляду Леанід Дзядуль падкрэсліў, што пытанні бяспекі персаналу пункта пахавання радыёактыўных адкідаў, насельніцтва, якое пражывае паблізу пункта, уплыву на навакольнае асяроддзе пастаўлены як галоўныя. 

“Вакол гэтага пункта можна стварыць навуковы кластар, каб распрацоўваць новыя тэхналогіі і мерапрыемствы па забеспячэнню ядзернай і радыяцыйнай бяспекі” – дадаў ён.

фота з адкрытых крыніц 

Буйным беларускім вытворцам мясамалочнай прадукцыі забаранілі экспарт

Абмежаванне закранула таксама магілёўскага вытворцу “Сервалюкс-Агра”.

Сем буйнейшых беларускіх вытворцаў мяса-малочнага сектара яшчэ 5 кастрычніка атрымалі лісты ад дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі – паведамляе расійская газета “Коммерсантъ”. У гэтых лістах дэпартамент паведамляе пра прыпыненне выдачы ветэрынарных сертыфікатаў на экспарт. Таксама ў дакуменце гаворыцца, што дадзеная забарона звязаная з неабходнасцю насычэння прадукцыяй унутранага рынку. 

Пад абмежаванні трапілі “Сервалюкс Агра” (брэнд “Петруха”), Віцебская бройлерная птушкафабрыка (брэнд “Ганна”), птушкафабрыка “Дружба”, Баранавіцкая птушкафабрыка (выпускае яйкі пад маркай “Златко”) і 1-я Мінская птушкафабрыка (гандлёвы знак “Знатныя”). Сярод вытворцаў малочнай прадукцыі забарона на экспарт закранула таксама Рагачоўскі і Лепельскі камбінаты.

Расійскія вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі істотна выйграюць ад дадзенай забароны, адзначае “Коммерсантъ”, паколькі яны сутыклуліся з крызісам перавытворчасці.

Забарона на экспарт мясамалочнай прадукцыі супала з забаронай на павышэнне цэн у Беларусі, уведзенай 6 кастрычніка.

У небе будзе свяціць “крывавы месяц”

Першая “крывавая поўня” восені 2022 года, або “крывавы месяц”, можна будзе назіраць дзве ночы запар. 

НАСА паведамляе, што “крывавую поўню” можна назіраць з 9 кастрычніка. 

Такі месяц бывае падчас месячнага зацьмення. 

Яно адбываецца, калі Месяц, Сонца і Зямля выстройваюцца ў лінію, пры гэтым Зямля знаходзіцца пасярэдзіне. 

У гэтым выпадку Зямля блакуе прамыя сонечныя прамяні ад траплення на паверхню Месяца, і Месяц выглядае цёмным і чырвоным. 

У Магілёве 9 кастрычніка месяц ўзыйдзе ў 18:24, зойдзе ў 06:14, 

10 кастрычніка адпаведна у 18:35 і 07:37.

 

З Беларусі цяпер можна без абмежаванняў вывозіць цукар, але ўсё яшчэ нельга грэчку і муку

Урад адмяніў ліцэнзаванне на вываз цукру за межы Беларусі.Заяўляецца, што адмена ліцэнзавання выклікана стабілізацыяй сітуацыі і знікненнем розніцы цэн на цукар на ўнутраным і знешнім рынках.  Таксама гэта звязана з пачаткам сезона перапрацоўкі цукровых буракоў ураджаю 2022 года, а таксама неабходнасцю для цукраперапрацоўчых заводаў больш аператыўна праводзіць работу па адгрузцы прадукцыі па экспартных кантрактах – паведамляе БелТА.

Адначасова, забарона на вываз з краіны пшанічнай мукі і грэчкі была падоўжаная. Паведамляецца, што забарона вывазу за межы краіны круп з грэчкі, грэчкавага збожжа, гатовых харчовых прадуктаў з грэчкі, мукі пшанічнай з пшаніцы мяккай і спельты будзе дзейнічаць тры месяцы.

 

Аграсядзібы ў Беларусі трапілі пад Указ

Цяпер не больш за дзесяць пакояў на сядзібе, з уласніка спытаюць за турыстаў, а дазвол на працу трэба прасіць у мясцовых уладаў.

Заяўляецца, што новы ўказ “Аб развіцці аграэкатурызму” накіраваны на ўдасканаленне рэгулявання дзейнасці ў гэтай сферы. Разбіраемся, што стаіць за Указам, які быў падпісаны сёння – як паведамляюць “Магілёўскія Ведамасці”. 

Каб экасядзібы не ператвараліся ў гасцініцы

Цяпер колькасць жылых пакояў у аграсядзібе для турыстаў не павінна перавышаць дзесяці. Паведамляецца, што гэта зроблена для таго, каб выключыць магчымасць весці гасцінічны і рэстаранны бізнес пад выглядам аграэкасядзіб. Што рабіць з тым памяшканнямі, якія ўжо ёсць на сядзібе і перавышаюць колькасць у дзесяць пакояў – пры гэтым не гаворыцца.

Таксама ўладальнік сядзібы павінен не толькі ўтрымліваць яе і здаваць у арэнду, але таксама аказваць наведвальнікам паслугі, не менш як дзве. Што лічыцца паслугамі пры гэтым – напрыклад, майстар-класы, накіраваныя на азнаямленне наведвальнікаў з рамёствамі і нацыянальнымі традыцыямі рэгіёна.

Гэтае патрабаванне выглядае слушным – цяпер уласнікі сядзібаў павінны актывізавацца ў сферы культурнага адпачынку наведвальнікаў, у развіцці традыцыйных рамёстваў і промыслаў. 

Але ёсць адно “але”. На правядзенне забаўляльных і інтэрактыўных праграм, канцэртаў, уласнікі аграсядзіб павінны атрымліваць дазвол Міністэрства культуры. Ці многія з іх будуць займацца падобным?

За паводзіны наведвальнікаў спытаюць ва ўласніка

Указам устаноўлена адказнасць уладальнікаў аграэкасядзіб за парушэнне, у тым ліку з боку наведвальнікаў, грамадскага парадку або спакою грамадзян. Таксама за невыкананне заканадаўства ў сферы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, прыродаахоўных, супрацьпажарных патрабаванняў.

Акрамя таго, уведзены абмежаванні па правядзенні прэзентацый, юбілеяў, банкетаў, іншых мерапрыемстваў у непасрэднай блізкасці ад суседніх жылых дамоў.

З дазволу мясцовых уладаў

Таксама, паводле Указа цяпер дазвол на вядзенне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму трэба атрымліваць у райвыканкамах. Дзеючыя аграэкасядзібы павінны атрымаць такі дазвол да 1 ліпеня 2023 года.

Абласныя выканкамы з гэтага часу маюць права вызначаць пералікі населеных пунктаў, на тэрыторыі якіх размяшчэнне аграэкасядзіб не дапускаецца. 

Разам з тым, калі аграэкасядзіба ўжо цяпер існуе на тэрыторыях, дзе будзе ўведзена забарона аблвыканкама, то яе праца можа працягвацца пры ўмове выканання іншых патрабаванняў указа.

Нагадаем, што на тэрыторыі краіны працуе каля 2900 аграэкасядзіб, у тым ліку на тэрыторыі Магілёўскай вобласці іх каля 250.

фота: yoursite.ru

Вось тут нельга лавіць рыбу да вясны

Забаронена лавіць любую рыбу на зімавальных ямах, Інспекцыя аховы прыроды апублікавала падрабязную мапу.

З пачатку кастрычніка і па 15 красавіка ў Беларусі ўводзіцца забарона на рыбную лоўлю на ўчастках, якія спецыяльна акрэслены Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету. 

Падрабязны спіс зімавальных ям апублікаваны на сайце ведамства і прадстаўлены на інтэрактыўнай мапе

У Магілёве пад забарону трапляюць участкі каля маста Яшына па Пушкінскім праспекце, тоня “Палавінны лог” і ўчастак паміж Фацінскай затокай і месцам упадзення ў Днепр рэчкі Дзебры. 

Зімавальныя ямы – гэта найбольш глыбокія ўччасткі вадаёмаў, якія штогод выкарыстоўваюцца цэлымі касякамі рыб для зімоўкі. Скарачэнне светлавога дня, паніжэнне тэмпературы вады, памяншэнне растворанага ў вадзе кіслароду, маладаступнасць ежы ці яе адсутнасць з’яўляюцца сігналам для падрыхтоўкі рыбы да спячкі.

У гэты перыяд часу жыццёвыя працэсы рыб – абмен рэчываў, дыханне, рэакцыя на раздражняльнікі запавольваюцца. У натуральных умовах рыба зімуе на зімавальных ямах ці на глыбейшых участках вадаёмаў. У іх збіраюцца рыбы звычайна аднаго віду і ўзросту, што забяспечвае найбольш спрыяльныя ўмовы для зімоўкі. Многія віды цеплалюбівых рыб, такіх, як ляшчы, карпы, ліні збіраюцца ў вялізныя зграі і накіроўваюцца ў зімавальныя ямы.

Тут, у зімавальных ямах, рыба становіцца вельмі лёгкай здабычай, што пагражае яе відавому складу ў вадаёмах краіны. 

Беларусь змяніла сваю геаграфічную арыентацыю. Магілёў стаў паўднёвай сталіцай краіны

Усё гаворыць пра тое, што наша краіна рэзка змяніла сваю геаграфічную арыентацыю. Захад стаў поўначчу, а ўсход – поўднем. Заходняя Беларусь ужо ўключыла ацяпленне. а Ўсход чэша рэпу. Усё проста – змянілася геаграфія. Таму, не ругайце магілёўскую уладу. Яны нам проста забылі распавесці пра гэтыя геаграфічныя анамаліі. 

Сапраўды, у гэтым годзе ўключэнне ацяплення ў шматкватэрных дамах першымі распачалі “паўночныя” Брэст і Гродна, іх падтрымаў цэнтр краіны – Мінск. Магілёўскія ж камунальнікі ўсе апошнія дні спасылаліся на нормы сярэнесутачнай тэмпературы на вуліцы. 

 

Па Беларусі зноў пойдуць расійскія войскі?

Інсайды паказваюць, што беларускую чыгунку могуць рыхтаваць да прыёму ваенных эшэлонаў з РФ. Адначасова чыгуначнікаў прымушаюць падпісваць дакументы аб неразгалошванні інфармацыі.

На некаторых рэсурсах паведамляецца, што ў Беларусі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па праверцы чыгуначнай інфраструктуры. 

Так, напрыклад,  з прыцягненнем службовых асоб аддзяленняў беларускай чыгункі і камендатур ВОСО (служба ваенных паведамленняў узброеных сілаў РФ) ажыццяўляецца праверка месцаў пагрузкі-выгрузкі на чыгуначных станцыях. Праводзіцца рамонт пагрузачна-выгрузных платформ, а таксама падрыхтоўка аўтамабільных падыходаў да пагрузачна-выгрузных месцаў на станцыях.

Таксама паведамляецца, што ідзе рраспрацоўка графікаў руху воінскіх эшалонаў па беларускай чыгунцы.

Адначасова ў сеціве паяўляюцца фотаздымкі ўнутранай дакументацыі, якая рассылаецца ў структуры беларускай чыгункі. Дакументы патрабуюць у тэрмін да 30 верасня ўзяць з усіх работнікаў, у тым ліку з кіраўнікоў, абавязацельства аб неразгалошванні службовай інфармацыі канфідэнцыйнага характару.

Усе гэтыя дзеянні могуць указваць на падрыхтоўку да прыёму воінскіх эшалонаў з РФ.

Паведамляецца, што для руху эшалонаў могуць выкарыстоўвацца наступныя чыгуначныя памежныя пераходы:

  • Краснае (Расія) – Асінаўка (Беларусь).
  • Злынка (Расія) – Закопытье (Беларусь).
  • Заверажжа (Расія) – Езярышча (Беларусь).

Калі гэта так і будзе, па чыгуначных шляхах Магілёўшчыны зноўку могуць пайсці эшэлоны расійскай арміі, што атакуюць Украіну.

З 1 кастрычніка дазваляецца паляванне на зайцоў

З першай суботы кастрычніка па першую суботу лістапада адкрыта ружэйнае паляванне на зайца-русака і зайца-беляка з гончымі пародамі сабак.

З такім сабакам маюць права паляваць ружэйным спосабам з выкарыстаннем гладкаствольнай паляўнічай зброі і патронаў, забяспечаных шротам. Паляванне дазваляецца толькі ў светлы час сутак. З адным ганчаком паляваць можа група паляўнічых да трох чалавек уключна. 

Гэтак жа дазваляецца бяззбройны спосаб палявання на зайца-бяляка і зайца-русака з выкарыстаннем хартоў, альбо лоўчых птушак.